Іерархі хрысьціянскіх канфесій прынялі ўдзел у адкрыцці Саборнай мячэці ў Мінску

Патрыяршы Экзарх усея Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прынялі ўдзел у афіцыйным адкрыцці Саборнай мячэці ў Мінску.

Падзея была прымеркавана да афіцыйнага візіту ў Беларусь турэцкага лідара Рэджэпа Эрдагана, які прыбыў у Мінск 11 лістапада.

Мінская саборная мячэць — дакладная копія той, якая была разбурана яшчэ ў савецкія часы. Узнаўлялі яе больш за 10 гадоў. Доўгі час вернікі маліліся ў пераробленым пад святыню будаўнічай бытоўцы. Новая святыня — адзіная на сёння мячэць у беларускай сталіцы.

Мячэць пабудавана на месцы былога Татарскага прадмесця — на перасячэнні вуліц Ігнаценкі і Грыбаедава. Яна змяшчае да 750 чалавек. Першая служба ў ёй прайшла ў пачатку ліпеня — вернікі адзначылі канец Рамадана.

Аднак афіцыйнае адкрыццё некалькі разоў пераносілі — чакалі прыезда прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана.

11 лістапада на цырымонію адкрыцця прыйшлі больш за 250 запрошаных, у ліку якіх і каталіцкія іерархі Беларусі, а таксама мэр Мінска Андрэй Шорац, міністр культуры Барыс Святлоў, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, мусульманскія старэйшыны з рэгіёнаў і інш.

Галоўны муфтый Беларусі Абу-Бекір Шабановіч назваў адкрыццё святыні гістарычнай падзеяй.

— Гэта, безумоўна, знакавая падзея як для мусульманскай абшчыны, так і для ўсіх грамадзян Беларусі. Мусульмане з’явіліся на нашай зямлі яшчэ ў XIV ст. Наша краіна здаўна славіцца традыцыямі верацярпімасці, узаемнай павагі паміж людзьмі розных і канфесій і нацыянальнасцяў.

Паводле слоў Рэджэпа Эрдагана, мячэць у Мінску стане сімвалам сяброўства беларускага і турэцкага народаў. «Беларусь — гэта тая краіна, дзе людзі самых розных этнічных і рэлігійных каранёў жывуць разам пад адным дахам у міры і згодзе», — заключыў турэцкі лідар.

Страны: 
Рубрыка: 

Апошнія навіны