У Мінску пройдзе сустрэча IV Форуму Дыялогу Праваслаўных цэркваў у Еўропе і Рады Канферэнцыі Каталіцкіх біскапаў Еўропы

Сустрэча IV Форуму Дыялогу Праваслаўных цэркваў у Еўропе і Рады Канферэнцыі Каталіцкіх біскапаў Еўропы на тэму: “Рэлігія і культурны плюралізм: выклікі для хрысціянскіх цэркваў у Еўропе” пройдзе ў Мінску з 2 па 6 чэрвеня 2013 года.

Сярод пад-тэмаў сустрэчы будзе і прысвечаная свабодзе рэлігіі як шлях да справядлівасці і міру. Форум, ідэя якога ўзнікла ў 2007 годзе на III Экуменічнай Асамблеі ў Сібіу (Румынія), закранае не столькі ўласна багаслоўскія, колькі каштоўнасныя і сацыяльныя пытанні, у адрозненні ад супольнай змяшанай міжнароднай камісіі па багаслоўскім дыялогу паміж Каталіцкай Царквой і Праваслаўнай Царквой, якая працуе з 1980 года. Ён збірае высокіх іерархаў і вядомых багасловаў з абедзьвюх цэркваў - па 12 чалавек з кожнага боку. З праваслаўнага боку яго старшынёй з’яўляецца Мітрапаліт Сасімскі Генадзь (Лімурыс), а з каталіцкага боку - Кардынал Петэр Эрдзё, архіепіскап Будапешцкі, прэзідэнт Рады Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Еўропы. Адкрыццё канферэнцыі адбудзецца а 19-00 у Міжнародным адукацыйна-культурным цэнтры (IBB, адрас: праспект газ. “Праўда”, 11). Працоўнай мовай будзе ангельская з сінхронным перакладам на італьянскую.

Папярэднія сустрэчы форуму прайшлі ў 2008 годзе ў Трэнта (Італіі) на тэму “Сям’я - дабро для чалавецтва”, у 2010 годзе на Родасе (Грэцыя) на тэму “Царкоўна-дзяржаўныя адносіны з гістарычнай і багаслоўскай перспектываў”, у 2012 годзе ў Лісабоне (Партугалія) на тэму “Эканамічны крызіс і беднасць: выклік для сучаснай Еўропы”.

Рубрыка: