ЦАРКОЎНЫЯ ЛЕТАПІСЫ ДРУГОЙ ПАЛОВЫ ХІХ- ХХ ст. ЯК КРЫНІЦЫ ПА ГІСТОРЫІ НАСЕЛЕНЫХ ПУНКТАЎ БЕЛАРУСІ

 

Вядома, што летапісы як самабытныя гістарычна-літаратурныя помнікі пісьменства існавалі на тэрыторыі Беларусі ў перыяд з ХІ па ХVIII ст. Аднак традыцыя гэтага жанру захоўвалася і працягвалася далей, у многім дзякуючы дзейнасці праваслаўных прыходскіх святароў. Гэтая цікавая старонка айчыннага крыніцазнаўства на сённяшні дзень застаецца і маладаследаванай, і неацэненай, але відавочна, што яна не згубіла сваёй каштоўнасці ў вывучэнні лакальнай гісторыі Беларусі і асобных царкоўных прыходаў і манастыроў і сёння.

 

Практыка запісу падзей на аснове храналагічнага прынцыпу ў некаторых праваслаўных і уніяцкіх манастырах і прыходах існавала яшчэ ў канцы ХVIII - на пачатку ХІХ ст. Але больш шырокую і арганізаваную форму прыходскае летапісанне набыло ў сярэдзіне ХІХ ст.

 

Актывізацыя царкоўнага летапісання адбывалася ў рэчышчы агульных даследаванняў па гісторыі царквы і развіцця царкоўнага краязнаўства таго часу. 19 студзеня 1864 г. указам Свяцейшага Сінода пры духоўных кансісторыях былі заснаваны архіўныя камісіі, а праз 4 гады па загаду ад 19 студзеня 1868 г. епархіі былі абавязаны складаць гістарычныя і статыстычныя апісанні [14].

 

Указам Свяцейшага Сінода ад 12 кастрычніка 1866 г. у выглядзе рэкамендацыі прапаноўвалася завесці ў епархіях прыходскія летапісы, а епархіяльным архіерэям выказацца наконт карыснасці такой практыкі. У мясцовых епархіяльных выданнях пачалі друкавацца апытанні святароў наконт мяркуемага зместу летапісаў.

 

Указ Мінскай духоўнай кансісторыі аб увядзенні царкоўных летапісаў быў прыняты 6 мая 1867 г. Згодна з ім летапісы павінны былі весціся ва ўсіх прыходах. Такія ж указы ў гэты час былі прыняты і ў іншых епархіях. Пастановы аб вядзенні летапісання друкаваліся ў «Епархіяльных ведамасцях», а адпаведныя пісьмовыя распараджэнні даводзіліся да кожнага настаяцеля прыхода.

 

Духоўнымі кансісторыямі былі распрацаваны Правілы вядзення летапісаў. Яны складаліся па адзінаму прынятаму ўзору, але нярэдка летапісанне мела мясцовыя асаблівасці, што найбольш датычылася рэгулярнасці, аб'ёму і характару фіксацыі падзей.

 

Разам з тым, адраджэнне царкоўнага летапісання не заўсёды ішло паспяхова, у некаторых прыходах яно вялося фармальна альбо не вялося ўвогуле, што выклікала неабходнасць благачынным і кансісторыі неаднаразова звяртацца да прыходскіх святароў з напамінам пра іх новыя абавязкі [10, с. 32].

 

На каштоўнасць царкоўна-прыходскага летапісання як рознабаковую гістарычную крыніцу даследчыкі звярнулі ўвагу яшчэ ў пачатку ХХ ст. У працах В.С. Іконнікава былі сабраны дадзеныя аб публікацыі летапісаў, іх выкарыстанні ў канкрэтна-гістарычных даследаваннях [9].

 

Але з крыніцазнаўчых пазіцый царкоўныя летапісы ўпершыню пачалі разглядацца толькі ў 1980 - 1990-х гг. у працах расійскіх вучоных, прысвечаных прыходскаму летапісанню ў асобных епархіях і прыходах [7; 11; 12]. Спецыфіцы царкоўнага летапісання на заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх землях у ХХ ст. быў прысвечаны шэраг артыкулаў вядомых расійскіх даследчыкаў беларускай летапіснай спадчыны Ю. Лабынцава і Л. Шчавінскай.

 

Царкоўнаму летапісанню ў Беларусі ў другой палове ХІХ ст. быў прысвечаны раздзел манаграфіі гродзенскага даследчыка В.М. Чарапіцы «Очерки истории православной Церкви на Гродненщине», ім быў апублікаваны летапіс Свята-Петра-Паўлаўскай царквы в. Вянзовец Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, выяўлены ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў г. Гродне [13].

 

Доўгі час царкоўныя летапісы ўвогуле не фіксаваліся ў даведачна-інфармацыйных сістэмах дзяржаўных архівасховішчаў. Праца па іх выяўленню была пачата ў Расійскай Федэрацыі ў пачатку 1990-х гг. Дзякуючы выдадзенаму ў 1993 г. анатаванаму даведніку «История Русской Православной Церкви в документах региональных архивов России» было вызначана, што летапісы ўтрымліваюцца ў 51-м архівасховішчы Расіі і прыведзены папярэднія дадзеныя па агульнай іх колькасці. У Польшчы ў прыходскіх і двух епархіяльных архівах было выяўлена каля 10 царкоўна-прыходскіх летапісаў [10, с. 36]. Адзінкавыя летапісы былі адшуканы ў Прыбалтыйскіх краінах [15].

 

У Беларускім міжархіўным даведніку «Документы по истории православной церкви на Беларуси XVIII-XX вв. в фондах государственных архивов Республики Беларусь», выдадзеным у 2003 г., пазначана толькі два царкоўныя летапісы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ) у Мінску, а менавіта - Пакалюбіцкай Свята-Мікіцкай царквы Магілёўскай губерні (Фонд 2685) і Дзмітравіцкай Ільінскай царквы Мінскай губерні (Фонд 114) [8].

 

У даведніку таксама пазначаны 15 адзінак захоўвання з фондаў НГАБ пад назвай «Кніга запісаў звестак па царкоўнай гісторыі». Пад такой назвай маглі фіксавацца і прыходскія летапісы, для вядзення якіх нярэдка выкарыстоўваліся кнігі з друкаванымі бланкамі для запісаў. Але на справе амаль усе пазначаныя дакументы аказаліся царкоўна-статыстычнымі апісаннямі прыходаў за 1898-1899 гг., за выключэннем летапісу Халопеніцкай Успенскай царквы Мінскай губерні, які ў арыгінале мае назву «Кніга, дадзеная ў Халопеніцкую Успенскую царкву для вядзення прычтам царкоўнага летапісу з 1867 г.» [2], а таксама Тонава-Слабадской Георгіеўскай царквы Мінскай губерні [6]. Яшчэ адзін летапіс, Халяўшчынскай Успенскай царквы, які не трапіў у даведнікі, быў выяўлены ў вядомым 136 фондзе Мінскай духоўнай кансісторыі НГАБ [4].

 

У НГАБ у г. Гродне захоўваюцца летапісы: Доўбенскай царквы Ашмянскага павета (Фонд 1696), цэркваў вёсак Вялікарыта (Фонд 1687) і Чарнаўчыцы (Фонд 429) Брэсцкага павета і Лыскавічы Ваўкавыскага павета (Фонд 363).

 

Нечакана ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) у асабістым фондзе літаратурнага крытыка Л.А. Бэндэ быў выяўлены аб'ёмны і надзвычай змястоўны летапіс Петра-Паўлаўскай царквы в. Дукора Мінскай губ. [1].

 

Такім чынам, улічваючы распаўсюджанасць царкоўна-прыходскіх летапісаў у ХІХ - пачатку ХХ стст., у дзяржаўных архівах удалося выявіць зусім невялікую іх колькасць.

 

Не менш складанай задачай з'яўляецца спроба прасачыць гісторыю гэтых дакументаў. Многія летапісы перасталі весціся ў 1913-1914 гг., напярэдадні і ў пачатку Першай сусветнай вайны, калі з тэрыторыі Заходняй Беларусі пачалася эвакуацыя святароў і царкоўнай маёмасці ў Расію і Украіну. Пасля рэвалюцыі 1917 г. царкоўныя летапісы падзялілі лёс самой Праваслаўнай царквы і ўсёй яе маёмасці - летапісы знікалі разам з закрыццём і разбурэннем храмаў. Некаторыя асобнікі захоўваліся ў прыватных асобаў, і толькі адзінкі трапілі ў дзяржаўныя архівасховішчы.

 

У прыходах Заходняй Беларусі, дзе царкоўнае жыццё пераважна не прыпынялася, летапісы працягвалі весціся ў 1920-я - 1930-я гг., а ў некаторых - і ў пасляваенны час. Акрамя ўзгаданага летапісу царквы в. Вянзовец 1931-1939 гг., з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў г. Гродне ў архіве Мінскага епархіяльнага ўпраўлення былі выяўлены летапісы царквы в. Перавалокі 1931-1936 гг. і летапіс царквы в. Мураванка 1947 г. Гродзенскай вобласці.

 

Вядома, што некаторыя летапісы сёння знаходзяцца ў прыходскіх архівах. Напрыклад, у апошні час выяўлены такія дакументы ў Свята-Пакроўскай царкве в. Турэц Карэліцкага раёна, у Сімяонаўскай царкве в. Малеч Бярозаўскага раёна.

 

Акрамя таго, у архіве Мінскай епархіі знаходзіцца па-свойму унікальны летапіс Свята-Мікалаеўскай царквы в. Крайск Лагойскага раёна Мінскай вобласці, які пачаў весціся з 1990 г., што сведчыць аб захаванні і адраджэнні традыцый прыходскага летапісання ў наш час. Разам з неабходнасцю выяўлення ў поўным аб'ёме мясцовага царкоўнага летапісання гэтыя унікальныя крыніцы патрабуюць глыбокага і ўсебаковага вывучэння.

 

Воляй лёсу менавіта прыходскаму святарству належала стаць гісторыкамі сваіх прыходаў, мястэчак, вёсак. Гэтаму дапамагалі гуманітарная адукацыя, валоданне статыстычнымі дадзенымі, наяўнасць у царкве архіва з дакументамі па гісторыі прыхода, а часам і населенага пункта. Блізкасць святара да паўсядзённага жыцця сялян ставіла яго пры вывучэнні мінулага населеных пунктаў, абрадаў, звычаяў мясцовага насельніцтва ў больш спрыяльныя ўмовы, чым нават прафесійных даследчыкаў таго часу.

 

Напрыклад, пры складанні летапісу Дзмітравіцкай царквы святар Іаан Міхневіч галоўным аргументам аб'ектыўнасці вядзення летапісу лічыць сваё 33-гадовае служэнне на гэтым прыходзе і шкадуе, што не мае дастаткова дадзеных, якія б дазволілі скласці больш дасканалы летапіс, які б служыў галоўнай сваёй мэце - «служыць з цягам часу, а можа быць і цяпер, у сэнсе асобна ўзятай мясцовасці, матэрыялам па гісторыі Царквы і Бацькаўшчыны» [3, л. 1].

 

Царкоўныя летапісы маюць, у адпаведнасці з патрабаваннямі, пэўную структуру. У першай - гістарычнай частцы, дзе падавалася ў адвольнай форме гісторыя прыхода да пачатку летапісання, святары нярэдка праводзілі даволі грунтоўныя апісанні матэрыялаў царкоўнага архіва, прыводзілі вусныя ўспаміны старажылаў, народныя паданні і легенды.

 

Прыводзіліся таксама апісанне месцазнаходжання вёсак і цэркваў прыхода і звязаныя з імі старажытныя легенды. Напрыклад, у летапісе Халяўшчынскай Успенскай царквы шмат нададзена ўвагі незвычайнаму месцу, дзе ў час вайны са шведамі жыхары выратаваліся дзякуючы малітвам каля яўленай у лесе цудатворнай іконы Божай Маці і дзе пазней быў пабудаваны першы храм [4, л. 6].

 

Цудоўны выпадак прыводзіцца і ў летапісе Тонава-Слабадской царквы ў сувязі з будаўніцтвам у 1736 г. царквы св. Георгія Пераможца. Пад час пажару, які ахапіў храм у першай палове 1730-х гг., ікона, пісаная на палатне, цудоўным чынам перанеслася на дрэва паблізу, дзе мясцовым шляхціцам Рудалкоўскім і была пабудавана новая драўляная царква [6, л. 1].

 

Царкоўныя летапісцы шмат увагі ўдзялялі апісанню мясцовых шанаваных святынь: цудадзейных ікон, крыжоў, святых крыніц. У летапісе Дукорскай Петра-Паўлаўскай царквы апісана гісторыя яўленай каля крыніцы іконы Божай Маці з прыпісной Дукарчанскай царквы [1, л. 3]. У летапісе Халопеніцкай царквы таксама апісана ўшанаваная мясцовым насельніцтвам як цудадзейная ікона Божай Маці [5, л. 1].

 

Значную каштоўнасць уяўляюць звесткі пра месцы, дзе знаходзіліся старажытныя храмы, што нярэдка ўносіць яснасць у гісторыю храмабудаўніцтва. У летапісах таксама часта адзначаюцца археалагічныя і гістарычныя помнікі на тэрыторыі прыхода, прыродныя ўмовы, нацыянальна-канфесійны склад насельніцтва, абрады і звычаі, духоўна-маральны стан, асноўныя віды гаспадарчай дзейнасці, узровень пісьменнасці і наяўнасць школ.

 

У другой, асноўнай летапіснай частцы, гістарычныя дадзеныя выкладаліся адпаведна дакладна распрацаванай структуры летапісу на кожны год.

 

У першым раздзеле «Аб храме» даваліся звесткі аб пабудовах, рамонтах і добраўпарадкаванні храмавых, школьных і прычтавых пабудоў. Святары дакладна фіксавалі справаводчыя ўзаемадачыненні з дзяржаўнымі і царкоўнымі структурамі. Прыводзілі дакументы аб зборы сродкаў на рамонт ці пабудову храмаў і іншых будынкаў, звароты аб фінансаванні да дзяржаўных і царкоўных уладаў. Штогод дакладна фіксаваліся асабістыя ахвяраванні прыхаджан, давалася апісанне колькасці і выгляду царкоўнага начыння і маёмасці.

 

У раздзеле «Аб прычце» прыводзіліся біяграфічныя звесткі пра святароў і царкоўнаслужыцеляў. Пры назначэнні новага члена прычту даваліся звесткі пра яго адукацыю, сям'ю, месца папярэдняй службы і іншыя звесткі персанальнай інфармацыі. Маглі прыводзіцца звесткі аб змяненні дзяржаўнага ўтрымання, узнагародах, аб наведанні храма архіерэямі, мясцовых прыходскіх і народных вучылішчах і інш.

 

Раздзел «Аб прыходзе і прыхаджанах» дае найбольш дадзеных для вывучэння гісторыі населеных пунктаў. Найперш апісваліся змены рэлігійна-маральнага стану жыхароў, адносіны іх да царкоўных службаў, а таксама ўказвалася, якія традыцыі яны захоўваюць дома, ці замаўляюць малебны, ці ўдзельнічаюць у хросных ходах, як адносяцца да варажбы і забабонаў, да спіртнога.

 

Шмат увагі надавалася пытанням уплыву на прыхаджан значных гістарычных падзей - руска-японскай вайны, рэвалюцыі 1905 г., Першай сусветнай вайны, рэвалюцыі 1917 г. У Дукорскім летапісе нават адзначана гібель у Атлантычным акіяне «Тытаніка» [1, л. 78].

 

Далей звычайна прыводзіліся найбольш значныя падзеі з паўсядзённага жыцця вёскі: адкрыццё і дзейнасць школы, шпіталя, аддзялення пошты, пажарнай дружыны, будаўніцтва дарог, мастоў, а таксама трагічныя здарэнні, пажары, эпідэміі і хваробы. У запісах фігуруюць не толькі асобы з царкоўнага прычту, але і простыя вяскоўцы, з якімі звязаны здарэнні, як, напрыклад, пераход іншаверных у праваслаўе, нараджэнне тройні ці смерць доўгажыхара.

 

Падрабязна апісвалася гаспадарчая дзейнасць прыхаджан, іх дадатковыя заробкі. Апісанне паўсядзённага жыцця прыхаджан з'яўляецца унікальнай крыніцай да вывучэння свядомасці насельніцтва, іх светаўспрымання.

 

У раздзеле «Аб прыродных з'явах» апісваліся значныя астранамічныя здарэнні, такія як пралёт камет, зацьменні сонца, і прыродныя - вялікія паводкі, значныя змяненні надвор'я на працягу года, ураджайнасць, кошты на асноўныя прадукты харчавання і інш.

 

У апошнім раздзеле «Агульныя звесткі» прыводзіліся статыстычныя дадзеныя аб колькасці народжаных, памерлых, вянчаных і прыняўшых прычасце, а таксама фінансавыя справаздачы прыхода.

 

Выпрацаваная структура летапісаў не заўсёды дакладна выконвалася, некаторыя раздзелы маглі аб'ядноўвацца ці апускацца, а ў летапісах 1920 - 1930 гг. дадаткова з'явіўся раздзел, прысвечаны апісанню прыходскіх могілак.

 

У летапісах падрабязна і грунтоўна выкладзены эпізоды самых розных падзей. Багаты матэрыял летапісаў дазваляе ўбачыць жывое светаўспрыманне і духоўны свет беларускіх сялян у другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст., а некаторыя летапісы, без усялякага перабольшвання, годныя для ўключэння ў корпус каштоўнейшых літаратурна-гістарычных помнікаў айчыннай гісторыі.

 

Такім чынам, царкоўныя летапісы з'яўляюцца даставернай крыніцай, якая дакладна адлюстроўвае духоўнае і побытавае жыццё жыхароў на лакальна вызначанай тэрыторыі, на што традыцыйная гісторыя звяртае недастаткова ўвагі. Гэты ракурс вывучэння грамадства здольны дадаць новыя рысы пры рэканструкцыі яго шматграннай гістарычнай дынамікі.

 

Спіс крыніц і літаратуры

 

1. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Фонд 66. Вопіс 1. Спр. 1156.

 

2. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Фонд 107. Вопіс 1. Спр. 2.

 

3. НГАБ. Фонд 114. Вопіс 1. Спр. 1.

 

4. НГАБ. Фонд. 136. Вопіс 14. Спр. 80.

 

5. НГАБ. Фонд 777. Вопіс 1. Спр. 11.

 

6. НГАБ. Фонд 886. Вопіс 1. Спр. 1.

 

7. Агеева, Е.А. Церковная жизнь и повседневный быт русского села по приходским летописям XIX - начала XX века / Е.А. Агеева // Исторический вестник. - № 3. - Воронеж, 2000.

 

8. Документы по истории Православной церкви на Беларуси ХVIII - XX вв. в фондах государственных архивов Республики Беларусь: межархивный справочник / авт.-сост. О.А. Добычина [и др.]. - Минск, 2003. - 284 с.

 

9. Иконников, В.С. Опыт русской историографии / В.С. Иконников. - Киев, 1908. - Т. 2. Кн. 2. - С. 1476-1479.

 

10. Лабынцев, Ю. Церковное летописание во II Речи Посполитой (По материалам культурологической экспедиции 1996) / Ю. Лабынцев, Л. Щавинская// Białoruskie Zeszyty Historyczne. - 1998. - № 10. - Białystok, 1998. - С. 40-41.

 

11. Протопопов, П. «Смутное время 1913 - 1920 гг. глазами священника» / П. Протопопов // Волга. - № 413. - Волгоград, 2000.

 

12. Чебыкина, Г.М. Церковноприходское летописание в Устюжском крае во второй половине XIX - начале XX века / Г.М. Чебыкина // Религия и церковь в культурно-историческом развитии Русского Севера (К 450-летию Преподобного Трифона, Вятского Чудотворца): материалы международной конференции. - Киров, 1996.

 

13. Черепица, В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине (С древнейших времен до наших дней): монография / В.Н. Черепица. - Гродно, 2005. - С. 344-357.

 

14. Циркулярные указы Святейшего правительствующего Синода 1867-1895 гг. / собрал и издал А. Завьялов. - СПб., 1896.

 

15. Гаврилин, А. Православное духовенство в странах Балтии в период Второй мировой войны: война глазами латгальского священника: доклад на международной конференции «Вторая мировая война и страны Балтии. 1939-1945» / А. Гаврилин [Электронны рэсурс]. - http://www.dialogi.lv/.

 

Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу. Пад рэд. Марозавай С.В., Ярмусік Э.С., - ГрДУ, Гродна, 2008.

У.Г. Кулажанка

Рубрыка: