Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Гэты святочны велікодны вокліч гучыць сёння ва ўсім свеце. Сёлетні Вялікдзень набірае асаблівае значэнне, бо ўсе хрысціяне ў адзін дзень адзначаюць свята, якое з’яўляецца падмуркам нашай веры і надзеяй на вечнае жыццё. Гэта знак з неба, калі нават нябесныя целы кажуць нам, каб былі адно, як хоча гэтага Хрыстус, каб адзіным сэрцам і адзіным духам (пар. Дз 4, 32) абвяшчаць радасную таямніцу нашага збаўлення і дар новага, пазначанага свабодай, жыцця ў Хрысце.