Менскія каталікі моляцца за касцёл
19 cакавіка спаўнiлася роўна два гады, як каталікі штодня моляцца ля сценаў манастырскага комплекса святога Язэпа ў Менску за вяртаньне храму. 19 cакавіка ў 18.15 у Менску зноў прайшоу вялікі малебен за вяртаньне храму каталікам.
Некаторы час таму ў СМІ зьявілася інфармацыя, што помнік архітэктуры XVІІ стагодзьдзя манастырскі комплекс у Менску хочуць перабудаваць у гатэльны комплекс. Хрысьціяне з розных месцаў Беларусі пачалі зьбіраць подпісы пад зваротам да Аляксадра Лукашэнкі з просьбаю спыніць гэты працэс.
У дадзены момант у касьцёле знаходзіцца архіў літаратуры й мастацтва. Сам комплекс складваецца з цэлага шэрагу будынкаў, якія паходзяць з XVІІ – XVІІІ стагодзьдзяў і ўяўляюць сабою вялікую каштоўнасьць.
Археоляг, кандыдат гістарычных навук, старшыня ТБМ Алег Трусаў у свой час вёў раскопкі бэрнардынскага манастыра. Аднак ён зазначае, што праведзенай працы недастаткова, раскопкі трэба працягнуць.
Пра каштоўнасьць манастырскага комплексу сьвятога Язэпа “Польскаму радыё” расказвае Алег Трусаў.
“Гэта месца былога менскага пасаду. Падчас раскопак мы знайшлі слой з XІІ-XІІІ стагодзьдзяў. Месца ўнікальнае тым, што ніхто не дасьледаваў падворак, паколькі там заўсёды былі вайскоўцы. Зараз яны выехалі, і неабходна зрабіць раскопкі, магчыма, там будуць некранутыя слаі глебы. Я адправіў адпаведны ліст пракурору з патрабаваньнем разабрацца з сытуацыяй і зрабіць усё згодна з законам”.
Да ліста да генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Пятра Міклашэвіча далучана копія артыкулу, у якім была зьмешчаная інфармацыя пра намер перабудаваць манастыр у гатэль. Алег Трусаў просіць генпракурора праверыць сапраўднасьць гэтай інфармацыі, а таксама законнасьць плянаў перабудовы архітэктурнага помніка.
Вернікі ўжо другі год зьвяртаюцца да ўлады з просьбаю вярнуць будынак касьцёла й манастыра. Яны часта прыходзяць да храму й моляцца за зварот будынку хрысьціянам. Алег Трусаў упэўнены ў тым, што пляны пабудовы гатэлю замест касьцёла зьяўляюцца злачынствам.
“Што гэта злачынства, я не сумняюся. Нельга рабіць рэстараны побач з галоўным праваслаўным храмам краіны, гэта блюзьнерства. Там цяпер шмат чаго будуецца. Усё вельмі проста - зямля ў цэнтры Менску дарагая, магчыма, нехта хоча адмыць грошы. Таму пакуль не пачалі зьнішчаць, трэба зьбіраць подпісы”.
Гэта ня першая акцыя ў абарону храму. Нядаўна грамадзяне Беларусі зьбіралі подпісы супраць наданьня праваслаўнаму храму ў Кобрыне імя генэралісімуса Аляксандра Суворава. Ініцыятыва мела посьпех, храму Аляксандру Сувораву ў Кобрыне ня будзе.
“З Кобрына я атрымаў адказ. Віцэ-мэр напісаў, што ня будзе ніякага сувораўскага храму, а будзе помнік 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі”, -- паведаміў Трусаў.
Алег Трусаў зазначае, што подпісы пад лістом да Аляксандра Лукашэнкі пачалі зьбіраць звычайныя вернікі, а Таварыства беларускай мовы толькі да іх далучылася. Пра свой удзел у зьбіраньні подпісаў заявіла й Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.
Усе неабыякавыя да лёсу касьцёла й манастырскага комплексу могуць паставіць свае подпісы супраць перабудовы храму ў гатэль. Гэта можна зрабіць, між іншым, у сядзібе ТБМ і Згуртаваньня сьвету “Бацькаўшчына”.
У сваю чаргу ў Міністэрстве культуры лічаць, што праект рэканструкцыі помніка архітэктуры, манастыра бэрнардынаў у Менску адпавядае заканадаўству.
Источник:
Последние новости
