Галасаваць датэрмінова прымушаюць нават семінарыстаў

 Студэнты Менскай духоўнай акадэміі і семінарыі заяўляюць аб прымусе да галасавання. Як паведаміў Generation.bY на ўмовах ананімнасці адзін з студэнтаў семінарыі, што месціцца ў Жыровічах, навучэнцаў забавязалі прагаласаваць 19 ці 20 верасня.

«У Менскай Духоўнай семінарыі ў Жыровічах Слонімскага раёну студэнтаў начальства абавязала галасаваць датэрмінова 19 і 20 верасня, — паведаміў Generation.bY навучэнец семінарыі. — Наконт санкцый нічога не гаварылася, але, напэўна, былі б дысцыплінарныя спагнанні».

Па словах навучэнца семінарыі, «некаторая незадаволенасць была, але ўсе вырашылі, што выбары не прэзідэнцкія, і агулам усё роўна, калі галасаваць».

У выніку прымусу амаль усе студэнты пайшлі галасаваць датэрмінова.

«Указ галасаваць датэрмінова напэўна зыходзіць ад рэктара архіепіскапа Гурыя». Семінарысты кажуць, што пры папярэднім рэктары спробаў падобнага ціску не было.

За час датэрміновага галасавання як і ў мінулыя гады з’явіліся дзесяткі паведамленняў аб спробах кіраўніцтва ўніверсітэтаў прымусіць студэнтаў прыйсці на ўчасткі. Аднак паведамленні аб прымусу да галасавання будучых праваслаўных святароў яшчэ ніколі не паступалі.

Рубрыка: