МАНІТОРЫНГ СМІ: Твой Стыль: Ідэальны вораг

Грэка-католікам Беларусі, безумоўна, шчасціць на ворагаў, хоць яны самі гэтага пакуль не разумеюць. У сучаснай сітуацыі мець РПЦ за ворага значна лепш, чым сярод сяброў.

РПЦ – ідэальны вораг па ўсіх параметрах, бо дзе вы яшчэ знойдзеце праціўніка, які метадычна знішчае самога сябе, ды яшчэ кідаецца на вас акурат у моманты сваёй найбольшай слабасці. Цягам апошняга часу няўдачы наўпрост пераследуюць маскоўскую патрыярхію: кватэрны скандал у Маскве, гадзіннік-невідзімка «Breguet» на руцэ патрыярха, а зараз яшчэ і справа дурніц з «Pussy Riot»...

Разумны і, што важна, публічны патрыярх Кірыл, які стаў на месца састарэлага Алексія, не толькі не падняў аўтарытэт царквы, але метадычна робіць усё для яго знішчэння.

Возьмем, да прыкладу, апошнія выпады РПЦ супраць беларускіх уніятаў: спроба кананізацыі Іосіфа Сямашкі (ліквідатара Ўніі), апошнія рашэнні Сіноду адносна таго ж Сямашкі ды ўвядзення свята «дня вяртання беларускіх уніятаў да Праваслаўнай Царквы», эксцэнтрычнае інтэрв'ю архіепіскапа Наваградскага і Лідскага Гурыя...

Незразумелай насамперш застаецца іх мэта: навошта столькі ўвагі надаваць адносна нешматлікай супольнасці, якая змяшчаецца ў некалькіх парафіях і са словаў саміх прадстаўнікоў РПЦ «не мае ўплыву»? Разумны метад у такой сітуацыі – замоўчванне, прынамсі, каб безліч тваіх апанентаў не стала ўжо пад вельмі канкрэтныя сцягі праціўніка.

...Пэўны час таму, яшчэ за маім знаходжаннем у розных каляпалітычных структурах, мы задаваліся пытаннем: навошта сілавікам губляць рэсурсы, час і пры гэтым піярыць нешматлікія апазіцыйныя групоўкі бязглуздымі рэпрэсіямі? Насамрэч, усё проста: 1) зараблянне зорачак на пагоны, 2) паталагічная іррацыянальная нянавісць, 3) боязь згубіць хісткую глебу пад нагамі (гэта нам тут падаецца, што рэжым стабільны і непераможны...).

Улічваючы шчыльныя сувязі РПЦ з вядомымі сілавымі структурамі ў свой час (хаця чаму «ў свой час»?..), нескаладана прасачыць і тут падобную логіку. Дарэчы, усе ніжэйпералічаныя падзеі добра ўкладаюцца ў канцэпцыю наступу РФ-іі па ўсіх франтах апошнім часам – насамперш у Ўкраіне ды Беларусі. Маскоўская патрыярхія заўжды выдадна арыентавалася ў кан'юктуры ды рэагавала на навакольныя тэндэнцыі: за часамі Залатой Арды, Івана Жахлівага, Імперыі, Савецкага Саюзу...

Як прыклад возьмем інтэрв'ю таго самага архіепіскапа Наваградскага і Лідскага Гурыя сайту наваградскай епархіі. Галоўнае ў ім – нават не змешванне праблемаў ліберальнага грамадства з уніяцкай царквой (што да чаго?..), але лексіка. І тут кіраўнік справамі беларускага экзархата паказвае сябе як сапраўдны майстар! Ніжэй усё пра ўніятаў: «пытаются раскачать ситуацию в Беларуси», «не без поддержки из-за рубежа», «неизбежно приведет к резкому нарушению стабильности в Беларуси», «Начнутся внутренние распри, которые ни к чему хорошему не приведут. А лоббирующие этот вопрос политики, я думаю, уже есть», «Дай Бог, чтобы наш толерантный и мудрый народ не принял волка в овечьей шкуре...»

Нічога не нагадвае?! Так, Лукашэнка: «раскачать», «стабильность», «распри», «мой народ»... З якой мэтай гэта робіцца? Архіепіскап пераглядзеў дзяржаўныя СМІ? Наўрадці. Наўпрост гэтае інтэрв'ю – прамы пасыл для чыноўнікаў, вертыкалі, КДБ, бо яны акурат ТАКУЮ лексіку і разумеюць. Для іх – гэта мова загадаў і дырэктываў, таму закамуфляваная просьба аб дапамозе мае спрацаваць, на што, магчыма, і разлічвае ўладыка Гурый.

Што рабіць у дадзенай сітуацыі? Праваслаўным грэка-католікам, безумоўна, прасцей: галоўнае не ісці шляхам сваіх апанентаў, не інтрыгаваць на дзяржаўным узроўні, не скардзіцца ў «Ардынскую акупацыйную адміністрацыю». Так рэгулярна рабіў Аляксандар Неўскі, запрашаючы татараў для знішчэння сваіх канкурэнтаў з ліку праваслаўных удзельных князёў. Для РПЦ ён «святы», таму і метады дадзеныя прымальныя, для ўніятаў - спадзяюся не.

Цяжэй праваслаўным, сапраўдным веруючым міранам і святарам, якія атаясамляюць сябе з РПЦ. Калі галоўнае – гэта рытуалы (хрэсьбіны, заручыны, прычасце), тады няма праблемаў: іх канчаткова не забаранялі ні пры якой уладзе: ні пры Сталіне, ні пры Мамаі, не забароняць хіба і за Антыхрыстам. Калі ж галоўнае – унутраная сутнасць, тады трэба вызначацца, а гэта заўжды цяжка...

Крыніца: Твой стыль

Алесь Кіркевіч

Рубрика: