У семінарыі ў Пінску пройдзе акцыя «Стань семінарыстам на ўікэнд»

«Стань семінарыстам на ўікэнд» — дэвіз міжнароднай акцыі для юнакоў, якія адчуваюць у сваім сэрцы пакліканне да святарства. Сёлета да гэтай акцыі далучылася Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску. Акцыя пройдзе ў ёй 7-9 мая.

Стаць семінарыстам на ўікэнд — гэта значыць пражыць адзін або некалькі дзён так, як жывуць семінарысты, акунуцца ў паўсядзённае жыццё духоўнай установы, якая рыхтуе будучых святароў. Гэта магчымасць пражыць дзень ад пачатку і да канца па семінарыйным раскладзе, як перажывае яго кожны навучэнец семінарыі: з 6.00 да 22.30 — з малітвай і спортам, вучобай і працай, духоўна і фізічна.

Гэта нагода на ўласным вопыце даведацца, як ісці шляхам кандыдата да святарства, акунуцца ў семінарыйную штодзённасць, адчуць рытм жыцця юнакоў, якія жадаюць быць апосталамі Хрыста, рыхтуюцца без рэшты прысвяціць сябе ратаванню людскіх душ, ідучы шляхам святарскага паклікання.

«Стань семінарыстам на ўікэнд» — адна з альтэрнатыў вядомых многім рэкалекцый па распазнанні паклікання. Ідэя праводзіць падобныя моладзевыя акцыі ў духоўных семінарыях свету скіравана на тое, каб хлопцы, якія разважаюць над святарскім пакліканнем, маглі бліжэй пазнаць жыццё семінарыста, сустрэцца з выхаваўцамі і выкладчыкамі духоўнай установы, непасрэдна з імі паразмаўляць і памаліцца.

Асабістая сустрэча з гэтай духоўнай установай важная асабліва ў наш час, калі ў мас-медыя часам паўтараюцца разнастайныя клішэ і стэрэатыпы адносна святарства і семінарыі. Існуе неабходнасць паказаць праўдзівае, прыгожае і ўзнёслае аблічча школы, якая рыхтуе апосталаў ХХІ стагоддзя.
У Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску ўжо не першы год рэгулярна на кожных школьных канікулах праводзяцца рэкалекцыі і малітоўныя сустрэчы па распазнанні паклікання. Звычайна маладыя людзі на такіх духоўных мерапрыемствах маюць сваю праграму, а семінарысты паралельна сваю.

Асаблівасць акцыі «Стань семінарыстам на ўікэнд» у тым, што маладым людзям даецца магчымасць не збоку, а непасрэдна знутры, плячо ў плячо з навучэнцамі семінарыі, перажыць іх дзень, ад світання да позняга вечару акунуцца ў рытм жыцця таго, хто ўжо крочыць шляхам да святарства.

Ідэя далучыцца да гэтай міжнароднай акцыі ўзнікла сярод беларускіх душпастыраў пакліканняў не выпадкова. Святары, якія займаюцца моладдзю і пакліканнямі, пачалі заўважаць, што існуе шмат юнакоў, якія адчуваюць пакліканне да святарства, але баяцца, што не вытрымаюць у семінарыі.

Баяцца, таму што не ведаюць. Іх пужае невядомае. Таму разнастайныя духоўныя мерапрыемствы, якія даюць магчымасць хоць крыху зазірнуць у свет выхавання кандыдата да святарства, пакліканы разбурыць памылковыя стэрэатыпы і паказаць прыгажосць і радасць жыцця юнакоў, якія ўжо пераступілі парог семінарыі і з энтузіязмам вучацца ў гэтай Хрыстовай школе, каб выйсці з яе душпастырамі, якіх чакае Бог, Касцёл і сучасны чалавек.

Акцыя пройдзе ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску 7-9 мая, але, калі хтосьці з маладых людзей жадае бліжэй пазнаёміцца з жыццём будучага святара ў іншы час, дзверы семінарыі адчынены для кожнага. Неабходна толькі патэлефанаваць у семінарыю і дамовіцца аб прыездзе.

Магчыма, гэта будзе той крок, які дапаможа камусьці з маладых людзей перамагчы страх і стэрэатыпы, прыехаць у семінарыю, каб нарэшце выйсці насустрач Хрысту, які кліча наследаваць Яго ў пастырскім служэнні.

Жадаючым далучыцца да акцыі «Стань семінарыстам на ўікэнд» і прыняць удзел у Днях адчыненых дзвярэй духоўнай семінарыі ў Пінску просьба паведаміць аб гэтым па наступных кантактах:

тэл. (0165) 65 41 45; +375 25 604 41 86
e-mail: mvds@catholic.by

Конфессии: 
Страны: 
Рубрыка: 

Апошнія навіны