Штогадовае экуменічнае мерапрыемства ў межах Тыдня малітвы за еднасць хрысціян прайшла ў Менску з удзелам прадстаўнікоў розных канфесій

22 студзеня 2011 г. прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій Беларусі сабраліся на супольнай экуменічнай малітве ў мінскім архікатэдральным касцёле. Малітва прайшла ў межах Тыдня малітвы за еднасць хрысціян, штогадовага мерапрыемства, якое адбываецца з 18 па 25 студзеня ў Паўночным паўшар'і (у Паўднёвым Тыдзень малітвы праходзіць на Пяцідзесятніцу).

Упершыню Тыдзень малітвы быў праведзены 18 студзеня (калі Каталіцкая Царква адзначае свята Рымскай Кафедры Пятра) 1908 г. з ініцыятывы епіскапальнага святара Поля Ватсана і манахіні Епіскапальнай Царквы Лураны Ўайт, якія пачалі малітоўны рух, названым імі Актава малітвы аб Еднасці Царквы, за вяртанне хрысціян-некаталікоў да Папскага прастола, а ў 1909 г. пасля далучэння іх супольнасці да Рыма-каталіцкай Царквы Тыдзень малітвы атрымаў блаславенне Папы Рымскага Пія Х. У 1926 г. Рух "Вера і Царкоўны лад" пачынае друкаваць "Рэкамендацыі да Актавы малітвы аб хрысціянскай еднасці".

Важнай падзеяй для развіцца Тыдня малітвы стала супольная малітва ў Ерусаліме ў 1964 г. Папы Паўла VI і Патрыярха Канстанцінопальскага Афінагора. Пасля ІІ Ватыканскага Сабору Актава была названая "Тыднем малітвы аб хрысціянскай еднасці". З 1968 г. Тыдзень знаходзіцца пад патранажам Камісіі «Вера і лад» Сусветнай Рады Цэркваў і Папскай Рады па спрыянні хрысціянскай еднасці, якія рыхтуюць штогадовыя матэрыялы - малітвы, спевы і Біблійнае чытанне. Сёлета тэмай малітвы стала выслоўе "Едныя ў апостальскім вучэнні, брацтве, ламанні хлеба і малітве" (пав. Дз. 2:42-47). Матэрыялы на розных мовах можна знайсці на сайце Сусветнай Рады Цэркваў.

У Мінску сустрэча распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, якому саслужылі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Антоні Дзям’янка, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары.

Як паведамляе сайт catholic.by, у сваім казанні біскуп Антоні Дзям'янка адзначыў: «Увесь Касцёл з’яўляецца адным жывым звышпрыродным арганізмам, Хрыстос з’яўляецца яго галавою… Раздробленае цела азначае, што ўвесь арганізм хворы. Падзел хрысціянаў таксама з’яўляецца знакам хваробы», а экуменічныя намаганні, паводле іерарха, спрыяюць вяртанню страчанага праз падзел здароўя.

Пасля літургіі распачалося набажэнства і малітва аб адзінстве хрысцінаў.

 

  Фотаздымак - catholic.by

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, у сваім звароце нагадаў пра нялёгкі лёс першых хрысціянаў, якія, аднак, «верна і мужна трывалі ў навучанні апосталаў і супольнасці, у ламанні хлеба і малітве». «Гэта быў шлях да вытрывання і захавання сваёй хрысціянскай адметнасці, а таксама шлях да нябеснага Ерусаліма», — дадаў іерарх.

У той жа час Мітрапаліт Кандрусевіч указаў на адказнасць саміх хрысціянаў за існуючыя паміж імі раздзяленні: «У наш час для рэалізацыі ўзнёслага задання і так жаданага Хрыстом адзінства хрысціянаў патрэбны рэалістычны позірк на нас саміх, бо мы, як ніхто іншы, найбольш адказныя за працяг раздзялення хрысціянаў… Таму нам трэба маліцца і дзейнічаць, каб Бог учыніў нас здольнымі імкнуцца да адзінства».

Па словах арцыпастыра, «супольнае сведчанне, а таксама абарона хрысціянскіх каштоўнасцяў і правоў хрысціян, з’яўляюцца адным з галоўных прынцыпаў, на якіх павінен будавацца шлях да адзінства».

Сваё бачанне хрысціянскага адзінства прадставілі і іншыя ўдзельнікі набажэнства.

Архімандрыт Сяргей Гаек, які ўзначальвае Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву, звярнуў увагу ўдзельнікаў набажэнства на тое, што сёння «мы раздзяляем хлеб слова Божага», «хлеб вопыту веры» — радаснага, а часта складанага і балеснага. Іерарх таксама заклікаў маліцца, каб маглі разам даваць сведчанне любові.

«Хрысціянскае адзінства павінна грунтавацца на любві да Бога, і шлях павінен быць адзіны — служыць Богу, — адзначыў протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы. — У разладзе заўсёды крыецца грэх, гардыня і любоў чалавека да самога сябе. Таму, калі мы будзем любіць Бога і адзін аднаго, так, як нам запаведаў Бог, то ўсе будзем адзіныя».

Епіскап Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў Беларусі Аляксандр Фірысюк звярнуў увагу на агульныя карані хрысціянаў: «Аснова адзінства — гэта ўсведамленне таго, што мы дзеці аднаго Айца Нябеснага. Мы верым у Сына Божага Ісуса Хрыста, Збаўцу ўсіх людзей, у нас адна Царква Хрыстова і адно Царства Нябеснае, адна Біблія — слова Божае, адна зямля і адны грахоўныя праблемы людзей, сярод якіх мы жывём і якім імкнёмся служыць. У гэтай духоўнай вайне за выратаванне людзей мы аб’яднаны ў арміі Хрыста, хоць і маем розныя традыцыі і абрады».

«Усе нашы надзеі і ўсё наша адзінства — гэта перш за ўсё Святое Пісанне. Біблія — гэта слова Божае, гэта слова не чалавечае. Таму, калі мы больш удзяляем увагі чытанню Святога Пісання, мы і больш разумеем адно аднаго, і любім адно аднаго», — адзначыў старшыня Біблейскага Таварыства ў Рэспубліцы Беларусь Герман Родаў.

Па словах біскупа Самастойнай евангельска-лютэранскай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь Уладзіміра Мейярсона, ісці да еднасці неабходна ў любові да Бога і бліжняга: «Каб дасягнуць Валадарства Нябеснага паводле наказу Езуса трэба выконваць дзве запаведзі: любі Бога свайго ўсім сваім сэрцам і бліжняга свайго, як самога сябе. Калі будзем так чыніць, будзем ісці наперад».

Для Беларусі тыдзень малітвы на вышэйшым царкоўным узроўні з'яўляецца ўжо традыцыйным, супольныя малітвы адбываюцца пераважна на тэрыторыі каталіцкіх цэркваў. Зазвычай, у іх прымаюць удзел вышэйшыя кіраўнікі і іерархі адпаведных царкоўных стурктураў, ад праваслаўнай царквы ў іх удзельнічае святар Аляксандар Шымбалёў.

Падобныя малітвы адбываюцца і на лакальным узроўні - сярод моладзевых супольнасцей і асобных прыходаў.

 

Рубрыка: