Портал ЦАРКВА Просматриваемые темы Регистрация Поиск FAQ Пользователи Группы Избранное Вход  
Ответить на тему Беларуская вымова царкоўна-славянскага пісьма
Беларуская вымова царкоўна-славянскага пісьма
Сьнегавінка


Православный
Зарегистрирован: 25.09.2006
Сообщения: 1
Ответить с цитатой
Беларуская вымова царкоўна-славянскага пісьма

У ІХ ст. старабаўгарская мова сталася ў часьці Славянаў багаслужэбнаю моваю. Як мова ўжываная ў Царкве, яна дастала назоў царкоўна-славянскае мовы. Дзеля таго што царкоўна-славянская мова была блізкой да іншых моваў славянскіх, дык розныя славянскія народы ужэ із самога пачатку чыталі царкоўна-славянскія тэксты, пяялі і гаманілі пацаркоўна-славянску, вымаўляючы да некаторае меры па-свойму. А з часам і зусім перайшлі на сваю вымову. Беларусы вымаўлялі царкоўна-славянскае пісьмо пабеларуску. Аб гэтым сьведчыць мноства царкоўна-славянскіх кнігаў, напісаных і надрукаваных у Беларусі. Калі Беларусь лучыла пад Маскоўшчыну, дык Расейцы ў канцы XVIII і ў ХІХ ст. накінулі нам сваю вымову царкоўна-славянскага пісьмаю Тое самае сталася з украінскаю вымоваю царкоўна-славянскага пісьма на Ўкраіне, належачай да сусьветнае вайны да Расеі, але ў Галіччыне й цяпер ё свая – украінская – вымова царкоўна-славянскае мовы. Сэрбы вымаўляюць царкоўна-славянскае пісьмо пасэрбску, Расейцы парасейску, на’т Баўгары не вымаўляюць цяперака царкоўна-славянскае мовы, г. зн. свае старабаўгарскае, так, як вымаўлялі ў ІХ ст., але паводле свае цяперашняе вымовы.

Дыкжэ дзеля адноснае блізіні царкоўна-славянскае мовы да іншых моваў славянскіх трудна было-б правесьці ў царкоўным жыцьцю яе баўгарскую вымову з ІХ стагодзьдзяю Нельга сабе прадставіць вымаўляньне цяпер юсаў (гукаў, падобных да польскіх ą, ę), яшчэ цяжэй было-б зь ерамі ъ, ь, калісь таксама вымаўлянымі. А як вымавілі-б р, л складовыя тыя Славяне, што гэтых гукаў цяперака ня знаюць? Прыведзеных прыкладаў даволі, каб паказаць, што царкоўна-славянскую мову вымаўляць пацаркоўна-славянску ці – начай кажучы – пастара-баўгарску цяперака немагчыма. Трэба дадаць, што нямашака патрэбы гэтага ды што гэтага ніхто рабіць і ня думае.

А калі так, дык і мы, Беларусы, маем вымаўляць царкоўна-славянскую мову пабеларуску, як вымаўлялі даўней за красаваньне беларускае культуры. Цяперашняе вымаўляньне царкоўна-славянскае мовы ў беларускай праваслаўнай Царкве парасейску нічым не апраўдуецца і ё аднэй з астачаў нашае культурнае і душэўнае няволі.

Гэтта, маючы наўвеце практычнае заданьне, пакажу, як царкоўна-славянская мова вымаўляецца пабеларуску. Вымова гэтая блізу што вылучна будзе датычыць фонэтыкі (гукаў) і толькі ў вадным прыпадку зачэпе хвормы. Слоўнік, сынтакс дый наагул хвормы астануцца бязь зьмены.

Ніжэй у дужках падам прыклады паводле правапісу царкоўна-славянскага, а вонках дужкаў тыя-ж прыклады паводле іх вымовы беларускае. З тае прычыны, што ў друкарні няма царкоўна-славянскіх літараў, прыйдзецца прыводжаныя літары даць цяперашняй кірыліцай. З тае-ж прычыны напару (калі ё ў слове юсы) зусім нельга будзе даць прыкладаў паводле царкоўна-славянскага правапісу. Прыклады пераважна бяру зь цяперашняга служэбніка. Хворма таковых прыкладаў нярэдка ладне розьніцца ад хвормаў старабаўгарскіх, аднак, калі хворма ў служэбніку згаджаецца зь цяперашняй вымовай беларускай, я прыводжу слова не папраўляючы (прыкл. у служэбніку человђкъ, а ў старабаўгарскай мове чловђкъ).

1. Вялікі юс вымаўляем як у (ю) – муж, пуць, вђрую.
2. Малы юс вымаўляем як а (а, я) – пяць.
3. Націсьненае ъ вымаўляем як о – сон (сънъ).
4. Націсьненае ь вымаўляецца як е – дзень (дьнь).
5. ъ, ь (звычайна ненацісьненыя) па р, л, в нярэдка вымаўляем як ы, і. Прыкл.: кроў (кръвь), але крыві (кръви), мудрэц (-ьць), але мудрыца (-ьца), мярцьвец (мрьтвьць), але мярцьвіца (мрьтвьца).
6. ъ, ь у канчатках прыкметаў перад и, й вымаўляюцца як ы, і – добры (добръи, добрый).
7. ъ у прыстаўках, складзеных з іду, іму вымаўляецца як ы – падыйду, абыйму, ђабыймеш і г. д.
8. У прыймені й прыстаўцы въ чэзьне ъ, а в пераходзе ў ў пра самагуку пярэдняга слова і ў у па сугуку пярэдняга слова, на пачатку казаньня (сказу) ды па паўзе. Напр.: Гасподзь уцарыся, у ляпату аблячэся (Господь въцари-…), стаяшчымі ў храмя Гасподні, у дварэх дому Бога нашага (…въ храмђ Господни, въ дворђхъ дому Бога нашего), і ў векі вякоў (и въ вђкі вђковъ), у мноствя шчадрот Тваіх (въ мъножьствђ щедротъ твоихъ), У ймя Айца і Сына і Сьвятага духа (Въ…).
9. У прыймені й прыстаўцы въз чэзьне заўсёды ъ, а в бывае тое самоу што з в у въ (гл. 8), значыцца гэтае прыймя-прыстаўка будзе гучэць – уз, ўз. Прыклады: узваць (въззъвати), Цябе славу ўссылаям (Тебђ славу въссылаемъ), уздух узвысі (въздухъ възвыси), Узьвядох вочы маі ў горы (Възведохъ очи мои въ горы), узьнясеньня (възнесеніе), уздвіжаньня (въздвіженіе), ускрэс, ускрысеньня, уздам Госпадзеві (въздамъ Господеви).
10. ь у суфіксе –ьств-о не вымаўляецца – мноства (мъножьство), Боства (божьство).
11. Ненацісьненае о вымаўляецца як а – Госпадзі, памілуй (Господи, помилуй) і ладне прыкладаў, прыведзеных вышэй.
12. Ненацісьненае ъ, калі вымаўляецца, дык таксама як а. Напр.: наставі нас ка прыстанішчу (настави насъ къ пристанищу).
13. Ненацісьненае е, ђ, ды ь (калі апошні вымаўляецца) па р, ц, ч, ш, ж, щ вымаўляюцца як а: Божа (Боже), вечар (вечеръ), рака (рђка).
14. Ненацісьненае е, ђ, ды ь (калі апошні вымаўляецца) вымаўляюцца па сугуках мяккіх у беларускай мове як я (‘а): Яка ты ясі Бог наш (Яко ты еси Богъ нашь), яка падабаяць Цябе ўсякая слава (Яко подобаетъ тебђ вьсякая слава), ныня й прысна (нынђ і присно), яшчэ (еще), чалавекалюбяц (человђколюбђць).
15. ђ націсьненае вымаўляецца як е бел (бђлъ) [Калі націсьненае ђ вымавіць як двугук (дыфтонг), дык і гэта ня будзе пярэчыць беларускай вымове.].
16. ы па к вымаўляецца як і – кінуці.
17. Ненацісьненае у (прыймя у ці у пачынаючае слова або склад) па самагуку вымаўляецца як ў. Прыкл.: спасаці ўся ўпаваюшчыя.
18. и пачынаючае слова па самагуку папярэдняга слова заўсёды вымаўляецца як й; злуч и вымаўляецца як й, калі луча аднолькавыя склады казаньня – ныня й прысна (нынђ и присно).
19. іь) у групах –іе, -ія, -ію не вымаўляецца, пры гэтым бывае здваеньне стаячага перад і сугуку. Прыклады: маленьня (моленіе), упаваньня (оупованіе), ізбаўленьня (избавленіе), памышленьням (помышленіемь), жыцьцё (житіе), брацьця (братія), благадацьцю. Калі перад стаячым –іе, -ія, -ію сугукам ё яшчэ сугук, дык здваеньня ня бывае (хрысьцянін, царсьцьвя (царствіе). Ня здвоююцца такжа р, м, п, б, в – прававер’я (правовђріе). Стаячы перад і гук в вымаўляецца як ў, калі перад в няма яшчэ сугуку – праваслаўя (православіе).
20. Націск будзе заўсёды як у беларускай мове. Прыкл.: зямлю, гару, із дому, спáсяньня; каго, але – нікога, каму, але – нікому.
21. Перад пачынаючым слова альбо склад націсьненым о, у заўсёды будзе прыстаўное в – вока, вуха (око, ухо), войча (отьче). Перад у ненацісьненым прыстаўное в бывае рэдка – вучыцяль (учитель). Перад пачынаючымі слова альбо склад вялікім юсам (вымаўляць у) заўсёды ё в.
22. З выняткам злуча и ды прыймені-прыстаўкі із, перад кожным іншым и, пачынаючым слова альбо склад, заўсёды будзе й – йіх, йім (іхъ, імъ), пайіці (поити), йімя, йіскра (искра), йісьціна (истина), Йімяням Гасподнім благаславі, войча (Именемъ Господьнимъ благослови, отьче).
23. Перад е, ђ, малым юсам ды ь, паколькі гэты вымаўляецца, усі сугукі, здольныя ў блр. мове быці мяккімі, вымаўляюцца мякка, а д, т – як дз, ц. Тое самае будзе й тады, калі шчэзлы ь пакінуў у беларускай мове па сабе сьлед у пастаці зьмякчэньня папераджаючага яго сугуку. Прыкл.: Міласьць Твая, Госпадзі (Милость Твоя, Господи), цьма (тьма) і шмат сярод прыведзеных вышэй на іншыя зьявы.
24. з, с перад сугукамі, вымаўлянымі мякка, таксама вымаўляюцца мякка – сьвет (свђтъ), сьвяты.
Таксама канцавое з, с прыймёнаў і прыстаўкаў перад й і сугукамі, вымаўлянымі мякка, - вымаўляюцца мякка: разьбіці (разбити), узьнесьці (възнести), ізьбіці, ізь сьвятыні , бязь цябе (безъ тебе).
25. Як цьвярдое, так і мяккое царкоўна-славянскае р скажацца пабеларуску толькі цьвёрда – крэпкі, пастыр, Марыя (крђпъкый, пастырь, Марія).
26. ц вымаўляецца цьвёрда – цэлы, ісцаліці, (цђлый, исцђлити).
27. ш, ж, ч, щ альбо шт вымаўляюцца цьвёрда – чэсьць, чыст, жыцьце, ношч (чьсть, чистъ, житіе, нощь).
28. Вусьняныя б, п, м перад е, ђ, і, и і малым юсам вымаўляюцца мякка, але перад невымаўляным ь на канцы ці ў сярэдзіне слова вымаўляюцца цьвёрда – дам, седм, восм, скорб (дамь, седмь, осмь, скърбь), галуб. Таксама менаваныя сугукі цьвёрда вымаўляюцца перад й або – начай кажучы – калі ня зьліваюцца з наступным самагукам.
29. г вымаўляецца як лацінскае h – глава-hлава.
30. Царкоўна-славянскае –лъ на канцы дзеясловаў [Participium на –лъ.] вымаўляецца як ў – быў, дзелаў, даў (былъ, дђлалъ, далъ).
31. Калі царкоўна-славянскім –лъ-, -ль- у сярэдзіне слова адпавядаюць словы беларускія з вымоваю –оў-, дык менаваныя –лъ-, -ль- трэба вымаўляць –оў-. Напр.: доўг, воўк, поўн, іспоўнім, маўчаці (длъгъ, влъкъ, плънъ, исплънимъ, млъчати).
32. в перад невымаўлянымі ъ, ь, а калі яны не надрукаваны, дык перад сугукам чытаецца ў. Напр.: настаўнік (наставьникъ), праўда (правьда), праваслаўны (православьный), міласьціў (милостивъ).
Калі таковае в стаіць на пачатку слова, дык па сугуку папярэдняга слова вымаўляецца як у.
33. щ або шт вымаўляецца –шч- - ношч (нощь, ношть).
34. Канцавое й, і наз. скл. адз. л. прыкметаў не вымаўляецца – (добрый, бђлый, бђлыи).
35. Як толькі слова отьць прыймае такую хворму, што ь паміж т і ц не вымаўляецца, дык замест –тьц- кажам –йц-. Напр.: ацец (отьць наз. скл. адз. л. і родн. мн. л.), але айца, айцу і г. д. (отьца, отьцу), войча (отьче)
36. Канчаткі 3-яе асобы дзеясловаў адзіночнага і множнага ліку вымаўляюцца мякка, а дзеля таго, што змаест мяккога т кажам ць, будзе –ць. Напр.: відзіць, носіць, бярэць, дасьць, (видитъ, носитъ, беретъ, дастъ), відзяць, носяць, бяруць, дадзяць.

Належыла б такжа пісаць ды друкаваць замест цьвярдых мяккія формы ў 3-яй ас. адзіночнага й множнага ліку (замест тъ - -ть – носить і пад.); ужо ў ХІ-ХІІІ ст. гэт’кая хворма, адступаючая ад царкоўна-славянскае, была ў Беларусаў праведзена.

Ня буду прыводзіць драбнейшых асабліваьцеў беларускае вымовы царкоўна-славянскага пісьма.

Напасьледак дам цэлае “верую” ў беларускай вымове:

Верую ў ядзінага Бога Айца, усядзяржыцяля, тварца небу й зямлі, відзімым-жа ўсем і нявідзімым. І ў ядзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божыя, ядзінароднага, іжа ад Айца раждзеннага прэждзя ўсех век. Сьвета ад сьвета, Бога ісьцінна ад Бога ісьцінна, раждзенна, нестварэнна, ядзінасушчна Айцу, імжа ўся быша. Нас радзі чалавек і нашага радзі спáсяньня, шшэдшага зь нябёс, і ўплаціўшагася ад Духа Сьвята і Марыі Дзевы, і ўчалавечшася. Расьпятага-жа за ны пры Панційсьцям Пілаця, і страдаўша. і паграбенна. І ўскрэсшшага ў трэці дзень па пісаньням. І ўшшэдшага на нябёса, і сядзяшча адзясную Айца. І пакі градушчага с славаю, судзіці жывым і мертвым, Ягожа царсьцьвю ня будзяць канца. І ў Духа Сьвятага, Госпада жыватварашчага, іжа ад Айца ісхадзяшчага, іжа з Айцэм і Сынам спакланяяма й славіма, глаголаўшага прарокі. У ядзіну сьвятую, саборную й апостальскую цэркаў. Іспаведую ядзіна крашчэньня ў вастаўленьня грахоў. Чаю ускрысеньня мертвых і жызьні будушчага века. Амінь.

Зь некаторых пунктаў (пункты 8, 9) відаць, што каб добра прачытаць пабеларуску, трэба, каб было добра надрукавана пацаркоўна-славянску (а не парасейску). Гэтак въ вђки, възнести лёгка чытаецца пабеларуску у векі, узьнясьці або ў векі, ўзьнясьці (залежна ад таго, сугук ці самагук стаіць перад въ) але немагчыма або прынамся трудна прачытаць пабеларуску напісанае парасейску – во вђки, вознести). Чытаньне ва веки, вазьнясьці было-б беларускай вымоваю не царкоўна-славянскага (стара-баўгарскага), але расейскага пісьма.

Ведама, адно тый патрапе вымаўляць царкоўна-славянскую мову, хто знае беларускую мову. Таму, хто яе ня знае, ніякія выясьненьні не памогуць.

Д-р. Я. Станкевіч, часопіс “Родная мова”, 1931, №1 (6)
Посмотреть профильНайти все сообщения пользователя Отправить личное сообщение
Беларуская вымова царкоўна-славянскага пісьма
Вы не можете начинать темы
Вы не можете отвечать на сообщения
Вы не можете редактировать свои сообщения
Вы не можете удалять свои сообщения
Вы не можете голосовать в опросах
You can attach files in this forum
You can download files in this forum
Часовой пояс: GMT + 4  
Страница 1 из 1  


Добавить в Избранное
  
  
 Ответить на тему  
Вход:          Автоматически входить при каждом посещении   
Content © Хрысьціянскі форум ЦАРКВА

Каталог TUT.BY Rating All.BY