Вялікоднае пасланне айца Аляксандра Надсана, Апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў замежжа

 

Сьвяты апостал Мацей расказвае, як пасля Хрыстовага ўваскрасення тыя, што былі найбольш вінаватыя ў Ягонай крыжовай смерці, хацелі схаваць перад людзямі Ягонае ўваскрасенне і, «параіўшыся, далі жаўнерам (што сцераглі магілу Хрыста) шмат грошай і сказалі: “Кажыце так: Ягоныя вучні прыйшлі ўночы і ўкралі Яго, калі мы спалі”»(Мц 28:12‑13).

Можна сказаць, што гэта быў прыклад спробы абмежавання свабоды сродкаў масавай інфармацыі, пра што так часта даводзіцца чуць у нашыя дні. І гэта зусім зразумела, бо кожны аўтарытарны рэжым, які жадае мець поўны кантроль над сваімі падуладнымі, баіцца праўды і таму ўводзіць цэнзуру на весткі, якія падаюцца да агульнага ведама. Хрыстос сказаў: «Праўда вас зробіць свабоднымі»(Ян 8:32).

Насамрэч свабода — гэта перадусім магчымасць вольнага і свядомага выбару, зробленага з веданнем мэты, сродкаў і наступстваў.

Для лепшага разумення Хрыстос прыводзіць такі прыклад: «Хто з вас, жадаючы збудаваць вежу, не сядзе перш і не палічыць выдаткаў, ці мае дастаткова для завяршэння працы?» (Лк 14:28). Іншымі словамі, сапраўдная свабода і праўда нераздзельныя: інакш гэта будзе свабода чалавека, якому завязалі вочы і сказалі, што ён вольны ісці, куды хоча.

Сённяшні дзень для нас асабліва дарагі і радасны. Сёння мы ўспамінаем, як Той, хто сказаў пра сябе «Я — дарога, і праўда, і жыццё» (Ян 14:6), сваім паўстаннем з мёртвых пасля пакутаў пратарнаваў нам дарогу да пазнання адзінай і апошняй Праўды — Бога, які з’яўляецца крыніцаю і Мэтаю жыцця.

Як спяваецца у Велікоднай песні: «Хрыстос уваскрос з памерлых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў».

Дык будзем радавацца разам з уваскрослым Хрыстом!

а. Аляксандар Надсан

Вялікдзень 2009 г.

Рубрыка: