Тэматычная канферэнцыя і Еўрапейская рэгіянальная Асамблея Сусветнай Студэнцкай Хрысціянскай Федэрацыі (Еўрапейскі рэгіён) адбылася ў Румыніі

У Акадэміі пры праваслаўным манастыры Бранкавяну (Сымбата дэ Сус, епархія Сібіу Румынскай Праваслаўнай Царквы) 6-12 кастрычніка адбывалася тэматычная канферэнцыя Еўрапейскага рэгіёну Сусветнай Студэнцкай Хрысціянскай Федэрацыі, прысвечаная пытанням гендэру, грамадства і рэлігіі ў сучаснай Еўропе, а таксама Еўрапейская рэгіянальная Асамблея гэтай арганізацыі.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел студэнты-хрысціяне праваслаўнага, каталіцкага і пратэстанцкіх веравызнання са шматлікіх краінаў Еўропы. Беларусь на Асамблеі прадстаўлялі Наталля Васілевіч, дырэктар цэнтру "Экумена", і Андрэй Кім.

У першым дакладзе, прадстаўленым прот. Канстанцінам Нікалае, выкладчыкам катэхетыкі Праваслаўнага факультэта г. Сібіу, асноўная ўвага была нададзеная праваслаўнаму погляду на феномен чалавечага полу, на сэксуальнасць, шлюб і гомасэксуальнасць. Святар раскрыў гэтыя пытанні ў кантэксце сімволікі таемства шлюбу. Была таксама выкладзеная сітуацыя ў Румынскай Праваслаўнай Царкве, звязанай з удзелам жанчынаў у царкоўным жыцці, а таксама з атрыманнем жанчынамі багаслоўскай адукацыі (на дадзены момант жанчыны складаюць палову студэнтаў багаслоўскіх факультэтаў, па колькасці якіх Румынія - безумоўны лідар у праваслаўным свеце). Другая тэматычная секцыя была прысвечаная гендэрнай роўнасці ў перспектыве правоў чалавека. У чацвер, 8 кастрычніка, удзельнікі семінару прынялі ўдзел у інтэрактыўным даследаванні рэпрэзентацыі гендэру ў сродках масавай інфармацыі і грамадскай свядомасці розных краінаў, а ўвечары заслухалі даклад мусульманскай жанчыны-багаслова, якая расказала аб поглядах на гендэр у Каране, а таксама розныя інтэрпрэтацыі гэтых канцэптаў у сучаснай багаслоўскай навуцы іслама і штодзённай практыцы. Апроч дакладаў, маладыя хрысціяне самі праводзілі майстэрні, дыскусіі па ўяўленнях аб святарстве і служэннях з перспектывы гендэру ў розных хрысціянскіх традыцыях, чыталі Біблію і абмяркоўвалі ў малых групах урывак з кн. Суддзяў, паводле метадалогіі, прастаўленай супрацоўніцай Аддзелу па гендэрных пытаннях Сусветнай Рады Цэркваў багаслову з афрыканскай краіны Малаві Фулатай Мойё. Тэматычна частка канферэнцыі скончылася круглым сталом "Сэксуальнасць і ідэнтычнасц", удзел у якім прынялі маладыя хрысціяне з розных рэліёнаў Еўропы і розных дэнамінацый.

У часе Асамблеі былі прынятая канцэпцыя дзейнасці ССХФ(Е) на наступныя два гады, а таксама былі абраныя каардынатары розных накірункаў - багаслоўе, гендэр, вышэйшая адукацыя і культура, салідарнасць, сувязі, і сфармаваны новы рэгіянальны камітэт, якому асамблеяй былі дадзеныя паўнамоцтвы па пошуку і прызначэнню новага Старшыні рэгіёну, якога абраць на самой Асамблеі не атрымалася.

Традыцыйна, штораніцу маладыя хрысціяне ўдзельнічалі ў экуменічных малітвах, а штовечар - рыхтавалі свае канфесійныя малітвы - праваслаўную, каталіцкую, пратэстанцкую.

У межах канферэнцыя адбылася таксама экскурсія ў Сібіу - горад, у якім у 2007 г. адбывалася Трэцяя Еўрапейская Экуменічная Асамблея.

Афіцыйны сайт Сусветнай Студэнцкай Хрысціянскай Федэрацыі (Еўрапейскі рэгіён)

 

 

Источник:

ЦАРКВА

Рубрика: