Габар Пінтэр - новы Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь.

Папа Францішак прызначыў новым Апостальскім нунцыем у Беларусі мансеньёра Габара Пінтэра, надаючы яму адначасова годнасць арцыбіскупа, паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага Радыё.

Новы дыпламатычны прадстаўнік Святога Айца ў краіне нарадзіўся ў венгерскім Куншэнтмартон 9 сакавіка 1964 г. Атрымаў святарскае пасвячэнне 11 чэрвеня 1988 г. Пачаў службу ў ватыканскай дыпламатыі 1 ліпеня 1996 г. і працаваў у дыппрадстаўніцтвах Святога Пасаду на Гаіці, у Балівіі, Швецыі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі.

Новы Апостальскі нунцый у Беларусі ведае венгерскую, італьянскую, англійскую, нямецкую, іспанскую, французскую, рускую, шведскую і крэольскую мовы.

Мансеньёр Габар Пінтэр змяніў на пасадзе Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. 13 лістапада 2015 г.  італьянскі іерарх прызначаны  Апостальскім нунцыем ва Украіне. Ён выконваў дыпламатычную місію ў Беларусі на працягу чатырох з паловай гадоў.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да веруючых з заклікам маліцца аб поспеху місіі новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі, на карысць Касцёла і беларускага народа. Ён адзначыў, што  "Апостальскі Нунцый з’яўляецца сталым прадстаўніком Святога Айца ў партыкулярным Касцёле і дзяржаве, да якой ён пасланы. Галоўным яго заданнем з’яўляецца ўмацаванне сувязяў паміж Апостальскім Пасадам і мясцовым Касцёлам, а таксама дзяржавай, пры якой ён акрэдытаваны, з мэтай ажыццяўлення касцёльнай палітыкі ў ёй, падтрымкі радай і прыкладам біскупаў, дапамогі ў вырашэнні бягучых спраў Касцёла, спрыяння евангелізацыі, абароне інтарэсаў Касцёла і да т.п. У сваім служэнні Апостальскі Нунцый выкарыстоўвае найперш маральныя сродкі. Клапоцячыся аб развіцці рэлігійных і чалавечых каштоўнасцяў, ён служыць усім жыхарам краіны".

Конфессии: 
Страны: 
Рубрыка: