Тэлемост Мінск-Ватыкан

1 сакавіка 2008 г у 18 гадзін з нагоды VI Еўрапейскага дня студэнтаў у арцыкатэдральным саборы Найсвяцейшай Марыі Панны ў Мінску пройдзе малітоўны тэлемост, які ўпершыню ў гісторыі каталіцкага касцёлу ў Беларусі злучыць між сабою Мінск і Апостальскую Сталіцу, паведамляе прэс-служба Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

Тэлемост праводзіцца штогод пад час Вялікага посту, каб у ружанцовай малітве злучыць з папам Рымскім моладзь розных краін свету. У гэтым годзе ў малітве будуць удзельнічаць маладыя людзі з Румыніі (Бухарэст), Італіі (Неапаль), Францыі (Авіньён), Гішпаніі (Таледа), Вялікабрытаніі (Эдынбург), ЗША (Нью-Ёрк), Кубы (Гавана), Бразіліі (Апарэсіда), Мексікі (Мехіка), Эквадора (Лоха) і Беларусі (Мінск).З беларускага боку правядзенне тэлемоста будзе забяспечваць Белтэлерадыёкампанія.

Пра пэўныя дэталі і гісторыю тэлемоста распавядалася на прэсавай канферэнцыі мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, якая адбылася ў аўторак, 26 лютага. У мінскай Катэдры будзе ўсталявана 8 плазмавых тэлеэкранаў, а яшчэ адзін, вялікі святладыёдны экран размесціцца звонку храма. Сігнал з 5-ці тэлекамераў у Мінску будзе перадавацца для мантажу ў Ватыкан, а адтуль ужо канчаткова сфармаваная перадача мае транслявацца ва ўсе гарады. У Мінску будзе арганізаваны пераклад з ангельскай, гішпанскай, партугальскай і французскай моваў.

Падрыхтоўчыя мерапрыемствы і набажэнства пачнуцца а 17-й гадзіне, а сам тэлемост – а 18-й, з перадачы вітанняў ад усіх гарадоў-удзельнікаў па чарзе. Апошняе вітанне будзе з Мінску. Пасля, блізу 19 гадзінаў, да тэлемоста далучыцца папа Бенедыкт XVI. Пачнецца набажэнства, першыя словы якога будуць перададзеныя з Беларусі. Па заканчэнні тэлемоста каталіцкая моладзь застанецца ў саборы і ў малітоўным настроі правядзе там вечар і ноч.

Упершыню такі мост з папам быў праведзены ў 2002 г, тады адным з ягоных гарадоў-удзельнікаў была Масква. Падзея мела вялікі розгалас у Расіі. Телемост асвятляла калі 60-ці СМІ, сярод якіх –15 тэлеканалаў. Як заўважыў Тадэвуш Кандрусевіч, той тэлемост нават называлі «віртуальным візітам папы ў Расію». Пазней, у 2006-м годзе, у падобным тэлемосце браў удзел Санкт-Пецярбург. З былых краін Савецкага Саюза праз тэлемост папу віталі таксама студэнты Кіева і Вільні.

Як мяркуе галава беларускіх каталікоў, тэлемост з Ватыканам мае не адно рэлігійную, але і вялікую культурную, а нават дзяржаўную значнасць. Ён мае спрыяць папулярызацыі беларускай мовы і паляпшэнню міжнароднага іміджа Беларусі.

Узяць удзел у тэлемосце можа кожны, хто пажадае, незалежна ад веравызнання. Для тых, хто не здолее змясціцца ў храме, будзе працаваць вялікі тэлеэкран на вуліцы. Па тэлевізійных каналах тэлемост транслявацца не будзе. Нагадваем, мерапрыемства пачнецца ў 17.00 у суботу,1-га сакавіка.

Пераклад на беларускую мову А.К.

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: