Беларуская мова ў часе

 

1. Сыстэмнасьць мовы

У тым, што мова ёсьць сыстэмаю, пэўна, ніхто не сумняецца. А калі быць дакладнейшым, дык трэба сказаць, што мова – гэта сыстэма сыстэмаў. Яна замыкае ў сабе такія паверхі, як фанэтычны (гучаньне словаў), марфалягічны (будова словаў), сынтаксычны (будова сказаў) і г.д. Праз усе паверхі праходзіць яшчэ адзін, найважнейшы, аспэкт мовы – сэмантычны, ці інакш – сэнсавы.
Мова – найбольш складаная і ўнівэрсальная знакавая сыстэма, якую стварыў чалавек. Нездарма расейскі паэт І. Бродзкі ня верыў у яе тутэйшае паходжаньне і бачыў у мове спараджэньне Боскае волі. Усе іншыя знакавыя сыстэмы: дарожныя знакі, сыгналы, кампутарныя і штучныя чалавечыя мовы – толькі бляклы адбітак мовы натуральнае. Нават музыка, як найвышэйшая складанасьць, што зь цяжкасьцю зьмяшчаецца ў кампутары, што ўяўлялася філёзафам мадэльлю сусьветнае волі, грунтуецца — на чалавечай інтанацыі, на мове. Калі мы прыйдзем у незнаёмы балет, і перад намі ня будзе праграмкі зь яго найменьнем і кароткім зьместам, то я сумняюся, што мы здолеем зразумець мову танца. Значнае часткі малярскіх твораў мы таксама не разумелі б, калі б тыя ня мелі назоваў. Таму чалавечая мова ня толькі найбольш складаная ды ўнівэрсальная, але і найбольш даступная і зразумелая знакавая сыстэма.
Філёзаф і матэматык П.Фларэнскі казаў, дзей няма такой матэматычнае ідэі, якой нельга было б выказаць у чалавечай мове, праўда, для гэтага спатрэбіцца немалая плошча выказваньня. Такім парадкам, і мова матэматыкі ёсьць адгалінаваньнем, ці адбіткам, мовы натуральнае. Можна сказаць больш: некаторыя сучасныя матэматыкі зьвяртаюцца да мовы дзеля новых ідэяў, больш складаных і тонкіх, якіх няма ў рыштунку навукі. Што да філёзафаў, дык у ХХ стагоддзі яны мусілі прызнаць: значная частка філязофскіх праблемаў замыкаецца ў мове. Усе філязофскія катэгорыі – ёсьць спараджэньнем мовы і толькі мовы, філязофія, у існасьці – няўсьведамленая лінгвістыка.
І ўсё ж я ня буду перабольшваць значнасьці мовы. Каб ёю карыстацца, трэба бачыць і адчуваць навакольныя зьявы. Значаньне слова, казаў ангельскі філёзаф Б. Расэл, можна даведацца або празь іншыя словы, або навочна. Але ў грунце ўсіх нашых ведаў ляжаць усё ж веды навочныя. “Мысль изреченная есть ложь”, — адцеміў паэт. Ці не таму ў Старажытнай Грэцыі дзівак-філёзаф Кратыл адмовіўся гаварыць і толькі паказваў пальцам на рэчы, калі важыўся нешта сьцвердзіць.
Штука ў тым, што кожная мова ня проста перадае факты, але па-свойму іх сыстэматызуе. Гэта значыць – абмяжоўвае (бо ўсе іншыя спосабы сыстэматызацыі выпадаюць з-пад увагі данага носьбіта мовы). Такім парадкам, кожная мова — гэта адмысловае і непаўторнае бачаньне сьвету, што найвыразьней праяўляецца ў разьмеркаваньні колераў, якія ў розных мовах не зусiм супадаюць. Фактычна, кожнае слова аднае мовы ня мае адпаведнікаў у іншай. Пераклады, пададзеныя ў слоўніках – заўсёды прыблізныя. Хаця, зразумела, бываюць словы, якія лёгка перакладаюцца, i якіх зусім нельга перакласьці.
Для нас, беларусаў, гэта ня проста тэарэтычнае сьцверджаньне, гэта практычная праблема. Мы ўсе жывем у рэжыме актуальнага перакладу. Нават беларускамоўныя людзі, не кажу пра ўсіх астатніх, так прывыклі да расейскай мовы, расейскага бачаньня сьвету, што да кожнага беларускага слова тарнуюць расейскую мерку. Нашыя пiсьменьнiкi час ад часу пачынаюць выдумляць адпаведнікі да расейскіх словаў там, дзе пры добрым валоданьнi моваю цудоўна можна абысьцiся беларускiмi словамi. Чамусьцi суседзi, палякi, немцы, iнш., у аналягiчных выпадках абапіраюцца на сваю традыцыю.
Ні сама мова, ні яе законы не паўстаюць адразу ў гатовым выглядзе, а складваюцца гістарычна. Кратом гісторыі, які ўтварае мову, зьяўляецца закон аналёгіі: для выражэньня пэўных зьяваў выпрацоўваюцца адпаведныя спосабы. Гэтых спосабаў вымагае абмежаванасьць нашай памяці і патрэба яе эканоміі. Можна сказаць, што ўсякая сыстэма мовы – гэта яе гісторыя ў зьнятым выглядзе, ці, карацей, – прадукт яе гісторыі.
Племявы дыялект, пачаўшы абслугоўваць патрэбы дзяржавы, вельмі хутка ператвараецца ў літаратурную мову. Адпаведна ўзьнiкаюць адмысловыя кніжныя спосабы выражэньня, якіх няма ў народных гаворках, але якія, сваім парадкам, уплываюць на даныя гаворкі. Літаратурнасьць мовы вымагае апрычонае лексыкі, ускладненых сказаў, правiлаў пiсьма і г.д. Практычна, кожная мова мае два пласты: народны і кніжны. Кніжны пласт заўсёды нясе адбіткі культуры-пазычаньніцы, пэўную долю іншаземных уплываў. Лепш, каб гэтых уплываў было як найменш, але здараецца і так, што літаратурная мова зусім ня мае зьвязку зь мясцовымі гаворкамі.
Калі ж разьвіцьцё кніжнага пласту нейкім чынам перарываецца, як гэта здарылася ў беларускай гісторыі, то ён амаль не перахоўваецца ў дыялектах i не ўзнаўляецца натуральным спосабам. Для адраджэньня кніжнае традыцыі трэба рабіць пэўныя намаганьні.
 
2. Сыстэмнасьць беларускае мовы і яе гісторыя
2.1. Дзьвюхмоўе i дыгласiя. Першаю літаратурнаю моваю  на тэрыторыі Беларусі была мова царкоўнаславянская, створаная на старабаўгарскай аснове з моцным уплывам позьнегрэцкіх, бізантыйскіх культурных мадэляў.
Моўную сытуацыю, што склалася ў часы Полацкага княства, сучасныя мовазнаўцы называюць дыгласія. Дыгласія – гэта ўстойлівае спалучэньне дзьвюх моваў у адной культурнай прасторы. Устойлівасьць дасягаецца тым, што кожная мова пры дыгласіі выконвае сваю асобную функцыю, і функцыі гэтыя не перасякаюцца. Царкоўнаславянская мова абслугоўвала кніжную, найперш, царкоўную сфэру, а беларускія мясцовыя гаворкі служылі спосабам пабытовых дачыненьняў і перахоўваліся ў вуснай форме. Кажучы прасьцей, на адной мове пісалі, на другой – размаўлялі. Пры дыгласіі дзьве розныя мовы ў межах данага моўнага калектыву ўспрымаюцца як два стылі аднае мовы. Такім парадкам, кожная зь іх выражае апрычоны зьмест: сакральны, высокі і – пабытовы, нізкі. Пераклад з аднае мовы на другую, а таксама жанр пародыі ў гэтай сытуацыі – немажлівыя.
Практычна дыгласія прыводзіць да таго, што мовы спакваля ўсё ж зрастаюцца ў адну сыстэму. Але ў Беларусі гэтага не адбылося. У XIV-XV стагоддзях пачынае сваё існаваньне беларуская літаратурная мова, якая вырабілася на базе мясцовых гаворак, а таксама лацінскіх, гэрманскіх і польскіх уплываў. Сытуацыя дыгласіі, такім ходам, перарасла ў сытуацыю дзьвюхмоўя.
Дзьвюхмоўе адрозьніваецца ад дыгласіі тым, што дзьве розныя мовы ў адной культурнай прасторы выконваюць тую самую функцыю. Іншымі словамі, яны дублююць адна адну. Дзьвюхмоўе – заўсёды вызначаецца няўстойлівасьцю і змаганьнем моваў. Перамагае зазвычай мова бальшыні. Таму на канец XVI — пачатак XVII стагоддзяў у Вялікім княстве Літоўскім беларуская мова істотна пасунула царкоўнаславянскую. І нават – у культавай сфэры.
Тым часам у Расеі дыгласія захоўвалася ледзь не да канца XVIII стагоддзя. І толькі ў часы Пушкіна ўсталявалася ўласна расейская літаратурная традыцыя. Гэтак званая старажытнаруская мова – ня што іншае, як руская рэдакцыя мовы царкоўнаславянскае. Паміж старою расейскаю традыцыяй і новаю — існуе істотная розьніца. У нас проціпастаўленьне старабеларускае і сучаснае беларускае мовы ў значнай ступені ўяўнае, надуманае, некрытычна перанятае ад расейцаў. Яшчэ Ф. Багушэвіч у прадмове да “Дудкі беларускай” пісаў: “Чытаў я ці мала старых папераў па дзьвесьце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі а нашай мовай чысьцюсенькай як бы вот цяпер пісалася.”
Наагул, моўная сытуацыя ў Вялікім княстве была досыць складаная і парадаксальная. Сфэра ўжытку царкоўнаславянскай мовы няўхільна вузілася, але ў гэтай вузкай сфэры яна жыла поўным жыцьцём: на ёй ня толькі пісалі, але, як і належыць пры дзьвюхмоўі, гаварылі. Пагатоў таго, беларускія (і ўкраінскія) кніжнікі на эўрапэйскi кшталт стварылі першыя царкоўнаславянскія граматыкі. У іншых славянскіх землях, адсталай Расеі, паняволеных Баўгарыі і Сэрбіі, усё яшчэ панавала старая, тэксталягічная форма навучаньня праз завучваньне аўтарытэтных тэкстаў. Але царкоўнаславянская і беларуская мовы, існуючы побач, ня зьмешваліся. Як слушна зазначае Б. Усьпенскі, першая існавала ў якасьці сыстэмы правілаў, а другая – сыстэмы забаронаў. Тое, што было правілам для царкоўнаславянскае мовы, ня мусіла пераносіцца ў беларускую. Уласна беларуская граматыка зьявілася крыху пазьней і пісалася яна... у Францыі, для французаў. Беларусы ведалі сваю мову і не сьпяшаліся ствараць для сябе граматыкі.
Такім парадкам, царкоўнаславянская мова ў Беларусі існавала хоць і ў абмежаванай сфэры, але ж на ёй, яшчэ раз адцемiм, пісалі і гаварылi. А ў Расеі, нягледзячы на шырокае карыстаньне, царкоўнаславянская мова ня мела вуснага ўжытку. Яна была кніжнаю іпастасьсю мовы расейскае. Урэшце, абедзьвiя цесна перапляліся і злучыліся ў адну сыстэму. Сучасная расейская літаратурная мова, як лічаць многія мовазнаўцы, ёсьць вынікам разьвіцьця царкоўнаславянскае мовы на расейскай глебе. Прынамсі, тут нельга не прызнаць надзвычайнай ролi царкоўнаславянскіх элемэнтаў. Яны ў расейскай традыцыі ахапляюць перадусім галіну тэрміналёгіі і сфэру высокага стылю. Часамі славянізмы і расеянізмы зьяўляюць устойлівыя супраціўныя пары, дзе на ролю першых прыпадае значаньне адцягненасьці, кніжнасьці, паэтычнасьці, а на ролю другіх – канкрэтнасьці, практычнасьці, пабытовасьці: град – город, хлад – холод, мраз – мороз, злато – золото, глава – голова, страж – сторож, власть – волость, прах – порох, хранить – хоронить, падеж – падёж, невежда – невежа, бремя – беременный, мрак - морочить і г.д. У беларускай мове такіх параў няма, а калі яны зрэдку ўзьнікаюць, дык толькі з польскімі часьцiнамі і без стылёвае рэгулярнасьці: грод – горад, злота – золата, срэбра – серабро, мрок – морак, блоціць – балота, глодзіць – голад, еднасьць — адзінства. Цікава, што польская форма злота сустракаецца ня толькі ў А. Гаруна (“Звон бліскучы, З срэбра літы, З злота зьбіты”), але і ў напісе на крыжы Аўфрасіні Полацкай (“а кованье его – злото и серебро и каменье”), г.зн. задоўга да шырокіх польскіх уплываў.
З усяго сказанага зразумела, чаму расейскаму тэрміну царкоўнаславянскага паходжаньня млекопитающие натуральна адпавядае беларускае слова сысуны, а не скалькаванае млекакормячыя, аналягічна пресмыкающиеся – паўзуны. Затое марна шукаць беларускіх адпаведнікаў да славянізмаў восторг, подвиг, іх ня мае ніводная эўрапэйская мова, у тым ліку – і беларуская. Бясконцымi падаюцца спробы выдумаць тоесную адзiнку да слова подвиг: патуга, спатуга, чын, спасіл, (В.Ластоўскі), вычын, дасягненьне (С.Станкевіч), зьдзейсьце (А.Разанаў) і г.д. Чым болей такіх спробаў, тым болей мы пераконваемся, што жывую мову нельга выдумаць або стварыць на чужы ўзор, як нельга зьмяніць яе гісторыі. Трэба навучыцца ўслухоўвацца ў мову і карыстацца тым, што ёсьць. Дарэчы, у старажытных беларускіх лексыконах слова подвиг мае два значаньні: а) ‘духовы ўчынак’ стараньне, чуйнае стараньне і б) ‘рыцарскі турнір’ шырмерства, запасьніцтва, валка.
2.2. Лексыка беларуская i царкоўнаславянская. Калі мы зьвернемся да слоўніка XVII ст. “Сынонімы славенароскай”, то навочна пераканаемся, што амаль кожнае царкоўнаславянскае слова ўспрымаецца сёньня як расейскае, а многія беларускія адпаведнікі ня страцілі свае значнасьці да гэтае пары.
 
агнец — аўчатка
алчный — лакны 
бдение — няспаньне
беглец — зьбег
блюсти – даглядаць
бодрствование — няспаньне
бренный — гліняны
вёдро — пагода
власяница — плахта 
внешность — пазьверхнасьць
водворяться — управаджацца
вожделение – пажадлівасьць, прагненьне
возвещать – даваць ведамасьць
воздаяние — аддатак
воздвигать — узносіць
волхв – вешчак, варажбіт
вооруженный — збройны
воплощение — уцеленьне
выговор — вымоўка
гордыня — гордасьць
дерзкий — зухвальны
доблесть — можнасьць
доблестный — можны
евнух — валах
жребия – лёсы, біркі
завещать — запавядаць
заключение — замкненьне 
залог – застава, задатак 
заступник — абаронца 
знамение — знак 
изверг — выпартак 
изобилие — дастатак
изрядный — выборны
инок — адзінец
искупление — акуп
исполнение — зысчаньне
капище — бажніца
кичение — бута
кичиться — надзімацца
клевета — потвар
клеветать — патвараць 
клеветник – патварца, звадца
кознь — засадка
корысть – луп
лесть — пахлебства
[лечебница,] врачебница — лякарня
ложный — абмыльны
мзда — заплата
медлить — бавіцца 
невежество — нясьведасьць 
необуздание — неўгамаваньне
непостоянный — няпэўны
непредвиденно — зьнябачку 
непредвиденный — неспадзяваны 
непреложный — неадменны 
нечестивый — нязбожны
нечестие — нязбожнасьць
обилие — дастатак
обильный — гойны
община — еднасьць
ослушание — агурства
основание — грунт
откровение – аб’явеньне, адкрыцьцё
отребие — плюгаўства
отсекать — адцінаць
первенство — першасьць
переселенец — пераходзень
плевелы — кукаль
подощрять — паднушчаць
поимка – браньне, узяцьце
понос — бягунка 
поощрение — пабудка
постоянный — непарушны 
превосходить — перавышаць 
предел – граніца, крэс
преемник — наступца 
престол — маястат
проповедь — казаньне
разногласие — нязгода
ревность – гарлівасьць, жарлівасьць
руководитель – павадыр
[руководствоваться] - паводзіцца
светильник — каганец
скверна – нячыстасьць, плюгаўства, бруд
сквернить — пакаляць
скверный – нячысты, вярутны, лотр
скипетр — бярло
скопец — валах
скорбь — болесьць
слово [логос] – мова [пар.: предисловие – прадмова]
смутьян – калатнік [пар.: смута - закалота]
сабор – збор, зграмаджаньне
саборный – галоўны, паспаліты
совершенно – да дна
согласовывать — згаджаць
сонискание — зыск 
сонм – збор, грамада 
состав – зграмаджаньне, купа
составлять — злучаць
союз — зьвязак
способствовать — памагаць
споспешествовать — успамагаць
споспешник – памагач, [патужнік]
стечение – зьбег, зыйсьце
строптивый — нязгодлівы
стяжание — зыск
суета — марнасьць 
твёрдый — пэўны
тишайший — пакорны
треволнение — далеглівасьць
тщание — пільнасьць 
тщательный — пільны
тщиться — квапiцца
угощение — бяседа
умеренный — мерны
умилостивлять — благаць
умножаться – множыцца
унылый — зныдзелы
упражнение – забава [пар.: упражняться – бавіцца Ф. Еўлашоўскі]
утверждать [печатью]—змацняць [ пар.: утвержденный документально — пад моцаю лістоўнай ]
ухищрение — выстаўнасьць
хлябь — крата (у браме)
холостой — бязжонец
хула — абмова
хуление — блюзьнерства 
хулитель — абмоўца
хулить — блюзьніць
хульник — блюзьнерца
хульны — блюзьнерскі
чин — парадак 
чинный — парадны
юродство — блазенства
юродствовать — блазнаваць
Прыточаныя вышэй прыклады няпоўныя, але яны не габінэтнага паходжаньня, а натуральны адбітак жывога маўленьня. Старыя лексыконы – найлепшыя і найдакладнейшыя крыніцы для нармаваньня сучаснае беларускае мовы, як у галіне кніжнае лэксыкі, так і словаўтварэньня. Дзеля прыкладу возьмем толькі адну царкоўнаславянскую мадэль: без- + аснова + -ие у беларускай кніжнай традыцыі, ёй адпавядае, часьцей за ўсё, мадэль не- + аснова + -асьць, а ў народнай традыцыі – не- + аснова + -ь, або – не- + аснова + нуль суфікса, падобную ж форму маюць і блiзкiя прыметнікі:
безбожие – нязбожнасьць Сс. 
безведрие – непагадзь Ластсл. 18, Ссл., негадзь Ластсл. 18, незгаль ЭСБМ
безвестие – неведзь Ссл.
безвкусие – несмач Ластсл. 18, Тсл., СГЦРБ, несмак СГЦРБ, нясмачнасьць Сс.
безвременье – нечас Ластсл. 819, негадзь Ластсл. 18 
бездействие – нячыннасьць Ластсл. 19 
беззаконие – няправасьць Сс.
беззлобие – незласьлівасьць Ластсл. 19, нявіннасьць Сс.
безмездие – неплат Ластсл. 363
безмолвие – немань Ластсл. 383, Юхн. 
бездорожье – непуць Тсл. 
безуспешный – няспоры Сс. 
безучастие – неспагадлівасьць Ластсл.20
бесподобный – незраўнаны Ластсл. 22
бессластие – нясмачнасьць Сс.
бессмертие – несьмяротнасьць Ластсл. 24
бессмыслие – недум Гал., некмень Ластсл. 503, несмысел Нсл.
бесчеловечие – нялюдскасьць Сс., Ссл.
бесчувствие – нечавіль Даль, нячуласьць
 
Гэтакая мадэль дапамагае выйсьці з гранічна тупіковых сытуацыяў. Прыкаладам, у чатырох малітоўніках да царкоўнаславянскага тэрміну беззаконие мы сустрэнем аж сем “беларускіх” аналягаў: бяспраўства, неправата, неправота, беззаконнасьць, беззаконьне, беззаконства, бяспраўе (і яшчэ правіна). Які зь іх выбраць? Веданьне мадэлі і таго факту, што закон у беларускай традыцыі называўся права, кажуць у адно: усе ўжываныя варыянты хібяць, а не выклікае пярэчаньняў толькі той, які зьяўляе “Сыноніма”: няправасьць. 
Тое, што адбываецца сёньня зь беларускаю моваю і што прынята называць “русыфікацыяй”, у існасьці становіць сабою суцэльнае ўварваньне царкоўна-славянскіх элемэнтаў у сыстэму беларускае мовы і збурэньне яе традыцыйных кніжных мадэляў. Некаторыя наіўныя тэарэтыкі нават мараць пра стварэньне высокага стылю на базе царкоўнае славяншчыны. Выказваецца шкадаваньне аб страце быццам бы беларускае рэдакцыі царкоўнаславянскае мовы. Аўтары ўсіх гэтых гутарак нават не ўсьведамляюць, якую нісянеціцу яны пішуць. Рэч у тым, што на сёньняшні дзень захавалася менавіта беларуска-ўкраінская рэдакцыя царкоўнаславянскае мовы, а не расейская, бо, як мы ведаем, беларускія граматыкі служылі ўзорам для бальшынi славянскiх народаў. Але наагул ніякага стылю, а высокага – тым больш, з гэтага яднаньня не атрымаць. Нельга адмаўляць хараства царкоўнаславянскае мовы, як не адмовiць рацыянальнасьці і паэтычнасьці беларускае, аднак іх зьмешваньне дае, у лепшым разе, савецкі канцылярыт, а ў горшым – непісьменную трасянку.
Дзеля пацьверджаньня сказанага зьвернемся да канкрэтных прыкладаў “славянізацыі” беларускае мовы ў прэсе. (У перакладной частцы пададзеных ніжэй артыкулаў добрыя беларускія адпаведнікі пiшуцца звычайным шрыфтам, а ў ілюстрацыях – тоўстым, расеянізмы (славянізмы), – адпаведна – тоўстым i разрэджаным.)
абшчына (община) – грамада, грамадка, злучына, суполка
Пры ўсёй шматаблічнасьці Вільні дзьве этнічныя абшчыны (= злучыны) займалі ў ёй асаблівае становішча. НН. 97.07.28. Пар.: Я клічу Вас... браты, злучыцца ў адну вялікую радзіну... каханьня роднага злучыну. Хр. XIX.
доблесьць (доблесть) – можнасьць, удатнасьць, цьвёрдасьць, заслуга
Трэба пакорліва даваць зьдзеквацца над сабой (=зь сябе) – у гэтым доблесьць (=заслуга)? С. 96.04.10. 
збавiцель (избавитель) – збаўца
Кожны народ, якi ў гiсторыi “меў справу” з Расеяй, меў i свайго бандыта - збвiцеля (=збаўцу) Калiноўскага! НН. 95.1. 
злоба – злосьць
Вiтаўт... прыйшоў... на мяжы чорнай злобы (=злосьцi) i адчаю. НН. 97.06.30.
каварны (коварный) – падступны, здрадлiвы, хiтры, няверны
Ён наiўны i добры, а Ральф – каварны (=хiтры). П. 98.01.29. Хто яны [палякi] – сябры цi каварныя (=падступныя) непрыяцелi. С. 98.
кашчунны (кощунственный) – блюзьнерскi, нязбожны
З экрана тэлебачаньня гучаць к а ш ч у н н ы я (=блюзьнерскiя) канiбальскiя апраўданьнi злачынстваў. С. 97.11.25.
падвергцiся (подвергнуться) – падпасьцi
Падверглi сябе сцырымоннаму затрыманьню фотажурналiсты (=бесцырымонна затрымалi фотажурналістаў). С. 96.05.03. 
падразумявацца (подразумеваться) – мецца на ўвазе, даўнiмацца
[Схема прагрэсу] проста заганная... Асаблiва ж калi падразумяваюцца (=маюцца на ўвазе) [духоўныя] ўстоi (=грунт, асновы). ЛiМ. 97.06.06.
пастаянна (постоянно) – заўсёды, неадменна, цягам, стала, векавiта, бесьперач, што раз
Гэта пастаянна (=заўсёды) спрабуюць рабiць беларускiя нацыяналiсты. П. 98.03.05.
пастаянны (постоянный) – сталы, неадменны, заўсёдны, векавiты
I гэта стане пастаянным (=неадменным) фактарам. С. 95.02.22. У нас ужо зьявiлiся пастаянныя (=сталыя) клiенты. П. 98.03.05.
паток (поток) – плыў; плынь; ручай
Чаму ж пачала патокамi (=ручаямi) лiцца родная кроў? С. 96.04.26. Пар.: Жалобная адправа тым часам iшла сваiм набожным плывам i, здаецца, на крыльлях анёлаў неслася душа ў неба. I. Пiлiпаў.
Асаблівую ўвагу варта зьвярнуць на ўтварэньнi з царкоўнаславянскаю прыстаўкаю прад- (пред-), што густа запаланiлi старонкi беларускiх выданьняў. Ужываньне гэтае прыстаўкi ў беларускай мове строга абмежаванае, традыцыйна iснуе толькi слова прадмова (паланізм). Пазьней зьявiлiся прадмет (хоць ёсьць беларускае спакмень), прадстаўнiк (старабеларускае заступнiк) i, нарэшце, найноўшыя – прадпрыемства, прадпрымальнiк.
Аднак, такiх словаў, як прадаставiць, прадухiлiць, прад’явiць i да т.п., якiмi стракацяць сучасныя газэты, у тым лiку i незалежныя, не дапушчае нават адыёзны (асабліва апошніх гадоў) “Русско-белорусский словарь” (РБС). Зашмат, i беспадстаўна, шырыцца слова прадставiць ды вытворныя ад яго.
 
прадаставiць (предоставить) – узычыць; даць; пакiнуць, аддаць
[Пупейку] ўжо прадастаўлены (=дадзены) ў Польшчы статус бежанца (=уцекача). С. 98.06.02. 
прадставаць (представать) – паўставаць
Старшыня Саўмiна прадстае (=паўстае) перад чытачом “бацькам нацыi”. ЛiМ. 94.05.27. 
прадставiць (представить) – зьявiць, падаць, аказаць; пакласьцi, паказаць, выявiць; пазнаёмiць; уявiць, уздумаць
“Знамя юности” так прадставiла (=падала, пазнаёмiла) яго сваiм чытачам. ЛiМ. 95.02.24. На ёй прадстаўлены (=паказаныя) творы мастацтва той эпохi. ЛiМ. 94. 04.15. На гэта пытаньне дае адказ прадстаўленае (=пададзенае, зьяўленае) ў Вярхоўны Савет ... пагадненьне. ЛiМ. 94.04.01. [Яму iнкрымiнуюць] прадстаўленьне (=даньне, аказаньне) заведама (=запэўна) лжывых (=аблудных) зьвесткаў. С. 94.07.01. Было шэсьце..., было тэатралiзаванае прадстаўленьне (=паказ). С. 96.06.26.
прадстаўляць (представлять) – зьяўляць, падаваць, аказваць, пакладаць; станавiць; паказваць, выяўляць; уяўляць, думаць
Беларусь прадстаўляў (=зьяўляў) толькi гарадзенскi майстар. С. 94.01. 
прадстаўнiчы (представительный) – паважны, самавiты (ад прадстаўнiк – прадстаўнiцкi)
Творчы дэсант прыехаў вунь якi прадстаўнiчы (=паважны). ЛiМ. 95.02.24. 
прадухiлiць (предупредить) – запабегчы, вымiнуць, унiкнуць (чаго)
Бяду прадухiлiлi (=бяды ўнiкнулi) разам. П. 97.10.10.
прад’явiць (предъявить) – зьявiць, аказаць, пакласьцi, падаць
Iнцэдэнт ... стаў падставай, каб прад‘явiць (=пакласьцi, падаць i г.д.) “нацыяналiстам” традыцыйнае абвiнавачаньне. ЛiМ. 94.09.16. Яму [Хадыку] прад‘явiлi (=паклалi, падалi i г.д.) абвiнавачаньне (=вiнавачаньне). С. 95.05.14. 
прад’яўляльнiк (предъявитель) – паданьнiк (падаваньнiк)
Банкi ... павiнны прапанаваць ... уклады на прад‘яўляльнiка (=падаваньнiка). С. 94.10.14. 
прад’яўляць (предъявлять) – зьяўляць, аказваць, пакладаць, падаваць
Той бок такiх п а т р а б а в а н ь н я ў (=вымогаў) сваiм ч л е н а м (=сябром) не п р а д ‘ я ў л я е (=падае). Чамусьцi нiхто не п р а д ‘ я ў л я е (=выстаўляе, ставiць) Маскве прэтэнзiяў. С. 94.01.
прастол (престол) – пасад, стол, сталец, маястат
Калi-нiкалi абвяшчалiся дзяржаўныя сьвяты з нагоды важнай падзеi – ушэсьця на п р а с т о л (=пасад). С. 96.04.26.
прымяняць (применять) – ужываць, карыстаць, выкарыстоўваць
Кiтайскiя ўлады прымяняюць (=карыстаюць) надзвычай жорсткiя меры барацьбы (=змаганьня) з наркабiзнэсам. С. 96.07.02.
Усiм расейскiм словам на со-, якое паходзіць ад царкоўнаславянскага съ-, у беларускай мове адпавядаюць ўтварэньнi з прыстаўкаю з- і іншыя: собор – збор, союз – зьвяз, совет – рада. Словы садзейнiчаць, супернiк, сабраты, сумесны, суаднесьцi, саграшыць i г.д. прыйшлi i прыходзяць у беларускую мову пад уплывам расейскае. Кожнае зь iх стварае прэцэдэнт для далейшага шыраньня неўласьцiвае мове мадэлi.
садзейнiчаць (содействовать) – спрыяць, успамагаць, дапамагаць, собiць
Цi будзе садзейнiчаць (=дапамагаць) выхаду з крызiсу праграма? С. 94.01. 
састаў (состав) – склад, збор, зьмест, купа, зграмаджаньне
Неабходна (=трэба) падрыхтаваць выкладчыцкi састаў (=выкладнiкаў). С. 96.02.20. 
сатварыць (сотворить) – учынiць; стварыць
[Хрыстос] сатварыў (=учынiў) цуд. П. 98.02.26. 
сьвяшчэнны (священный) – сьвяты; найсьвяцейшы
Армiя выконвала сьвяшчэнную (=сьвятое) задачу (=заданьне). НН. 95.01. 
сеча (сеча) – валка
Мужыкі (=хлопцы), успомнім старажытных (= даўных, даўнейшых) ваяроў... А потым жорсткую (= моцную, непамілуйную) с е ч у (= валку). НН. 97.06.30. 
славесны (словесный) – моўны, слоўны
Прэзідэнт славесна (=на словах) с я ч э (= лупіць, цьвічыць) наменклатуру. П. 98.03.19. 
сонм (сонм) – збор, зборня, купа, грамада
Увесь сонм (=збор, зборня) беларускіх сьпецслужбаў ня здолеў абараніць прэзідэнцкага кантралёра. П. 97.10.10. 
спавядаць (исповедовать веру) – вызнаваць
Адбываецца... зыходзячы (=выходзячы) з прынцыпаў, якія ён спавядае (=вызнае). ЛіМ. 94.12.16. 
спадобіцца (сподобиться) – стацца годным, заслужыць (на што)
Суддзі сталі другім “класам”, які спадобіўся (=стаўся годным) саноўнай увагі. П. 97.11.7. 
страсьць (страсть) – жарсьць, рымасьць і г.д.
Страсьці (=жарсьці, пачуцьці) асабліва накаліліся (=распаліліся). П. 98.02.26.
субяседнік (собеседник) – размоўца, суразмоўца
Заявіў мой субяседнік (=суразмоўца). С. 96.04.10.
сумесны (совмесный) – супольны
У Гародні з дапамогай французаў створана сумеснае (=супольнае) турыстычнае бюро. С. 94.1.
трохкратны (трехкратный) – трайны; патроены
НАТО мае т р о х к р а т н у ю (=трайную) перавагу над Расеяй. НН. 97.07.28. 
увенчваць (увенчивать) – каранаваць; сканчаць, завяршаць
Спробы ўвесьцi лацiнку ... посьпехам ня ў в е н ч в а л i с я (=ня мелi посьпеху). ЛiМ. 97.06.06. 
упадобiцца (уподобиться) – зраўнацца, стаць падобным
Жанчыны iмкнуцца ўпадобiцца мужчынам (=зраўнацца з мужчынамі). П. 98.03.05. 
устараненьне (устранение) – зьнiшчэньне; скасаваньне
Можа дайсьцi да майго фiзычнага ўстараненьня (=зьнiшчэньня). П. 97.10.10.
усяленскi (вселенский) – сусьветны
Наш сьцяг – гэта сiмвал нас, сiмвал нашага зямнога i ўсяленскага (=сусьветнага) iснаваньня. П. 98.01.13.
2.3. Назоўнікі дзеяньня. Галоўнае адрозьненьне беларускае мовы ад царкоўнаславянскае ў тым, што яна, таксама і лаціна, ангельская, польская і літоўская мовы, мае назоўнікавую форму дзеяслова гэрунд. Традыцыйна мы ведаем дзеяслоў у форме прыметніка: чытаны, адамкнёны, паўсталы, а таксама ў форме прыслоўя: гледзячы, узяўшы, іх можна ўтварыць практычна ад кожнага дзеяслова. Гэтаксама ад кожнага дзеяслова ўзьнікаюць і назоўнікі дзеяньнья: важэньне, ганяньне, спаньне, кіненьне, аджыўляньне, палоцьце, церце і г.д. Дзеяслоўнасьць выражаецца найперш тым, што ўсе назоўнікі дзеяньня ўтвараюць трывальныя пары з дапамогаю суфіксаў, прыставак, націску і інш. спосабаў: разьвязаньне – разьвязваньне, намаўляньне – намавеньне (намова), выбіраньне – выбраньне, праводжаньне – правядзеньне, будаваньне – збудаваньне, браньне – узяцьце і г.д. Назоўнікавая форма дзеяслова можа станавіць адмысловыя сынтаксычныя канструкцыі, якія ня маюць даслоўнага перакладу на расейскую мову.
З прыназоўнікам без і назоўнікам дзеяньня ў родным склоне ўтвараецца канструкцыя, якая абазначае нястачу дадатковага дзеяньня: Маскаль мусіў бы прапасьці б е з п а ў с т а н ь н я і мы на век векаў ужо былі бы вольныя. К. Каліноўскі. Па расейску яна перадаецца: не вставая. З прыназоўнікам да і гэрундам у родным склоне ўзьнікае канструкцыя з мадальным значаньнем мажлівасьці, немажлівасьці, або мусовасьці дзеяньня: Цяжкі ў том боль, трудная д а з г а е н ь н я рана. М. Сматрыцкі. Вывучэньне беларускае літаратуры... рабілася проста не д а п а д н я ц ь ц я. Ант. Адамовіч. Гэтае спалучэньне яшчэ цяжэй перакладаецца на расейскую мову, зазвычай з дапамогаю словаў возможно, бы, чтобы.
Назоўнікі дзеяньня, а таксама – выніку дзеяньня і рытуалу досыць часта становяць траякія апазыцыі: уваходжаньне – уваход – уваходзіны, перавожаньне – перавоз – перавозіны. Ад кожнага назоўніка дзеяньня можа паўстаць найменьне суб’екта дзеяньня: купаньне – купаньнік, казаньне – казаньнік, нашэньне – нашэньнік і г.д. Ад больш архаічных словаў з суфіксам -це ўтвараецца носьбіт дзеяньня з суфіксам -ец: палоцьце – пялец. Ёсьць і куды старажытнейшае абазначэньне дзеяньня (без трывальных параў), з суфіксам -ба (-б-а): сварба, арба, гудзьба, гульба, касьба, хвальба. І, адпаведна, суб’екты: аральбіт, касьбіт (касец), гудзьбіт, сьвяцьбіт. Дарэчы, словы з -ба і націсьненым -ец ніколі ня маюць прыставак.
Вельмі цікава паводзяць сябе дзеясловы найноўшага (ІІІ прад.) клясу на -ва-. Яны таксама даюць рэгулярныя трывальныя пары, але, галоўным чынам, з прыстаўкамі: канструяваньне – зканструяваньне, гарманізаваньне – згарманізаваньне, рэгуляваньне – адрэгуляваньне. Для абазначэньня дзеяньня і выніку гэтыя дзеясловы спалучаюцца і з чыста беларускім суфіксам -ля (-л-я): будоўля, гадоўля, галадоўля, рыхтоўля. Цікава, што найноўшае ўтварэньне зь -ля, як і архаічнае з -ба, -ец, таксама не дапушчае прыставак. Дзеясловы на -ва- даюць яшчэ адзін назоўнік выніку з суфіксам -унак (-у-н-ак), -ынак: кірунак, рабунак, будынак, мяркунак, гадунак, квітунак, як і на -ля – беспрыстаўкавы. Недапушчальнасьць прыставак у словах на -унак кажа пра тое, што наватвор накірунак (які, быццам эпідэмія, шырыцца ў друку) — ня ўпісваецца ў сыстэму беларускае мовы. Ёсьць, праўда, выняткі, але з прыстаўкаю па-: падарунак, пацалунак, зрэшты, яны таксама маюць дублеты: цалунак, дарунак.
Пададзеная вышэй назоўнікавая форма дзеяслова часткова запаўняе тую лякуну, якую ў царкоўнаславянскай і расейскай мовах запаўняюць дзеепрыметнікі висящий, бегущий, писавший, открываемый і пад. Многія сказы з гэрундам можна перадаць па-расейску дзеепрыметнікамі: Маўчым, зубы сьцяўшы, каб вораг для зьдзеку на свой лад іначыць с к а з а н ь н я ня мог. Хр. ХIХ. Тут слова сказаньне паводле зьместу далёкае ад расейскага сказание, перакласьці яго лепш за ўсё: говоримое, сказанное, сказываемое, то, что сказали. Цi, наадварот, на месцы дзеепрыметнiкаў можна ўжываць гэрунд: Плацдарм супраць н а д ы х о д з я ч а г а (=надыходжаньня) НАТО. П. 98.03.26. Гэтаксама: гаворачая асоба – асоба гаварэньня, клясыфiкуючая катэгорыя – катэгорыя клясыфiкаваньня.
Само сабой узьнікае пытаньне: чаму гэрунду няма ў царкоўнаславянскай мове? Адною з прычынаў, на мой пагляд, ёсьць тое, што праславянскі суфікс -ие (-ьjь) ствараньнікі стараславянскае (царкоўнаславянскае) мовы прыраўналі да падобнага паводле гучаньня грэцкага суфіксу, які перадаваў абстракцыі: алетэйя, энтэлехія. Пасьля гэтага парушылася сэмантычная стройнасьць словаўтварэньня. Суфікс -ие мусіў перадаваць і дзеяньні і абстракцыi. У беларускай мове для абазначэньня абстракцыяў выпрацаваўся асобны суфікс -асьць. Пра тоеснасьць -ие і -асьць ішло вышэй, пакажам гэта яшчэ раз на прыкладзе “Сынонімы славенароскае”.
бесчеловечие — нялюдзкасьць 
богобоязние — багабойнасьць
быстороумие – быстрасьць розуму
величие – вялікасьць
имение — маетнасьць
невидение — невідомасьць
неразнствие — нярознасьць
отишие — ціхасьць
сведение — сьведамасьць
смиренномудрие – пакорная мудрасьць 
соединение — еднасьць
терпение — цярплівасьць
умение — умейнасьць
умерение — мернасьць
умерщвление — мёртвасьць
хврастие – хворасьць
 
Такім парадкам, у царкоўнаславянскай і расейскай мовах для перадаваньня дзеяньня няма рэгулярнага словаўстваральнага элемэнту. Часамі гэтую ролю, апрача суфікса -ие, бярэ на сябе суфiкс -ство: строительство дома. Фраза будаўніцтва дома – чыстая калька з расейкае мовы, якая парушае неадменную стройнасьць і лягічнасьць мовы беларускае. Па-беларуску строительство домабудаваньне дома. Расейскае ж слова строение мае на ўвазе будынак, таму выраз строение дома – масла мясьлянае.
Назоўнікі дзеяньня ў беларускай мове, як мы бачылі, утвараюцца беспасярэдне ад дзеясловаў, потым – імёны выканаўцаў дзеяньня: пісаць — пісаньне — пісаньнік, пілаваць —пілаваньне — пілаваньнік. У царкоўнаславянскай і расейскай мовах гэтая мадэль далёка не заўсёды вытрымваецца. Там, асабліва дзе суфікс -ие дзеяньня не абазначае, прыходзіцца ісьці дзіўным абходным шляхам, ад дзеяслова – да суб’екту, а ад суб’екту — да назоўніка дзеяньня: строить – строительстроительство, подстрекать – подстрекатель – подстрекательство. У беларускай мове гэтая выкручаная мадэль зусім не патрэбная, але сустракаецца апошнiм часам скрозь. 
разьбіральніцтва (разбирательство) – разьбіраньне, разбор
[Лейтэнант] запатрабаваў ... пайсьці ... для разьбіральніцтва (=разбору). П. 98.03.5. 
умяшальніцтва (вмешательство) – замешваньне, замяшаньне, умешваньне, умяшаньне
Умяшальніцтва (=замешваньне) дзяржаўных органаў у справы БФФ можа пацягнуць за сабой адпаведныя санкцыі. С. 98.06.3.
хадайніцтва (ходатайство) – стараньне
У Беларусі пачалася рэгістрацыя хадайніцтваў (= стараньняў) аб прызнаньні замежных грамадзянаў бежанцамі (=выгнанцамі). С. 98.06.03. Пар.: Няхай помняць край і Вільня стараньне гэта чыё. А. Вярыга-Дарэўскі.
Аўтары прыточаных прыкладаў думаюць, быццам варта ўзяць замест суфікса -тель суфікс -нік – і слова стане беларускім. Аднак, ці абавязацельства ці абавязальніцтва – усёроўна перад намі расейская (царкоўнаславянская) словаўтваральная схема, беларуская мова iдзе беспасярэдне ад дзеяслова: забавязаньне. Утварэньні на -ства ў нашай мове маюць часьцей за ўсё значаньне зборнасьці, зрэдку – абстрактнасьці: спадарства, пісьменства, наступства (лепей наступнасьць) i да т.п.
Стройнасьці і пасьлядоўнасьці беларускіх словаўтваральных мадэляў могуць пазайздросьціць многія мовы. Тым часам у расейскай – ніколі не гарантавана, што можа абазначаць той ці іншы суфікс, як ён будзе сябе паводзіць з тою ці іншаю асноваю. І мы гэтую блытаніну пераймаем з рабскаю пакорнасьцю.
вучэньне (учение) – навука
[Хрыстос] за сваё вучэньне (=навуку) быў кінуты ў турму. П. 98.02.12. пісаньне (писание) — пісьмо
Як у плане тэорыі, так і на практыцы... маю дачыненьне да перакладу Свяшчэннага Пісаньня (=Святога Пісьма). ЛіМ. 97.06.06.
Словы писание, послание, учение – гэта царкоўнаславянская спадчына, дзякуючы якой пры называньні працэсаў у расейскай мове назіраецца поўная блытаніна: письмо, написание, писательство, посылка, учёба, учительство і як заўгодна. У беларускай мове пісаньне, пасланьне, вучэньне абазначаюць толькі працэсы (пар.: Вучыцель пасьля в у ч э н ь н я пачынаў што-небудзь рабiць. I. Дабрынец.), для іншых выпадкаў ёсьць іншыя словы: писание – пісьмо, письмо – лiст, послание – ліст, учение – навука і г.д. Цяпер, на жаль, замест беларускага назоўніка шуканьне ўсё мацней укараняецца калька – пошук, якой зусім не было ў тэкстах пачатку стагоддзя.
Нястача назоўнікаў дзеяньня ў расейскай мове прывяла да разьвіцьця гэтага значаньня ў словах на -ка: носка, плавка, варка, стирка і інш. У беларускай мове назоўнікі на -ка абазначаюць, зазвычай, рэчы, прылады працы: падпорка, засаўка, апратка, але апошнім часам расейскае -ка ўсё часьцей заступае беларускае -аньне, -эньне, -це.
відэаздымка (видеосъёмка) – здыманьне на відэо
Няма такога, каб садзіць за рэкламу відэаздымкі (=здыманьня на відэо). П. 98.03.05.
выплаўка (выплавка) – выплаў, выплаўляньне, выплавеньне
[Знойдзеныя] прыстасаваньні для выплаўкі (=выплаву) каляровых металаў. С. 98.08.15.
выпрацоўка (выработка) – выпрацоўваньне, выпрацаваньне
Перад намі цяпер стаяць задачы (=заданьні) выпрацоўкі (=выпрацоўваньня) новых мадэляў. НН. 97.07.28.
выставачны (выставочный — ад выставка) – выстаўны
У в ы с т а в а ч н а й (=выстаўнай) залі ... творы засталіся. С. 94.1.
вэрбоўка (вербовка) – вэрбаваньне, вэрбоўля
Можна было пераходзіць да прыемнай п а д р ы х т о ў ч а й (=рыхтавальнай) працы, зьвязанай з в э р б о ў к а й (=вэрбаваньнем) агента. НН. 97.06.30.
дастаўка (доставка) – дастава, дастаўляньне, даставеньне
[Перашкоды] ўзьнікаюць пры дастаўцы (=дастаўляньні) гуманітарнае дапамогі. С. 97.08.22.
даўка (давка) – цісканіна
Пачалася даўка (=цісканіна), у якой толькi цудам (=нейкiм дзiвам) нiхто сур’ёзна не пацярпеў (=ня быў пакалечаны). С. 97.07.08.
закупка (закупка) – закуп, купляньне
Служба... плануе правесьці тэндэр на закупку (=закуп) харчаваньня. С. 97.09.24.
запраўка (заправка) – запраўляньне, заправа, запраўленасьць
[Самалёт] меў практычна поўную запраўку (=запраўленасьць). С. 97.09.12.
змычка (смычка) – злучэньне, збліжэньне, зьяднаньне
А цяпер вядзецца грандыёзная работа па поўнай змычцы (=дзеля поўнага злучэньня) нашых краінаў. П. 98.01.29.
лакіроўка (лакировка) — лякаваньне, згладжваньне.
Лакіроўка (=згладжваньне) акта рэвізіі працягваецца. С. 96.05.24.
падгонка (подгонка) – раўнаньне, зраўнаньне
Яны прыступілі (= у з я л і с я) да ўніфікацыі — ... падгонкі (=раўнаньня) ўсяго жыцьця пад некалькі... формулаў. С. 95.12.29.
падтрымка (поддержка) – падтрыманьне, падтрымваньне
Я маю на ўвазе акцыі палітычнага характару. Напрыклад (=прыкладам), падтрымка (=падтрыманьне) з боку Кангрэсу. НН. 97.07.28.
памыўка (помывка) – мыцьцё; лазьня
Зьняволеныя раз у дзесяць дзён маюць вялікае сьвята – памыўку (=лазьню). П. 97.
прышчэпка (прививка) – прышчэп, прышчапляньне, прышчапеньне
Імунітэт выпрацоўваецца ... пасьля прышчэпкі (=прышчэпу). С. 97.11.21.
раскачка (раскачка) – ваганьне, разьбег
Скажам так, эканоміка ў стане раскачкі (=ваганьня). С. 95.02.08.
улоўка (уловка) – хітрасьць
Гэта можа быць дыпламатычнай улоўкай (=хітрасьцю). С. 96.05.14.
уцечка (утечка) – праточваньне, пратачэньне; зьбег; адток
Уцечка (=праточваньне) дакументаў і дыпламатычнай крыніцы праліваюць сьвятло. С. 96.05.14.
чыстка (чистка) – чышчаньне
Пасту чаргуйце са (=з) звычайнымі сродкамі (=спосабамі) для ч ы с т к і (=чышчаньня) зубоў. П. 98.03.05.
Сваім паходжаньнем расейскае -ка сягае ў ХVII cтагоддзе, у мову канцылярыяў (“прыказаў”): выимка СУ, записка СУ, пытка СУ, явка СУ, выписка ЖА, присылка ЖА. З суфіксам -ка цесна зьвязаныя суфіксы -чик, -щик (носка – носчик, резка – резчик), якія таксама паходзяць з жаргону расейскіх прыказных падзьячых ХV-ХVII стст.: ямщик Гр.1483, боровщик Гр.1483, неводщик Гр.1496, третчик Гр.1496, проведчик Гр.1509, доводчик Гр.1509, каменщик Дом., кирпищик Дом., стеныщик Дом., даньщик Ркн.1551, приказчик Гр.1579, порутчик СУ, табатчик СУ, отбойщик СУ, ответчик СУ, помещик СУ, челобитчик СУ, караульщик ЖА. У страбеларускай мове старарасейскім словам адпавядалі іншыя мадэлі (найбольш пашыраныя – з суфіксамі -нік і -ар):
 
боровщик – гаёўнік
даньщик — даньнічы
доводчик – віж, возны
каменщик — муляр
помещик – земянін
порутчик — рукаемца
проведчик — сок
  
Суфіксы -чык (-шчык) пачалі шырыцца ў нас толькі ў ХIХ ст., з пачаткам расейскага ўплыву. Але да 30-х гадоў ХХ стагоддзя іх ужываньне мела выпадковы характар і не зьмяняла сыстэмы мовы. Найперш гэта былі тэрміны з канцылярскага жыцьця: Энэй к а н т о р ш ч ы к а м у нас. В. Равінскі. Цікава, што ў раньняй (відаць, аўтарскай) рэдакцыі “Тараса на Парнасе” ёсьць слова палесаўнік, а ў пазьнейшай – яго заступіла палясоўшчык. Складаны лёс беларускага слова бунтаўнік, што сустракаецца і ў актавай мове, і ў “Сыноніме славенароскай”. У наш час, на жаль, карыстаюць бунтаўшчык. Першы беларус, які ўжыў слова бунтовщик, быў расейскі паэт ХVIIІ ст. А. Белабоцкі. У беларускую мову гэтае слова лучыла толькі пры канцы ХIХ—пач. ХХ стст. у творах В. Савіча-Заблоцкага і Я. Коласа – таксама як тэрмін. Адначасна знаходзім: у Ф. Багушэвіча – бунтоўнік, у Цёткі – бунтаўнік, у В. Ластоўскага – бунтэжнік. Падобны разнабой назіраўся некалі і ў украінскай мове, але ўкраінцы вярнулі сваю словаўтваральную мадэль, — а мы цалком перанялі расейскую. Зрэшты, разнабой назіраецца і цяпер, у адной толькі “Свабодзе” (“Навінах”) можна сустрэць і расеянізмы пікетчык, пікетоўшчык і беларускае слова – пікетовец..
2.4. Складаныя словы. Зь нястачаю назоўнікаў дзеяньня зьвязаная яшчэ адна асаблівасьць царкоўнаславянскае спадчыны – вялікая колькасьць складаных словаў, што зьявіліся праз калькаваньне бізантыйскіх словаўтваральных мадэляў. Падстаркаватая бізантыйская культура цягам доўгага разьвіцьця ўвабрала ў сябе незьлічоную рэч розных традыцый, абрасла дэталямі і падрабязнасьцямі. І ўсё гэта, амаль бязь зьменаў, было перанесена на старабаўгарскую глебу. Такiм парадкам, перанасычаная бізантызмамі царкоўнаславянская мова, як гэта нi дзіўна, бадай што найменш славянская з усіх славянскіх моваў. Многія словы ў ёй складаюцца з двух, трох, а зрэдку і чатырох каранёў: благообразие, благополучение, доброличие, злоключение, друголюбие, краснолепый, сердцевеселящий, многогрешный, благокоренный, пребогатоцветный, богодухновенноцветородный, цветовертник і г.д.
Гэтая рыса царкоўнаславянскага словаўтварэньня на расейскай ніве атрымала далейшае разьвіцьцё: видоизменять, разновидность, закономерность, победоносный, умиротворенный (па-беларуску, адпаведна: адмяняць (зьмяняць), адменьнiк, рэгулярнасьць, пераможны, замiраны). Да бізантыйскіх калек у ХVIII—ХIХ стст. прытачыліся калькі зь нямецкае мовы, дзе таксама пашыраныя складаныя словы. У беларускай мове часьцей як у расейскай ужываліся нямецкія карані, словы з каранямі нямецкага паходжаньня: кошт, кшталт, гвалт, меркаваць, кіраваць, мардаваць прыжыліся даўно, але складаныя і складанаскарочаныя словаўтваральныя мадэлі амаль зусім не ўжываліся.
Супраць складаных словаў выказваўся яшчэ Ф. Янкоўскі, які пісаў: “Асабліва часта сустракаюцца складаныя і складанаскарочаныя словы ў перакладах зь іншых моў. Калі ў іншамоўным арыгінале ёсьць складанае слова, яго імкнуцца і перакладаць складаным, ня ўлічваючы таго, што адпаведнага складанага слова ў нас няма... Ня так даўно мне ледзь удалося пераканаць аднаго перакладчыка, што нямецкае Barenfurer (павадыр мядзьведзя) ня мае ў нас адпаведнага слова (перакладчык доўга стаяў на сваім: Barenfurer – мядзьведзепавадыр)”.
Каб паказаць малаўжывальнасьць гэтае лэксыкі, зьвернемся ізноў да “Сынонімы славенароскае”. Бальшыня складаных словаў у “Сыноніме” перадаецца звычайнымі, славянскага паходжаньня, а калі – і нямецкага.
велеречивость — моўнасьць
велеречивый – моўны
виноград — віньніца
гортанобесец — жарлок
дебёлохудожник — партач
добродетель — цнота
долготерпение – цярплівасьць.
домостроитель — шафар
достоверно — праўдзіва
живописец — маляр
живопись — малярства
земледелец – арач, рольнік
злословить — ганьбіць
косноязычный – бакатлівы, гугнівы, недарэкі
лицемер – хітляны, змышляч
лицемерный – хітляны, аблудны
лицемерство — хітлянасьць
маловерие — недаверства
маловерный — недаверак
малодушный — ляклівы
маломощный — недалугі
прелюбодей — байстар
 
I толькi зрэдку пры перакладзе ўзьнiкаюць складаныя словы, або – словазлучэньнi:
 
домостроительство — дамарад
идолослужение – балвахвальства
клятвопреступник — крывапры- сяжца
многотрудный – поўны працы
  
Асаблівую цяжкасьць для сучаснае беларускае мовы зьяўляюць славянізмы зь ідэалягічным фармантам благо-. Гэтая катэгорыя лексыкі мяне цікавіць даўно. Да поўнага разьвязаньня іх праблемы далёка, але можна пэўна сказаць, што бальшынi словаў на благо- ў беларускай мове адпавядаюць простыя словы. ( Пакладзены ніжэй сьпiс падаецца без належнае паўнаты і сыстэматызацыі.)
благий – добры Сс., Z., Ластсл., болагі Буд., Ластсл. 
благо — добро 
благобоязние — багабойнасьць 
благоверие – праўдзівая вера Сс., прававернасьць Ластсл. 
благовест — красны звон Сс., прозьвесьць Ластсл. 
благовещение – зьвеставаньне Ластсл. 
благоволение – упадабаньне Сс., любасьць, зычлiвасьць Ссл. 
благоволить – любаваць Сс., мець ласку РБС, спрыяць РБС 
благовоние – вохнасьць Ластсл., водар
благовонный — вохны Ластсл.
благовоспитанный — выхаваны
благовоспитанность — выхаванасьць 
благовременно – у час, у добры час Сс.
благогласный – сьпеўны Баг.
благоговение – набожнасьць Z., багабойнасьць 
благоговенный – набожны Z., багабойны Сс.
благодатель – даўца ГСБМ, добрага даўца Z.
благодатный – ласкавы Z., Сс., шчаслівы Ластсл., жызны Чач. 
благодать – ласка Лекс., Z.,Сс.
благоденственный – шчасьлівы Z., Сс.
благоденствие – шчасьце Z., Сс.
благоденствовать – красавацца Ссл.
благодетель – дабрадзей Z. Cc., літасьцівы Сс.
благодетельство – дабратлі-васьць Сс., дабрадзейства Z., Сс., учыннасьць Акты 
благодетельный – дабратлівы Сс., ласкавы Сс., учынны Аб.
благодеяние – дабрадзейства Сс. 
благодушие – лагоднасьць РБС
благожелание – зычлівасьць
благожелатель – дабрахот, зычлівы
благожелательный – зычлівы Ссл., думны В.-Д.
благожелательствовать – добра думаць К.
благожребие – доля
благозаконие – праўнасьць Ссл., парадак
благозвучие – сьпеўнасьць
благозвучный – сьпеўны Баг
благозрачный – пазорны Ссл., гожы Ссл.
благоизбранный – выборны Ссл.
благоимение – розум (добры) Сс.
благоимство – здароўе (добрае) Сс.
благоключимый – пагодны 
благокоренный – добра аснованы Лекс.
благолепие – пазор Ссл., краса Сс., харошасьць Сс., цуднасьць Сс., аздоба Z., Ластсл.
благолепный – пазорны Ссл., красны Сс, харошы Сс, цудны Сс., аздобны Ластсл.
благомощие – латвасьць Сс., непахібнасьць Ссл.
благомужество – удатнасьць Сс. 
благомыслие – разважнасьць
благомыслящий – разважны 
благонадёжный – пэўны
благонарочитый – зацны Сс. 
благонравный – абычайны Сс., Ссл., пачлівы Ск., учцівы Сс. 
благонравие – абычайнасьць Сс., пачлівасьць, учцівасьць 
благообразие – паважнасьць, учцівасьць 
благообразный – паважны Сс., учцівы Сс.
благополучение – шчасцье Z., зажытак Ссл.
благополучный – шчасьлівы Z., Сс., зажылы, добры Ссл., жызны Чач. 
благопотреблять – карыставаць Суд. 1468, Калін., Гур
благопотребный – карысны, пажытны 
благопотребность – карысьць, пажытак 
благоприлежный – улеглівы, Ссл.
благоприседительный – сталы Сс., пільны Сс. 
благопристойный – дачэсны Гал. 
благоприятный – мілы Z., Cc., Ластсл., Ссл., спрыяльны
благоприятствовать – спрыяць Ластсл., гадзіць Хр. ХIХ 
благоразумие – развага Ластсл., мудрасьць Ластсл., досьціп Сс.
благоразумный – разважны Ластсл., мудры Ластсл., дасьціпны 
благорассмотрение – праўнасьць 
благоречивый – вымоўны Сс., Ст., Лойк., моўны Сс.
благоречие – вымоўнасьць
благородие – шляхетнасьць
благородный – шляхетны
благосклонность – прыхільнасьць Ластсл., Лейк., хотлівасьць Хр. ХIХ 
благосклонный – прыхільны, Лейк., хотлівы Хр. ХIХ 
благосердый – ласкавы Сс.
благославить – багаславіць Куп., дабрамовіць Сс.
благосоветливый – радны Ссл.
благосостояние – заможнасьць Ссл., дабрабыт Ластсл
благостынный – шчодры, шчадраўлівы Z.
благостыня – шчадрыня, шчадраўлівасьць Z. Сс., ласкавасьць Сс., Ластсл. 
благость – даброць Леск., Z., Cc., цнота Сс.
благотворение – дабрачыннасьць Ластсл. 
благотворительный –дабрачынны 
благоуветливый – прыхільны Лейк., хотлівы Хр. ХIХ, упрэймы, ахвотны Сс., вясёлы Сс. 
благоугодительный – пакорны Сс., ціхі Сс.
благоугождать – дагаджаць Сс., падабаць Сс.
благоумие – досьціп Сс., розум
благоутишие – пагода Сс. 
благоутробие – субожнасьць Ссл., міласэрнасьць 
благоутробный – субожны Ссл., міласэрны Сс.
благоухание – воннасьць Сс., пах Ластсл., водар Ластсл. 
благоухищрение – выстаўнасьць Сс., досьціп Сс., бачнасьць Сс. 
благоухищренный – выстаўны Сс.
благочествовать – хваліць Z. , Сс.
благочестивый – дабратлівы Сс.
благочестие – дабратлівасьць, набожнасьць Z., Сс., Ластсл.
благочинный – думны Піл.
благоязычие – вымоўнасьць Сс. 
благоязычный – вымоўны Сс.
блаженный – шчасьлівы Лекс., Z., Cc., Ластсл., урачоны Сс., ушанаваны Сс.
блаженство – шчасьлівасьць Лекс., Z., шчасьце Сс. 
блаженствовать – быць шчасьлівым Z.
блажить – хваліць Z., Сс., славіць Ластсл., пахваляць Лекс., чціць Сс.
блажь – кепства Бел., НН.
Беларуская мова, як бачым, не зьляпляе паняткi па частках, а стараецца даць адно ёмiстае найменьне. У гэтым аспэкце яна нагадвае ангельскую. Аднак, у савецкай беларускай мове ладная колькасьць складаных словаў матываваная ня сэнсавымі патрэбамi, а расейскiм уплывам. Прыкладам, ёсьць слова зычлiвы – а добразычлiвы не дадае да яго зьместу нiчога новага, бо “дабро” i ў першым выпадку маецца на ўвазе. Затое па-расейску желательный i доброжелательный зьяўляюць розныя значаньнi. Аналягiчна добрасумленны нiчога не дадае да сумленны, а совестный i добросовестный — даюць розныя сэнсы.
Тут ёсьць адна цiкавая пасьлядоўнасьць: часта пры дзеясловах ужываецца эпітэт добра, але, калi дзеяслоў сам ператвараецца ў эпітэт, элемэнт добра бязь сьледу зьнiкае, нiбы паглынаецца новым прыметнiкам: добра думаць, але – думны; добра зычыць, але – зычлiвы; добра жыць, але – жызны, зажылы; добра мовiць, але – моўны (вымоўны); добра радзiць, але – радны; добра спорыцца, але – спорны; добра сьпяваць, але – сьпеўны; добра чынiць, але – учынны.
Рацыянальнасьць i строгае хараство беларускае мовы вынiкаюць з таго, што яна цесна зьвязаная з народнаю традыцыяй, не засьмечаная разумовымi экспэрымэнтамi, на якiх узрасла мова царкоўнаславянская. Плён “кнiжнае мудрасьцi” па-свойму цiкавы, толькі не для ўжытку, хутчэй для спазiраньня. Гонячыся за бiзантыйскiмi складанасьцямi, мы даб’емся адно эклектыкi, грувасткае мешанiны. Найлепшыя вынiкi дае вывучэньне народнага словаўтварэньня. Яно падказвае, што нават там, дзе, здаецца, ня ўнiкнуць складанага слова – ёсьць вельмi зручная i простая мадэль, якую ня цяжка перанесьцi на iншы корань, пакажам гэта на прыкладзе найменьняў суб’ектаў працы i вытворных ад iх прафэсiяў.
животновод – гадаўнiк Ластл.
животноводство – гадоўля Ластл., ТСБМ
землемер – мернiк Ссл.
конокрад – канеўнiк Ссл., канакрад
кораблестроитель – карабельнiк Ластл.277
кораблестроительный – карабельны Ластл.277
лесовод – лесаўнiк, лесавiк ТСБМ
лесоводство – лесаўнiцтва
луговод – лугаўнiк
луговодство – лугаўнiцтва БНсл.
овощевод – гароднiк
овощеводство – гароднiцтва
псарь – псяр, сабакар, псарэц Ссл.
птицевод – птушар Ластсл., птушнiк Ластсл.
птицеводство – птушарства Ластл., птушніцтва
птичник – птушня Ссл.
рыбовод – рыбнік Ск.
рыбоводство – рыбніцтва
садовод – садоўнік
садоводство – садоўніцтва
свиновод – сьвінар
свиноводство – сьвінарства
скотовод – гавяднік
скотоводство – гавядніцтва
смолокур – смаляр
смолокурение – смалярства
смолокуренный – смалярскі
собаковод – сабакар Ластсл.
собаководство – сабакарства
стихотворец – пясьняр; вершаваньнік БНсл.
стихотворство – пясьнярства; вершаваньне БНсл.
судоверфь – карабельня
судостроение – карабельніцтва
судостроительство – будаваньне караблёў
судостроитель – карабельнік Ластсл.
счетовод – рахаўнік БНсл.
трубочист – камінар
 
Яшчэ адна адметнасьць народнага, і наагул беларускага, словаўтварэньня супраць штучнага царкоўнаславянскага ў тым, што складаныя словы, калі яны ёсьць, імкнуцца быць бяз суфіксаў: домостроительство – дамарад, земледелец – земляроб, древнехранилище – старасхоў. Асабліва не прымае беларуская мова складаных словаў з канчарамі назоўнікаў дзеяньня -аньне, -эньне і інш., таму лепш за ўсё расейскія словы перадаваць так: новообразование – наватвор, лесонасаждение – лесасеў, смолотечение – смалацёк. А калі трэба ўсё ж абазначыць дзеяньне – на дапамогу прыходзяць дзеясловы на -ва- з адным коранем: жертвоприношение – ахвяраваньне, сеноуборка – сенаваньне, стихотворство – вершаваньне.
Часамі ствараецца ўражаньне, што складаныя словы ўзьнікаюць толькі ад разьвязласьці розуму, ад нашае няўмейнасьці і нядбаласьці. Беларуская мова стагоддзямі выпрацоўвала прыстаўкі і суфіксы, а мы быццам ня ўмеем імі карыстацца. Яшчэ ў дваццатыя гады было слова дамэтны – цяпер яго заступіла калька зь нямецкае мовы (праз расейскую) – мэтазгодны. Але, заўважым, украінцы пішуць у гэтым сэнсе доцільний. У польскай мове ёсьць слова celowy (расейскае – целеустремлённый), расейцы ня могуць у гэтым сэнсе ўжыць цельный, або целевой, а мы можам казаць мэтны, мэтлівы і г.д. Разгледзім невялікі шэраг падобных прыкладаў.
  
противоядие - адатрута Ластсл. 
пылесос – адпыльнік
солнцезащитный – адсонцавы 
целенаправленность – мэтнасьць
целенаправленный – мэтны
целеполагание – намэта Св., намэтнасьць
целеполагающий – намэтны
целесообразность – дамэтнасьць
целесообразный – дамэтны Гсл.
целеустремлённость – мэтлівасьць
целеустремлённый – мэтлівы
центробежный – адасяродны Ластсл., адасяродкавы БНсл., адцэнтровы
центростремительный – да(а)сярод-ны Ластсл., даасяродкавы БНсл., дацэнтровы
 
Аналягічная сытуацыя з расейскімі словамі на -видный, -образный, -подобный і інш., у 20-я гады і раней ім адпавядалі беларускія словы на -аты, радзей на -істы, -асты. 
амёбовидный – амёбісты 
бобовидный – бабчасты Ластсл. 35
веретенообразный – вераценісты
древовидный – дравяністы ТСБМ
дугообразный – дугаваты Ластсл. 164
желобчатый – жалубісты Ластсл. 176, жалабаты РБС
женоподобный – жанкаваты, жанотлівы Ластсл. 177
зверообразный – зьвераваты БНсл.
зерновидный – зерняваты РБС
злаковидный – каласаваты Ластсл. 269
змеевидный – зьмеяваты
игловидный – іглаваты
каплевидный – краплісты Ластсл. 248, Стр.
клееобразный – кляісты Ластсл. 260, клейкаваты Ластсл. 260
колесовидный – круглаты Ластсл. 289
наукообразный – навукаваты
паукообразный – павукаваты БНсл.
подковообразный – падковісты
порошкообразный – парашкава-ты
сердцевидный – сэрцаваты БНсл.
серповидный – серпаваты
сетчатый – сеткаваты БНсл.
спиралеобразный – сьпіраляваты
стекловидный – шкелісты
стрелообразный – стралаваты Ластсл. 689, стралавісты Ластсл. 689
шаровидный – клубаваты Ластсл. 749
Калі ж мы зьвернемся да друку, то ізноў упэўнімся, што колькасьць складаных словаў штодня расьце бяз жаднай рацыі.
адзінадушша (единодушие) – згода
Агульны пісьменьніцкі сход... выявіў нябачнае (=нябачаную, нязнаную) далей у гэтай аўдыторыі адзінадушша (=згоду). ЧУ.3.
багаслужбовы (богослужебный) – набажэнскі
І ў даўно прызнаных аўтакефальных праваслаўных цэрквах багаслужбовымі (=набажэнскімі) зьяўляюцца, як правіла (=зазвычай), несучасныя нацыянальныя мовы. ЛіМ. 97.06.06.
галоўнакамандуючы (главнокомандующий) – камандзір, начальнік, ачольнік, - зьверхнік, галава (прапаноўваю яшчэ насуперак Ластл.чалец – той, хто “на чале, ачольвае”)
Вы галоўнакамандуючы арміяй (=галава, чалец) войска. С. 98.10.16.
дабраславенны (благословенный) – шчасьлівы
Калі мудрацы (=мудрыя) ўзялі новыя словы.., люд шматлікі спазнаўся ў лучнасьці, дабраславенны (=шчасьлівы) знак чаго вякамі захоўваўся ў тых словах. ЛіМ. 97.06.06.
дабратворна (благотворно) – добра, станоўча, у лепшы бок
Сам факт прысутнасьці патрулёў (=бытнасьці, знаходжаньня варты) можа дабратворна (=у лепшы бок) паўплываць на вулічную злачыннасьць. С. 97.10.29.
доўгачаканы (долгожданный) – чаканы
Давядзецца ... душыцца ў чарзе, каб забраць доўгачаканы (=чаканы) пашпарт. П. 98.06.25.
новапаўсталы (новоявленный) – новы; раптоўны і г.д.
На сэсію былі запрошаныя прадстаўнікі ... суполак ... блізкага новапаўсталага (=новага) замежжа. НН. 97.07.28.
новаўвядзеньне (нововведение) – навіна
Дакумент ... прадугледжвае (=агадвае) пэўныя новаўвядзеньні (=навіны). П. 98.03.26. Пар.: Тут людзі ахнулі: “Ого! Вось гэта навіна!” Пасьля спыталіся ў яго: “А дзе ж садавіна?” К.Крапіва.
падаткаплацельшчык (налогоплательщик) – падаткаваньнік, плачэньнік падаткаў
Мы, падатка плацельшчыкі (=падаткаваньнікі), выплачваем (=выплочваем) ... аклады. П. 97.10.10.
праўдападабенства (правдоподобие) – праўдападобнасьць
Стыхія публічнага палітыка — праўдападабенства (=праўдападобнасьць). НН. 97.07.28.
роўнасьвяшчэнны (равносвященный) – роўны (у сьвятасьці)
І трэба прыкласьці ўсе намаганьні, каб мова беларуская стала роўнасьвяшчэннай (=зраўналася ў сьвятасьці). ЛіМ. 97.06.06.
самавідавочны (самоочевидный) – зразумелы, пэўны, выразны, выяўны
Прырода ... ідэі ... не прадстаўляецца (=падаецца) самавідавочнай (=зразумелай, выяўнай). П. 97.11.20.
сьмецьцяправод (мусоропровод) – сьмецьцявод
Наглуха заварылі сьмецьцяправоды (=сьмецьцяводы) ў пяціпавярховых дамох. С. 96.06.28.
супрацьборучыя (противоборствующие) – супраціўныя, праціўныя
Не задавальняюць яны супрацьборучыя групіроўкі (=супраціўныя групоўкі) ў Маскве. П. 98.03.26.
супрацьдзеяньне (противодействие) – супраціў
Патрэбна шукаць супрацьдзеяньне (=супраціву). П. 98.03.26.
супрацьлеглыя (противоположные) – супраціўныя, праціўныя
Факты супрацьлеглыя (=супраціўныя) палітычныя сілы трактуюць у залежнасьці ад сваіх ідэалагічных перакананьняў. С. 96.06.11.
узаемадачыненьні (взаимоотношения) – дачыненьні (“дачыненьні” аднабаковыя не бываюць, калі ж з аднаго боку, — то “стаўленьне”)
Несумненна (=пэўна, без сумневу) можна казаць пра якасна іншы ўзровень узаемадачыненьняў (=дачыненьняў) паміж дыяспарай і прадстаўнікамі розных палітычных плыняў, якія стаяць на глебе незалежнасьці Беларусі ўнутры краіны (=у краіне). НН. 97.07.28.
шматпакутны (многострадальный) – цяжкі, трудны (ад труд – страдание)
Гісторык... расказвае пра шматпакутны (=цяжкі) лёс. П. 98.03.05.
першапачаткова (первоначально) – спачатку
Пракурор першапачаткова (=спачатку) прасіў дзесяць. С. 97.11.14.
Што да апошняга прыкладу, дык ён кліча за сабою яшчэ адну праблему. Многія прыметнікі і прыслоўі на -овы, -ова народнай мове неўласьцівыя, яны ўзьніклі на скрыжаваньні расейскіх і польскіх уплываў, таму лепш перакладаць: первоначальный – выточны, пачатны; своевременный – учасны; своевременно – у час; одновременный – адначасны; одновременно – у адзін час, разам і г.д. У беларускай мове прыслоўе або прыслоўнае спалучэньне часта папярэднічаюць прыметніку, тым часам у царкоўнаславянскай (і расейскай), наадварот, ад прыметнікаў утвараюцца прыслоўі.
2.5. Агляд рэшты. Адныя хібы цягнуць за сабою другія – і разгледзець усе праблемы зрасейваньня беларускае мовы ў кароткім аглядзе не да падняцьця. Але нельга пакінуць і без увагі. Многія расеянізмы гэтак прыжыліся, што чапаньне іх будзе выглядаць дзівацтвам і адшчапенствам, аднак сыстэмнасьць вымагае быць пасьлядоўным што да чысьціні мовы.
Чужынцамі, якія шырока разышліся ў мове і вельмі ўтульна ў ёй пачуваюцца, хоць так і не зрасьліся з сыстэмаю, ёсьць наступныя словы: сутнасьць, адсутнасьць, прысутнасьць, неабходнасьць, вырашаць, рашэньне, выключаць, заключаць і да т.п. У 20-я гады многія беларускія навукоўцы і пісьменьнікі выказваліся супраць іх ужываньня, але на савецкай глебе змаганьне за чысьціню мовы было марным. У слоўніку В. Ластоўскага чытаем: “Апошнімі часамі пачалі ўжываць у нас барбарызм прысутны, прысутнасьць, які павінен быць безумоўна адкінуты як нязгодны з духам мовы”. “Вельмі непрыгожа выглядае жаргонны расейскі барбарызм, які, нажаль, цяпер даволі часта ўжываюць: адсутнасьць, адсутны”. “Слова неабходны жаргоннае”. І гэтаксама ў М. Гарэцкага: “Ужываючы слова неабходны, ня трэба забывацца, што па-беларуску лепей у гэтым сэнсе сказаць: патрэбныя, пільна патрэбныя і г.д.”
Зь ХVІІ стагоддзя і, відаць, ранейшых часоў трываюць словы існасьць і бытнасьць. Гэта натуральна, бо існасьць паходзіць ад існаваць, бытнасьць ад быць, таксама, як сущность ад существовать. А ўсё, што можна прачытаць пра “беларускае” слова сутнасьць – філялягічныя байкі, гэта клясычны ўзор стварэньня “беларускага” слова праз сапсаваньне расейскага. Нідзе ў беларускай літаратуры прыкладна да 20-х гадоў мы не сустрэнем гэтага назоўніка. Аналягічная сытуацыя з словамі неабходнасьць, рашэньне. Няма памянёных словаў і ў народных гаворках, але расеізацыі дапамагаюць паасобныя слоўнікі.
Акадэмічны “Беларуска-рускі слоўнік” (БРС) падае і існасьць і сутнасьць. Затое акадэмічны “Русско-белорусский словарь” (РБС) упарта прапаноўвае толькі сутнасьць, а выраз отсутствующий взгляд перакладае як адсутны позірк, ігнаруючы куды аўтарытэтнейшы “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (ТСБМ), дзе гэты выраз мае іншы, беларускі, адпаведнік: непрытомны позірк.
Пра кожны з прыточаных расеянізмаў можна напісаць асобную працу, тут абмяжуемся іх перакладам, каб паказаць, што патрэбы ў расеянізмах няма ані:
сущность – існасьць, бытнасьць;
существо – істота;
суть – існасьць, грунт;
в сущности – у існасьці;
по сути – з грунту, у грунце рэчы;
отсутствие – нябытнасьць (чалавека), немень (рэчы), небыт, нястача, брак, няма;
присутствие – бытнасьць, зьяўленасьць, прытомнасьць, ёсьць;
в отсутствие меня – безь мяне, без маёй бытнасьці, за маёй нябытнасьцю, у маёй нябытнасьці;
в присутствии его – пры ім, пры яго бытнасьці, у яго прытомнасьці;
необходимый – патрэбны, пільна патрэбны, канечна патрэбны, канечны, мусовы;
необходимо – трэба, патрэба, патрэбна, гожа;
необходимость – патрэба, канечнасьць, мус, мусовасьць;
решить – разьвязаць, пастанавіць, надумаць, здумаць, наважыцца, зьмеркаваць, намеркаваць, пагадзіць, скончыць;
решить судьбу – выракаваць (вызначыць) лёс;
решение – разьвязак, разьвяз, разьвязаньне, разьвязваньне, пастанова, пастанаўляньне, надум, думка, зьмеркаваньне, вырак; 
решительный - станавіты, наважны адважны;
исключить – вымкнуць;
исключение – вынятак, вывет;
исключительный – вылучны, вынятны;
заключить – замкнуць;
заключение – замкненьне, выснова, зьмеркаваньне;
в заключение – на астатак, на астатку;
умозаключение – зьмеркаваньне і г.д.
Дагэтуль гаворка ішла пра кніжную лексыку, хаця аднолькава, калі ня горш, стаіць пытаньне зь беларускім гутарковым словам, іншымі галінамі лексыкі, сынтаксу, фразэалёгіі. Ніжэй падаюцца ўзоры абмыльных, недакладных і непажаданых ужываньняў, якія сустракаюцца ў сучаснай прэсе, і іх добрыя адпаведнікі.
Амонавец абматваецца (=абкручваецца) сьцягам. С. 96.05.14.
Тэлеграма ... была празь дзьве гадзіны адмененая (=адкліканая), П. 98.03.26.
Гэта тыпова сталінскія адносіны (=стаўленьне) да чалавека. С. 96.04.10.
Сам Ельцын гэта адобрыў (=ухваліў). С. 94.1.
Адтэрміноўка (=адклад) плацяжэй (=выплатаў), што для мяне сьмерці падобна (=горш за сьмерць, лічы капцы). П. 98.03.05.
Кабінет згодны нават адтэрмінаваць (=адкласьці, адчасаваць) выплату. С. 96.04.26. Пар.: Трэба з гэтай справай счасаваць. В.Ластоўскі. Ты дзьве свае букі прыслаў – не дарма, а на расчасаваньне. В.Савіч-Заблоцкі.
З пратэрмінаваным часам годнасьці да ўжываньня пакупнікам прадаваліся (=прадаваліся застарэлыя) вафлі ,“хербатнікі”, сялёдка (=селядцы).П. 96.04,11-17.
Адчайны я (=роспачныя) высілкі беларусаў. НН. 97.07.28.
Для пікетаў выбіраюцца ажыўленыя (=неспакойныя), мнагалюдныя (=людныя) месцы. С. 97.07.09.
І гэтыя апасеньні (=засьцярогі) былі небезпадстаўнымі. С. 96.04.05.
Цэны на крэмы ... трымаюцца каля 300-500 тысяч за банку (=скрыначку). П. 98.03.05.
Перавага ліберальных рашэньняў (=зьмеркаваньняў) над цэнтралізаванымі будзе бачная (=відаць). С. 96.05.24. Пар.: Полымя добра-такі палізала кару: чорны налёт і зараз відзён. Я. Пархута.
На Беларусі (=у Беларусі) водзяцца (=вядуцца) анаконды. ЛіМ. 94.04.22.
Ня будзем спасылацца на чужаземны вопыт (=досьвед). ЛіМ. 95.02.24.
Маркі наклейваюцца ... у правым верхнім вугле (=куце) канверта. П. 96.04.11-17.
У адной вупражцы (=запражцы). НН. 98.20.
Спадар Галі не выключае (=не адпрэчвае, дапускае) магчымасьці ўдзелу. ЛіМ. 94.04.08.
Вяроўка выключна (=толькі) дзеля беларушчыны — ... горла перадавіла (=пераціснула). С. 96.04.10.
Заключны (=апошні, замкальны) матч ... даўся ... лёгка. П. 98.03.05.
Справа накіраваная (=скіраваная) на паляпшэньне жыцьця для ўсіх, і ягонага ўключна (=разам). С. 96.04.10.
Прапануецца ... на выручаныя (=заробленыя) грошы зрабіць помнік. П. 98.06.25.
Вечнае пытаньне ... вырашае (=разьвязвае) кожны па-свойму. С. 95.12.29.
Яны сабраліся (=зьберліся) і сталі вырашаць (=меркаваць, думаць), якую ім збудаваць краіну. НН. 98.12.
Яны нагадвалі вучняў, якім далі рашаць (=разьвязваць) задачу (=заданьне). С. 95.12.29.
Жак Шырак і вырашыў (=надумаў) крыху зьменшыць сацыяльныя ільготы (=палёгкі). С. 95.12.29.
Ён, напэўна, упершыню вырашыў (=пастанавіў) выказвацца шчыра. С. 95.12.29.
Усё вырашыў (=выракаваў, вызначыў) апошні конкурс. П. 98.02.26.
Няма і тыповага вырашэньня (=разьвязку, разьвязаньня). С. 95.12.29.
Крэмль ... думаў і прымаў рашэньні (=пастановы). С. 95.12.29.
Чалавека можна было вярцець (=круціць) як захочацца. С. 97.11.25.
Яна любіць гуляць (=прахаджацца, шпацыраваць). П. 98.03.05.
Адбываецца гэта дастаткова (=досыць) мірна (=спакойна). П. 98.03.05.
Думаў, тужліва-зайздросна пазіраючы на дахадзягу (=худака, хірляка)... мэтр. ЛіМ. 96.18.
Прэстыж нашай культуры і мовы ... не аплочаны й дзьмуты (=пусты). НН. 95.1.
Чацьвертыя прымяркоўваюць ... залагодзіць свае дзялішкі (=сваю работку). НН. 95.1.
Вас чакае такое ж дзярмо (=лайно). НН. 98.20.
Іхняе шчасьце выклікае ... жаласьць (=шкадаваньне). С. 95.12.29.
Самаезабаўнае (=сама сьмешна, цікава), што ў новы Вярхоўны Савет прыйшло дастаткова (=пад дастаткам) маладых папулістаў. С. 95.12.29.
[На сьвяце] запраўляць (=верхаводзіць) наканавана [Фронту]. П. 98.03.19.
Атрымалася адмысловае відовішча, якое няблага было засьняць (=сфатаграфаваць) для ... газеты. ЛіМ. 98.18.
Такі заход ... зрабіў немагчымым правядзеньне разьлікаў на біржавых зьдзелках (=угодах). П. 98.03.26.
Афіцыйнай лічбе..., канечне (=ведама) можна верыць. С. 95.02.22.
Другой праблемай ... сталі аўтамабільныя коркі (=заторы). С. 97.07.08.
Радыётаксі не ідзе наперакор з нашым асноўным напрамкам (=насуперак галоўнаму кірунку). П. 98.03.05.
Насаджалася (=укаранялася, убівалася) «адзіная правільная» рэлігія. П. 98.03.05.
Гэта ... перавышэньне ўлады і насільле (=гвалт, сілаваньне). П. 98.03.24.
Права прэзідэнта заставацца ... з захаваньнем тых неахопных (=неабдымных) паўнамоцтваў. П. 98.03.26.
Пакрыць узьнікшы (=узьніклую) недахоп (=нястачу) ... урад можа. П. 98.03.26.
Дэкаданс ... вызначаўся ... нявер‘ем (=нявераю). ЛіМ. 94.09.09.
Кутузаў ... бітваў пазьбягаў (=унікаў). С. 96.04.10.
Яны пазьбягаюць уніфікацыі (=ухіляюцца ад уніфікацыі). С. 95.12.29.
Парадачныя (=прыстойныя) людзі ... могуць быць толькі сярод сваіх. ЛіМ. 96.05.03.
На радыё новыя паласы пасьцялілі (=паслалі). С. 96.02.09.
[Плінтусы] лепш пафарбаваць (=памаляваць). С. 96.02.09.
Зь імі падтрымлівалі (=трымалі) перамір‘е (=згоду). С. 96.06.26.
Менскі дэмагог у стане (=можа) перашыбіць (=перабіць) любую (=кожную, усякую) маскоўскую карту. НН. 97.07.28.
Гэтым законам прадугледжана (=агадваецца) адказнасьць чыноўнікаў за адмову прадаставіць (=даць) у СМІ неабходную (=патрэбную) ... даставерную (=пэўную) інфармацыю. С. 96.07.02.
Шчучынская вертыкаль ... пабойваецца (=асьцерагаецца). С.98.06.03.
Мы ледзьве не празявалі (=правочылі, праспалі) Беларусь. НН. 97.06.30.
Іх пачалі біць рукаяткамі (=тронкамі) пісталетаў. С. 94.1.
Вячэра пры сьвячах (=сьвечках). П. 98.03.05.
Гісторыя ня крочыць (=ідзе, рухаецца, сігае) фантастычнымі скачкамі (=скокамі). С. 95.12.29.
Мяне ... цікавіць ... сутнасны (=існы, існасьцёвы) бок. С. 95.12.29.
Яго так і будуць папракаць (=упікаць) у адсутнасьці (=нястачы) мужнасьці. С. 96.04.10.
Сам факт абраньня парламанту па сутнасьці (=у існасьці) стаў адзінай перашкодай. С. 95.12.29.
Палі акуратна ўбраныя (=зжатыя, спратаныя), салома скатана (=скручаная), сена ў стагах. С. 97.10.29.
Нясем убыткі (=страты). П. 98.03.05.
[Самалёт] узарваўся (=выбухнуў). С. 97.09.12.
Будзе перамяшчэньне валютных рынкаў унутр (=у сярэдзіну) рэспублікі. П. 98.03.26.
Акрамя кадравай чэхарды (=мітульгі, мільгатні, скаканіны) ... адбываецца перайменаваньне. П. 4, 11-17.
Кулі пазбавілі жыцьця (=забралі жыцьцё). НГ. 95.06.06.
Першы блін ... камяком (=першы блін сабаку). П. 98.03.05.
У Мінску быў праведзены вобыск (=учынены ператрус). С. 97.11.14.
Самі ад’язджайце ... за інвестыцыямі (=па інвэстыцыі). П. 98.03.05.
З-за баявых ранаў (=праз баявыя раны, ад баявых ранаў) не дажыў да гэтага сьвята і мой бацька. ЛіМ. 95.02.17.
Ніхто не эмігруе адтуль з-за кепскага жыцьця (=дзеля кепскага жыцьця).
Столькі ... каштавала жаніцьба ягонага сына на дачцэ (=з дачкою). ЛіМ. 94.09.16.
Пасьля гэтага ў БНФ, па нашых зьвестках (=паводле нашых зьвестак), запісаліся 20-30 чалавек. С. 94.1.
[Сустрэча] была арганізаваная па ініцыятыве (=зь ініцыятывы) мясцовай суполкі. С. 94.01.
Па загаду (=на загад) міліцыі ... быў зьняты сьцяг. П. 98.03.05.
Рэйтынг падрыхтаваны ... па замове (=на заказ) «Белорусской деловой газеты». С. 96.05.24.
Сьцяг быў вывешаны па рашэньню (=паводле пастановы) Рады. П. 98.03.05.
Сын па п‘янцы (=з п’яну) зарэзаў бацьку. С. 96.04.26.
Білі крамлёўскія куранты, п а я к і х (=згодна зь якімі) мы выпівалі шампанскае. С. 95.12.29.
3. Падсумаваньне
 
Апісаныя вышэй зьявы паказваюць, 1) што расеізацыя шырыцца і глыбіцца, 2) што адбываецца гэта, перадусім, за кошт царкоўнаславянскіх кніжных мадэляў. Фактычна, ідзе вымываньне гісторыі з моўнага арганізму, якое даўнімае поўную перакадыфікацыю беларускае мовы. Якая ж мова мае ўрэшце вырабіцца? Прыкладна такая, як у парадыйных фразах Н. Гілевіча: Стояшчую вешч на базары прываброў. Або: Бывала выйдзеш вутрам з хаты, // Так благавухае сярэнь!
Пазычаньні і калькі, якія ёсьць вынікам данага працэсу, можна клясыфікаваць наступным спосабам:
прыхадні, беспасярэднія пазычаньні з расейскае мовы: абшчына, апасеньне, даўка, доблесьць, заключаць, змычка, каварны, падвяргацца, пастаянна, прадаставіць, прад’явіць, прамы, прымяняць, руціна, славесны, рашэньне, урон;
пярэваратні, сэмантычныя калькі, найбольш небясьпечныя, бо такія словы ёсьць у беларускай мове, але зь іншым значаньнем: адмена, бачны, за тым, канечне, пасланьне, пісаньне, узрост;
малпаваньні, словаўтваральныя калькі: выпрацоўка, неабходнасьць, новаўвядзеньне, пазбаўляць, пазьбягаць, разьбіральніцтва, садзейнічаць, своеасаблівы, умяшальніцтва, уцечка;
наросты, структурныя калькі, блізкія да папярэдніх, але адрозьніваюцца ад іх тым, што элемэнт, аналягічны расейскаму, нарошчваецца на гатовае беларускае слова: добразычлівы, добрасумленны, добраўпарадкаваньне, доўгачаканы, накірунак, узаемадачыненьні, шматпакутны;
пачвары, перакручаныя расейскія словы, гукавыя падобнасьці, створаныя без увагі на граматыку і этымалёгію, іх можна лічыць фанэтычнымі, і інш. калькамі: абвергнуць, відзьма-нявідзьма, зьнешні, напрамак , прыўкрасны, сутнасьць, тнеча;
пустоты, псыхалягічнае вета на ўжываньне самых розных беларускіх словаў, часамі тых, якія ў расейскай мове маюць іншы сэнс, а часамі нават тых, якія цалком супадаюць з расейскімі, гэта непрыкметны і вельмі небясьпечны ўплыў. Пустоты назваць нельга, але можна акрэсьліць добрыя словы, на месцы якіх узьнікаюць пустоты: абмылка = рас. ошибка, багатыр = рас. богач, заказаць = рас. заказать, знаць = рас. знать (воспринимать чувствами, визуально), існасьць = рас. сущность, канечны = рас. необходимый, канечнасьць = рас. необходимость, мыліцца = рас. ошибаться, напраўляць = рас. ремонтировать, пазор = рас. благолепие, пазорны = рас. благолепный, праціўны = рас. противный, расказаць = рас. рассказать, спор = рас. удача, спорны = рас. удачный, харошы = рас. прекрасный, чайка = рас. лодка. Вымоўным прыкладам вета на ўжываньне слова ёсьць прыметнік харошы. Ён мае значаньне ‘прыгожы’, па-расейску – красивый, прекрасный, але вонкава супадае зь іншым расейскім словам хороший і таму не ўжываецца, хаця скрозь ужываюцца вытворныя ад яго: хораша, хараство.
Кожная спроба ачысьціць мову выклікае аргумэнты супраць. Аргумэнты гэтыя часьцей за ўсё супярэчлівыя і выяўляюць не рацыянальны, а міталягічны, заідэалягізаваны характар сьведамасьці праціўнікаў пурызму. Праціўнікі чысьціні мовы паказваюць звычайнае нежаданьне працаваць над моваю, аналягічнае нежаданьню яе вучыць наагул. Першае запярэчаньне, якое яны нам выстаўляюць, кажа, быццам мы выдумляем словы, ствараем штучную мову. Яго можна нават не аспрэчваць, бо ўсё напісанае вышэй пранявервае даную тэзу. Словатворства, зрэшты, трывае ў усякай стратэгіі мовы, але ўзорам для яго могуць служыць або чужыя або свае мадэлі. Другое запярэчаньне палягае ў тым, дзей кожная мова разьвіваецца, і беларуская – у тым ліку. (Спачатку нам забаранялі разьвіваць мову, а цяпер забараняюць кансэрваваць.) Разьвіцьцё ў такім разуменьні – нешта цьмянае, неспасьцігальнае, мусовае, непадуладнае ні волі ні аналізу. Інакш кажучы – пусты гук, агульнае месца з абыватальскіх уяўленьняў аб прагрэсе. Заразом незразумела, што значыць “разьвіваецца” – удасканальваецца ці псуецца? Ускладняецца ці спрашчаецца? А можа — проста зьмяняецца? Што ёсьць прычынаю гэтых зьменаў? Коштам якіх рэсурсаў мова зьмяняецца? Якімі тэмпамі ідуць зьмены? Якімі тэмпамі яны ішлі раней? І чаму? Чым розьняцца тыя зьмены ў беларускай мове ад зьменаў у іншых знакавых сыстэмах?
Трэба сказаць, што адказ на пастаўленыя пытаньні ня надта складаны. Сама сабою мова разьвіваецца за кошт закону аналёгіі, нутраной інэрцыі. Гэта вельмі павольны рух, які расьцягваецца на цэлыя стагоддзі, а ў літаратурных мовах – і зусім прыпыняецца. Другім фактарам разьвіцьця ёсьць фактар вонкавы, або – экстралінгвістычны. Калі экстралінгвістычны ўплыў адбываецца без удзелу суседняе мовы, то ён нічым практычна ня розьніцца ад першага. Таму зьмены ў мове лепш разглядаць як вынік інэрцыі і вынік зьмешваньня. Прыкладам, ісьляндзкая мова амаль не зазнала чужаземных уплываў – і яе тэксты ХІІ стагоддзя зразумелыя сучасным ісьляндцам. У 20-я гады ХХ стагоддзя ісьляндцы сьведама ачысьцілі сваю мову ад рэшты чужых словаў, але нават гэты чын нічога не зьмяніў у сыстэме мовы. А дзе мовы зьмешваюцца – там што ні дзень, то разьвіцьцё.
Зьмешваньне моваў таксама бывае дваякае: станаўленьне сыстэмы і збурэньне сыстэмы. Калі чужаземныя словы, чужаземныя мадэлі прыходзяць разам з новымі зьявамі, калі племявы дыялект ператвараецца ў літаратурную мову – тады можна гаварыць пра разьвіцьцё. У беларускай мове гэты працэс агулам завершыўся ў ХІV-ХV стст. З таго часу сыстэма разьвівалася інэрцыйна. Аднак у 30-я гады ХХ ст. пачынаецца імклівая перакадыфікацыя, а фактычна, зрасейваньне беларускае мовы, якое доўжыцца дагэтуль. За колькі дзесяцігоддзяў мова зьмянілася больш, чым за шэраг стагоддзяў. Нутраных прычынаў для гэтых зьменаў не было, бо беларуская мова нічым не ўступала расейскай, а ў пляне сыстэмнасьці нават перасягала яе. Ня ведаю, ці можна той абвал называць разьвіцьцём. Гэта ўжо, як кажуць, справа густу. Але рэч не ў найменьні. Разьвіцьцё таксама бывае рознае. Бывае разьвіцьцё ракавае пухліны. І нашае заданьне – стаць на перашкодзе такога разьвіцьця.
Ідэя некантраляванага, расьліннага ўзросту мовы сягае ў натуралістычныя канцэпцыі ХІХ стагоддзя. Сёньня такое бачаньне дарэшты застарэла. Мова не расьліна, хоць, зрэшты, і расьліну можна гадаваць ды бараніць ад паразытаў, таму аддаваць яе на волю лёсу проста неразумна. Слушна кажа філёзаф мовы, патужнік М. Бахціна, В. Валошынаў: “Станаўленьне мовы, як і ўсякае гістарычнае станаўленьне, можа ўсьведамляцца як сьляпая мэханістычная канечнасьць, але можа стацца і “вольнаю канечнасьцю”, стаўшы сьведамаю і жаданаю патрэбаю”. 

http://nation-sos.info/index.php?option=com_content&task=view&id=66&Itemid=73

Юры Пацюпа

Рубрыка: