Вернiкам паабяцалi вярнуць будынак Мінскага касцёла Святога Язэпа

Начальнік аддзела па справах рэлігій Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Калінаў паабяцаў вярнуць будынак Мінскага касцёла Святога Язэпа вернікам і заклікаў іх спыніць бестэрміновы пост за вяртанне комплексу Мінскага манастыра бернардынцаў з касцёлам — помніка архітэктуры барока XVII стагоддзя. Пра гэта БелаПАН паведаміла член Мінскай рымска-каталіцкай грамады Cвятога Язэпа Івона Мацукевіч.

Паводле яе слоў, чыноўнік камітэта вечарам 10 верасня сустрэўся з вернікамі, якія праводзілі чарговую малітву каля будынка касцёла за вяртанне святыні (з 19 сакавіка 2005 года такія малебны праводзяцца штодзённа. — БелаПАН.).

"Аляксандр Калінаў матываваў сваю прапанову клопатам аб нашым здароўі. На нашу заяву аб спыненні посту толькі пасля вяртання святыні вернікам чыноўнік адказаў, што дзяржава не можа гэта зрабіць з-за адсутнасці належнага памяшкання для архіваў, якія размяшчаюцца ў будынку касцёла. Мы, у сваю чаргу, нагадалі чыноўніку, што будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі быў узведзены за два гады, а мы стаім каля сцен свайго храма ўжо тры з паловай гады. Так што пры жаданні ўлады даўно маглі б пабудаваць новы будынак для архіваў", — сказала І. Мацукевіч.

Паводле яе слоў, А. Калінаў заявіў, што дзяржава "абавязкова перадасць" касцёл вернікам, аднак не змог пацвердзіць свае словы ніякім афіцыйным дакументам.

Як паведаміла І. Мацукевіч, цяпер 47 чалавек з Мінска і гарадскога пасёлка Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці посцяцца за вяртанне вернікам святыні.

Нагадаем, што летась пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне манастыра вернікам было сабрана больш за 30 тысяч подпісаў. Збор подпісаў пачаўся пасля таго, як стала вядома аб планах Мінгарвыканкама перадаць будынак святыні інвестарам для іх прыстасавання пад гатэльны комплекс і аб'екты гандлёва-бытавога прызначэння.

Манастыр быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расійскай імперыі пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання супраць рускага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. На працягу наступных 144 гадоў дзяржава бясплатна карысталася комплексам, пабудаваным на сродкі вернікаў. З манастыра ўжо выселены службы ваеннай камендатуры і пракуратуры. Аднак у будынку касцёла дагэтуль размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.

Источник:

БелаПАН

Рубрика: