60 праваслаўных вернікаў-беларусаў звярнуліся да Патрыярха Маскоўскага Кірыла з нагоды яго віншавання А.Лукашэнку

Напярэдадні Раства 60 праваслаўных вернікаў-беларусаў звярнуліся да Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з нагоды яго віншавання А. Лукашэнку з перамогай на выбарах. У Звароце, накіраваным ад імя вернікаў на адрас іерарха, у прыватнасці, выказваецца занепакоенасць, што лідэр Рускай Праваслаўнай Царквы даслаў свае віншаванні ў сітуацыі, калі вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднымі структурамі і дэмакратычнымі краінамі, а таксама адбыўся жорсткі разгон мірнай маніфестацыі нязгодных з тым, як гэтыя выбары праводзіліся, у выніку чаго больш за 600 чалавек былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці, а альтэрнатыўныя кандыдаты на пасаду прэзідэнта і іх паплечнікі змешчаныя пад варту ў СІЗА КДБ.

Праваслаўныя беларусы адзначылі, што чакаюць ад Патрыярха, каб яго пазіцыя як Прадстаяцеля ўлічвала інтарэсы ўсіх слаёў грамадства, у першую чаргу тых, якія знаходзяцца пад уціскам; а таксама каб такая пазіцыя была прадыктаваная хрысціянскім сумленнем і каштоўнасцямі, а не палітычнай кан'юктурай і геапалітычнымі інтарэсамі.

Ліст падпісалі прыхажане, выпускнікі багаслоўскіх навучальных установаў, царкоўныя дзеячы. Паводле словаў ініцыятараў Зварота, паставіць свае подпісы пад адкрытым лістом пажадалі таксама некаторыя семінарысты і святары Беларускай Праваслаўнай Царквы, аднак было вырашана гэтыя падпісы не адкрываць з-за рызыкі рэпрэсіяў супраць падпісанатаў з боку мясцовых царкоўных і свецкіх уладаў.

Гэты ліст стаў адным з шэрагу зваротаў да царкоўных уладаў з боку праваслаўных вернікаў, занепакоеных сітуацыяй у краіне. Зварот выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадстве: так, некаторыя сцвярджаюць, што яго танальнасць занадта радыкальная, іншыя, наадварот, што лісту радыкальнасці бракуе.

Апроч дадзенага звароту трэба таксама адзначыць наступныя:

- Адкрыты ліст да Патрыярха ўсяе Русі Кірыла Вольгі Іпатавай

- Лісты Таццяны Міхайлоўскай, сем'яў Андросік, Арэшкаў, Ваюшыных, Коваль, Мартыненка, Мяльгуй, Супрановіч, старшыні Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Міколы Матрунчыка, прыхажанкі Свята-Петра-Паўлаўскага сабору ў г. Мінску Ганны Дораш, надрукаваныя ў газ. "Царкоўнае слова" №52, 2010

- Зварот да Мітрапаліта Філарэта старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва

- Ліст да Мітрапаліта Філарэта Рамана Абрамчука

Рубрыка: