БЕЛАРУСЬ: палітзняволеным адмаўляюць у свабодзе сумлення

 

Беларускія і міжнародныя законы адстойваюць права зняволеных і затрыманых на пастырскія візіты, супольныя богаслужэнні і рэлігійную літаратуру. Але нядаўнія вязні сумлення распавялі Форуму 18 пра свой уласны досвед парушэнняў гэтага права. Артуру Фінькевічу дазволілі наведаць каталіцкую імшу толькі тры разы цягам 18 месяцаў у зняволенні. “Нават нягледзячы на тое, што я пастаянна пісаў заявы. Я думаю, што яны разглядалі такі недазвол як частку майго перавыхавання”. Затрыманы ў Мінску з 21-га студзеня палітзняволены Андрэй Кім не меў “ніякага адказу” на сваю заяву з просбай аб наведанні пратэстанцкім пастарам, гэта Форуму 18 паведаміля ягоная маці. Адзін з палітзняволеных распавёў, што зняволеных праваслаўных і каталікоў прымушалі працаваць на Пасху і Раство. Беларускія чыноўнікі сцвяржаюць, што свабода сумлення зняволеных паважаецца. На дадзены момант у Беларусі няма ніводнага зняволенага выключна за свае рэлігійныя перакананні.

Да нядаўняга часу вернікі, зняволеныя праз сваю палітычную дзейнасць, паведамлялі Службе навінаў Форуму 18, што звычайна іх права на богаслужэнне не парушалася, хаця і было нейкім чынам абмежаванае. У некаторых выпадках можна меркаваць, што гэтыя абмежаваннi наўмысна перавышаюць тыя, што перажываюць звычайныя зняволеныя. Усе былыя палітвязні, з кім размаўлялі прадстаўнікі Форуму 18, прызнаныя вязнямі сумлення Міжнароднай Амністыяй.

У Беларусі палітычныя апазіцыйныя дзеячы – асабліва маладыя – часта грунтуюцца на хрысціянскіх каштоўнасцях і ідэях. ( гл. Навіны Форуму 18 за 29 лістапада 2006 г., (па-ангельску).

Ратыфікаваны Беларуссю ў 1976 г. прыняты ААН Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычны правах сцвярджае: “Усе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці, належнай чалавечай асобе” (пар. 1 арт. 10). У прыватнасці, гэта тычыцца тых, хто знаходзіцца лагерах утрымання ці папраўчых установах (агульны 21-ы каментар гэтага самага артыкула).

Сярод іншых адпаведных стандартаў ААН трэба ўзгадаць прынятыя ў 1955 г. Мінімальныя стандартныя правілы абыходжання са зняволенымі, якія сцвярджаюць: “Зняволеных нельга пазбаўляць магчымасці доступу да кваліфікаваных прадстаўнікоў любога веравызнання” (ч.3, прав. 41). Правілы таксама агаворваюць, што “ў межах магчымага, кожны зняволены мусіць мець магчымасць задавальняць свае рэлігійныя патрэбы, беручы ўдзел у рэлігійных абрадах у межах ягонай установы і маючы ў распараджэнні рэлігійныя пісанні, уласцівыя ягонаму веравызнанню” (прав. 42).

19-га сакавіка прадстаўнік Дэпартаменту выканання пакаранняў Міністэрства Ўнутраных спраў запэўніў Форум 18, што ўсе зняволеныя ў Беларусі маюць магчымасць роўнага доступу да рэлігійнай дзейнасці незалежна ад здейсненага імі злачынства. Ён скіраваў Форум 18 да арт. 12 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, які гарантуе свабоду веравызнання: “Усе неабходныя ўмовы створаныя”.

Правілы ўнутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрымання, зацверджаныя Пастановай Міністэрства Ўнутраных спраў у 2004 г., – галоўным чынам для тых, хто чакае судовага разбіральніцтва, – забяспечваюць магчымасць наведання зняволеных служыцелямі рэлігійных культаў зарэгістраваных рэлігійных арганізацый з дазволу асобы ці органа, якія вядуць крымінальны працэс. Афіцыйны прадстаўнік Дэпартаменту выканання пакарання сцвердзіў Форуму 18, што забеспячэнне свабоды веравызнання адбываецца практычна аднолькава і ў дачыненні асуджаных, і датычна тых, хто ўтрымліваецца пад вартай у часе следства.

Андрэй Кім на дадзены момант утрымліваецца ў Мінскім СІЗА №1. Ён звярнуўся з заявай аб пастырскім візіце некалькі тыдняў таму, але не атрымаў “абсалютна ніякага адказу”, гэта паведаміла 18-га сакавіка Форуму 18 ягоная маці. Таццяна Кім спрабуе арганізаваць візіт пратэстанцкага пастара да яе сына, які вызначае сябе як па-заканфесійнага хрысціяніна: “Але няясна, ці будзе гэта дазволена”.

22-х гадовы Андрэй Кім першапачаткова атрымаў адміністратыўнае пакаранне ў выглядзе дзесяцідзённага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай дэманстрацыі, якію ладзілі прадстаўнікі індывідуальных прадпрымальнікаў у Мінску 12-га студзеня 2008 г. Пасля ён быў абвінавачаны паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу – “супраціў супрацоўніку міліцыі спалучаны з гвалтам альбо пагрозай гвалту”, максімальнае пакаранне за які – 5 год пазбаўлення волі. Паводле словаў ягонае маці, судовае разбіральніцтва па справе Кіма адбудзецца ў канцы сакавіка – пачачтку красавіка. У апеляцыі ад 26-га лютага ягоныя паплечнікі абвяргаюць крымінальнае абвінавачанне.

Аляксандар Здзвіжкоў, вызвалены 22-га лютага 2008 г., падобным жа чынам падаваў тры заявы с просьбай аб пастырскім візіце праваслаўнага святара – двойчы, знаходзячыся ў спецтурме КГБ, і аднойчы ў СІЗА №1 у Менску. “Але я не атрымаў адказу”, - сказаў ён 18-га сакавіка Форуму 18. Паводле словаў Здзвіжкова, ягоны маленькі срэбны крыжык быў таксама сканфіскаваны на час ягонага знаходжання ў турме КГБ.

49-гадовы Аляксандар Здзвіжкоў, намеснік галоўнага рэдактара газеты, быў вызвалены пасля таго, як ягоны трохгадовы тэрмін зняволення быў зменшаны да трох месяцаў, перыяду, які ён ужо адбыў. Ён быў асуджаны 18-га студзеня 2008 г. паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу – “распальванне расавай, этнічнай і рэлігійнай варажнечы” – за публікацыю карыкатураў на прарока Мухамеда ў лютым 2006 г. Пакаранне была падвергнутае крытыцы з боку беларускага мусульманскага лідара Ісмаіла Варановіча, а таксама Міклаша Храсці, прадстаўніка па свабодзе СМІ Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).

Паводле Правілаў унутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрымання, зацверджаных Пастановай Міністэрства Ўнутраных спраў у студзені 2004 г., у прыватнасці, зняволеным дазваляецца захоўваць асабістыя рэлігійныя прадметы кішэннага памеру, вырабленныя не з каштоўных матэрыялаў.

Артур Фінькевіч, каталік паводле веравызнання, правёў цэлыя сем месяцаў у двух СІЗА ў Мінску і Магілёве, горадзе на ўсходзе Беларусі. Цягам гэтага часу ў ізалятары часовага ўтрымання ніводнай канфесіяй не рабілася пастырскіх візітаў, гэта А. Фінькевіч паведаміў 12-га сакавіка Форуму 18.

23-х гадовы актывіст апазіцыйнай арганізацыі Малады Фронт Артур Фінькевіч быў затрыманы ў студзені 2006 г. за графіці супраць Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Атрымаўшы двухгадовы тэрмін у траўні таго ж году, ён знаходзіўся 16 месяцаў ў калоніі адкрытага рэжыму ў Магілёве. У кастрычніку 2007 г. ён быў абвінавачаны ў парушэніі ўнутранага распарадку калоніі і пераведзены ў ізалятар. Фінькевіч быў прысуджаны да далейшага васемнаццацімесячнага тэрміну ў звычайнай турме ў снежні 2007 г., але быў вызвалены 5-га лютага 2008 г., калі гэтае пакаранне было адмененае.

“Наведанне святаром – гэта нешта выключнае для ізалятара, але гэта звычайная справа ў турме,” – адзначыў 13-га сакавіка Фуруму 18 Алег Гулак, прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэта. – “Тэарэтычна гэта магчыма, але атрымліваецца гэта цяжэй, бо патрэбны дазвол следчага і адміністрацыі. Наогул,” – як гаворыць А. Гулак, - “следчы ізалятар мае нашмат больш жорсткія ўмовы.”

Як высветліў Форум 18, тое самае тычыцца богаслужэнняў. Артур Фінькевіч адзначыў, што ні ў мінскім, ні ў магілёўскім ізалятарах такой магчымасці не было. Тое ж можна сказаць і пра ізалятар ў Баранавічах, дзе знаходзіўся 9-26-га верасня 2007 г. Павал Севярынец, праваслаўны хрысціянін, пра што ён 14-га сакавіка паведаміў Форуму 18. “Мне дазвалялі слухаць радыё-трансляцыю каталіцкай імшы ў нядзелю – гэта ўсё”.

31-гадовы Павал Севярынец – дзеяч Маладога Фронту і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Прысуджаны да трох год ў калоніі адкрытага рэжыму ў сярэдзіне 2005 г. за арганізацыю несанцыянаванай дэманстрацыі апазіцыі, быў датэрмінова вызвалены ў траўні 2007 г.

У Мінскім СІЗА №1, паводле словаў Аляксандра Здзвіжкова, ёсць пакой, дзе “час ад часу” праваслаўны святар ажыццяўляе богаслужэнні. Але самому А. Здвіжкову наведваць іх не дазвалялася.

Зняволеныя ў мінскім СІЗА №1 маюць магчымасць як запрашаць клірыкаў, так і наведваць богаслужэнні, так 19-га сакавіка паведаміў Форуму 18 афіцыйны прадстаўнік. Адзначаючы, што ізалятар выдзяляе спецыяльны праваслаўны богаслужэбны пакой, чыноўнік пацвердзіў, што каталіцкія святары таксама ажыццяўляюць індывідуальныя наведванні. Тэлефон вышэйшых чыноўнікаў, да якіх ён адрасаваў Форум 18 за далейшым каментаром, 19-га сакавіка не адказваў.

Артур Фінькевіч лічыць, што менавіта з-за таго, што ён меў статус палітзняволенага, для яго дзейнічалі абмежаванні і ў звычайнай турме. Цягам 18-ці месяцаў ва ўстанове адкрытага рэжыму ў Магілёўскай вобласці яму было дазволена наведанне бліжэйшай каталіцкай царквы ў Магілёве толькі тры разы, пра гэта ён паведаміў Форуму 18: “Нават нягледзячы на тое, што я пастаянна падаваў заявы. Мне здаецца, яны разглядалі гэтую забарону як частку майго перавыхавання”. Да звычайных зняволеных стаўленне было іншым, як кажа А.Фінькевіч: “У большасці выпадкаў ім дазвалялася наведваць каталіцкую царкву, калі б яны не папрасілі. Некаторым нават дазвалялася хадзіць дахаты.”

Павал Севярынец таксама сутыкнуўся са “спецыяльным падыходам” да палітзняволеных, і пра гэта ён паведаміў Форуму 18. Цягам першых трох месяцаў свайго тэрміну ў Малым Сітна (Віцебская вобл.) – вёсцы без праваслаўнай царквы – яму адмаўлялі ў ягоных просьбы пра наведанне праваслаўнай літургіі. Калі ўрэшце гэты факт зрабіўся публічным, Севярынцу пачалі дазваляць штомесяц выяжджаць не больш як на тры гадзіны ў бліжэйшую праваслаўную царкву, 13 км ад Полацку. “Кожнага разу я мусіў пісаць заяву,” – адзначае ён. – “але мне адмаўлялася тады, калі ў Мінску адбываліся дэманстрацыі – яны думалі, што я магу неяк на іх паўплываць, калі буду па-за межамі ўстановы.”

Цягам трох месяцаў пасля перыяду прэзідэнцкіх выбараў 2006, у тым ліку на Пасху, П. Севярынцу зусім не дазвалялася наведваць царкву, як ён паведаміў Форуму 18. Адзначаючы, што большасць звычайных зняволеных не з’яўляюцца вернікамі і не шукаюць пастырскага акармлення, П. Севярынец таксама заўважае, што, з іншага боку, быць вядомым палітычным зняволеным часам дапамагае. На турэмным лесапавале “было звычайнай справай прымушаць каталікоў працаваць на каталіцкае Раство, праваслаўных – на праваслаўную Пасху, нават калі гэта незаконна, але на праваслаўнае Раство мне дазволілі пайсці ў царкву – менавіта з-за майго асаблівага статусу – у той час, як іншых зняволеных прымушалі працаваць.”

Аляксандар Казулін, лідэр апазіцыі, атрымаў дазвол на наведанне пахавальнай цэрымоніі па сваёй жонцы ў мінскім каталіцкім касцёле свсв. Сымона і Алены толькі пасля таго, як абвесціў галадоўку, пра гэта паведамляе расейскае навінавае агенцтва РИА Новости. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і прысуджаны да пяці з паловай год калоніі жорсткага рэжыму ў ліпені 2006 г., А. Казулін быў прызнаны Міжнароднай Амністыяй вязнем сумлення.

Закон аб свабодзе сумлення 2002 г. вызначае, што богаслужэнні адбываюцца ў месцах зняволення і ўтрымання па просьбе зняволеных у спецыяльна вызанчаных пэўнай адміністрацыяй установы памяшканнях (арт. 25). Крымінальна-выканаўчы кодэкс дадаткова вызначае, што асуджаным “можа давацца дазвол на наведанне месцаў, дзе адбываюцца богаслужэнні” (арт. 12). Але гэта застаецца на вырашэнне асобных адміністрацый турмаў, патлумачыла Форуму 18 мінская юрыстка, праваабаронца Дзіна Шаўцова 13-га сакавіка.

Чыноўнік Дэпартаменту выканання пакаранняў запэўніў Форум 18, што няма “ніякіх праблем” з тым, каб зняволеным дазвалялася наведваць богаслужэнні.

У двух выпадках палітычныя зняволеныя кажуць пра забеспячэнне звычайнага богаслужэння ў звычайных месцах зняволення – у адрозненне ад ізалятараў. Кожны зняволены можа наведваць нядзельныя і святочныя праваслаўныя службы ў царкве ў Мазыры (Гомельская вобл.), дзе знаходзіўся Андрэй Клімаў, які і паведаміў гэта 12-га сакавіка Форуму 18. Ён не сустракаў ніводнага неправаслаўнага зняволенага.

Былы дэпутат парламенту 42-хгадовы Андрэй Клімаў, быў вызвалены ў сярэдзіне лютага 2008 г., менш чым праз палову двухгадовага тэрміну, які ён атрымаў за публікацыю ў Інтэрнэце картычнага артыкулу пра рэжым Лукашэнкі.

Мясцовы пяцідзесятніцкі пастар штотыдзень праводзіў богаслужэнне ў турмне агульнага рэжыму ў Шклове (Магілёўская вобл.), дзе знаходзіўся Зміцер Дашкевіч (таксама пяцідзесятнік), які і паведаміў гэта 18-га сакавіка Форуму 18. Дашкевіч сказаў, што прыкладна 15 зняволеных – у т.л. адзін каталіцкага веравызнання – наведвалі сустрэчы, якія праводзілі пяцідзесятнікі: “Мы проста чыталі і абмяркоўвалі Біблію”. У турме была праваслаўная царква, але не было каталікацкай, паведаміў ён.

Лідар апазіцыйнай арганізацыі Малады Фронт, 26-цігадовы Зміцер Дашкевіч атрымаў 18-цімесячны тэрмін зняволення за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Ён быў вызвалены на шэсць месяцаў раней – 23-га студзеня 2008 г.

"Фармальна, наведваць богаслужэнні можа кожны,” – сказаў Форуму 18 прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэту Алег Гулак. Але ў той час, калі праваслаўная царква ёсць амаль у кожнай турме, “вы не знойдзеце ніводнай каталіцкай,” – сказаў ён. Праваабаронца ў галіне свабоды сумлення Дзіна Шаўцова тлумачыць перавагу для праваслаўных багаслужэнняў канкардатам 2003 г. з Беларускай Праваслаўнай Царквой, у якім ажыццяўленне пастырскага акармлення зняволеных і затрыманых вызначаецца як адзін з прыярытэтаў.

Турмы і ізалятары прадастаўляюць храмы ці малітоўныя пакоі, у гэтым Форум 18 запэўніў прадстаўнік Дэпартаменту выканання пакаранняў. Паводле пагаднення паміж міністэрствам і Беларускай Праваслаўнай Царквой, звычайна у турмах ёсць праваслаўная капліца. Таксама ён сказаў, што “адбываюцца пастаянныя візіты святароў”. З-за таго што толькі невялікая колькасць зняволеных вызнаюць каталіцтва, наяўнасці каталіцкай царквы “не патрабуецца”, так сцвярджае чыноўнік. “Але каталікі могуць запрасіць святара”.

Доступ да рэлігійнай літаратуры пераважна добры, паводле словаў як Алега Гулака, так і Дзіны Шаўцовай. Крымінальна-выканаўчы кодэкс і правілы ўнутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрымання, прынятыя пастановай МУС, дазваляюць зняволенаму ці арыштаванаму мець да пяці кніг адначасова. Лішнія выданні знаходзяцца на складзе, вяртаюцца сваякам ці, з дазволу зняволенага, аддаюцца ў бібліятэку ўстановы.

Таццяна Кім паведаміла Форуму 18, што яна адразу ж змагла перадаць свайму сыну Біблію і кнігі кіеўскага харызматычнага пастара нігерыйскага паходжання Сандэя Адэладжы. Аляксандар Здзвіжкоў сказаў Форуму 18, што яму дазвалялася мець асобнік Евангелля. Павал Севярынец паведаміў, што ён мог атрымліваць рэлігійную літаратура ў пасяленні адкрытага тыпу ў Віцебскай вобласці.

Сітуацыя ў СІЗА, аднак, зноў выяўляецца больш складанай. У той час, калі ў Артура Фінькевіча атрымалася мець 50 кніг – у т.л. 30 хрысціянскай тэматыкі – у пасяленні адкрытага тыпу, пасля таго, як ён быў пераведзены ў ізалятар у Магілёве, у далейшым ў атрыманні літаратуры яму было адмоўлена. “Вернікі спрабавалі паслаць мне літаратуру, але гэта не дазвалялася. Адміністрацыя ці казала, што літаратура пойдзе ў бібліятэку, ці яны паказвалі літаратуру мне, і казалі, што я не магу яе мець. Ніякага тлумачэння не давалася,” – сказаў ён Форуму 18. – “А калі літаратура была пратэстанцкай, то яны проста кпілі з мяне, называлі мяне сектантам”.

Першыя два тыдні ў мінскім СІЗА №1 Змітру Дашкевічу не дазвалялася мець Біблію, якую яму паслалі дабразычліўцы: “Потым я напісаў заяву, што абвяшчу галадоўку, калі мне яе не дадуць. І я атрымаў яе адразу ж.”

Артуру Фінькевічу таксама было адмоўлена мець рэлігійную літаратуру, калі ён чакаў судовага разбіральніцтва ў мінскім СІЗА №1, пра гэта ён паведаміў Форуму 18.

Прадстаўнік Дэпартаменту выканання пакаранняў сцвердзіў Форуму 18, што няма “ніякіх праблемаў” з тым, каб зняволеныя і арыштаваныя маглі атрымліваць рэлігійную літаратуру.

Паводле Алега Гулака з Беларускага Хельсінскага Камітэту, на дадзены момант у Беларусі няма зняволеных за свае рэлігійныя перакананні. Аднак, дагэтуль няма законнага забеспячэння альтэрнатыўнай вайсковай службы – якую некаторыя вернікі адмаўляюць на падставе сваіх рэлігійных перакананняў – законапраект аб якой парламент адхіліў у снежні 2004 г. Аднак, Міністэрства абароны пайшло на кампраміс, паслаўшы некалькі тузінаў тых, хто адмаўляецца служыць паводле перакананняў, у траспартныя войскі. Алег Гулак паведаміў Форуму 18: “Яны не прымаюць прысягу і не бяруць у рукі зброю – яны проста бясплатныя рабочыя”. Наколькі ён ведае, ніхто не адмаўляўся ад такога пагаднення.

Каб атрымаць больш падрабязную інфармацыю, глядзіце Даследаванне Форуму 18 па свабодзе сумлення ў Беларусі.

Паглядзець поўную справаздачу па свабодзе думкі, сумлення і веры ў Беларусі.

Даследаванне па свабодзе сумлення ва ўсохдняй частцы АБСЕ.

Падыходзячая для раздрукоўкі на прынтары мапа Беларусі

Пераклад з ангельскай мовы – партал «Царква» паводле Форуму 18

Жэральдзіна Фаган

Рубрыка: