Сабор Беларускай Праваслаўнай Царквы. Абвешчаньне аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы.

“Новая Дарога”. Тыднёвая газэта на Беластокскую акругу. № 28, Беласток, 4 кастрычніка 1942.

 

Ў нядзелю 30 жніўня ў сталіцы Беларусі - Менску сабраліся прадстаўнікі духавенства й вернікаў на Ўсебеларускі Царкоўны Сабор, каб абвясьціць незалежнасьць Беларускае Праваслаўнае Царквы й прыйняць Статут, якім павінна кіравацца Царква ў сваім самастойным жыцьці.

Перад распачацьцем Сабору а чацьвертай гадзіне па паўдні ў Спаса-Прэабражэнскай царкве адбыўся ўрачысты малебен. Архіепіскап Філафей меў прамову аб значаньні Сабору. Малебен адслужыў архіепіскап Філафей у саслужэньні епіскапа Віцебскага й Полацкага Апанаса, епіскапа Смаленскага й Бранскага Сьцяпана і шматлікага духавенства.

А пятай гадзіне архіепіскап Філафей абвесьціў Сабор адчыненым. Сакратар Сабору сьвяшчэньнік Аляксандр Апанасэвіч зачытаў сьпіс удзельнікаў Сабору. Арзіепіскап Філафей абвесьціў распараджэньне мітрапаліта Панцялеймана, які даручае яму на час свае адсутнасьці кіраваньне ўсімі справамі Беларускае Мітраполіі, скліканьне сабору і старшынстваваньне на ім”. Як старшыня Сабору архіепіскап Філафей зьвярнуўся да Сабору з прапановай паслаць Правадыру нямецкага народу Адольфу Гітлеру прывітальную тэлеграму наступнага зьместу:

“Правадыру Адольфу Гітлеру. Першы ў гісторыі Усебеларускі Праваслаўны Сабор у Менску ад імя праваслаўных беларусоў шле Вам, спадару Райхсканцлеру шчырую падзяку за вызваленьне Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкага бязбожнага ярма, за дадзеную магчымасьць вольна арганізаваць нашае рэлігійнае жыцьцё ў форме “Сьвятой Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы” - і жадае як найхутчэйшай поўнай перамогі Вашай непераможнай зброі”.

(Тэлеграма А. Гітлеру была адным з самых цяжкіх абвінавачаньняў БАПЦ з боку атэістаў і савецкіх гісторыкаў. Але яна выглядае вельмі сьціпла ў параўнаньні зь іншым дакумэнтам - словам Маскоўскага Патрыярха Алексія на паніхідзе па І. Сталіну - творцу ГУЛАГа, забойцы мільёнаў людзей: “Великого вождя нашего народа, Иосифа Виссарионовича Сталина, не стало. Упразднилась сила великая, нравственная, общесвенная; сила, в которой народ наш ощущал собственную силу, которой он руководился в своих создательных трудах, которою он утешался в течение многих лет. Нет области, куда бы не проникал взор Великого Вождя. ... Как человек гениальный, он в каждом деле открывал то, что было невидимо и недоступно для обыкновеннаго ума. ... Его имя, как поборника мира во всем мире, и его славные деяния будут жить в веках ...”. ВК)

Сьвяшчэньнік Сеўба зачытаў прывітаньні Сабору атрыманыя ад Цэнтральнай Рады БНС, Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні, праваслаўных беларусаў з Смаленшчыны і інш. Пасьля гэтага архіепіскап Філафей зьвярнуўся да Сабору з прамовай, у якой спыніўся на гісторыі Беларускае Праваслаўнае Царквы і на тых заданьнях, для вырашэньня якіх скліканы Сабор.

Архіепіскап Філафей у сваёй прамове падкрэсьліў, што ўсе падставы для існаваньня аўтакефаліі на Беларусі ёсьць і фактычна ўжо цяпер: Беларуская Царква існуе незалежна ад іншых Цэркваў; ёсьць іерархія, епархіі, благачыніі, прыходы. Яны засноўваюцца на ўсіх беларускіх землях. Створаныя курсы для кандыдатаў на сьвятароў, пасьвячаныя сьвяшчэньнікі й дыяканы. Усё гэта сьведчыць аб нашай незалежнасьці. Неабходна толькі аўтакефалію аформіць. “Сёньня мы тут сабраныя на сьвяты Сабор Беларускае Праваслаўнае Царквы, навязваем лучнасьць з найпрыгажэйшымі ў гісторыі Беларусі часамі XIII, XIV i XV ст. Гэта былі часы вялікае славы і росквіту Беларусі, прыгожыя часы росквіту Беларускае Царквы. Тады ўжо былі паложаны фундамэнты для яе аўтакефальнасьці, для яе незалежнасьці.

З таго часу мінула многа год, а беларускі народ і Праваслаўная царква многа перажылі розных няшчасьцяў, крыўдаў, паніжэньняў. Усё-ж, аднак, Бог Усявышні не пакідаў нашага народу і зноў даў яму магчымасьць арганізаваньня свайго жыцьця рэлігійнага, культурнага, гаспадарчага ... Беларусь вызвалена ад бальшавіцкае няволі й пачынае новае жыцьцё.

Мы сюды сабраліся, каб радзіць над справамі нашае Сьвятое Праваслаўнае Царквы, над арганізацыяй ейнае працы. Памолімся, каб Усявышні благаславіў нас і нашую працу”.

Пасьля агульнай малітвы заступнік мітрапаліта архіепіскап Філафей у асысьце епіскапаў Віцебскага й Полацкага Апанаса, Смаленскага й Бранскага Сьцяпана пачаў нарады Сабору ... архіепіскап Філафей зрабіў даклад аб працы над арганізацыяй Беларускай Праваслаўнай Царквы, якая пачалася ў 1941 г. на асновах аўтакефальнасьці, парадак сабору, ягоную мэту - выявіць волю найвышэйшых іерархаў, прадстаўнікоў духавенства й вернікаў, якой павінна быць Беларуская Праваслаўная Царква ...

На другі дзень, у панядзелак раніцай, былі прачытаны два рэфэраты: а. Балая на тэму: “Царкоўна-кананічныя асновы аўтакефаліі” і а. Кушняра “Справы аўтакефаліі на Беларусі”, у якім было падчыркнута, што ўжо ў ХІІІ, XIV, XV ст. Праваслаўная Царква на Беларусі была незалежнай, аўтакефальнай.

Пасьля паўдня і ў наступныя дні быў разгляданы праект Статуту Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы. Праект гэты, як і ўсю падрыхтоўчую працу да Сабору, падрыхтавала прадсаборная камісія ў складзе аа. Лапіцкага, Балая, Кушняра, Сеўбы і спадароў Сьвірыда, Арэхвы, Касяка.

У аснову праекта Статуту былі паложаны прынцыпы: 1) Беларуская Праваслаўная Царква зьяўляецца незалежнай і роўнай усім іншым Праваслаўным Цэрквам; 2) у ёй павінны быць беларускія нацыянальныя асновы, мовай богаслужэбнай зьяўляецца царкоўнаславянская, а мовай царкоўных казаньняў, навучаньня рэлігіі, царкоўнага ўрадаваньня павінна быць мова беларуская. Статут прадбачыць рады пры мітрапаліце і епіскапах, благачынных, пры настаяцелях прыходаў. У працы царкоўнай ён прадбачыць не кансысторскую сістэму, а сістэму выбраных управаў, г.з., ... што сяброў кансысторыі назначаюць не епіскапы, а яны выбіраюцца прадбачанымі радамі, і толькі.

Пасьля дыскусіі Статут Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы быў прыняты 2 верасьня 1942 г. Адначасна была прынята пастанова аб поўнай незалежнасьці, аўтакефальнасьці Беларускай Праваслаўнай Царквы. Гэткім чынам Беларуская Праваслаўная Царква сталася незалежнай, парвала ўсялякую лучнасьць з Масквой і ўзыходзіць на сапраўдны рэлігійны беларускі шлях.

Дзень 2 верасьня 1942 г., у якім была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай Царквы перойдзе ў гісторыю Беларусі як адзін з найвялікшых гістарычных дзён.

Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква - БАПЦ - Афіцыйны сайт

Рубрика: