Традыцыйны фестываль у Будславе пройдзе ў надзвычайным рэжыме: міліцыя не дасць пранесці нават парасоны

Афіцыйны сайт Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі апублікаваў арганізацыйныя дэталі традыцыйнай штогадовай масавай летняй урачыстасці ў Будславе, куды на фестываль з усіх куткоў Беларусі і з замежжа прыходзяць і прыяджаюць паломнікі. Фестываль за гады правядзення стаў самай буйной рэлігійнай акцыяй у Беларусі. Але з кожным годам пра бяспеку ўдзельнікаў - і пра іх палітычную нейтральнасць - усё больш і больш клапоцяцца праваахоўныя органы.

Так, на сёлетнім фэсце будуць устаноўлены турнікеты і праводзіцца дагляд металашукальнікамі, паломнікам забараняецца мець пры сабе рэжучыя і колючыя прадметы (сцізорыкі, відэльцы, пруткі для вязання), балончыкі з лакам для валасоў, шкляны посуд, паліўныя сродкі (бензін, ацэтон, інш), а таксама - парасоны, якія вернікам не пашкодзілі б ні ў час дажджу, ні ў час санцапёку.

Асабісты догляд удзельнікаў свята праводзіцца ў Будславе з 2009 г., і як сцвярджае каталіцкі актывіст і ўдзельнік будслаўскіх урачыстасцей Кастусь Шыталь у сваёй публікацыі на сайце "Весткі", летась міліцыянты затрымлівалі некаторых удзельнікаў, што мелі на сабе нацыянальную сімволіку, у т.л. быў затрыманы сам Шыталь, а таксама міліцэйскі патруль падыходзіў з правядзеннем размовы да палітычнага дзеяча Паўла Севярынца.

Рубрика: