МАНІТОРЫНГ СМІ: BISS: Наталля Васілевіч: Новы Патрыярх і "недасканалы" праваслаўны лідэр

Рэзюмэ

 

Патрыярх Кірыл упершыню наведаў Беларусь у якасці кіраўніка Расійскай Праваслаўнай Царквы. Яго візіт, разам з рытуальнымі дзеяннямі, такімі, як заявы прэзідэнта Лукашэнкі, што першаіерарх прыехаў «на родную зямлю», меў і шмат цікавых адметнасцяў. Патрыярх падкрэслена паважліва ставіўся да незалежнасці беларускай дзяржавы, нават заявіўшы, што яна – «справа Бога». За яго спінай пры публічных выступленнях, разам са сцягам РПЦ, стаяў дзяржаўны беларускі сцяг. Пры гэтым, Патрыярх выразна пазіцыянаваў сябе як абаронца «кананічнай тэрыторыі» РПЦ, і фактычна выступіў супраць намаганняў беларускай улады да збалансавання стасункаў паміж усходаў і захадам у тым ліку сродкамі міжцаркоўнага дыялогу.

     

  • Ці сведчаць заявы патрыярха Кірыла пра незалежнасць Беларусі аб фундаментальнай змене палітычнай пазіцыі РПЦ у адносінах да “малодшых братоў усходнеславянскага трохкутніку”, ці мы назіраем тактычную гульню РПЦ?
  •  

  • У якой ступені кіраўнік сённяшняй РПЦ ёсць незалежнай фігурай на палітычным полі як Расіі і Беларусі? Ці можна вызначыць палітычную стратэгію РПЦ?
  •  

  • Як можна вызначыць стасункі РПЦ з цяперашнімі беларускімі ўладамі? Ці можа чакаць прэзідэнт Лукашэнка, што патрыярх Кірыл будзе такой жа моцнай крыніцай легітымізацыі прэзідэнта Лукашэнкі, якой быў у свой час патрыярх Алексій ІІ?Ці можна чакаць што наадварот, Кірыл будзе падштурхоўваць Беларускі экзархат да большай незалежнасці ў адносінах з уладамі?
  •  

  • Чаму было адмоўлена ў правядзенні сустрэчы з Папам на беларускай зямлі? Ці меў візіт на мэце спыніць курс Лукашэнкі на балансаванне паміж усходам і захадам, у тым ліку і ў царкоўнай сферы?
  •  

  • У якой ступені царкоўная палітыка можа стаць прадметаў рознагалосся паміж Беларуссю і Расіяй на палітычным узроўні, дадаўшы да і так складанага клубку супярэчнасцяў паміж дзяржавамі?

Прыезд Патрыярха Кірыла ў Беларусь – гэта зусім не рэакцыя на “Еўрапейскае партнёрства”, візіт Лукашэнкі ў Ватыкан, альбо нейкія іншыя падзеі ў нашай краіне. Безумоўна, кантэнт праграмы карэктуецца ў сувязі з палітычным парадкам дня. Высокі іерарх Маскоўскага Патрыярхату ажыццяўляе архіпастырскія (і, безумоўна, палітычныя) візіты па ўсёй т.зв. “кананічнай тэрыторыі” РПЦ, ці як назваў яе Сам Патрыярх – праваслаўнай цывілізацыі, куды ўваходзяць апроч Расіі, таксама Ўкраіна, Беларусь, Малдова.

У кожнай з гэтых краінаў – свая сітуацыя. Украінскае праваслаўе раздзіраецца варагуючымі юрысдыкцыямі, вялікая колькасць вернікаў належыць да альтэрнатыўных Маскоўскаму Патрыярхату юрысдыкцыяў, туды часцяком наязджаюць дэлегацыі Канстанцінопальскага Патрыярхату, у самой аўтаномнай Украінскай Праваслаўнай Царкве, што належыць да юрысдыкцыі Масквы, гучаць галасы аб неабходнасці вырашэння складанай кананічнай сітуацыі, царкоўна-канфесійныя працэсы ва Ўкраіне фактычна выйшлі з-пад кантролю Масквы, дый сама Ўкраіна пасля “аранжавай” рэвалюцыі пачала дрэйфаваць на Захад і да ўласнай незалежнай ідэнтычнасці, т.ч. ставячы пад пагрозу існавання цэльнай праваслаўнай цывілізацыі, мяжу якой так удала правёў С. Хантынгтан, хаця па ідэі, па колькасці праваслаўных Украіна недалёка адстае ад Расіі, а можа нават і пераганяе.

У Малдове камуністы, лаяльныя да Масквы, таксама страчваюць пазіцыі; Малдова вось-вось зменіць малдаўскую ідэнтычнасць на румынскую, Румынскі Патрыярхат таксама адкрывае свае прыходы на тэрыторыі Малдовы, ставячы пад сумнеў тую самую “кананічную тэрыторыю” маскоўскай “праваслаўнай цывілізацыі” - Румынія таксама, бадай, не менш за Маскву праваслаўная, дый вернікаў Румынская Праваслаўная Царква мае параўнальна з Рускай. У самой Расіі Патрыярх вымушаны ўлагоджваць сітуацыю ў цэлым шэрагу пытанняў – перш за ўсё, умацоўваць свой аўтарытэт, які пастаянна падрываюць “з правага флангу”.

Ніякіх падобных праблем не мае Беларусь – альтэрнатыўныя кананічныя юрысдыкцыі не маюць тут ніякага інтарэсу, а некананічныя існуюць у выглядзе статыстычнай хібнасці, пра “паварот на Захад” і “лібералізацыю” Беларусі падставаў казаць асабліва няма, а вось Саюз Расіі і Беларусі ўжо адыходзіць у нябыт, для Патрыярха ж, “Святая Русь – гэта ўнікальны цывілізацыйны праект”, падмуркам якога і мог бы паслужыць гэты Саюз. І бараніць гэты саюз прыехаў Патрыярх Кірыл. Каб зразумець, што стаіць у падмурку “праваслаўнай цывілізацыі”, можна азнаёміцца ў артыкуле адказнага за сувязі з грамадствам у Маскоўскім Патрыярхаце прот. Усеўладам Чапліным “Пяць пастулатаў праваслаўнай цывілізацыі”.

Варта сказаць, што «праваслаўная цывілізацыя», якую будуе РПЦ, з аднаго боку, не прадугледжвае аднаўлення Расійскай імперыі як адзінай дзяржаўнай арганізацыі, з іншага боку, не абмяжоўваецца «славянскай тройкай» - нездарма сюды ўключаецца Малдова. Таму згадка пра незалежнасць Беларусі мусіць успрымацца ў кантэксце ўсіх выступаў Патрыярха, які ні ў якім разе не адмаўляецца ад ідэі «Святой Русі», а наўпрост яе ажыццяўляе, і безумоўным цэнтрам гэтага праекту ёсць Масква.

Апроч таго, як чалавек, адказны за кадравую і стратэгічную палітыку БПЦ, Патрыярх наведаў структурную адзінку Маскоўскага Патрыярхату – як выказаўся адзін са святароў БПЦ, Свяцейшы Кірыл прыехаў быццам прымаць экзамен, то бок інспектаваць – справа для Патрыярха знаёмая, адпрацаваная ім яшчэ ў часе, калі ён займаў пасаду старшыні Аддзелу знешніх царкоўных сувязяў, і шмат ездзіў па замежжы, адсочваючы жыццё замежных епархій Маскоўскага Патрыярхату. Якія былі асноўныя задачы ў гэтай місіі ў час гэтага прыезду Патрыярха?

Па-першае, не дзіўна, што Патрыярх адным з пунктаў прызначэння абраў Віцебск: Віцебскі архіярэй – архіеп. Дзмітры часта згадваецца ў якасці беларускай кандыдатуры наступнага Прадстаяцеля БПЦ.

Па-другое, адной з мэтаў візіту, безумоўна, стала спроба Патрыярха абнавіць стасункі паміж БПЦ і беларускай дзяржавай. З аднаго боку, Патрыярх паказаў беларускім іерархам, як трэба гэтыя стасункі будаваць – трымацца незалежнай пазіцыі, не “прагінацца” пад улады лішні раз. Ці чытаў Патрыярх Коласа і Багдановіча, якіх ён шчодра цытаваў у сваёй прамове ў Палацы Рэспублікі, сумніўна, але на фоне Пасланняў нашага Сінода ён зноў-такі выглядаў досыць выгодна, засведчыўшы таксама, што не трэба баяцца дзе трэба сказаць і пра Курапаты. Для беларускага рэжыму наогул, Курапаты – слова-”пудзіла”, але прамаўляючы гэтае слова са сцэны галоўнай беларускай залі, Свяцейшы Кірыл фактычна узяў сімвалічны рэванш у Лукашэнкі і паказаўшы, што, калі трэба, Царква можа выказацца зусім не ў рэчышчы дзяржаўнай палітыкі. Вялікая ўвага ў стасунках Царквы і дзяржавы была нададзеная канкрэтыцы. Перш за ўсё, пытанню багаслоўскай адукацыі, якая ў постсавецкай Беларусі існуе ў “дзікім” стане. Патрыярх адмыслова наведаў багаслоўскі факультэт, таксама быў падрыхтаваны спіс выкладчыкаў і багасловаў, якія маюць багаслоўскія ступені, для прызнання гэтых ступеняў на дзяржаўным узроўні. Другое канкрэтнае пытанне тычылася рэлігійнай адукацыі ў школах – у Расіі гэты праект сутыкнуўся з цяжкасцямі, а ў Беларусі, дзе высокая ступень дырэктыўнасці і цэнтралізаванасці сістэмы адукацыі, увядзенне “пачаткаў праваслаўнай культуры” падаецца перспектыўным – калі ўвялі “Вялікую Айчынную вайну”, то чаму не ўвесці і ППК? На гэтым накірунку грамадскае меркаванне сярод педагагічных супрацоўнікаў фармаваў прот. А.Кураеў, які прыехаў у Беларусь за некалькі дзён да Патрыярха.

У стасунках беларускага Прэзідэнта з Патрыярхам адчуваецца ўсё ж напружанне, прычыны якога зразумелая: А. Лукашэнка не з'яўляецца ўзорным “праваслаўным” Прэзідэнтам і дазваляе сабе сварыцца з “восевай краінай” праваслаўнай цывілізацыі Расіяй, у плане ідэнтычнасці ён бачыць сябе, хутчэй, у сітуацыі “паміж” - паміж Захадам і Расіяй, што зусім не адпавядае бачанню Патрыярха, і апошні недвухсэнсоўна сцвярджае ў Палацы Рэспублікі, што Беларусь – частка Святой Русі (праваслаўнай цывілізацыі), а ніякі не мост і не шлюз паміж Расіяй і Захадам. Прэзідэнт, дэкларуючы дапамогу Царкве, не адпавядае чаканням, якія зыходзяць з гэтага дэкларавання – і ступені багаслоўскія не прызнаюцца, і з рэлігійнай адукацыяй у школах вельмі слаба, кон-кафедральны сабор стаіць недабудаваны каторы год, Патрыярху, фактычна, не было б дзе служыць, каб ён захацеў, наогул, партнёрства дзяржавы і БПЦ – больш дэкларацыя, што ніяк не можа задавальняць “царкоўнага мэнэджэра” Патрыярха Кірыла. У сваім выступе ў Палацы Рэспублікі, гаворачы пра крыніцу поспеху і стабільнасці Беларусі, нацыянальную згоду і міжканфесійны мір у краіне, Архіпастыр РПЦ не згадаў заслугаў беларускага рэжыму, якія апошні сам сабе часта прыпісвае.

Патрыярх адзначыў, што у падмурку поспеху і стабільнасці нашай краіны стаяць працавітасць, працоўная культура і свабоднае выяўленне беларускага народу; што высокая ступень народнай згоды - гэта заслуга ў т.л. Беларускай Праваслаўнай Царквы, а таксама пазіцыі лідэраў іншых канфесій у Беларусі, дзякуючы якім існуе ўзаемапавага паміж канфесіямі, няма міжрэлігійных канфліктаў. Важна адзначыць, што Патрыярх не ўгледзеў вялікай ролі беларускай дзяржавы ў спрыянні эканамічнай стабільнасці, нацыянальнай згоды і міжканфесійнага міру - а менавіта сабе, у першую чаргу, гэтыя заслугі прыпісвае беларускі рэжым.

З боку А. Лукашэнкі незадаволенасць таксама зразумелая: ён прывык, што праваслаўныя ўспрымаюць яго як цара і імператара, таму параўнаўча незалежная і без лішняга пафасу пазіцыя Патрыярха Кірыла не можа не напружваць, тым больш, што ён не вельмі спяшаецца расхвальваць палітыку беларускага лідэра, ну і да таго ж відавочна, што Патрыярх не паддаецца на ўдзел у мегапраекце сустрэчы з Папам, хаця А. Лукашэнку нават даводзілася ездзіць у Маскву на аўдыенцыю, але атрымаць жаданага пакуль не атрымліваецца. У выніку, бачым – калі на прыём з Папам Лукашэнка Аляксандар узяў з сабой Лукашэнку Колю, то на сустрэчы з Патрыярхам Колеў бацька не рызыкуе прыводзіць сына, праўда, цяжка растлумачыць, чаму Патрыярх Прэзідэнту падараваў ікону менавіта Св. Мікалая. Не з'явіўся беларускі Прэзідэнт і на выступ Патрыярха у Палацы Рэспублікі, таму месца ў залі праваруч Кірыла было пустым, а таксама не праводзілася трансляцыя гэтага выступу.

З іншага боку, Патрыярх у Мінску наведаў менавіта тыя храмы, настаяцелем якіх з'яўляецца блізкі да А.Лукашэнкі прот. Фёдар Поўны, у будаўніцтве і аздабленні якіх Прэзідэнт сілаю дзяржавы прымаў чынны ўдзел; у Полацку Патрыярх уздымаў Крыж Еўфрасіні Полацкай, таксама зроблены пад пільным наглядам Прэзідэнта, як і срэбная рака святой, а ў падарунак Свяцейшы Кірыл атрымаў Слуцкае Евангелле – таксама вынік супольнага праекту беларускай дзяржавы і Царквы. Нягледзячы на адносную халоднасць, Патрыярх падтрымаў палітыку Лукашэнкі, што да палітыкі ў галіне абмежавання “нетрадыцыйных” рэлігій, замацавання за БПЦ выключнага выкарыстання слова “праваслаўны”, а таксама заключэнне канкардату; а Прэзідэнт, у сваю чаргу і ў чарговы раз, адзначыў важнасць Праваслаўнай Царквы для беларускага народу і беларускай дзяржавы.

Што тычыцца сустрэчы з Папам, то чарговы раз Патрыярх даў зразумець не толькі А.Лукашэнку, але і журналістам і аналітыкам, што асабліва актыўна “падхопліваюць” гэтую тэму, пачынаючы з візіту ў Беларусь дзяржсакратара Ватыкана кардынала Бертоне: у Масквы і Ватыкана свае стасункі і свая дыпламатыя, свае дамоўленасці і свае ультыматумы, і стасункі гэтыя не такія благія, з некаторымі праваслаўнымі цэрквамі-сёстрамі ў РПЦ стасункі нашмат горш, таму гуляць у чужыя гульні Маскоўскі Патрыярхат не збіраецца. Як памятаем, яшчэ пасля гучных заяваў Прэзідэнта Беларусі і ягонага візіту на аўдыенцыю да Папы, афіцыйныя асобы Рускай Праваслаўнай Царквы дэзавуявалі наяўнасць у А. Лукашэнкі паўнамоцтваў і мандату ад Маскоўскага Патрыярха на ўлагоджванне стасункаў Папы і Патрыярха, адзначыўшы, што Масква і Ватыкан маюць непасрэдныя стасункі і пасярэднікі ў справе наладжвання кантактаў паміж дзвюма царкоўнымі сталіцамі Трэцяму Рыму не патрэбныя, урэшце вымусіўшы самога няпрошанага прымірыцеля прызнацца ў авантурнасці ягонага праекту. Цяпер і Патрыярх Кірыл паўтарыў досыць ясна – пра намеры Прэзідэнта Лукашэнкі зарганізаваць сустрэчу Маскоўскага і Рымскага іерархаў у Беларусі яму нічога невядома. Больш за тое, за некалькі дзён да гэтага з афіцыйным візітам у Ватыкан знаходзіўся архіеп. Іларыён (Алфееў), па сутнасці другая асоба пасля Патрыярха, які правёў належныя перамовы з кіраўніцтвам РКЦ. Гэта ўсё зусім не значыць, што сустрэча Папы і Патрыярха зусім фантастычная, нельга выключаць, што яна можа адбыцца і ў Беларусі, аднак рашэнне прымаць пра гэта будуць самі зацікаўленыя бакі, тым больш што медыум у асобе А.Лукашэнкі паказаў сябе не з лепшага боку. Больш за тое, калі Ватыкан сапраўды хоча сустрэчы з Патрыярхам, наўрад ён пачне псаваць з ім стасункі, прымаючы рашэнні аб візіце Папы ў Беларусь у аднабаковым парадку, без дазволу Масквы.

У выніку візіту ў Беларусь Патрыярх і ягонага “напарніка” протд. Андрэя Кураева, нечакана развіўся яшчэ адзін сюжэт, наступствы якога пакуль цяжка прагназаваць: у нядзелю ў перадачы “Панарама” ў звязцы з інфармацыяй пра візіт Патрыярха ішоў матэрыял у лепшых традыцыях Беларускага тэлебачання па дыскрэдытацыі паўстаючай партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. З “праваслаўнага” боку каментары давалі юрыст Мінскай епархіі А. Алешка і ўжо згаданы протд. Андрэй Кураеў, а з нагоды перадачы і выказванняў Беларуская Праваслаўная Царква ў асобе архім. Аляксія (Шынкевіча), адказнага за сувязі са СМІ выступіла з сенсацыйнай заявай, у якой Беларускі Экзархат не проста дыстанцыяваўся ад сюжэту, але і асудзіў яго як паклёпніцкі: “Гэты заказны палітычны матэрыял, тым больш, паказаны ў час візіта ў нашую краіну Свяцейшага Патрыярха Кірыла, выклікаў у епіскапаце скрайне негатыўную рэакцыю”

Такім чынам, што мы маем пасля візіту Патрыярха.

Па-першае, адразу за царкоўным візітам з Масквы Беларусь наведаў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Дз. Мядзведзеў; нельга выводзіць наўпроставую карэляцыю між гэтымі двума візітамі, бо, паўтаруся, Патрыярх не гуляе на чужым полі ролю шахматнай фігуры, ён сам робіць хады. Такой самай досыць самастойнай фігурай у дадзеным кантэксце з'яўляецца і А.Лукашэнка, любыя змены знешнепалітычнага курсу будуць адбывацца зусім не на падставе патрыяршага дабраславення. Царкоўныя справы не з'яўляюцца прыярытэтнымі ні для беларускай, ні для расійскай палітычных элітаў, з-за іх і дзеля іх эліты не будуць ні сварыцца, ні мірыцца.

Па-другое, гэта нечаканая (і незапланаваная) заява БПЦ, у якой Беларускі Экзархат фактычна становіцца на абарону апазіцыйнай сілы ад прапаганды рэжыму – той самы Беларускі Экзархат, які раней прымаў падобныя заявы, але не на карысць “гнаных” (як у выпадку з царквой “Новае жыццё”).

Па-трэцяе, негатыўным вынікам – то бок вынікам чаканым, але які стаў яшчэ далей ад свайго ажыццяўлення, ёсць памяншэнне шансаў на прыезд Папы і рэалізацыю мегапраекту Прэзідэнта Лукашэнкі па сустрэчы Бенедыкта XVI і Кірыла І, а таксама на магчымасць спекулявання такой магчымай сустрэчай. Усе астатнія магчымыя вынікі – увядзенне рэлігіі ў школах, прызнанне багаслоўскіх ступеняў і іншыя “канкрэтныя” справы – яшчэ маюць атрымаць сваю ацэнку, калі надыйдзе для гэтага час.

(с) Беларускі Інстытут Стратэгічных Даследаванняў BISS

Рубрыка: