Епіскап Рашка-Прызненскі Арцеміе адпраўлены на спачын за фінансавыя злоўжыванні ў епархіі

Епіскап з Косава Арцеміе (Радасаўлевіч), папулярны ў Беларусі, якую ён наведаў у красавіку 2009 г., выступіўшы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у Беларускім Дзяржаўным універсітэце і ў шэрагу іншых месцаў, быў адпраўлены на спачын. Паводле паведамлення Архіярэйскага сабору Сербскай Праваслаўнай Царквы, прычынай такога рашэння сталі разнастайныя злоўжыванні ў шматпакутнай Косава-Метохійскай епархіі. Епіскап Арцеміе быў прызнаны адказным за тую сітуацыю, якая склалася, у т.л. за фінансавыя махлярствы асобаў з найбліжэйшага акружэння Рашка-Прызненскага архіярэя, і яшчэ ў лютым 2010 г. быў адхілены ад кіравання епархіяй, цяпер жа апальны епіскап прыняў і рашэнне Сабору аб сваёй адстаўцы і адпраўцы на спачын.

Сярод найбольш гучных фінансавых злоўжыванняў, якія сталі вядомыя, - гэта справа архімандрыта Сімяона (Вілоўскага), сакратара еп. Арцемія, і П.Субатычкага, якія самавольна бралі сродкі з царкоўных дабрачынных фондаў і трацілі на свае асабістыя мэты, у т.л. на набыццё нерухомай маёмасці ў Бялградзе і Грэцыі. Сярод дабрачынных фондаў былі і тыя, фінансавыя сродкі з якіх прызначаліся для рэканструкцыі манастыроў і храмаў у Косаве і Метохіі.

Яшчэ ў лютым сярод многіх сербаў і праваслаўных па ўсім свеце пачаліся пратэсты супраць адхілення епіскапа Арцеміе ад кіравання епархіяй. Апошні быў вядомы ўсяму свету сваёй бескампраміснай пазіцыяй ў дачыненні да Косава, заклікаў да падтрымкі косаўскіх сербаў у справе захавання Косава ў складзе Сербіі, чым здабыў сабе аўтарытэт і стаў, у нечым, нават сімвалічнай фігурай. Апошнія падзеі ў Сербіі ў сакавіку 2010 г. - прызнанне віны себрскага боку ў генацыдзе мусульманаў-баснійцаў у Срэбраніцы, а цяпер і адхіленне папулярнага епіскапа-змагара - дазваляюць многім прыхільнікам Сербіі сцвярджаць, што ўсе гэтыя крокі робяцца пад ціскам варожых сілаў. Некалькі сотняў манахаў і сербаў нават правялі дэманстрацыю супраць пераследаў епіскапа Арцемія, якія яны назвалі "палітычна-матываваным".

Архіярэйскі сабор, у адказ на пратэсты, абвесціў, што непрыняцце рашэння Сабору аб адпраўцы епіскапа Арцемія на спачын, якая часта прымае форму паклёпу супраць Патрыярха Сербскага Ірынея, а таксама Святога СІноду, не можа разглядацца інакш, як спробы расколу Царквы з боку "самаабвешчаных абаронцаў" царкоўнага і палітычнага дзеяча.

У сувязі з адхіленнем епіскапа Арцемія, ў новы фармат вымушаны быў перайсці і вядомы ў Беларусі праект "Белая Русь - сястры Сербіі", які займаўся зборам сродкаў на аднаўленне царквы Св. Параскевы ў Косава. Адзін з каардынатараў праекта І.Зелянкоўскі заявіў парталу "Материк", што ініцыятыва кананічных мераў супраць апальнага епіскапа "зыходзіла не ад самой Сербскай Праваслаўнай Царквы, якая зараз аслабленая пасля смерці патрыярха Паўле, а звонку, ад пэўных сілаў Захаду, якія актыўна працуюць на палітычным полі Балканаў і супрацоўнічаюць з цяперашнім урадам Сербіі. З імі епіскап Арцеміе быў у канфлікце па фундаментальных праблемах будучыні Косава-Метохіі".

Відавочна, што часта "сербскія праекты" ў праваслаўным свеце маюць не столькі духоўны і культурніцкі характар, колькі характар палітычны. Сербія выступае выспай праваслаўнай цывілізацыі, якая супрацьстаіць злачыннаму Захаду, гуртуе вакол сябе прыхільнікаў славянскай еднасці. Рэальная Сербія і рэальнае сербскае праваслаўе часта далёкае ад такога ідэалагічнага вобразу. Сербы, якія супрацьстаялі аўтарытарнаму рэжыму Мілошавіча, Патрыярх Паўле, які менавіта гэты рэжым прызнаваў адказным за грамадзянскую вайну на Балканах, сербскі народ, які гатовы ўступаць у "злачынны" Еўрапейскі Саюз, Парламент Сербіі, які прызнае адказнасць сербаў за этнічныя чысткі, Святы Сінод Сербскай Праваслаўнай Царквы, які прымае дысцыплінарныя меры супраць вінаватых у злоўжываннях "палітычна правільных" епіскапаў - усё гэта далёка ад вобразу той Сербіі, якую нам прапануюць разнастайныя ідэалагічныя праекты - абаронцы Мілошавіча, крытыкі Захаду, прыхільнікі пазіцыі "праваслаўныя сербы ні ў чым не вінаватыя, гэта ўсё баснійцы, харваты, албанцы..." Сапраўдная ж Сербія выклікае нашмат больш сімпатыі - гатовая прызнаваць свае памылкі і іх выпраўляць, шукаць дыялогу і кампрамісу, Сербія, якая выбірае мір, а не вайну.

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: