З 1 ліпеня па 1 верасня ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі пройдзе выстава беларускіх народных абразоў

Як паведамляе сайт Віцебскага абласнога краязнаўчага музею, 1 ліпеня ў ім адкрыецца выстава, на якой з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту (што ў Строчыцах) будзе прадстаўлена звыш 30 унікальных народных абразоў Заходняга і Усходняга Палесся, Падняпроўя XIX – п.XX стагоддзяў.

Па словах даследніцы беларускага іканапісу В. Кірыльчук, народныя ці, як іх яшчэ называюць, "прымітыўныя" іконы сталі з'яўляцца на нашых землях пачынаючы з XVII ст. у выніку дэмакратызацыі культавага мастацтва. Народная творчасць у іканапісе праяўлялася ў стварэнне надзвычай немудрагелістых абразоў, у якіх выяўленчыя сродкі часам зведзеныя да знаку-сімвалу, каляровай пляме, безумоўна зразумелых селяніну, асноўнаму ўладальніку такіх іконаў. Для "прымітыўных" абразоў характэрныя яркія каляровыя сугуччы, парушэнне рэальных прапорцыяў, акцэнт на нейкай адной фігуры, дэталі. Простасць выканання такіх іконаў адпавядала ўяўленням простага чалавека пра вышэйшыя сілы. Адцягнутыя вобразы Багародзіцы, Ісуса Хрыста, святых атрымлівалі падабенства з канкрэтнымі асобамі, гаворачы на мове чалавечых пачуццяў і эмоцыяў, што вызначыла запатрабаванасць і папулярнасць народнай іконы.

На выставе будуць прадстаўленыя такія вядомыя абразы, як "Нараджэнне Хрыста", "Каранаванне Дзевы Марыі", "Маці Божая з Ісусам Хрыстом і Янам Хрысціцелем", а таксама шэраг іканаграфічных выяваў святых і Божай Маці. Народныя іконы, магчыма, далёкія ад высокага акадэмічнага мастацтва, аднак з'яўляюцца аўтэнтычным скарбам духоўнасці беларусаў.  

 

Выстава працягнецца да 1 верасня.

 

 

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: