Катэхізічнае пасланне Усясветнага Патрыярха Варфаламея на Вялікі пост 2013

ВАРФАЛАМЕЙ
ЛАСКАЙ БОЖАЙ

АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКІ - НОВАГА РЫМУ

І ЎСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ
УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ

ЛАСКА І МІР ЗБАЎЦЫ І ГОСПАДА НАШАГА ІСУСА ХРЫСТА, З НАШАЙ МАЛІТВАЙ, БЛАСЛАВЕННЕМ І ПРАБАЧЭННЕМ

Любыя браты і сёстры, блаславёныя ў Госпадзе дзеці,

Святыя айцы, які ўсё належна ўпарадкавалі, устанавілі перад вялікім святам уваскрасення Гасподняга на працягу сарака дзён час выпрабавання і духоўнага ачышчэння. Выпрабаванне гэтае палягае ва ўстрыманні ад ежы, у посце, але найбольш - ва ўхіленні ад зла. Святы песнаспеўца асабліва адзначае, што сапраўдны і прыемны Богу пост - гэта ўніканне зла, утаймаванне языка, пазбяганне гневу, выдаленне благіх памкненняў, плётак, хлусні і лаянкі, выпраўленне несправядлівасці, барацьба з пажадлівымі думкамі, гарачая споведзь, ачышчэнне сумлення, “найцяжэйшае ў гэтым свеце,” устрыманне ад “шкодных жарсцяў, ад зайздрасці і нянавісці, ад усякага зла,” выпраўленне “скажонага розуму” праз вызнанне грахоў, бо вось “блізка, ля дзьвярэй, Суддзя”, і Ён выпрабоўвае сэрца і нутро, "Ён усюды існы і ўсё напаўняе". (Вялікі Канон св. Андрэя Крыцкага)

Цялесныя практыкаванні маюць на мэце ачышчэнне розуму, засяроджанне яго на любові да Госпада і Бога нашага Ісуса Хрыста, а таксама на любові да нашых бліжніх, на любові, якая сведчыць, што мы сапраўды вучні Таго, Хто любіць іх. Гэтая любоў мае быць дзейснай і ахвярнай, бо такая любоў, што не ахвяруе тым, каго любяць, неабходных матэрыяльных і духоўных дабротаў, усяго пустое слова. Гэта асабліва важна ў наш час глыбокага маральнага і эканамічнага крызісу, калі тыя, хто мае магчымасць, мае і абавязак дапамагаць сваім бліжнім з радасцю, любоўю і павагай. Толькі тады наша радасць аб уваскрасенні Гасподнім будзе дасканалай, калі дасканалай будзе наша дапамога найменшым з Яго братоў. "Той, хто любіць бліжняга свайго як самога сябе, мае не болей за яго... там, дзе памнажаецца багацце, памяншаецца любоў", папярэджвае нас свяціцель. (Св. Васіль Вялікі, Казанне да багатых 31.281B).

На жаль, у свеце лічыцца, што радасць залежыць ад атрымання і валодання багаццем, славай, чынамі і іншымі асалодамі. “Няма нічога горай, калі чалавек не ўмее любіць", а таксама “калі ты бачыш, што хтосьці мае патрэбу ў цялесным ці духоўным ацаленні, не кажы ў сабе: чаму ж ніхто не ацаліў яго? Але ацалі яго сам, а не шукай, на каго ўскласці віну... Калі ж ты намасціш гэтага чалавека, як алеем ацалення, словам свайго навучання, калі ты вылекуеш яго сваёй дабрынёй, аднаўляючы яго здароўе сваёй цярплівасцю, тады атрымаеш праз яго вялікі скарб." (Гл. св. Ян Златавуст, Казанне 27-е “На 2-е Карынфцам”, Казанне 8-е “Супраць юдэяў” 61.586-587 і 48.932-933). Сапраўды, непараўнальна большую радасць і суцеху прыносяць тыя ахвяры, які ў выглядзе любові і матэрыяльных рэчаў мы прыносім сваім бліжнім. У грамадстве распаўсюджанае меркаванне, якое пераймае і моладзь, быццам найбольш слушны шлях у жыцці - гэта хцівасць і прагнасць. Аднак, панаванне такіх паняткаў спараджае сацыяльнае бязладдзе, якое, у рэшце рэшт, шкодзіць нават тым, хто за кошт іншых мае надзвычайнае багацце. Непазбежная сацыяльная няроўнасць павінна пераадольвацца, дзякуючы добраахвотным ахвяраваннем з боку тых, хто мае, на карысць тых, хто не мае, як ясна даводзіць нам наш Госпад: “Хай той, хто мае дзве адзежыны, дасць іншаму, у якога няма ніводнай" (Лк 3:11). Толькі асэнсаваўшы сваё адзінства з іншымі людзьмі, найперш найслабейшымі, мы зможам прайсці час гэтага Святога і Вялікага посту, дагаджаючы Богу, атрымаўшы Хрыстова блаславенне.

Сёлета, у год, абвешчаны "Годам сусветнай салідарнасці", асабліва ў святле надзвычайнага сусветнага эканамічнага крызісу, мы павінны праявіць асаблівы клопат пра падтрымку нашых братоў і сясцёр, якія маюць патрэбу ў неабходных жыццёвых рэчах.

Дык увойдзем жа на “бегавішча цнотаў, што ляжыць перад намі”, пабожным чынам і ўзрастаючы духоўна, каб “цешыцца пра шэлег” і “прыняць справядлівую ўзнагароду”, каб напоўніцу ў радасці святкаваць Святое Уваскрасенне Госпадняе, у якім сапраўды "жыццё жыве”, Яго ж ласка і багатыя міласці няхай будуць з усімі вамі.

Святы і Вялікі пост 2013
Ваш гарачы хадайнік перад Богам
†ВАРФАЛАМЕЙ
Архіепіскап Канстанцінопаля - Новага Рыму,
Усясветны Патрыярх
Рубрика: