4 Паводле Іаана
1 Kaлi ж даведаўся Іісус, што пачулі фарысеі пра тое, што Іісус больш вучняў набывае i хрысціць, чым Іаан, —
2 хоць Сам Іісус не хрысціў, а вучні Яго, —
3 пакінуў Ён Іудзею i пайшоў зноў у Галілею.
4 А трэба было Яму праходзіць праз Самарыю.
5 Вось, прыходзіць Ён у горад Самарыйскі пад назвай Cixap, паблізу зямлі, якую даў Іакаў Іосіфу, сыну свайму;
6 і быў там калодзеж Іакава. Іісус, стаміўшыся ад дарогі, сеў ля калодзежа; было каля шостай гадзіны.
7 Прыходзіць жанчына з Самарыі набраць вады. Кажа ёй Іісус: дай Мне піць.
8 Бо вучні Яго адышлі ў горад, каб купіць ежы.
9 Кажа Яму жанчына Самаранка: як Ты, Іудзей, просіш піць у мяне, жанчыны Самаранскай? бо Іудзеі ж не маюць зносін з Самаранамі.
10 У адказ Іісус сказаў ёй: калі б ты ведала дар Божы, i Хто Той, што кажа табе: “дай Мне піць”, то ты сама прасіла б у Яго, i Ён даў бы табе ваду жывую.
11 Кажа Яму жанчына: Гаспадар! у Цябе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі; адкуль жа ў Цябе вада жывая?
12 хіба Ты большы за айца нашага Іакава, які даў нам гэты калодзеж i сам з яго пiў, i сыны яго, i статак яго?
13 У адказ Іісус сказаў ёй: кожны, хто п’е гэтую ваду, будзе адчуваць прагу зноў;
14 а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не сасмагне ніколі; але вада, якую Я дам яму, стане ў ім крыніцаю вады, што цячэ ў жыццё вечнае.
15 Кажа Яму жанчына: Гаспадар! дай мне гэтай вады, каб мне не мець смагі i не прыходзіць сюды чэрпаць.
16 Кажа ёй Іісус: ідзі, пакліч мужа свайго i прыходзь сюды.
17 У адказ жанчына сказала Яму: у мяне няма мужа. Кажа ёй Іісус: добра ты сказала, што ў цябе мужа няма;
18 бо пяць мужоў у цябе было, i той, якога цяпер маеш, не муж табе; гэта праўдзіва сказала ты.
19 Кажа Яму жанчына: Гаспадар! бачу, што Ты прарок;
20 айцы нашы на гары гэтай пакланяліся, а вы кажаце, што ў Іерусаліме тое месца, дзе належыць пакланяцца.
21 Кажа ёй Іісус: жанчына, павер Мне, што настае час, калі не на гары гэтай i не ў Іерусаліме будзеце пакланяцца Айцу;
22 вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце; мы пакланяемся таму, што ведаем, бо збаўленне ад Іудзеяў;
23 але настае час, ды і цяпер ёсць, калі ісцінныя паклоннікі будуць пакланяцца Айцу ў духу i ісціне, бо такіх паклоннікаў Айцец і шукае Сабе;
24 Бог ёсць дух, i тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу i ісціне.
25 Кажа Яму жанчына: ведаю, што прыйдзе Месія, Якога называюць Хрыстос; калі Ён прыйдзе, то абвесціць нам усё.
26 Кажа ёй Іісус: гэта Я, што размаўляю з табою.
27 У гэты час прыйшлі вучні Яго i здзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю, але ні адзін не сказаў: што Табе трэба? ці: пра што Ты размаўляеш з ёю?
28 Пакінула тады жанчына сваю пасудзіну для вады і пайшла ў горад, і кажа людзям:
29 ідзіце і пабачце Чалавека, Які сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла: ці не Хрыстос Ён?
30 Яны выйшлі з горада i пайшлі да Яго.
31 Між тым прасілі Яго вучні, кажучы: Paввi! еш.
32 Ён жа сказаў ім: у Мяне ёсць ежа, каб есці, якой вы не ведаеце.
33 Тады вучні гаварылі паміж сабою: хіба нехта прынёс Яму есці?
34 Кажа ім Іісус: Мая ежа — тое, каб здзяйсняць волю Таго, Хто паслаў Мяне i завяршыць справу Яго.
35 Ці не кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, i настане жніво? Дык вось, кажу вам: узвядзіце вочы вашы i паглядзіце на нівы, як яны ўжо пабялелі для жніва;
36 і хто жне, той атрымлівае ўзнагароду i збірае плён у жыццё вечнае, каб i той, хто сее, i той, хто жне, разам радаваліся;
37 бо тут апраўдваецца выслоўе: адзін сее, а другі жне;
38 Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу ix.
39 З горада таго многія Самаране ўверавалі ў Яго па слову жанчыны, якая сведчыла: Ён сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла.
40 Таму, калі прыйшлі да Яго Самаране, то прасілі Яго пабыць у ix, i Ён прабыў там два дні,
41 і намнога больш людзей уверавалі па слову Яго;
42 а жанчыне казалі: ужо не па твайму апавяданню веруем, бо самі чулі i ведаем, што гэта сапраўды Збавіцель свету, Хрыстос.
43 А праз два дні Ён адышоў адтуль i пайшоў у Галілею;
44 бо Сам Іісус сведчыў, што прарок на сваёй бацькаўшчыне пашаны не мае.
45 Kaлi ж Ён прыйшоў у Галілею, то Галілеяне прынялі Яго, бачыўшы ўсё, што зрабіў Ён у Іерусаліме на свята; бо і яны хадзілі на свята.
46 Дык вось, прыйшоў зноў Іісус у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно.
І быў адзін царадворац, сын якога быў хворы ў Капернауме.
47 Ён, пачуўшы, што Іісус прыйшоў з Іудзеі ў Галілею, пайшоў да Яго і прасіў Яго прыйсці і ацаліць сына яго, бо той быў пры смерці.
48 І сказаў яму Іісус: калі знаменняў і цудаў не ўбачыце, вы не ўверуеце.
49 Кажа Яму царадворац: Госпадзі! прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё.
50 Іісус кажа яму: ідзі, сын твой жывы. І паверыў чалавек слову, якое сказаў яму Іісус, і пайшоў.
51 І ўжо калі ён ішоў, рабы яго сустрэлі яго і абвесцілі: сын твой жывы.
52 Тады ён спытаўся ў іх, у каторай гадзіне стала яму лягчэй; і сказалі яму: учора ў сем гадзін гарачка пакінула яго.
53 Зразумеў тады бацька, што гэта было ў тую гадзіну, калі Іісус сказаў яму: ідзі, сын твой жывы. І ўвераваў сам і ўвесь дом яго.
54 Гэта ўжо другі цуд сатварыў Іісус, прыйшоўшы з Іудзеі ў Галілею.
