Бенэдыкт XVI вырашыў адмовіцца ад служэння Рымскага Папы

 Як паведамляе  Радыё Ватыкана Бэнэдыкт XVI абвясціў аб сваім рашэнні пакінуць Пасад св. Пятра. Святы Айцец спаслаўся на стан свайго здароўя і немагчымасць належнага выканання свайго служэння. Папа абвясціў гэта 11 лютага на звычайнай кансісторыі. Ён звярнуўся да кардыналаў з такім паведамленнем:

 

“Я паклікаў вас на гэту Кансісторыю не толькі па прычыне трох кананізацый, але і паведаміць вам рашэнне, якое мае вялікае значэнне для жыцця Касцёла. – сказаў Бэнэдыкт XVI, звяртаючыся да кардыналаў - Разважыўшы гэта шмат разоў у сумленні перад Богам, я набыў упэўненасць, што па прычыне сталага ўзросту мае сілы не дастатковыя, каб належным чынам ажыццяўляць служэнне св. Пятра. Я цалкам усведамляю, што гэта служэнне ў сваёй духоўнай сутнасці павінна выконвацца не толькі праз дзеянні і словы, але не ў меншай ступені, праз цярпенне і малітву. Аднак, каб кіраваць лодкай св. Пятра і абвяшчаць Евангелле ў сучасным свеце, схільным да хуткіх змен і хваляваным пытаннямі, якія маюць вялікае значэнне для жыцця веры, неабходная як сіла цела, так і духа, якая ў апошнія месяцы аслабела ў мяне настолькі, што я павінен прызнаць сваю няздольнасць добра выконваць даручанае мне служэнне. Таму, цалкам усведамляючы сур’ёзнасць гэтага акту, у поўнай свабодзе, я заяўляю, што я адмаўляюся ад служэння Рымскага Біскупа, Наступніка св. Пятра, ускладзенае на мяне кардыналамі 19 красавіка 2005 г., так, што з 28 лютага 2013 г., ад 20.00, рымскі пасад, Пасад св. Пятра, будзе звольнены (sede vacante), і паўстане неабходнасць, каб тыя, хто мае кампетэнцыі, склікалі Канклаў для абрання новага Папы.

 

Дарагія браты, я дзякую вам ад усяго сэрца за ўсю любоў і працу, праз якую вы неслі са мной цяжар майго служэння, і прашу прабачэння ўсіх маіх недахопаў. Цяпер мы давераем святы Касцёл апецы Найвышэйшага Пастыра, Пана нашага Езуса Хрыста, і просім Яго Найсвяцейшую Маці Марыю, каб дапамагала сваёй мацярынскай дабрынёй Айцам Кардыналам у абранні новага Папы. Калі гаворка ідзе пра мяне, у будучыні я хачу служыць усім сэрцам, усім адданым малітве жыццём, Святому Божаму Касцёлу”

Рубрыка: