Зварот Усясветнага Патрыярха Варфаламея да кіраўнікоў Епіскапскай Асамблеі Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі

Любыя ў Госпадзе браты,

З вялікай радасцю вітаем Вас, братоў-іерархаў і кіраўнікоў блаславёнай Епіскапскай Асамблеі Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі, ва Ўсясветным Патрыярхаце.

Мы асабліва ўсцешаныя тым, што прымаем усіх Вас тут, у Святым Цэнтры Праваслаўя, у Першапрастольнай Канстанцінопальскай Царкве-Маці, і мы цёпла вітаем Вас, як братоў, што суправаджаюць нашага шаноўнага Экзарха ў Амерыцы, Ягоную Вялебнасць Архіепіскапа Дзмітрыя, і як іерархаў, што ажыццяўляюць служэнне ў Злучаных Штатах: Вашую Вялебнасць Архіепіскапа Юстыніяна Нара-Фамінскага (віцэ-прэзідэнта Асамблеі), Вашую Вялебнасць Архіепіскапа Антона Ерапольскага (скарбніка Асамблеі) і Вашую Ласку Епіскапа Васіля Вічыцкага (сакратара Асамблеі).

* * *

Ваш візіт заахвочвае нас падзяліцца з Вамі асабістым разуменнем і духоўнымі парадамі, якія вынікаюць з нашае бацькоўскай любові і клопату аб цяжары епіскапскага служэння і аб адказнасці, давераным нам усім, як іерархам, з ласкі Божай, хоць і нягодным гэтага, - захоўваць і несці далей крохкае хараство і еднасць Праваслаўнай Царквы.

(1) Па-першае, дазвольце нам выразіць сваю шчырую радасць і бацькоўскае задавальненне агромністымі высілкамі і асаблівым поспехам першай сустрэчы Епіскапскай Асамблеі кананічных іерархаў Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі, якая адбылася ў мінулым траўні (з 26-га па 28-га) у Ню-Ёрку. Мы глыбока ўзрушаныя азнаямленнем з вынікамі, абмеркаваннямі і рашэннямі першай Епіскапскай Асамблеі, якая яскрава выявіла слушную іерархію і духоўныя прыярытэты нашых праваслаўных епіскапаў у Амерыцы, якія належна заклапочаныя захаваннем еднасці і ацаленнем кананічных анамаліяў, асабліва такой праблемы, як паралельная прысутнасць некалькіх епіскапаў у адным горадзе (насуперак 8-му канону Першага Ўсясветнага Сабору).

Як вы ўсе ведаеце, менавіта гэтыя каштоўнасці стырнавалі Сінаксіс Главаў Праваслаўных Памесных Цэркваў у кастрычніку 2008 г., а таксама іх прадстаўнікоў на чацвертай Перад-Саборнай пан-праваслаўнай канферэнцыі, якая адбылася ў Шамбезі ў чэрвені 2009 г., - абараніць і зрабіць унёсак ва ўмацаванне еднасці Праваслаўнае Царквы ва ўсіх рэгіёнах Божага свету. Улічваючы гэта, нас асабліва кранула, і мы з’яўляемся ў гэты сведкамі, што нашыя браты-іерархі ў Амерыцы выражаюць і абвяшчаюць сваю шчырую адданасць і жаданне цвёрда прытрымлівацца рашэнняў сваіх Цэркваў.

Мы з нецярплівасцю чакаем усебаковай працы камітэтаў, заснаваных Епіскапскай Асамблеяй у адпаведнасці з рашэннямі ў Шамбезі. Гэтыя камітэты будуць уключаць чальцоў Епіскапскай Асамблеі, і яны зробяць значны ўнёсак у справу спрыяння праваслаўнай еднасці і пастырскай падтрымкі. Надзвычайную важнасць тут мае камітэт, адказны за распрацоўку плану нармалізацыі кананічнага статуса ў рэгіёне.

У гэтым сэнсе, мы маем радасць абвесціць Вам, што ў адказ на Ваш запыт (паводле арт. 13 Перад-саборнай Пан-Праваслаўнай Канферэнцыі), пададзены ад Вашага імя Старшынём Епіскапскай Асамблеі Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі "аб падзеле цяперашняга рэгіёну Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі на два асобныя рэгіёны: Злучаных Штатаў і Канады, і аб злучэнні Мексікі і Цэнтральнай Амерыкі з Асамблеяй Паўднёвай Амерыкі", наш Святы Сінод ужо прыняў наступную меру: з увагі на тое, што спецыяльна, каб адказаць на гэты запыт і заняцца гэтым пытаннем, склікаць Сінаксіс Главаў Памесных Праваслаўных Цэркваў немагчыма, Усясветны Патрыярхат дашле фармалізаваныя Патрыяршыя лісты нашым улюбёным братам у Хрысце, Прадстаяцелям Памесных Праваслаўных Цэркваў, у якіх выражаем датычна Вашага запыту аб адпаведным падзеле і злучэнні згоду Канстанцінопальскай Царквы і чаканне агульнага кансэнсусу. 

(2) Па-другое, мы б хацелі выразіць нашую сардэчную малітву рэалізацыю рашэнняў, якія былі адзінагалосна прынятыя Вашай першай Епіскапскай Асамблеяй, у духу еднасці. Усё ж тое, што найбольш крытычна для нас як праваслаўных лідараў, - гэта ажыццяўленне багаслоўя і традыцыі, якія мы прынялі ад Айцоў Царквы, урэшце рэалізоўваць тое, пра што мы прапаведуем - неабходнасць еднасці Цела Хрыстовага, якое ніколі не раздзяляецца, і якое заўсёды злучаецца з мноства членаў, нават калі складае Ягоную Адзіную Царкву.

Зважаючы на тое, што гістарычны пяты Сінаксіс браў пад увагу і перадаваў вернікам ідэю, што, хоць мы ўдзячныя за еднасць, якую мы раздзяляем у вучэнні, у літургіі і ў духоўнасці, тым не менш, мы мусім таксама паважаць і адлюстроўваць гэтую еднасць ўнутрана ў нашым царкоўным жыцці і ладзе. І мы мусім адзначыць з усёй шчырасцю: часам мы з’яўляем вобраз недасканалай еднасці, як быццам мы - не адзіная Царква, а федэрацыяй нацыянальных цэркваў. Насамрэч, наш адзіны шлях ажыццяўлення і рэалізацыі такой еднасці палягае ў нашых канкрэтных высілках у добрай веры самааддана супрацоўнічаць дзеля большага дабра Праваслаўнай еднасці. Еднасць нашае Праваслаўнае Царквы не залежыць ад якіхсьці цэнтралізаваных ці знешніх уладаў, якія могуць навязваць любыя рашэнні. Наадварот, нашая еднасць залежыць, у першую чаргу, ад ласкі Божай і, адпаведным чынам, ад нашай самасвядомасці і нашай згоды як адказных праваслаўных епіскапаў у адпаведнасці з эклезіялагічнай і кананічнай тадыцыяй, пацверджанай сямю Святымі Ўсясветнымі Саборамі.

(3) Нарэшце, любыя браты, мы пакорліва перадаем Вам нашае бацькоўскае раджанне, каб вы не дазвалялі насенню нязгоды падвергнуць небяспецы тую канструктыўную працу, якой вы на сённяшні дзень дасягнулі. Будзьма супрацьстаяць кожнай спакусе раздзялення і пераадольваць усялякую тэндэнцыю да рэгіяналізму ці нацыяналізму. У Боскай літургіі мы молімся: "еднасці веры і лучнасці Святога Духа папрасіўшы, самі сябе, і адзін аднога, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу нашаму аддайма". Няхай гэтая еднасць веры і лучнасць Духа Божага будзе непарушным стырном для ўсіх нашых дзеяў і ўзаемадзеянняў.

Гэтая адданасць - гэта і нашае пакліканне звыш, але таксама і наш абавязак перад нашымі супольнасцямі. Бо, нашыя вернікі не толькі не мусяць быць абураныя нашымі пазіцыямі і дзеяннямі, скіраванымі на раздзяленне, але яны таксама маюць і спазнаць на досведзе едны адказ сваіх праваслаўных лідараў на важныя выклікі і пастарскую рэчаіснасць нашага часу.

* * *

Любыя браты, мы праўдзіва цешымся з вашага жадання знайсці сярод вашых занятых планаў і патраціць час, каб падарожнічаць у такую далячынь дзеля сённяшняй сустрэчы з намі.Мы шчыра высока цэнім тое, што вы прынялі запрашэнне наведаць Фанар, каб сустрэцца з намі асабіста. Бо з’яўляючыся самая вялікая паводле памеру і разнастайнасці, Епіскапская Асамблея ў Амерыцы можа ў шмат у чым служыць значным прыкладам і важнай мадэллю для той праваслаўнай еднасці па ўсім свеце, аб якой Прадстаяцелі Памесных Праваслаўных Цэркваў візію. І менавіта таму, кожны аспект і дэталь вашых рашэнняў і высноваў мае вялікі цяжар і пашыраную адказнасць.

Мы можам запэўніць Вас, што разам з іншымі Цэрквамі-Маці, якія ўступілі ў гэтае святое падарожжа ахавання праваслаўнай еднасці, Усясветны Патрыярхат сочыць з такой жа ўвагай і інтарэсам за агульнай эвалюцыяй у адпаведнасці з рашэннямі Перад-Саборных Пан-Праваслаўных Канферэнцыяў у дванаццацёх Епіскапскіх Асамблеях па ўсім свеце. Больш за тое, мы з радасцю атрымліваем праз Старшыню вашай уласнай Епіскапскай Асамблеі Ягоную Вялебнасць Архіепіскапа Дзмітрыя інфармацыю аб яе асаблівых выніках.

І вось, з вызвольнай ласкай Божай і Ягоным нязменным стырнаваннем, нашая заключаная мальба і надзея ў тым, каб мы маглі быць годнымі ў бачнай будучыні быць, як браты ў Хрысце, скліканыя на Святы і Вялікі Сабор, дзе б мы маглі стаяць “у любові адзін з адным, каб адзінадумна вызнаваць Айца, і Сына, і Святога Духа”.

Любыя браты, Хрыстос сярод нас. Амінь.

 

Официальный сайт Вселенского Патриархата

 

Пераклад з анельскай мовы - партал “Царква”.

Рубрыка: