Нацыянальнае царкоўнае адраджэнне: дзеля чаго?

Як раз перад святам Тройцы трапілася мне на вочы публікацыя аб гэтым свяце, які, як вядома, мае народную назву Семуха. І вось, аказваецца, што гэта за свята:

Сёмуха — нядзеля, якою завяршаецца сёмы тыдзень пасля Вялікадня, гэта старажытнае земляробчае свята славянскіх народаў. У аснове свята — культ зеляніны (заканчэнне веснавых палявых работ), шлюбу і продкаў. Лакальная назва свята – Зелянец («На Зелянец вясны канец»).

І далей у тым жа духу. Не думайце, што гэта цытата з сайта нейкіх паганцаў ці нават з калонкі свецкага выдання, якое па звычаю скармлівае чытачу цоць якую экзотыку, у тым ліку і на фальклорныя тэмы. Іх зразумець можна – чым-то ж трэба абнаўляць паласы навінавага выдання. Ды і не вельмі яны спяцы, як правіла, у рэлігійнай тэматыцы.

Але не, гэта ўсе апублікавана на афіцыйным сайце Петра-Паўлаўскага сабора г. Мінска, а дакладней – у падзеле Брацтва Трох Віленскіх пакутнікаў. Звесткі аб іншых святах там таксама падаюцца ў такім жа духу.

Брацтва Трох Віленскіх мучанікаў сумесна з Петра-Паўлаўскім саборам зрабілі вельмі шмат дзеля нацыянальна-беларускага адраджэння ў царкве. Пераклады Святога Пісання і богаслужэння, арганізацыя самога набажэнства, выданне царкоўных календароў на беларускай мове... Гэтыя заслугі бясспрэчныя. Аднак, як бачым, побач з усім гэтым, вось такія публікацыі на сайце...

Існуе яшчэ і абрад «ваджэння куста», які мае, як і ўсе сёмушныя ўрачыстасці, аграрны і сямейна-шлюбны змест. Маладую дзяўчыну ўпрыгожваюць галінкамі («маем»), і дзявочым гуртам абыходзяць двары з песнямі. «Куставыя» песні маюць велічальны характар і, паводле народных уяўленняў, спрыяюць добраму ўраджаю, замужжу дзяўчат, якім адрасуюцца песні.

Не трэба быць вялікім багасловам, каб разумець – такія «набожныя абрады» не толькі не маюць нічога агульнага з царквой і хрысціянскай верай, але і прама супрацьстаяць ей. Чаму царкоўныя людзі не бачаць гэтага, чаму яны так «ташчацца» ад гэтых «забытых традыцый», ўпадаючы ў нейкую відавочную летуценнасць, бо выкананне некаторых абрадаў у цяперашні час магчымыя толькі ў фантазіях:

3 Міколавага дня, напрыклад, трэба паспяшацца пастрыгчы авечак, пакуль яны не пачалі ліняць: «Да Міколы не сей грэчкі, не стрыжы авечкі».

Ну так, адразу пасля літургіі ў Петра-Паўлаўскім саборы пабеглі па кватэрах авечак стрыгчы.

Так чым жа растлумачыць такую любоў да паганскіх, па сутнасці, традыцый? Ды проста – гэта наша, роднае, тое, што ў нас знішчылі. Пачынаецца са зразумелага пункту адліку: у нас была свая царкоўная традыцыя, але потым была задушаная маскоўскай экспансіяй і уніфікацыяй царкоўнага вопыту пад выключна маскоўскае праваслаўе. Цяпер задача - адраджаць! І не, кааб падумаць, што з многімі з «традыцый» і сама царква, маскоўская ці беларуская, заўседы змагалася. Ды і проста, з прычыны развіцця цывілізацыі, неяк значна менш стаіць праблема своечасовай стрыжкі авечак. І мы хаваемся ўжо не столькі ад «маскоўскай экспансіі», колькі наогул ад сусветнай цывілізацыі.

У сувязі з гэтым феноменам падумалася і пра троху іншае: што значыць навогул нацыянальнае адраджэнне ў царкве, які сэнс мы ўкладваем у гэта? Бо пры падобных знешніх прыкметах вынікі могуць быць не толькі рознымі, але і процілеглымі.

Давайце ўзгадаем простую ісціну – хрысціянская царква саборная. Прасцей кажучы, усеагульная. Толькі усеагульная не за кошт татальнай уніфікацыі па адзінаму ўзору, а за кошт складання з самых розных частак у адзіны будынак. Адзін вопыт дапаўняецца і папаўняецца багаццем многіх. І ў кожнай з разнастайных кропель у аснове тое ж рэчыва, што напаўняе ўсё мора. Гэта рэчыва – дагматы хрысціянскай веры. Усе астатняе – паліфанія, якая сведчыць аб універсальнасці хрысціянства, аб яго жыццяздольнасці на глебе любога нацыянальнага і наогул прыватнага вопыту.

Але есць такая бяда, нават ерась ў царкве як філетызм. Вельмі часта нацыянальныя цэрквы ўпадаюць у спакусу перабольшання, а то і абсалютызацыі сваёй і толькі сваей нацыянальнай традыцыі. Гэта тычыцца не толькі маскоўскага праваслаўя, але нам, натуральна, канкрэтна шчыміць менавіта ад маскоўскага царкоўнага філетызма. Бо нездарма многія праваслаўныя ўпэўненыя, што праваслаўе гэта «руская вера», гэта выключна РПЦ. Усе астатняе – чужое і сумнеўнае. І гэта не толькі ад элементарнай непісьменнасці. Гэта кантэкст, які прысутнічае на ўсіх узроўнях Рускай Праваслаўнай Царквы. Адсюль і нараджэнне ідэі «рускага свету». Усе вельмі проста: калі мы і толькі мы сапраўдная царква, то «рускае» гэта нешта большае, чым нацыя, гэта тоесна самой хрысціянскай веры, а таму і павінна быць місія, распаўсюджванне за нацыянальныя межы...

Дарэчы, у самой гісторыі развіцця ідэі «рускага свету», як у люстэрку, адбіваецца гэтая тэндэнцыя да абсалютызацыі свайго вопыту і уніфікацыі пад яго ўсяго іншага. Бо ідэя «рускага свету» магла б мець зусім іншае напрамак. Бо і на самай справе руская царкоўная традыцыя распаўсюдзілася далёка за межы Расеі. Дастаткова сказаць, што на яе падмурку вырасла цэлая аўтакефальная Праваслаўная Царква ў Амерыцы. Існуе Экзархат рускай традыцыі ў Еўропе пад юрысдыкцыяй Канстанцінопальскага Патрыярхату. Усе гэтыя чысцінкі рознага вопыту, у розных краінах, з рознымі нацыямі, сабраныя месцы, маглі б скласці сапраўднае багацце. Замест гэтага – падмяць усё пад нас, толькі мы самыя правільныя. Адбярэм храмы, дзе можна, пабудуем свае пабольш ды багацей, каб ішлі да нас. Так было з адабраным у Рускага экзархата саборам у Ніцы, так робіцца ў Парыжы, дзе ў планах будаўніцтва вялікага царкоўнага комплексу для РПЦ.

Дык вось, трэба памятаць, што галоўная мэта нашага нацыянальнага адраджэння гэта перш за ўсе вызваленне ад прыгнету філетычнай экспансіі, адстойванне права на ўласную традыцыю, стварэнне мясцовай альтэрнатывы, але зусім не для таго, каб гэтая мясцовая альтэрнатыва стала новым, хай маленькім, але «сваім» замкнёным у сабе абсалютам. Мы імкнемся да самастойнасці не ў імя аддзялення, а як раз у імя далучэньня. І шукаем выйсця з камеры не для таго, каб пабудаваць сваю камеру і зачыніцца ў ёй, а каб здабыць сваю кватэру на роўных з іншымі кватэрамі ў вольным агульным доме саборнай хрысціянскай царквы.

Пятро Сівалап

Рубрыка: