У мінскім Чырвоным касцёле адкрылася выстаўка ў гонар першадрукара Францыска Скарыны

Выстаўка, аб якой  паведамляе партал Catholic.by, адкрылася ў дольным касцёле Чырвонага касцёла ў Мінску перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

Выстаўка будзе складацца з карцін мастакоў-удзельнікаў мастацкіх пленэраў імя Яна Хруцкага, якія праходзілі ў 2015 і 2016 гг. у Полацку пры грэка-каталіцкім храме св. Параскевы Полацкай.

Выстаўка мае назву «Горад Францыска Скарыны вачыма мастакоў» і з’яўляецца знакам пашаны да славутага полацкага перакладчыка і друкара Бібліі.

Духоўная спадчына Францыска Скарыны — выданне Бібліі ды іншых малітоўных тэкстаў на старабеларускай мове — упісваецца ў вялікі евангелізацыйны подзвіг святых братоў Кірыла і Мятода, якія прынеслі славянам Божае слова.

А 500 гадоў таму Францыск Скарына — чалавек веры, руплівы хрысціянін —пачаў друкаваць на тагачаснай мове нашых земляў Біблію «Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению».

«Над духоўным подзвігам Францыска Скарыны і духоўнымі скарбамі ягонага горада — Полацка, разважалі ў межах пленэраў у 2015 і 2016 гг. мастакі, якія гасцілі ў Полацкай грэка-каталіцкай парафіі. Сёлета плён тых пленэраў прадастаўляем для духовага асэнсавання жыхарам Мінска», — сказаў а. Аляксандр Шаўцоў, настаяцель грэка-каталіцкай парафіі ў Полацку.

«Як вядома, Ян Хруцкі быў сынам грэка-каталіцкага святара. Таму духоўная спадчына Францыска Скарыны нам асабліва блізкая», — дадаў а. Аляксандр.

Адкрыццё выстаўкі адбылася 12 лютага (уваход вольны).

Конфессии: 
Страны: 
Рубрыка: