Навошта патрэбнае богаслужэнне на беларускай мове?

 

Чаму сёння патрэбна богаслужэнне на беларускай мове? У дзень Пяцідзесятніцы, калі на зямлі ўзнікла новазапаветная Царква Хрыстова, святыя апосталы атрымалі ад Бога незвычайны дар – прапаведаваць на розных мовах. І неўзабаве яны разыйшліся ў розных накірунках, пайшлі да розных народаў з пропаведдзю Евангелля. У выніку апостальскай пропаведзі сярод розных народаў узнікалі хрысціянскія абшчыны, і стала фарміравацца хрысціянскае богаслужэнне. І ў кожным народзе яно было на яго роднай, зразумелай для яго мове. Нашы продкі прынялі святую праваслаўную веру ў к.Х стагоддзя, калі, як мы ведаем, было Хрышчэнне Кіеўскай Русі. І з таго часу пачалося ў нас праваслаўнае богаслужэнне на старажытна-славянскай мове. Гэтая мова развівалася, мянялася ў сваім развіцці, і цяпер мы называем яе царкоўна-славянскай мовай.

На працягу наступных стагоддзяў гутарковая народная мова паступова аддалялася ад богаслужэбнай, у выніку чаго мова богаслужэння станавілася малазразумелай для багамольцаў. І гэта станавілася вострай і небяспечнай для Царквы праблемай. Яшчэ ў ХІХ ст. пра гэта з трывогай разважаў у адным са сваіх пісьмаў свц. Феафан Затворнік. Ён пісаў: “Ёсць рэч, крайне патрэбная. Маю на ўвазе новы, спрошчаны і ўдакладнены пераклад царкоўных богаслужэбных кніг. Нашыя богаслужэнні ўсе павучальныя, глыбокадумныя і ўзвышаныя. У іх - уся навука багаслоўская, і ўся мараль хрысціянская, і ўсе ўцехі, і ўсе страшанні. Хто слухае іх, той можа абыйсціся без усякіх іншых навучальных хрысціянскіх кніг. А між тым, большая частка з гэтых песнапенняў зусім незразумелая. А гэта пазбаўляе нашыя царкоўныя кнігі плёну, які яны б маглі даць, і перашкаджае ім паслужыць тым мэтам, для якіх яны прызначаны і маюцца. Па гэтай прычыне новы пераклад богаслужэбных кніг неадкладна неабходны. Сёння-заўтра – трэба да яго прыступіць, калі не хочам несці дакор за гэтую няспраўнасць, быць прычынаю шкоды, якая з гэтага вынікае.” Вось гэта была цытата са свц.Феафана Затворніка. І гэты яго ліст, гэта яго пісьмо было ў свой час надрукавана ў царкоўным дарэвалюцыйным часопісе “Душеполезное чтение” ў 1896 г. 16 кастрычніка.

Тут жа, у гэтым жа пісьме, свц. Феафан прыводзіць прыклад, як адзін нямецкі пастар стаў пытацца ў праваслаўных пра змест некаторых песнапенняў, пра што яны. Праваслаўныя не змаглі растумачыць. Пастар тады параіў ім звярнуцца да свяшчэнніка за тлумачэннем. Але і свяшчэннік не ведаў адказу. І гэта моцна збянтэжыла людзей, яны сталі сумнявацца ў праўдзівасці праваслаўнай веры, і, у рэшце рэшт, сталі штундыстамі, сектантамі.

Праблема богаслужбовай мовы актыўна абмяркоўвалася ў Рускай Праваслаўнай Царкве на пачатку ХХ ст., калі ішла ў Царкве падрыхтоўка да Памеснага Сабору. У 1905 г. Свяцейшы Сінод звярнуўся да епархіяльных архіярэйў з пытаннямі наконт рэфармавання царкоўнага жыцця. І хаця ў разасланым па епархіях лісце апытання праблема літургічных рэформ не ставілася, аднак 31 архіярэй (а гэта амаль палова правячых епіскапаў, таму што ў той час было 64 епархіі ў Рускай Праваслаўнай Царкве) указаў на праблему незразумеласці мовы царкоўна-славянскага богаслужэння. Сярод іх быў і епіскап Мінскі Міхаіл (Цемнарусаў), які пісаў тады: “Пажадана, каб богаслужэнні ў храме правіліся на зразумелаў для багамольцаў мове. Неразуменне богаслужэбнай мовы самімі чытальнікамі і спевакамі робіць іх нядбайнымі. Яны чытаюць і спяваюць паспешна, невыразна, неразборліва, а багамольцы сумуюць пры багаслужэнні, становяцца няўважлівымі, раўнадушнмі да богаслужэння, яго глыбокага зместу і высокай паэзіі. Таму,” – працягвае епіскап Міхаіл Мінскі, - “ёсць пільная патрэба зрабіць новы пераклад свяшчэнных і богаслужэбных кніг.”

Найбольш аргументаваная пазіцыя увядзення ў богаслужэнне рускай мовы была выкладзена ў дакладзе епіскапа Архангельскага Іанікія (Казанскага). Ён сцвярджаў: “Наша богаслужэнне мае рэлігійна-маральнае і выхаваўчае значэнне. Яно будзе цалкам дасягаць сваёй мэты, калі будзе правіцца на мове, зразумелай для ўсіх, гэта значыць на роднай рускай мове. Свяшчэннае Пісанне кажа: “Спявайце Богу разумна.” Апосталы прапаведавалі на ўсіх мовах, і на ўсіх мовах маліліся з веруючымі. У нас, у Расіі, ёсць літургія на мове латышскай, зыранскай, мардоўскай, але няма богаслужэння на сваёй роднай мове. Сектанты некаторых зводзяць і таму, што іх простае, зразумелае богаслужэнне адбываецца па-руску." Падобныя думкі былі выказаны таксама ў пісьмовых водгуках Магілёўскага, Полацкага, Разанскага і Яраслаўскага архіерэяў.

Вось тут я хацеў бы звярнуць увагу на вельмі парадаксальны факт: у Рускай Праваслаўнай Царкве ў ХІХ ст. правілася богаслужэнне сапраўды і на латышскай, і на мардоўскай, і на чувашскай, і на малдаўскай, і на татарскай, і на бурацкай і на іншых мовах малых народаў Расіі. Але не было богаслужэння на рускай мове, на беларускай мове, на ўкраінскай мове. З аднаго боку, гэта, безумоўна, парадокс, а з другога боку, гэта факт, які лёгка зразумелы ў гістарычнай рэтраспектыве. Калі Старажытная Русь прыняла хрысціянства, то яна прыняла і стараславянскую мову ў якасці богаслужэбнай. На той час іншага выбару не было. Многія сотні пакаленняў славян на гэтай мове маліліся і моляцца цяпер: і рускія, і беларусы, і ўкраінцы, і сербы, і балгары. Яна стала для нас сапраўды блізкай і роднай, але з цягам часу не зусім, не цалкам зразумелай. І пра гэта сведчылі многія праваслаўныя свяшчэннаслужыцелі.

Так, прот. Георгі Шавельскі, наш зямляк, беларус, ён паходзіў з Віцебскай губерніі, выступаючы на пастырскім сходзе пецярбургскага духавенства 17 лістапада 1906 г., казаў: “Нашы продкі задавольваліся набожнымі ўздыханнямі, а іх сучасныя нашчадкі патрабуюць разумнай малітвы. Цяпер адчуваецца незвычайна моцная патрэбнасць у тым, каб кожнае слова богаслужэння было зразумелым. Гэтага жадаюць, гэтага чакаюць веруючыя, асабліва тыя, хто належыць да інтэлегентнага класа,” - так гаварыў прот. Георгі Шавельскі, які ў той час выкладаў Закон Божы ў Смольным інстытуце Пецярбурга, а пазней, ў 1911 г. ён быў прызначаны протапрэсвітарам ваеннага і марскога духавенства.

Многія свяшчэннаслужыцелі, якія прымалі ўдзел у дыскусіях па гэтай праблеме ў пач. ХХ ст., а такія дыскусіі былі частымі і распаўсюджанымі, называлі царкоўна-славянскую мову нават мёртвай і казалі, што Жывога Бога трэба славіць на жывой мове. Часопіс “Царкоўны голас”, абараняючы права нашай матчынай мовы на хвалу Богу ў царкве прападобных, пісаў: “Няўжо мова мёртвых больш прыемная Бога, чым мова жывых?” А, напрыклад, архіепіскап Яраслаўскі Іакаў (Пятніцкі), сцвярджае: “Найузвышайнейшае богаслужэнне наша з-за прыхільнасці да памерлай мовы пераўтвараецца ў незразумелыя пустаслоўі”.

Я не зусім згаджаюся з такімі катэгарычнымі выказваннямі, але ўсё ж такі я хачу звярнуць увагу на тое, што гаварылася гэта да рэвалюцыі, калі ўсе праваслаўныя дзеці вывучалі ў школе Закон Божы і знаёміліся з царкоўна-славянскай мовай. І тады ўжо гэтая праблема абмяркоўвалася вельмі сур’ёзна і лічылася вострай.

На Памесным Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы, які быў у 1917-1918 гг., і які выбраў свяцейшага Патрыярха Ціхана, быў створаны спецыяльны пад-аддзел, які займаўся праблемай богаслужэбнай мовы. Гэты пад-аддзел працаваў з 9 па 26 верасня 1917 г. Пра вынікі працы гэтага пад-аддзела быў зроблены спецыяльны даклад, які называўся “Пра богаслужэбную мову”, і гэты даклад быў зачытаны 28 ліпеня 1918 г на 42-ім пасяджэнні адззела “Пра богаслужэнне, прапаведніцтва і храм”. Адбылася шырокая дыскусія, і ў выніку гэтай дыскусіі на 44-ым пасяджэнні гэтага аддзела, якое было ў 1918 г. былі прыняты тэзісы. У тэзісах гэтых адзначалася, што царкоўна-славянская мова – гэта сапраўды наша свяшчэнная спадчына, наш духоўны скарб, але для большага разумення богаслужэння прызнаецца права на богаслужэбнае ўжыванне рускай і ўкраінскай моваў. Іх можна ўжываць часткова, напрыклад, чытаць Евангелле, парэміі, Апостал, а можна і ўсё богаслужэнне перакладаць і па жаданню прыхаджан служыць на роднай мове.

Такім чынам, Памесны Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы, які праходзіў у Маскве ў 1917-1918 гг., выказаўся за пераклад богаслужэння на сучасныя, жывыя мовы. Ведаючы гэта і ўсведамляючы, што сёння гэтая патрэбнасць яшчэ большая, чым сто гадоў таму, я і займаюся літургічнымі перакладамі. Перакладзены ўжо ранішнія малітвы, вячэрнія малітвы, іх поўны тэкст з праваслаўнага малітваслова, перакладзена паследаванне да Святога Прычашчэння і малітвы падзякі пасля Прычашчэння, перакладзена вячэрня, і перакладзена Бажэственная літургія. Ужо на працягу некалькіх гадоў яна служыцца па-беларуску ў Петра-Паўлаўскім саборы Мінска, і таксама ў некаторых праваслаўных храмах Беларусі. І многія прыхаджане моляцца за беларускай літургіяй з радасцю і задавальненнем. Канешне, гэта тыя прыхаджане, для якіх любой да роднай беларускай мовы неад’емна злучана, звязана з любоўю да свайго народу, з любоўю да сваёй зямлі, з любоўю да сваёй Бацькаўшчыны.

Уступнае слова для дыску "Пачуй, Божа, малітву маю" з серыі "Праваслаўнае богаслужэнне", Брацтва святых пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія Віленскіх

прот. Сергій Гардун

Рубрыка: