"Галоўны турэмны святар: можна дараваць любы грэх". Інтэрвію з а. Васілём Літвінкам

 

На размову з айцом Васілём Літвінкам мы дамаўляліся доўга. Старэйшы турэмны святар Беларускага Экзархату не надта ахвоча размаўляе з журналістамі, кажа, што ўсялякае пісалі пра яго. Але ўрэшце айцец Васіль пагадзіўся на інтэрв’ю і запрасіў да храму Аляксандра Неўскага, што на мінскіх Вайсковых могілках, дзе ён служыць.

У такой атмасферы, у атачэнні надмагілляў і ў цішы закрыстыі, мы размаўлялі ўпаўголаса, айцец Васіль не пазбягаў адказваць на прыватныя пытанні, а пры адказе заўжды ўздымаў галаву і прымружваў вочы, дакладна і ясна выкладаючы свае думкі.

- Што ўваходзіць у вашыя абавязкі як старэйшага турэмнага святара?

- Я наведваю СІЗА №1 у Мінску. Свае абавязкі выконваю ў месцах пазбаўлення волі па ўсёй Беларусі.

- Колькі год вы ўжо на гэтай пасадзе?

- У турму хаджу з 1994 году, як старэйшы турэмны святар - з 1998-га.

- Выходзіць, што ўжо 14 год вы штодня трапляеце за краты. Наколькі гэта маральна цяжка?

- Што лёгка, не скажаш, але ж гэта мой абавязак. З гісторыі ведаем, што як толькі арганізавалася царква, былі і турмы. І шмат якія святыя, якіх мы ўшаноўваем, таксама прайшлі турмы. І гэтыя святыя месца перабывання ў турме зрабілі месцам казанняў. Мы – іх паслядоўнікі. І мы ідзем у турмы, каб несці слова Божае ўсім, хто мае ў ім патрэбу.

- Ці часта вы сустракаеце сярод зняволеных шчырых вернікаў?

- Сілу веры вызначыць цяжка. Але ў такіх экстрымальных сітуацыях часта звяртаюцца менавіта да Бога. Цяпер шмат хто кажа, што хрышчаны, але не кожны жыве Богам і царквою. У цяжкай сітуацыі чалавек якраз звяртае ўвагу на гэта.

- Але што адбываецца па вызваленні, калі чалавек прыйшоў да веры менавіта ў турме?

- Мітусня жыцця паглынае чалавека. Бывае, што некаторыя трапляюць у зняволенне другі і трэці раз. Але застаюцца і тыя, хто захоўвае вернасць Богу, працягвае хадзіць у царкву і па вызваленні.

- Цікава, а ці адзначаюць у турме праваслаўныя святы?

- Канешне. Праводзім набажэнствы, праўда, у першы дзень цяжка, бо кожны з святароў задзейнічаны і ў сваім прыходзе. Але служым на наступны дзень, святы ў турме поўняцца сустрэчамі, канцэртамі, зняволеныя атрымліваюць падарункі.

- Магу толькі ўявіць, пра якія злачынствы вам даводзілася чуць на турэмныя споведзях. Ці ёсць усё ж учынак, які нельга дараваць?

- Чалавек, можа, нешта і не даруе. Дараваць не кожны здольны. Усё залежыць ад самога чалавека – ці ўсвядоміць ён, ці прынясе плён, варты пакаяння. Але няма такога граху, які бы не дараваў Госпад.

- Не сакрэт, што з усіх еўрапейскіх краінаў толькі ў Беларусі караюць на смерць. Якое ваша стаўленне да гэтага?

- Царква была, ёсць і, пэўна, будзе супраць смяротнага пакарання. Царква заўжды за выпраўленне, перавыхаванне чалавека, магчыма што і ў месцах пазбаўлення волі. Жыццё – дар Божы. Чалавек не можа ўзяць на сябе права распараджацца жыццём ці пазбаўляць жыцця іншага.

- Але ж дзяржава зацвердзіла такое пакаранне…

- Дзяржава мае права прымаць такія законы, з дапамогай якіх яна можа абараніць свой народ ад усіх магчымых замахаў на жыцці, ад гвалту, забойстваў і рабаванняў. А дзяржава – гэта нашыя браты і сёстры. Яны лічаць, што так трэба.

- Але ж ці можа выправіцца чалавек, які здзейсніў жахлівае злачынства?

- Можна дараваць кожны грэх. Для гэтага трэба моцнае жаданне самога грэшніка.

Радыё Рацыя

Сяргей Будкін

Рубрыка: