Камісія \"Вера і лад\" Сусветнай Рады Цэркваў завяршае дакумент \"Царква - на шляху да агульнай візіі\"

Як паведамляецца ў адмысловым прэс-рэлізе Сусветнай Рады Цэркваў, 21 чэрвеня на выспе Пенанг (Малайзія), пастаянна дзеючая камісія дадзенай арганізацыі "Вера і лад" прыняла кансэнсусам дакумент "Царква - на шляху да агульнай візіі".

Прыняцце гэтага агульнага дакумента стала апошнім этапам інтэнсіўнага перыяду экуменічнай рэфлексіі пра значэнне "Царквы", якая пачалася амаль 20 гадоў таму на V Сусветнай Канферэнцыі Камісіі "Вера і лад" у Санц'яга дэ Кампастэла, Гішпанія ў 1993 г. У тэксце разважаецца пра ўзрастаючае збліжэнне па эклезіялагічных пытаннях, дасягнутае цягам трох сустрэчаў Пленарнай камісіі і васямнаццаці - пастаянна дзеючай, а таксама ў працэсе двухбаковых дыялогаў.

Дакумент утрымлівае адказы цэркваў і багасловаў на два мінулыя тэксты, якія папярэднічалі агульнай заяве: "Прырода і мэта Царквы" (1998) і "Прырода і місія Царквы" (2005).

Пасля таго, як камісія абвесціла сваё адзінагалоснае прыняцце "Царквы - на шляху да агульнай візіі", яе члены ўсталі і заспявалі гімн Тэзэ Laudate omnes gentes. Мадэратар камісіі мітр. Васіль Канстанцыі-Амахоста падзякаваў Богу за тое, што "мы падыйшлі да гэтага важнага моманту. Такія падзеі нячастыя для камісіі "Вера і лад". Раней гэта адбылося ў 1982 г., калі быў прыняты дакумент "Хрышчэнне, Еўхарыстыя і служэнне". А цяпер гэта паўтарылася зноў".

Дакумент "Царква - на шляху да агульнай візіі", які ўжо стаў называцца Пенангсім тэкстам, будзе дасланы на пасяджэнне Цэнтральнага Камітэту СРЦ, якое адбудзецца ў канцы жніўня на Крыце для прыняцця і рэкамендавання цэрквам, і пасля гэтага ён будзе апублікаваны. Гэта адзін з асноўных тэкстаў, які будзе выконваць ключавую ролю на Асамблеі СРЦ ў Бусане (Карэя), якая адбудзецца ў 2013 г. Як і ў выпадку з "Хрышчэнне, Еўхарыстыя і служэнне" паміж камісіяй "Вера і лад" і цэрквамі будзе запланаваны працэс маніторынгу за рэцэпцыяй гэтага другога збліжаючага тэксту.

Рубрыка: