У Ватыкане адкрылася выстаўка беларускіх абразоў

18 мая  ў музеі Ватыкана адкрылася выстаўка «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стст. з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь», паведамляе catholic.by.

Выстаўка абразоў з Беларусі прысвечана Юбілейнаму Году Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле.

Беларускія абразы выстаўляюцца ў Апостальскай Сталіцы ўпершыню. У Італіі экспазіцыя беларускіх твораў мастацтва з Нацыянальнага музея Беларусі апошні раз праходзіла ў 2004-2005 гг. у галерэях Мілана і Трыеста.

Сярод шматлікіх прысутных на цырымоніі адкрыцця былі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, настаяцель праваслаўнага прыхода Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны. Цырымонію ўпрыгожваў спевам хор мінскага храма Усіх Святых.

У сваім выступленні Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў адкрыццё выстаўкі беларускіх праваслаўных і каталіцкіх абразоў «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў» у музеях Ватыкана «выключнай па сваёй значнасці і гістарычнай падзеяй», падобнай да якой ніколі ў гісторыі не было.

«Мы доўга рыхтаваліся да гэтай падзеі. Гадоў прыкладна пяць-шэсць таму ідэя арганізацыі гэтай выставы нарадзілася падчас маёй сустрэчы з тагачасным намеснікам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргеем Алейнікам, сённяшнім паслом Беларусі пры Святым Пасадзе. Неацэнную ролю ў арганізацыі выставы адыграў былы Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Вялікая роля ў яе арганізацыі належыць дырэктарам Ватыканскіх музеяў і Нацыянальнага музея Беларусі, Міністэрству замежных спраў Беларусі і Міністэрству культуры, a таксама Праваслаўнай Царкве і Каталіцкаму Касцёлу», - сказаў іерарх.

Па словах арцыбіскупа, той факт, што беларускія абразы ўпершыню выстаўляюцца ў сусветна вядомых музеях Ватыкана, «гаворыць сам за сябе»: «гэта прызнанне добрых канструктыўных адносін паміж Беларуссю і Ватыканам», «сведчанне братэрскіх адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у Рэспублікі Беларусь».

«У беларускім грамадстве, нягледзячы на гістарычныя і нават канфесійныя раздзяленні, пашана да абраза, перш за ўсё да абраза Божай Маці, з’яўлялася духоўнай падставай для з’яднання нацыі. Пад покрывам Прачыстай, пад абаронай Яе цудатворных абразоў шукаў і знаходзіў беларускі народ сваё збаўленне», - адзначыў арцыпастыр.

Мітрапаліт выказаў надзею, што выстаўка каталіцкага і праваслаўнага абраза Беларусі «будзе спрыяць новай евангелізацыі сучаснага свету», паслужыць далейшаму развіццю адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, «якія з’яўляюцца паплечнікамі ў абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў», і развіццю канструктыўных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскім Пасадам.

Фота catholic.by

Рубрыка: 
Тэгі: