У Беларусі ўпершыню нядзеля з-за святочных пераносаў абвешчана працоўным днём

У Беларусі ў сувязі святкаваннем Міжнароднага жаночага дня працоўны дзень з пятніцы 9 сакавіка пераносіцца на нядзелю 11 сакавіка. Адпаведны Указ № 119 прэзідэнт Лукашэнка падпісаў 1 сакавіка.

Такі перанос працоўнага дня на нядзелю, а не на адну з наступных субот, як гэта было ў папярэднія гады, ажыццяўляецца ўпершыню ў пост-савецкай Беларусі. Гэтае рашэнне выклікала крытычную рэакцыю з боку прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій.

Для хрысціян нядзеля - святы дзень, які прысвячаецца не будзённым справах, а толькі Богу - праз удзел у набажэнствах і служэнне блізкаму.

«Нядзеля ў хрысціянскіх сем'ях чакаюць ўвесь тыдзень. Сёмы дзень тыдня ўспрымаецца як дзень малітвы, дзень царкоўных набажэнстваў, - адзначыў у інтэрв'ю парталу sobor.by прэс-сакратар Мінскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Сергій Лепін. - Будзем спадзявацца, што калі-небудзь людзі ўсё ж зразумеюць, што значыць для нас нядзеля і што азначае свята 8 сакавіка. Тым не менш, 11 сакавіка ў праваслаўных храмах будзе служыць Боская літургія, і мы, як звычайна, чакаем вернікаў на набажэнства».

Афіцыйны партал Рыма-каталіцкай царквы цытуе Кампендыюм Сацыяльнага вучэння Касцёла: «Вернікі ў нядзелю і ў іншыя ўстаноўленыя святочныя дні павінны ўстрымлівацца ад „выканання працы або дзейнасці, якія перашкаджаюць здзяйсненню належнага культу Богу, радасці, уласцівай дню Пана, ажыццяўленню ўчынкаў міласэрнасці і неабходнаму духоўнаму і фізічнаму адпачынку“».

Аднак, як адзначыў прэс-сакратар епіскапату Беларусі кс. Юрый Санько, праца ў нядзелю 11 сакавіка не будзе грахом, паколькі людзі не самі добраахвотна гэта выбралі, а, па сутнасці, іх прымушаюць працаваць. Варта толькі паспрабаваць вечарам ці раніцай патрапіць на літургію. У некаторых касцёлах нядзельная Імша праходзіць у суботу ўвечары.

У інтэрв’ю kp.by святар дадаў, што працоўным днём лепш было зрабіць наступную суботу. «Даўно ўжо пара, каб у нашай свядомасці нядзеля стала днём для сям’і. У першую чаргу, вядома, для Бога. Пасля таго, як вернік пабывае ў святыні, ён праводзіць нядзелю са сваёй сям’ёй. А калі вырываюць з тыдня дзень для душы, атрымліваецца, што тыдзень становіцца цалкам бездухоўным. Тым больш цяпер час Вялікага посту. Чым людзі будуць займацца ў гэтыя тры выходных дня? Напэўна, адзначаць весела. Але ж адна з запаведзяў Каталіцкага Касцёла — не ладзіць падчас посту гучных забаваў», — дадаў кс. Юрый Санько.

Рашэнне аб пераносе працоўнага дня на нядзелю супярэчыць Працоўнаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, арт. 136 якога дае права Ураду пераносіць асобныя працоўныя дні толькі на суботу. Абвясціць працоўным днём нядзелю мае права прэзідэнт сваім указам толькі ў выключных выпадках.

 

 

 

Рубрыка: