Мінская епархія: Парэміі, Апостал і Евангеллі ў храмах цяпер дазволена чытаць па-беларуску і па-руску

Агульны епархіяльны з'езд духавенства Мінскі епархіі праходзіць сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы. Удзел у гэтай падзеі прымаюць каля 500 чалавек, з іх каля 460 клірыкаў.

На пачатку сходу з дакладам выступаў Мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), кіруючы архіярэй Мінскай епархіі, далей ягоны даклад быў зачытаны епіскапам Барысаўскім Веніямінам (Тупекам), вікарыем Мінскай епархіі. 

У дакладзе ўвага была звернутая на магчымасць чытання ў час публічных богаслужэнняў парэміяў (чытанняў са Старога Запавету), Апостала і Евангелля па-беларуску і па-руску. Звычайна гэтыя тэксты зачытваюцца ў час богаслужэння па-царкоўна-славянску, нягледзячы на тыя цяжкасці з разуменнем, з якімі сутыкаюцца як чытары, так і слухачы. Хаця ў Мінскай епархіі ёсць і прыхільнікі захавання царкоўна-славянскай мовы пры чытанні біблійных тэкстаў, аднак для многіх такое рашэнне было доўгачаканым. У некаторых жа прыходах ужо не адзін год таму было прынятае самастойнае рашэнне аб чытанні некаторых тэкстаў на зразумелай мове - рускай ці беларускай. Цяпер жа, трэба спадзявацца, ужытак сучасных моваў у богаслужэнні павялічыцца.

Агульны епархіяльны з'езд духавенства, які праходзіць у Мінску, атрымаў статус прадугледжанага статутам епархіі Мінскага епархіяльнага сходу - органа кіравання епархіяй. Апроч святароў у ім удзел прымаюць і міране - кіраўнікі і супрацоўнікі епархіяльных аддзелаў.

Рубрыка: