Старшыня Папскай рады па пастырству медыкаў сустрэўся з беларускімі актывістамі руху pro-life

Старшыня Папскай рады па пастырству медыкаў архіепіскап Зыгмунт Зімоўскі сустрэўся з прадстаўнікамі фонду «Адкрытыя сэрцы”. Сустрэча адбылася 28 траўня ў касцёле Ісуса Міласэрнага ў Віцебску, паведамляе Catholic.by

Дырэктар фонду, Уладзіслаў Валаховіч, распавёў, што яго актывісты працуюць у Віцебску, Магілёве і Баранавічах. Дзякуючы растлумачальнай працы, якая праводзіцца з жанчынамі ў абортных аддзяленнях, удалося пераканаць захаваць жыццё 26 дзецям.

Таксама сябры фонду займаюцца арганізацыяй лекцыяў у цэрквах і навучальных установах. Плануецца стварэнне “Дом самотнай маці” – інтэрната для жанчынаў, якія не маюць жылля і падтрымкі родных.

Архіепіскап Зімоўскі высока ацаніў працу фонду і прапанаваў навучанне ў Рыме для адной з сем’яў, якія ўдзельнічаюць у руху.

Сустрэча адбылася ў рамках чатырохдзённага візіту ватыканскага іерарха ў Беларусь, які праходзіў 27-30 траўня. Архіепіскап Зімоўскі выступіў у Віцебскім медыцынскім універсітэце з дакладам аб дзейнасці Рады па душпастырству медыкаў, а таксама абмеркаваў з кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама пытанне супрацоўніцтва Каталіцкай Царквы і медыцынскіх установаў.

 

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: