Пытанне пра стварэнне Аршанскай епархіі будзе разгледжанае на наступным пасяджэнні Сіноду БПЦ

На пасяджэнні Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы, які адбыўся 12 студзеня 2012 г. у г. Мінску, прагучала прапанова архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзмітрыя аб вылучэнні са склада яго епархіі Аршанскага, Дубравенскага, Сенненскага, Талачынскага, Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобласці і стварэнні новай епархіі з цэнтрам у г. Ворша (Журнал №151).

Паводле словаў архіепіскапа, "патрэба ў раздзяленні епархіі выклікана неабходнасцю актывізацыі місіянерскай, дабрачыннай, моладзевай, катэхізатарскай і прыходскай дзейнасці". 

На дадзены момант у Віцебскай епархіі налічваецца 175 прыходаў, аб'яднаных у 20 благачынняў, 6 манастыроў, 1 духоўная вучэльня, а таксама новаствораная духоўная семінарыя, а да новастворанай Аршанскай, мяркуецца, адыйдзе 41 прыход (56 святароў) і 4 манастыры (25 насельнікаў).

Тэндэнцыя раздзялення епархіяў у Рускай Праваслаўнай Царкве была закладзеная на апошніх Сінодах РПЦ, падчас якіх было прынятыя рашэнні аб раздзяленні шэрагу існуючых епархіяў. Раздрабненне епархіяў і, адпаведна, павелічэнне колькасці епіскапаў, - гэта стратэгія новаабранага Патрыярха Кірыла. Пытанне ж, хто стане Аршанскім епіскапам, пакуль не падымалася. На дадзены момант архіерэйскае служэнне ў Віцебскай і Аршанскай епархіях ажыццяўляюць двое епіскапаў - кіруючы архіярэй - архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзмітрый, а таксама вікарны епіскап Друцкі Пётр. Магчыма, што для новай маленькай епархіі будзе высвячаны новы архіярэй.

Пакуль жа стварэнне новай епархіі казаць рана - гэтае пытанне мае вывучыць новастворанае на апошнім Сінодзе БПЦ Ўпраўленне справамі Беларускага Экзархату да наступнага пасяджэння Сіноду, на якім, у выпадку станоўчых вынікаў, і мае быць прынятае рашэнне аб прадстаўленні хадайніцтва аб утварэнні новай епархіі на рашэнне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі з наступным зацвярджэннем Архіярэйскім саборам.

Аршанская епархія ўпершыню была ўтворана ў 1839 г. пасля Полацкага царкоўнага сабору, на якім была зліквідаваная ўнія. Першым яе епіскапам стаў Васіль (Лужынскі), аднак у 1940 г. яна была зліквідаваная, а епіскап атрымаў тытул Полацкага і Віцебскага. У 1926-1927 гг. у вікарнага епіскапа Аршанскага (Магілёўская епархія) быў хіратанізаваны Сцяфан (Вінаградаў).

Рубрыка: