Сінод без рашэнняў

 У суботу 30 сакавіка ў Мінску адбылося пасяджэнне Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы, пра што на афіцыйным сайце БПЦ маецца адно толькі сціплая нататка і адзіночны фотаздымак. Але з усіх дакументаў галоўнага органу БПЦ - толькі Заява "аб практыцы выкарыстання новых сродкаў ідэнтыфікацыі грамадзян" (пытанне сродкаў ідэнтыфікацыі выявілася куды больш важным, чым смяротнага пакарання і рэпрадуктыўных тэхналогіяў, для якіх хапіла заяваў прэс-службы і асобных іерархаў), а таксама Пасланне ў сувязі з 400-годдзем спачыну святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай.  

Пытанні, якія на Сінодзе абмяркоўваюцца, а таксама прынятыя Сінодам у межах сваёй статутнай кампетэнцыі рашэнні, фіксуюцца ў журналах Святога Сіноду, якія публікуюцца ў афіцыйных крыніцах. Звычайна журналы з'яўляюцца і на афіцыйным сайце БПЦ. Пра што можа сведчыць адсутнасць апублікаваных журналаў пасля апошняга пасяджэння? Альбо пра тое, што ніякіх рашэнняў прынята не было, альбо што ёсць падставы такія рашэнні не публікаваць.

На мінулым пасяджэнні Сіноду, якое адбылося 12 студзеня 2012 г., сярод іншых разглядалася пытанне пра магчымае раздзяленне Віцебскай епархіі і вылучэнні новай - Аршанскай, з ініцыятывай чаго выступіў арх. Дзімітрый Віцебскі і Аршанскі (гл. Журнал №151). Раздзяленне епархіяў - гэта новы трэнд у Рускай Праваслаўнай Царкве, на пасяджэннях Святога Сіноду якой штораз раздзяленне падвяргаецца тая ці іншая епархія; а таксама ствараюцца Мітрапалічыя акругі - якія аб’ядноўваюць у сабе больш дробныя епархіі. Раздзяленне епархіў выклікае мноства неадназначных водгукаў, бо фактычна адбываецца “перадзел” кананічнай тэрыторыі з больш выгоднымі населенымі пунктамі, манастырамі і храмамі - і менш выгоднымі. І гэты працэс ніякім чынам не ўлічвае меркавання царкоўнай грамады той епархіі, якой раздзяленне тычыцца.

Хаця на згаданым пасяджэнні Сіноду Беларускага Экзархату 12 студзеня 2012 г. патрыяршая ініцыятыва па раздзеле епархіяў была ў цэлым ухваленая, як і ідэя датычна канкрэтнай Віцебскай епархіі, аднак далейшага руху гэты працэс пакуль не атрымаў. Для ўтварэння новай епархіі неабходна, каб Сінод Экзархату звярнуўся з прадстаўленнем да Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі (арт. 13, гл. IX Статуту). Сінод даручыў новай стуркутры Беларускага Экзархату, якая на тым жа пасяджэнні і была створана, - Упраўленню справамі пад кіраўніцтвам еп. Навагрудскага Гурыя - вывучыць магчымасць утварэння новай Аршанскай епархіі, больш за тое - вывучыць меркаванні архіярэяў датычна магчымага раздзялення тых епархій, якімі яны кіруюць. З вынікамі гэтай працы і меркавалася азнаёміцца акурат на пасяджэнні Сіноду 31 сакавіка. Самай буйной епархіяй на дадзены момант з’яўляецца Мінская, адзіная епархія ў Беларусі памерам з цэлую адміністратыўную вобласць (нават на дзве - улучна з двухмільённай сталіцай). Што датычыць усіх астатніх, то на кожную вобласць прыходзіцца па дзве епархіі. Пры гэтым, у Заходняй Беларусі прыходаў практычна ў два разы больш, чым ва Ўсходняй, таму цяжка патлумачыць, чаму менавіта з Усходу быў ініцыяваны працэс раздзялення. Цяжка меркаваць, што гэта звязана з рэальнымі патрэбамі мець меншыя епархіі. Лагічным было б пачаць ці з Мінскай, тым больш, што тут ужо ёсць вікарны епіскап Барысаўскі Веніямін, ці з заходніх. Безумоўна, чым меншая тэрыторыя знаходзіцца ў кіраванні, тым больш эфектыўна магчыма такое кіраванне ажыццяўляць, тым бліжэй да царкоўнага народу і святароў можа стаць мясцовы епіскап. Але гэта не гарантыя таго, што кіраванне сапраўды стане больш эфектыўным, а епіскап стане бліжэй. І па сутнасці, раздзяленне прыводзіць не да зменаў у жыцці саміх епархіяў, але да зменаў у статусе япіскапа, да памяншэння ягонага “валадарства”.

З аднаго боку, дзяліць епархіі ў любым выпадку давядзецца, такая палітыка закладзена “зверху” на ўзроўні ўсёй РПЦ. З іншага боку, раздзяленне епархій зменіць баланс сілаў у Беларускім Экзархаце. Па-першае, павысіцца статус тых архіярэяў, якія атрымаюць “мітрапалічы статус”. Па-другое, паменшыцца статус тых, хто замест цэлай епархіі будзе кіраваць яе паловай. Па-трэцяй, павялічыцца колькасць кіруючых архіярэяў за кошт таго, што вікарныя архіярэі могуць быць прызначаныя кіраваць епархіяй, адпаведна епіскапская карпарацыя колькасна павялічыцца. І усё гэтае “раздзяленне епархіяў” - пытанне менавіта гэтай закрытай карпарацыі.

У той самы час, калі мы звернемся да пытанняў надзённых, тых што хвялююць святароў, і якія яны задавалі падчас апошняга сходу Мінскай епархіі, то мы пабачым, што на сярэднім узроўні невырашанымі застаюцца пытанні неабходнай катэхізацыі, увядзення ў больш шырокі ўжытак сучасных моваў, у т.л. беларускай, пытанні ажыццяўлення таемстваў, шанавання памяці новых пакутнікаў і месцаў масавых растрэлаў, праблемы сацыяльнай этыкі - аборты, рэпрадуктыўныя тэхналогіі і інш. Але пакуль гэтыя праблемы застаюцца на перэферыі дзейнасці Сіноду. У цэнтры - пытанні ўлады.

З усіх архіярэяў “добрую волю” на раздзяленне епархіяў праявіў пакуль толькі адзін з найбольш шанаваных і уплывовых архіярэяў архіепіскап Дзмітрый Віцебскі, хаця зыходзячы з памеру епархіі на агульным фоне Такім чынам, становіцца зразумелым, што менавіта гэты архіярэй і прэтэндуе на тое, каб стаць другім Мітрапалітам у Беларусі, тым больш, што ён найбольш упісваецца ў мадэль “Рускага свету”, мае сваю ўласную епархіяльную семінарыю. Адпаведна, калі архіепіскап Дзмітрый Віцебскі стане другім Мітрапалітам, гэта адразу павышае яго і так не малыя шансы ўва ўмовах нямогласці Мітрапаліта Мінскага Філарэта стаць яго наступнікам.

Раздзяленне епархіяў цягне за сабой яшчэ больш сур’ёзныя супрацьстаянні ў Сінодзе. Можа, менавіта таму не выконваюцца рашэнні мінулага пасяджэння? І менавіта таму, пасля пасяджэння нават няма чаго публікаваць? 

Гл. таксама: Ответы на поступившие от священнослужителей вопросы на Епархиальном собрании Минской епархии 5 января 2012 г. (стенограмма)  

Васілевіч Наталля

Рубрика: