Прэс-рэліз па выніках “круглага стала” “Свабоднае веравызнанне: закон, адукацыя, талерантнасць”

 

17 красавіка 2008 года экспертамі сайта “За свабоднае веравызнанне” (www.forreligiousfreedom.info) у сядзібе грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” (Мінск, пр. Машэрава, 8) быў праведзены “круглы стол” “Свабоднае веравызнанне: закон, адукацыя, талерантнасць”. У ім прынялі ўдзел вернікі розных канфесій, якія маюць дачыненне да асветніцкіх і адукацыйных праграмаў у сваіх абшчынах, настаўнікі агульнаадукацыйных школаў, дзе выкладаецца рэлігіязнаўства, навукоўцы, грамадскія дзеячы, журналісты.

Удзельнікі “круглага стала” канстатавалі,

што беларускае грамадства атрымала магчымасць для адраджэння рэлігійнага жыцця ў канцы 1980-ых, пасля 70 гадоў прымусовай савецкай атэізацыі,

што эйфарыя першых крокаў да свабоды і энтузіязм тысяч вернікаў увасобіліся ў сотнях адноўленых храмаў і тысячах згуртаваных абшчынаў,

што паступова акрэсліваліся праблемы, якія патрабавалі шырокага грамадскага абмеркавання і дзяржаўнага вырашэння.

Гэты натуральны працэс затармазіўся прыняццем у 2002 годзе Закона “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, які ў сваіх асобных палажэннях пярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным пагадненням, падпісаным нашай краінай. Пацвердзіліся і трывогі праваабаронцаў, якія імкнуліся не дапусціць прыняцця дыскрымінацыйных артыкулаў. Кіруючыся гэтым Законам, мясцовыя ўлады цяпер не дазваляюць арэнду памяшканняў для правядзення богаслужэнняў, не выдзяляюць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва храмаў “нелюбімым” канфесіям, адміністрацыйнымі арыштамі і штрафамі караюць тых пастараў і вернікаў, якія ладзяць набажэнствы і сустрэчы ў прыватных памяшканнях, без спецыяльнага дазволу, і г.д. У прывілеяваным становішчы знаходзіцца Беларуская праваслаўная царква (Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы). У 2003 годзе БПЦ падпісала з дзяржавай пагадненне, у выніку чаго яна стала адзіным партнёрам з ліку рэлігійных арганізацый у супрацоўніцтве з рознымі міністэрствамі і ведамствамі, у

тым ліку – з міністэрствам адукацыі.

Удзельнікі “круглага стала” перакананы,

што пашырэнне рэлігійных ведаў у грамадстве запатрабавана часам,

што без гэтага немагчыма змяніць духоўную атмасферу ў краіне, спыніць амаральныя паводзіны значнай колькасці суграмадзянаў, схільных да гвалту, п’янства, крадзяжоў, безадказнага стаўлення да жыцця і здароўя сваіх родных і блізкіх, асабліва малалетніх дзяцей,

што неабходна развіваць сетку прыватных навучальных установаў, дзе выкладанне вялося б з улікам асаблівасцей рэлігійнага светапогляду.

У шматканфесійнай і безрэлігійнай (атэістычнай) у большасці сваёй беларускай супольнасці патрэбны вельмі дакладныя і тактоўныя дзеянні ў галіне рэлігійнага ўзгадавання. Сусветны досвед паказвае: у сучасным свеце рэлігійны фактар можа лёгка стаць зброяй варожасці, неталерантнасці, нават агрэсіі да іншадумцаў. Кропкавыя праявы гэтага можна назіраць і ў Беларусі. Справа ўскладняецца тым, што чыноўнікі, у пераважнай большасці людзі з савецкай ментальнасцю, не разумеюць і не прымаюць довады вернікаў, ставяцца да вернікаў падазрона, як да патэнцыйных “парушальнікаў стабільнасці”. Разбурыць такія стэрэатыпы магчыма толькі праз асветніцкую працу і выхаванне дзяцей і моладзі ў павазе да духоўнага жыцця і правоў чалавека.

Удзельнікі “круглага стала” сцвярджаюць,

што прыярытэт у рэлігійным выхаванні павінны мець сям’я і рэлігійная абшчына,

што свецкі характар агульнаадукацыйнай школы не можа парушацца (“свецкі” не з’яўляецца сінонімам паняцця “атэістычны”),

што ўступленне ў грамадскія арганізацыі ў агульнаадукацыйнай школе не павінна мець прымусовага характару,

што рэлігійнае выхаванне павінна ўключаць не толькі асновы веравызнання той ці іншай канфесіі, але і агульныя этычныя нормы і паняцці, у тым ліку паняцце талерантнасці;

што для правядзення заняткаў па асновах рэлігіі павінна быць дазволена арэнда памяшканняў як у палацах культуры ці вясковых клубах, так і ў школах і іншых грамадскіх установах,

што неабходна ўнесці адпаведныя змены ў Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” і ў Закон “Аб агульнай сярэдняй адукацыі”.

 

 

 

Рубрыка: 

 

 

Яшчэ па тэме Права на веру і свабода сумлення:Яшчэ па тэме Рэлігія ў школе: калі трэба, то як?: