Зацверджаны чарговы варыянт праграмы па "Пачатках праваслаўнай культуры"

Чарговы варыянт праграмы па "Пачатках праваслаўнай культуры" быў ухвалены Каардынацыйнай Радай Мінадукацыі Беларусі і БПЦ па пытаннях супрацоўніцтва. Дадзеная праграма, якая, паводле словаў У. Грозава прайшла ўсе неабходныя ўзгадненні ў Нацыянальным інстытуце адукацыі і ў Міністэрстве адукацыі. Дадзеная праграма мае забяспечыць факультатыўныя заняткі па курсе "Пачаткі праваслаўнай культуры. Праваслаўныя святыні ўсходніх славян" і ўтрымлівае метадычныя ўказанні для заняткаў з 1-га па 11-ты класы. Раней ва ўжытку былі больш разасобленыя праграмы, як, напрыклад, у 11-й гімназіі, для якой выкладчык факультатыва кандыдат багаслоўя Святаслаў Рагальскі падрыхтаваў праграмы па курсе "Духоўныя падмуркі культуры" для 1-4, 5-9 і 10-11 класаў; а праграма таго ж аўтара па курсе "Культура і рэлігія" для 10-11 класаў была рэкамендаваная Навукова-метадычнай установай "Нацыянальны інстытут адукацыі". Цяпер з'явілася і яшчэ адна падобная праграма, якая дасць школам магчымасць рэагаваць на запыты бацькоў і прапаноўваць іх дзецям курсы па выбары паводле зацверджаных праграмаў.

Няўдалая падача інфармацыі на сайце sobor.by з нагоды прыняцця праграмы па курсе "Пачаткі праваслаўнай культуры. Праваслаўныя святыні ўсходніх славян прывяла да таго, што ў сродках масавай інфармацыі пачалася паніка, быццам цяпер ва ўсіх школах з 1-га па 11-ты клас будуць уведзеныя факультатывы па праваслаўнай культуры, аднак, як паказвае практыка, ужо пры наяўнасці зацверджаных праграмаў такія курсы ўводзіліся ў адзінкавых школаў для адной з паралеляў, і тое, толькі ў выніку вялікай актыўнасці бацькоў і згоды адміністрацыі школы. Беларуская Праваслаўная Царква цягам некалькіх апошніх год безвынікова дабіваецца ўвядзення праваслаўнай рэлігіі ў школах - практыка выкладання рэлігіі ў сярэдніх навучальных установах існуе ўва многіх еўрапейскіх краінах; аднак пакуль такія спробы не дасягаюць значнага выніку. Адной з праблемаў з'яўляецца тое, што праграмы недасканалыя - напрыклад, С. Рагальскі прапануе факультатыўныя заняткі па рэлігіі праводзіць па 2 гадзіны на тыдзень (66 гадзінаў на год), што цяжка рэалізаваць на практыцы. Агульнае скарачэнне ў школах кампаненту па выбары таксама прывяло да цяжкасцей падобнай адукацыі. Трэба адзначыць, што ў некаторых рэгіёнах Беларусі - у Віцебску, у Берасцейскай вобласці, на Слонімшчыне - праваслаўнай адукацыяй ахопленая вялікая сетка школаў. Рэалізовалася і спроба стварэння праваслаўнай гімназіі - на базе Мінскага Дому міласэрнасці і адной са сталічных школаў (з 1 па 4 клас), а таксама ў Бабруйску.

Источник:

ЦАРКВА

Рубрика: