2 Паводле Марка
1 І прыйшоў Ён зноў у Капернаум праз некалькі дзён, і чутна стала, што Ён у доме.
2 І адразу сабраліся многія, так што не ўмяшчаліся ўжо і пры дзвярах, і Ён казаў ім слова.
3 І прыйшлі, несучы да Яго паралізаванага, якога трымалі на руках чацвёра;
4 і, не маючы як наблізіцца да Яго з-за натоўпу, яны раскрылі дах над тым месцам, дзе Ён быў, і, пракапаўшы, апусцілі пасцель, на якой ляжаў паралізаваны.
5 І, убачыўшы веру іх, Іісус кажа паралізаванаму: сыне, адпускаюцца твае грахі.
6 Сядзелі ж тут некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
7 Што ён гэтак Бога зневажае? Хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога?
8 І адразу Іісус, спазнаўшы духам Сваім, што яны так разважаюць у сабе, кажа ім: што гэта вы разважаеце ў сэрцах вашых?
9 Што лягчэй? Сказаць паралізаванаму: “адпускаюцца твае грахі” ці сказаць: “устань, і вазьмі пасцель тваю, і хадзі”?
10 Але каб вы ведалі, што мае ўладу Сын Чалавечы на зямлі адпускаць грахі, — кажа паралізаванаму:
11 табе кажу: устань, і вазьмі пасцель тваю, і ідзі ў дом твой.
12 І адразу ўстаў той, і ўзяўшы пасцель, выйшаў перад усімі, так што здзіўляліся ўсе і славілі Бога, кажучы: ніколі такога мы не бачылі.
13 І выйшаў Іісус зноў да мора; і ўвесь народ ішоў да Яго, і Ён вучыў іх.
14 І, праходзячы , ўбачыў Ён Левія Алфеевага, які сядзеў на мытні, і кажа яму: ідзі ўслед за Мною. І той, устаўшы, пайшоў услед за Ім.
15 І калі Іісус узляжаў у доме яго, многія мытнікі і грэшнікі ўзляжалі з Іісусам і з вучнямі Яго; бо многа было іх, якія ішлі ўслед за Ім.
16 І кніжнікі і фарысеі, убачыўшы, што Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: як гэта з мытнікамі і грэшнікамі Ён есць і п’е?
17 І, пачуўшы, Іісус кажа ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя; Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяння.
18 Вучні Іаанавы і фарысейскія пасцілі. І прыходзяць і кажуць Яму : чаму вучні Іаанавы і фарысейскія посцяць, а Твае вучні не посцяць?
19 І сказаў ім Іісус: хіба могуць пасціць сыны харомаў вясельных, калі з імі жаніх? Дакуль жаніх з імі, не могуць пасціць.
20 Але прыйдуць дні, калі будзе ўзяты ад іх жаніх, і тады будуць пасціць у тыя дні.
21 Ніхто латкі з палатна нябеленага не прышывае да адзежыны старой, інакш прышытым парвецца старое, і дзірка будзе яшчэ горшая.
22 І ніхто не ўлівае віно маладое ў мяхі старыя: інакш прарве віно маладое мяхі, і віно выцеча, і мяхі прападуць; а віно малодае ў мяхі новыя ўліваць трэба.
23 І давялося Яму ў суботу праходзіць пасевамі, і пачалі вучні Яго дарогаю зрываць калоссе.
24 І фарысеі казалі Яму: паглядзі, чаму яны робяць у суботу, што не дазволена?
25 І Ён кажа ім: ці ж вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі патрэбу меў і згаладаўся сам і тыя, што былі з ім?
26 як ён увайшоў у дом Божы пры Авіафары-першасвятары і з’еў ахвярныя хлябы, якіх не дазволена было есці нікому, акрамя святароў, і даў таксама тым, што былі з ім.
27 І казаў ім: субота ўзнікла дзеля чалавека, а не чалавек дзеля суботы.
28 Таму Сын Чалавечы ёсць гаспадар і суботы.
