Пасланне Архіепіскапа Канстанцінопаля-Новага Рыму і Ўсясветнага Патрыярха ВАРФАЛАМЕЯ на Раство Хрыстова

ЛАСКАЙ БОЖАЙ

АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКІ - НОВАГА РЫМУ

І ЎСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ

УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ

ЛАСКА, МІР І МІЛАСЦЬ АД ЗБАЎЦЫ ХРЫСТА, НАРОДЖАНАГА Ў ВІФЛЕЕМЕ

Хрыстос ізноў нараджаецца, і Ангелы зноў спяваюць:

“Слава на вышынях Богу, і на зямлі мір, у людзях - добрая воля!”

(Лк. 2:14-15).

Любыя браты і сёстры, дзеці ў Госпадзе,

Ангелы спяваюць гэтыя тры велічныя абвяшчэнні, ды, на жаль, большасць людзей, хаця і святкуюць Раство Хрыстова, не могуць зразумець значэння гэтага ангельскага спеву. Яны пытаюць самі сябе: хіба сапраўды сёння Бог праслаўляецца людзьмі і чаму належыць Яго ўслаўляць; дзе можна знайсці абвешчаны мір на зямлі і чаму сучасным людзям належыць жыць у добрай волі?

Сапраўды, - мноства людзей не ўслаўляе Бога - ані сваімі справамі, ані сваімі вуснамі. Многія ж наогул сумняюцца ў самім існаванні Бога і Яго прысутнасці ў іх жыцці. Багата хто нават ускладае на Бога адказнасць за тыя нягоды, што адбываюцца ў іх жыцці. Але тыя, хто такім чынам паўстае супраць Бога, глыбока памыляюцца, бо ад Яго не паходзіць ніякага зла. Наадварот, праз Уцялесненне Сына і Слова Божага з Ягонай любові да чалавека, і праз усе наступныя дзеі - Яго Укрыжаванне і Уваскрасенне - вернікі навяртаюцца да вобразу свайго першапачатковага хараства і атрымліваюць вечнае жыццё і мір, які пераўзыходзіць усякае разуменне, яны становяцца спадкаемцам вечнага Царства Божага. Гэтая дзея Божага Змалення, хаця і звязана з надзвычайным прыніжэннем, насамрэч ўжо сама па сабе вартая ўзнясення Яму хвалы. Нават калі сэрцы многіх людзей не ўслаўляюць Бога, але ж Яму, Які жыве на вышынях, хвала аддаецца - і ад усяго стварэння, і ад тых людзей, якія зразумелі тое, што адбылося. Таму і мы з удзячнасцю ўсклікнем з Ангеламі: “Слава на вышынях Богу” - за велічныя справы Яго і невымерную любоў Яго да нас.

Выклікае збянтэжанасць і другое абвяшчэння Ангелаў: “і на зямлі мір”. Як жа можна адшукаць на зямлі мір, калі амаль палова планеты ці рыхтуецца, ці ўжо ўдзельнічае ў вайне? Салодкагучнае ангельскае абвяшчэнне “на зямлі мір” -  гэта, безумоўна, у першую чаргу, Божае абяццанне: калі б людзі пайшлі тым шляхам, які адкрывае ім народжанае Немаўля, яны б дасягнулі і ўнутранага міру, і мірнага чалавечага супольнага жыцця. Але, на жаль, большую частку людзей заахвочвае і вабіць бой вайсковых барабанаў, і чуць абяцанні мірнага жыцця для іх - гэта цяжар. Гаворка ідзе, вядома, не толькі пра тых, хто распальвае ўзброеныя ваенныя канфлікты, але галоўным чынам пра ўсіх тых, хто пераўтварае высакароднае спаборніцтва ў канфлікт супраць іншых людзей, хто ставіць на мэту знішчэнне праціўніка. У гэтым сэнсе, вайна ў рэчаіснасці можа ўспрымацца як вайна паміж чальцамі спаборных грамадскіх групаў і рознага кшталту фракцыяў: этнічных, партыйна-палітычных, прафесійных, эканамічных, ідэалагічных, рэлігійных, спартовых і інш. А ў псіхалогіі чальцоў гэтых групаў фармуецца схільнасць да вайны, а не да міру, як павінна было б быць. Гэта, аднак, не адмяняе праўдзівасці ангельскага абвяшчэння: праз Раства Хрыстова, праз прыняццё Яго вучэння мір усё роўна запануе на зямлі. Хрыстос прыйшоў у гэты свет і прынёс мір, і калі гэты мір не заваладарыць ў свеце, то за гэта адказнасць нясе не Бог, які прынёс яго, а людзі, якія гэты мір не прынялі і якія не жадаюць жыць у адпаведнасці з ім.

З-за такой пазіцыі сучасных людзей у дачыненні да Бога і да прынесенага Ім міру, не выклікае здзіўлення той факт, што добрая воля таксама рэдкая ў людзях. Добрая Боская прыхільнасць да людзей - гэта дар, і добрыя наступствы гэтай любові ажыццяўляюцца не толькі праз усіх людзей агулам, але і асабліва ўспрымаюцца тымі, хто на справе прымае згаданыя ангельскія абвяшчэнні. Наадварот жа, для тых, хто іх адрынае, але прыгнятае і знішчае іншых людзей, наступствы перажываюцца як крызіс уціску і неспакою, крызіс эканомікі  і самога сэнсу жыцця і, нарэшце, як экзістыйная няпэўнасць.

Любыя браты і сёстры, дзеці ў Госпадзе,

Такім чынам, усё тое добрае, абвешчанае Ангеламі пра Раство Госпада, існуе і сёння, і ў паўнаце адчуваецца тымі, хто верыць у Ісуса Хрыста як Богачалавека і Збаўцу свету. Гэтак, пачынаючы з гэтага года, будзем жа і мы перажываць Раство Хрыста так, як даспадобы Дабрадзею Богу, каб і нам перажыць на зямлі і ў нашых сэрцах найвышэшы мір і поўную любові Божую добрую волю да нас. Дык станем жа і мы сапраўднымі асобамі, што лучацца ў любові і з Богам, і з людзьмі, пераўтварыўшыся з індывіда ў асобу. Сарвем жа з сябе аблічча эгаістычнага індывіда, разлучанага і ачужанага ад Бога і Яго вобраза, нашага брата, бліжняга, і ажыццявім сваё прадвызначэнне, гэта значыць, падабенства да Бога праз дзейсную нашу ў Яго веру. Дык станем жа і мы вестунамі ангельскіх воклічаў да чалавецтва, якое цяжка пакутуе і не ў стане набыць мір і добрую волю звычайнымі чалавечымі сродкамі. Адзіны шлях выхаду з крызісу - і ваеннага, і эканамічнага, і крызісу ўсяго стварэння - гэта Госпад наш Ісус Хрыстос, якія нас запэўніў, што Ён ёсць Шлях, Ісціна і Жыццё. Дык вось, усхваляйма ж усім сэрцам Ісуса Хрыста, Які жыве на вышынях і дзеля нас спусціўся з іх, каб жыць сярод нас; і разам з Ангеламі абвяшчайма, што мір дасяжны і сапраўды знаходзіцца на зямлі, а найбольш - у сэрцах нашых, бо мы прымірыліся з Богам, як ён пажадаў, калі ўцялесніўся ў Растве Сваім у Яслях.

І вось, любыя браты і сётры, дзеці ў Госпадзе, будзем жа і мы жыць у радасці Раства Ісуса Хрыста, і ў прадчуванні тых прыгатаваных чалавеку дабротаў, якія прапаведуе траістае ангельскае абвяшчэнне.

 

Няхай будзе так!

 

Фанар

Раство Хрыстова 2011

+Варфаламей Канстанцінопальскі

Ваш гарачы хадайнік перад Богам

Рубрыка: