Даведка адносна аднаўленьня структураў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў XX ст.

(Дадатак да Ліста грэка-каталіцкіх сьвятароў Беларусі ад 09.10.2009)

 

170 гадоў таму, 24 лютага 1839 году, у Полацку пад патранатам расейскіх уладаў адбыўся пра-дзяржаўны Полацкі псеўда-сабор, на якім літоўскі біскуп Ёсіф Сямашка і ягоныя нешматлікія паплечнікі абвясьцілі сваё адмаўленьне паслухмянасьці Папу Рымскаму і “ўзьяднаньне” Ўніяцкай Царквы на беларускіх землях з дзяржаўнай Царквой Расейскай імперыі. І хоць з кананічнага пункту гледжаньня гэты зьезд ня можа лічыцца ані саборам, ані нават кананічным зьездам, тым ня менш менавіта тады адбылася гвалтоўная ліквідацыя структураў грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі. Шматлікія парафіі і вернікі супраціўляліся гэтым пастановам яшчэ на працягу дзесяцігоддзяў.

 

Аднаўленьне структуры грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі адбылося дзякуючы працы Слугі Божага мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага. Ад Папы Пія Х ён атрымаў вусныя паўнамоцтвы дзейнічаць у якасьці першаярарха візантыйскага абраду на ўсёй тэрыторыі Расейскай імперыі (паўнамоцтвы, дадзеныя ў 1907 г., пісьмова пацьвярджаліся ў 1908 г. і ізноў пацьвярджаліся ў 1909, 1910, 1914 гг.1). Фармальнае аднаўленьне царкоўнай структуры грэка-каталікоў на тэрыторыі ўсёй Расейскай імперыі пачалося з прызначэньня намесьнікам мітрапаліта Андрэя ў Расейскай імперыі (фармальна – намесьнікам Камянецкай япархіі) а. Аляксея Зерчанінава (29 чэрвеня 1907 г.).2 Улада ягоная фармальна распаўсюджвалася і на тэрыторыю сучаснай Беларусі. 22 траўня 1908 году а. Аляксей Зерчанінаў быў прызначаны Рымам кіраўніком місіі для каталікоў візантыйскага абраду ў Расейскай імперыі, падпарадкаванай непасрэдна Сьвятому Пасаду3. Калі ў 1917 годзе блаславёны Леанід Фёдараў быў прызначаны экзархам для грэка-каталікоў Расеі, тэрыторыя Беларусі была выключана з ягонага падпарадкаваньня,4 аднак, па некаторых дадзеных, у 1922 годзе мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі часова пашырыў яго паўнамоцтвы на Беларусь, у сувязі з рухам у бок аднаўленьня адкрытага вызнаваньня там грэка-каталіцтва, якое падаўлялася ў царскай Расеі5.

 

Потым, паводле сваіх вышэй узгаданых паўнамоцтваў, мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі 09.10.1939 г. разьдзяліў усю Савецкую Расею на Экзархаты Апостальскай Сталіцы, прызначыўшы Высокадастойнага біскупа Мікалая (Чарнецкага) экзархам Валыні, Холмшчыны ды Падляшша (да 17.09.1940 – таксама Беларусі), а. Клімента (Шаптыцкага) – экзархам Вялікай Расеі і Сібіры, а. Ёсіфа Сьліпога – экзархам Вялікай Украіны, а а. Антона Неманцэвіча, SJ (з 17.09.1940 г.) – экзархам Беларусі. 18-19.09.1940 г. пад кіраўніцтвам Мітрапаліта Андрэя (Шаптыцкага) прайшоў Сабор Экзархаў. Паколькі ў гэтых гістарычных абставінах сувязь з вышэйшай царкоўнай уладай была ўскладненая, ён склікаўся без папярэдняй згоды Папы, а яго пастановы лічыліся дзейснымі да таго моманту, калі Апостальскі Пасад выкажа сваё меркаваньне адносна іх. Пасьля правядзеньня Сабору, 26.09.1940 г. мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі атрымаў ліст ад Яго Эмінэнцыі кардынала Алаізія Мальёнэ, Дзяржсакратара Ватыкану, які быў датаваны ад 30.05.1940. У ім выказвалася ўдзячнасьць за служэньне, якое мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі выконваў раней, і адзначалася, што ягоныя паўнамоцтвы, якія раней пацьвярджаліся папамі Піем X, Бенядыктам XV і Піем XI, адклікаюцца. Пасьля разгляду гэтага ліста экзархі прыйшлі да высновы, што прызначэньні, якія адбыліся, зьяўляюцца сапраўднымі, бо адкліканьне паўнамоцтваў набывала моцы толькі з 26.09.1940, г. зн. з моманту атрыманьня Мітрапалітам Андрэем паведамленьня аб гэтым. Таму экзархі вырашылі працягнуць выкананьне сваіх абавязкаў ажно да адмысловага рашэньня Сьвятога Пасада, аб чым і паведамілі Сьвяты Пасад пасланьнем ад 24.01.1941 г.6

 

Адказ з Рыму ад 22.12.1941 г. паведамляў, што пасьля разгляду прынятых рашэньняў Сьвяты Айцец 22.11.1941 г. прыняў рашэньне зацьвердзіць прызначаных асобаў у якасьці Апостальскіх Экзархаў ажно да новых рашэньняў Апостальскага Пасаду. Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі (асабіста) быў прызначаны дэлегатам Апостальскай Сталіцы, адказным за кіраваньне прызначанымі экзархамі. Такім чынам, стварэньне Экзархатаў і прызначэньне экзархаў атрымалі зацьвярджэньне Сьвятога Пасаду. У якасьці Экзарха Беларусі быў зацьверджаны і а. Антон Неманцэвіч7, які кіраваў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквой аж да сваёй мучаніцкай сьмерці 6.01.1943 г., пасьля чаго наш Экзархат стаў вакантным.

 

Падчас II Сабору Апостальскіх Экзархаў, які адбыўся 13-16.06.1942 г. былі вызначаныя межы Экзархатаў. Да тэрыторыі беларускага Экзархату была аднесеная этнічная Беларусь і прыбалтыйскія дзяржавы8. Такім чынам, як і расейскі Экзархат, менавіта з 1941 г., існуе ў якасьці Апостальскага Экзархату і беларускі грэка-каталіцкі Экзархат.

 

На пытаньне, ці працягвае Экзархат Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы кананічна існаваць, адказ мусіць быць, як нам здаецца, адназначна станоўчы. Згодна з канонам 311 § 2 CCEO, права стварэньня, зьмяненьня ці ліквідацыі Экзархатаў, якія не знаходзяцца ў тэрытарыяльных межах Патрыяршых усходніх каталіцкіх Цэркваў, належыць толькі Апостальскаму Пасаду. Экзархат, які быў аднойчы створаны, зьяўляецца юрыдычнаю асобаю ipso iure (Can. 921 § 2 CCEO). Згодна з канонам 927 § 1 CCEO, юрыдычная асоба можа перастаць існаваць, толькі калі ліквідавана кампетэнтнай уладай (у дадзеным выпадку – Апостальскім Пасадам) ці калі зьяўлялася бязьдзейнай на працягу ста гадоў (чаго ў выпадку беларускага грэка-каталіцкага Экзархату не было). Дэлегаваная мітрапаліту Андрэю ўлада кіраваньня Экзархамі была асабістай і скончылася з ягонай сьмерцю, а права вышэйзгаданага кіраваньня Экзархатамі і Экзархамі адышло да Апостальскага Пасаду. Паколькі, наколькі нам вядома, заснаваны ў 1939 годзе і зацьверджаны Апостальскім Пасадам у 1941 г. грэка-каталіцкі Экзархат Беларусі ня быў з якой-небудзь паважнай прычыны ліквідаваны нейкім сьпецыяльным актам Апостальскага Пасаду, мы лічым яго кананічна існуючым, а вернікаў грэка-каталіцкай Царквы, якія знаходзяцца на ягонай тэрыторыі, прыналежнымі да яго.

 

Згодна з нормамі канона 175 CCEO, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, як і яе кананічна існуючы, але ў дадзены момант вакантны Экзархат, залежаць непасрэдна ад Апостальскага Пасаду.

 

---------

1. Диакон Василiй ЧСВ, Леонид Федоров: жизнь и деятельность.– Львов, 1993. С. 82-91.

2. Митрополит Андрей Шептицький і греко-католики в Росiї: Книга 1. Документи i матерiали, 1899-1917.– Львів, Видавництво Українського Католицького Унiверситету, 2004. Док. № 53. С. 143-144. Зацьвярджэньне граматы Папам Піем X – там жа: Док. № 93. С. 218-219.

3. Диакон Василiй ЧСВ, Леонид Фёдоров: жизнь и деятельность.– Львов, 1993. С. 90.

4. “С терпением мы должны нести крест свой…”: Документы и материалы о жизни и деятельности блаженного священномученика экзарха Леонида (Фёдорова).– Издательская группа “Керигма”, Санкт-Петербург, 2004. Документы III-02 и III-03. С. 165-168.

5. Диакон Василiй ЧСВ. Леонид Федоров: жизнь и деятельность.– Львов, 1993. С. 497.

6. “Митрополит Андрей Шептицький і греко-католики в Росiї”: Книга 1. Док. № 143. С. 357-364.

7. “Митрополит Андрей Шептицький і греко-католики в Росiї”: Книга 1. Док. № 135. С. 331-332.

8. “Митрополит Андрей Шептицький і греко-католики в Росiї”: Книга 1. Док. № 147. С. 369-371.

Беларуская грэка-каталіцкая газета "Царква" №4 (63), 2009 г.

Рубрыка: