ХРЫСЦІЯНСТВА Ў ГІСТАРЫЧНЫМ ЛЁСЕ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА

 

Ці садзейнічала хрысціянства станаўленню беларускай народнасці, яе духоўнаму і грамадска-палітычнаму росту, а пазней нацыянальнай кансалідацыі? Ці мелі беларусы на гэтых этапах гісторыі сваю хрысціянскую рэлігію, адаптаваную да іх гістарычнага быцця? Як гэтая рэлігія ўздзейнічала на развіццё роднай мовы беларусаў, этна-нацыянальнай культуры, а ў шырокім аспекце - на беларускую нацыянальную ментальнасць? Ці можна спадзявацца на тое, што хрысціянская царква ў разнастайнасці сваіх канфесіяў дапаможа беларусам выйсці з сённяшняга нацыянальнага крызісу - з ментальнай раздвоенасці - наступства шматвяковай экспансіі - ідэалагічнай, ваенна-палітычнай, культуртрэгерскай з Усходу і з Захаду?

 

Шукаючы адказы на гэтыя пытанні, патрэбна ўлічваць не толькі беларускую гістарычную драму, але і сусветна-гістарычнае значэнне хрысціянства, ад свайго пачатку звернутае да ўсіх народаў свету. Душа хрысціянства, яго сарцавіна - універсальная эсхаталагічная перспектыва на духоўнае пераўтварэнне Космасу і яго завяршэння - чалавека і чалавецтва.

 

Паводле хрысціянскай экзегетыкі вобразна-сімвалічнае выслоўе біблейскай кнігі Быццё - «стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Бога» (Бц 2:27) - неабходна тлумачыць не ў антрапалагічным, а ў духоўна-творчым сэнсе. Гэтую інтэрпрэтацыю энергічна і дасціпна акцэнтаваў сярэдневяковы беларускі асветнік Кірыла Тураўскі ў «Прытчы аб чалавечай душы і целе». Ён перасцерагае ад спакусы літаральнага тлумачэння біблейскай сімволікі. Падабенства чалавека да Бога - «не вобразам, а прытчаю», гэта значыць, сімвалічна і духоўна. Бог надзяліў чалавека здольнасцю пазнання і творчасці. Прыпадобіў да сябе самога [1].

 

Пазней гэтую думку развіваў беларускі асветнік і біблеіст у «Предсловии доктора Франциска Скорины с Полоцька во всю Библию...»: «Святое писмо все иные науки превышаеть, понеже егда бываеть чтено, под простыми словы замыкаеть тайну. И тако младенцем и людем простым ест наука, учителом же и людем мудрым подивление. Яко река дивная мелка, понеже агнець брести можеть, а глубока, слон убо плавати мусить» [2].

 

Хрысціянства запраграмавала чалавека і грамадства на бязспыннае ўзвышэнне, на ўзыходжанне ад зямлі да неба. Гісторыя хрысціянскай цывілізацыі засведчыла пра вялікія і лакальныя войны, бясконцыя канфлікты, немагчымасць хрысціянізаваць палітычныя структуры народаў і нацыяў. Адначасова - пра няспынную духоўна-творчую дзейнасць, прагрэс навукі, культуры, тэхнікі. Паводле біблейскай кнігі Ёова: «Так, не з пылу выходзіць гора, і не з зямлі вырастае бяда; а чалавек нараджаецца на пакуту, як іскры, каб уздымацца ў вышыню» (Ёў: 5:7). Пазнанне заўсёды драматычнае і трагічнае. Паводле кнігі Эклезіяста: «Бо пры многай мудрасці множыцца скруха; і хто памнажае пазнанне, той памнажае боль» (Экл. 1:18). Хрысціянства рыхтуе чалавека прыняць для сябе гэтую трагедыю для духоўнага перамянення сябе і грамадства.

 

Гісторыя навукі, культуры, тэхнікі - гэта феномены пераважна хрысціянскай цывілізацыі, запраграмаванай на прагрэс, сістэмнасць і паўнату. Дахрысціянскія і сучасныя нехрысціянскія цывілізацыі запраграмаваны на паўтарэнне зыходных пазіцыяў, на цыклічнае ўзнаўленне, аналагічнае прыродным цыклам. Яны не ведалі эсхаталагічнай перспектывы як духоўнага перамянення чалавека і космасу. Адсутнічала гістарычнасць, абнаўленне быцця. Паводле таго ж Эклезіста: «Што было, тое і будзе; што рабілася, то і будзе рабіцца, і няма нічога новага пад сонцам». І яшчэ: «Род прыходзіць і род праходзіць, а зямля векавечна стаіць» (Эк. 1:4, 9). Без хрысціянства няма змястоўнай гісторыі як абнаўлення каштоўнасцяў: «Няма памяці пра былое; ды і пра тое, што будзе, не застанецца згадкі і між тымі, што прыйдуць пасля» (Эк 1:11). Сучасны навукова-тэхнічны прагрэс азіяцкіх і афрыканскіх рэгіёнаў, Японіі, Кітая, Індыі - гэта вынік умелага пераймання і дапасавання еўрапейскай культуры і адпаведна - элементаў хрысціянскай ментальнасці.

 

Першыя сістэмныя даследаванні значэння хрысціянства ў станаўленні і развіцці беларускай нацыі належаць беларускаму асветніку і палітычнаму дзеячу ў Заходняй Беларусі ксяндзу Адаму Станкевічу, аўтару манаграфіяў «Родная мова ў сьвятынях» (1929), «Хрысьціянства і беларускі народ; Спроба сынтэзы» (1940), іншых публікацыяў [3]. Гэты каталіцкі святар, рыцар духоўнага і дзяржаўнага адраджэння нашай шматпакутнай краіны кансалідаваў заходнебеларускія палітычныя сілы для нацыянальна-вызвольнага руху пад знамем хрысціянскага гуманізму і духоўна-творчага супраціву каланіяльна-імперскім рэваншам з Усходу і Захаду. У аспекце гістарычнай навукі ён разам з Вінцэнтам Гадлеўскім, іншымі дзеячамі беларускага каталіцкага адраджэння абгрунтаваў духоўнае значэнне хрысціянства ва ўзгадванні беларускай народнасці, а ў канцы ХVІІІ - пачатку ХХ ст. - беларускай нацыі.

 

Пачынальнікі і класікі новай беларускай літаратуры ад В. Дуніна-Марцінкевіча да Янкі Купалы, В. Ластоўскага і ўсёй нашаніўскай традыцыі (1906-1917) заставаліся свецкімі творцамі, але прызнавалі вялікую ролю хрысціянскай рэлігіі ў гісторыі народа, моцна паспрыялі пачатковай беларусізацыі хрысціянскіх канфесіяў у Беларусі.

 

Афіцыяльная савецкая гістарыяграфія і атэістычная «марксісцка-ленінская» філасофія адмаўлялі творчую ролю хрысціянства ў гісторыі беларускага народу - за выключэннем нацыянальна арыентаваных навукоўцаў, якія з 1980-х гадоў пачалі даследаванні ў гэтым кірунку. У беларускім друку і ў анталогіі «Беларуская думка ХХ стагоддзя: філасофія, рэлігія, культура» апублікаваны шэраг канцэптуальных даследаванняў у гэтым кірунку [4]. На сёння грунтоўна даследавана значэнне уніяцкай царквы ў этнакультурным развіцці Беларусі ў шэрагу публікацый Святланы Марозавай і ў яе доктарскай дысертацыі на гэтую тэму [5].

 

Праблематыка царкоўна-хрысціянскай місіі ў гістарычным лёсе беларусаў актуалізавана двума выданнямі энцыклапедычнага жанру: спачатку пад грыфам Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны ў Беларусі апублікаваны даведнік вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук Юрася Гарбінскага «Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя» (1999) [6], а праз чатыры гады - біяграфічна-бібліяграфічны слоўнік «Białoruski ruch chrzścijański XX wieku» Ю. Гарбінскага і Ежы Туронка пад грыфам Польскай акадэміі навук [7]. Канцэптуальна-факталагічная інфармацыя па гісторыі хрысціянства ў Беларусі змяшчаецца ў энцыклапедычных выданнях Беларусі [8]. Выдатнай падзеяй у беларускай біблеістыцы і хрысціянскім асветніцтве стала факсімільнае ўзнаўленне спадчыны Ф. Скарыны. Спачатку былі рэстаўраваны і перавыдадзены біблейскія кнігі першадрукара і асветніка эпохі Рэнесанса [9]. Праз 10 гадоў нямецкія славісты Ганс Ротэ і Фрыдрых Шольц здзейснілі факсімільнае ўзнаўленне віленскага выдання Ф. Скарыны «Апостал» з грунтоўнымі каментарамі беларускіх і нямецкіх аўтараў [10].

 

Праведзеныя даследаванні пацвердзілі гісторыка-філасофскую канцэпцыю Адама Станкевіча: хрысціянская рэлігія чатырох канфесіяў - праваслаўнай, каталіцкай, уніяцкай і рэфармісцкай - кожная па-свойму і неаднолькава на розных гістарычных этапах была і засталася духоўнай апорай беларускага народа на ўсіх этапах свайго этнакультурнага, нацыянальнага і дзяржаўнага развіцця. У эпоху Сярэдневякоўя (Х-ХV стст.) на яе першым этапе (канец Х-ХІІ стст.) адбылося хрышчэнне протабеларускіх плямёнаў, заснавальнікаў княстваў - Полацкага, Турава-Пінскага, Смаленскага яшчэ да падзелу хрысціянства на праваслаўную і каталіцкую канфесіі. Прыняўшы хрысціянскую рэлігію ад Візантыі - спадкаемкі антычнай, эліністычнай і біблейскай культуры, нашы продкі атрымалі гэтую вялікую культуру - сацыяльную, этычную, навуковую і мастацкую, асімілявалі яе ў кантэксце сваёй традыцыйнай народнай культуры. Гэты сінтэз рэгіянальнай і сусветнай традыцыі характэрны для нашай культуры на этапах развіцця беларускай нацыі (ХІХ-ХХ стст.).

 

У эпоху станаўлення Вялікага Княства літоўскага (другая палова ХІІІ - ХV стст.) адбывалася дальнейшае ўзгадаванне беларускага этнасу. У гэтым працэсе ўдзельнічалі славянскія (крывічы, дрыгавічы, радзімічы) і балта-літоўскія плямёны, якія ў ранняе Сярэдневякоўе засялялі цэнтральна-заходнія рэгіёны сучаснай Беларусі, таксама рэгіёны Віленшчыны. Пасля Крэўскай дынастычнай уніі (1385) адбылося хрышчэнне балта-славянскіх народнасцяў па рымска-каталіцкаму абраду. Пачалася гісторыя каталіцтва ў Беларусі, далучэнне народа да заходне-еўрапейскай навукі, асветы і культурнай традыцыі. Гэтая афіцыйная двуканфесіянальнасць паспрыяла сінтэзу дасягненняў усходніх і заходніх варыянтаў хрысціянскай цывілізацыі, а на першым этапе гуманістычнага Рэнесансу (эпоха Ф. Скарыны ў першай палове ХVІ ст.) - захаванню адноснага адзінства гэтых канфесіяў.

 

Гістарычнае значэнне ранняга далучэння протабеларускіх плямёнаў да хрысціянскай традыцыі ў тым, што яно забяспечыла беларусам у шматэтнічным ВКЛ моўна-культурнае дамінаванне ў ХІV-ХVІ стст. захаванне дзяржаўнага статусу беларускай мовы. Толькі ў другой палове ХVІІ-ХVІІІ ст. адбылася паланізацыя каталіцтва і русіфікацыя праваслаўя. Беларуская культурная традыцыя захавалася на масавым узроўні ў полі духоўнага ўздзеяння уніяцкай царквы, якая ўзнікла ў выніку Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 года. Аўтар манаграфіі «Хрысціянства і беларускі народ» А. Станкевіч крытыкаваў феадальную практыку яе распаўсюджання ў Беларусі. Але разам з тым адзначыў: за 243 гады царкоўнай уніі - унікальнага духоўна-рэлігійнага вопыту беларускага народа - гэтая унія «настолькі зраслася з беларускай душой, што, ужо смела можна сказаць, сталася сапраўды народнай беларускаю вераю. <...> Надта магчыма, што калі б ня гэтая унія, дык сяньня ўжо ня было б беларускай нацыі, яна ці такім, ці іншым чынам патанула б у маскоўскім нацыяналізме й імпэрыялізме, куды гразьнейшым для нас, як такі ж нацыяналізм і імпэрыялізм польскі»[11].

 

У канцы ХVІІІ ст., асабліва пасля трох падзелаў федэратыўнай Рэчы Паспалітай, закончылася ў Еўропе эпоха шматэтнічных феадальных дзяржаў, адбывалася, з аднаго боку, станаўленне нацыянальных дзяржаваў, а з іншага боку, - еўрапейскіх імперыяў, у тым ліку Расійскай, Аўстрыйскай і Германскай, што падзялілі паміж сабою Рэч Паспалітую. У гэтых умовах даўні этнонім рускі цалкам манапалізаваны Расіяй, а разам з ім - «руская», або праваслаўная вера. З іншага, заходняга боку, каталіцтва набыло значэнне «польскай» веры - духоўнага апірышча падзеленага былога Каралеўства Польскага. Беларускі народ - некалі суб'ект дзяржаватворчай місіі - аказаўся адкінуты на маргінальную абочыну, а яго культура пазначалася як выключна этнічная, або нават «сялянская».

 

У гэтай драматычнай сітуацыі выцяснення Беларусі з гістарычнай рэтраспекцыі і актуальнай геапалітыкі уніяцкая царква аказалася адной са сведкаў яго гістарычнага быцця і надзеяй на перспектыву. Уніяцтва прапанавала трэці ментальны праект, сістэму каштоўнасцяў, не адэкватную каталіцкай «польскасці» і праваслаўнай «рускасці». Ва уніяцкіх епархіях захавалася беларуская мова ў афіцыйнай перапісцы і дакументацыі. Там ужо ў першай палове ХVІІ ст. адбывалася абнаўленне лексікі дзелавой мовы, пранікненне ў яе народных говараў. Захаваўся цікавы дакумент - «Інвентар нерухомай маёмасці Полацкай архіяпіскапіі, складзены каралеўскімі камісарамі для Полацкага архіяпіскапа Іасафата Кунцэвіча» 10 студзеня 1618 г., падпісаны уніяцкім мітрапалітам Язэпам Руцкім і каралеўскім пісарам Янушам Тышкевічам. Дакумент напоўнены беларускай бытавой лексікай і адпаведнымі словаспалучэннямі, напрыклад: а мяновіце, свяцёлка сталовая поземая, старая, печ старая пабеленая, свяцелка упакаёвая, абалоны шкляныя, на тых агародах два домікі стаяць, аборы, хлявы, пякарня, напраціўку істопка для малотві, стайня, ручай, у жывую ваду, карчма да таго двара, альбо стадола, глыбокі Пералаз [12]. Не выпадкова пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі татальнае выцясненне беларускай ментальнасці з афіцыйных структур пачалося з русіфікацыі уніяцкай царквы і яе ліквідацыі ў 1839 годзе.

 

Значная частка былых уніятаў, асабліва фальваркавай шляхты і сялянскай эліты, далучалася да рымска-каталіцкага касцёла. Асабліва пасля Маніфеста 17 кастрычніка 1905 г. «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», паводле якога даравана народу «непахісная аснова грамадзянскай свабоды на пачатках сапраўднай недатыкальнасці асобы, свабоды сумлення, слова, сходаў і саюзаў». Былыя уніяты ўзмацнілі шэрагі беларускіх католікаў, якія ўзгадавалі ў сваім духоўным і сацыяльным асяроддзі першых беларускіх адраджэнцаў - палітычных барацьбітоў, дзеячоў рэвалюцыйных рухаў 1831-1832 гг. і 1862-1863 гг. З гэтага ж асяроддзя выйшлі пачынальнікі новай беларускай літаратуры - ад сялянскага сына Паўлюка Багрыма і літаратараў рамантычнай школы Адама Міцкевіча (Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч і інш.) да прарокаў нацыянальнага беларускага адраджэння Францішка Багушэвіча, Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Янкі Купалы, заснавальнікаў «Нашай Нівы» і нашаніўскага этапу практычнай рэалізацыі беларускай нацыянальнай ідэі 1917-1920 гг. Пасля рэвалюцыі 1905-1907 гг. да гэтага руху далучыліся выхадцы з эліты праваслаўнага сялянства (Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі), урэшце, уся нашаніўская школа літаратараў і грамадскіх дзеячоў.

 

Пасля Першай сусветнай вайны, бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 года, падзелу Беларусі паміж савецкай Расіяй і адроджанай Польшчай паводле Рыжскай дамовы (18.03.1921) хрысціянства заставалася духоўнай апорай для народа ў змаганні за нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне. Хрысціянская ментальнасць беларусаў дапамагла ім не паддацца імперскай спакусе - бязбожнай бальшавіцкай дыктатуры ў БССР і паланізатарскай у Заходняй Беларусі. На захадзе праваслаўныя і каталіцкія беларусы захавалі сваю нацыянальную ідэнтычнасць у рэвалюцыйным, а найболей негвалтоўным змаганні за ідэалы адзінай і незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

 

Беларуская інтэлігенцыя ў БССР перажыла спакусу бальшавіцкага ваяўнічага атэізму з трагічнымі наступствамі - падаўленнем і масавым знішчэннем эліты народа прарасійскай уладай бальшавікоў. Асабліва пасля кароткага перыяду нацыянальнага рэваншу беларусаў ва ўмовах вымушанай афіцыйнай палітыкі «беларусізацыі», па сутнасці дэкаланізацыі Беларусі ў 1922-1929 гг.

 

Бальшавіцкая ўлада ў рэгіёнах былой Расійскай імперыі, а пасля Другой сусветнай вайны таксама ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе ў кантэксце хрысціянскай эсхаталогіі была акцыяй антыхрысціянскай. Бальшавікі «шчыра» прызнавалі сваю антыхрысціянскую сутнасць, падаўлялі хрысціянства і яго носьбітаў, сцягам пралетарскага Інтэрнацыяналу прыкрывалі стратэгію на стварэнне сусветнай антыхрысціянскай, прарасійскай імперскай дзяржавы.

 

Хрысціянства перамагае сусветнае зло яго раздваеннем на непрымірымыя часткі - ўнутраныя і міжнародныя. Бо імперскі нацыянал-сацыялізм, або фашызм у эсхаталагічным аспекце і сусветны камунізм былі д'ябальскай карыкатурай на хрысціянскае Царства Божае. Расійскія бальшавікі аднавілі імперскае язычніцтва - сакралізацыю сваіх ідэолагаў, правадыроў і сваёй дыктатарскай улады. А нямецкі фашызм - гэта старазаветная спакуса сусветнага панавання «выбранага» нямецкага народа. Не выпадкова ваякі Гітлера насілі на спронжках (пражках) рамянёў выгравіраваны дэвіз - апошнія словы са звароту да народаў прарока Ісаі: «З намі Бог!»

 

Дарэчы, тое прароцтва пачынаецца з папярэджання: «Варагуйце, народы, але дрыжыце; і слухайце, усе далёкія землі! Узбройвайцеся, але дрыжыце; узбройвайцеся, але дрыжыце...» (Іс. 8:9). Як далёка зайшлі сёння «народы і землі» ад эпохі Ісайі ў справе ўзбраення! І не толькі не дрыжаць, наадварот, штодзённа гэтым хваляцца. Сёння забытыя ўсе колішнія запаветы і рухі за мір на зямлі. Забылі дзяржавы хрысціянскую малітву пра мір ва ўсім свеце. Дзяржавы - вялікія і малыя - ўзбройваюцца і штодзённа хваляцца сваёй фенаменальнай зброяй. Адбываецца адцясненне хрысціянскай рэлігіі на ўзровень асабістага выбару. Даўно замоўклі прарокі ўсеагульнага міру і скарачэння ўзбраенняў. Так зразуметае «аддзяленне царквы ад дзяржавы» ва ўмовах сакралізацыі дзяржаўнай улады, пранікнення «цывілізаванага» язычніцтва ў штодзённы побыт, масавую культуру, культ сілы, непавага да культурнай і нацыянальнай традыцыі - зусім верагодна, ёсць эпілог катастрофы.

 

Сёння, як ніколі раней, патрэбна прарочае Слова хрысціянства.

 

 

Спіс крыніц і літаратуры

 

1. Кирилла мниха притча о человечстей души и о телесе... // Труды Отдела дневнерусской литературы. - Т. ХІІ. - Москва-Ленинград, 1956. - С. 440 - 447.

 

2. Біблія: Факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенай Скарынаю ў 1517 - 1519 гг. У 2 т. Т. 1. - Мінск: БелСЭ, 1990. - С. 8.

 

3. Ks. Stankiewicz, Ad. Rodnaja mowa ŭ światyniach. Adbitak z «Chryścijanskaj Dumki» / Ad. Stankiewicz. - Wilnia, 1929; Stankiewicz, Ad. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення / Ad. Stankiewicz. - Вільня: Шляху Моладзі, 1934; Stankiewicz, Ad. Хрысціянства і беларускі народ (Спроба сынтэзы) / Ad. Stankiewicz. - Вільня: Беларускае Каталіцкае Выдавецтва, 1940.

 

4. Конон, В. Вера и нация: Христианство в исторической судьбе белорусов / В Конон // Нёман. - 1994. - № 5. - С. 156 - 164; Конон, В. Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларусаў / В. Конон // Беларуская думка ХХ стагоддзя: Філасофія, рэлігія, культура: анталогія / ўкладанне, прадмова і апрацаванне Юры Гарбінскі. - Варшава, 1998. - С. 565 -588; Конан, В. Драматычны шлях хрысціянства / В.Конан // Голас Радзімы. - 2000. - 5, 15 студзеня, 23 лютага, 12 красавіка, 21 чэрвеня, 19 ліпеня, 10 жніўня.

 

5. Марозава, С. Уніяцкая царква ў культурна-гістарычным развіцці Беларусі (1596 -1839 гг.): Навучальны дапаможнік / С Марозава. - Гродна, ГДУ імя Я. Купалы, 1996. - 110 с.; Марозава, С. В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596 - 1839): манаграфія / С.В. Марозава. - Гродна: ГрДУ, 2001.

 

6. Гарбінскі, Ю. Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя / Ю Гарбінскі. - Мінск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. - 752 с.: іл.

 

7. Garbiński, J. Białoruski chrześcijański ruch XX wieku: Słownik bioraficzno-bibliograficzny / J. Garbiński, J.Turonak. - Warszawa: Polska Akademia Nawuk, Instytut Sławistyki, 2004. - 519 s.

 

8. Францыск Скарына і яго час: энцыклапедычны даведнік. - Мінск: БелСЭ, 1988. - 608 с.: іл.; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1 - 6. - Мінск: БелЭН, 1993 - 2003.

 

9. Біблія: Факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенае Францыскам Скарынаю ў 1517 -1519 гг. У 3 т. Т. 1 - 3. - Мінск: БелСЭ, 1990 - 1991.

 

10. Biblija ruska, vylożena doktorom Franciskom Skorinoju: Apostol. Wilna, 1525. - Pederborn. Mьnchen. Wien. Zьrich, 2002. - 1048 s.

 

11. Станкевіч, Ад. Хрысціянства і беларускі народ (Спроба сінтэзы) / Ад. Станкевіч. − Вільня: Беларускае Каталіцкае Выдавецтва, 1940. - С. 97.

 

12. Акты, изданные Виленскою Археографическою Комиссиею. - Т. ІХ: Акты Виленского замкового суда. - Вильня, 1878. - С. 3 - 15.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Уладзімір Конан

Рубрыка: