ДЗЕЙНАСЦЬ МІТРАПАЛІТА РЫГОРА ЦАМБЛАКА ПА ДАСЯГНЕННЮ МІЖКАНФЕСІЙНАГА ПАРАЗУМЕННЯ Ў ВКЛ

Суіснаванне розных канфесійных груп на тэрыторыі Беларусі стварыла глебу для развіцця рэлігійнай і нацыянальнай цярпімасці, якая захавалася ў беларускага народа да сённяшняга дня. Тым не менш, талерантная і дэмакратычная дзяржава з вялікімі цяжкасцямі магла б нармальна існаваць па суседству з моцнымі і маналітнымі дзяржавамі, у якіх уся ўлада сканцэнтравана ў руках адной сацыяльнай ці канфесійнай групы. Паяднанне найважнейшых у Вялікім княстве Літоўскім праваслаўнай і каталіцкай цэркваў стала жыццёва неабходным ва ўмовах наступу на Вялікае княства Літоўскае крыжакоў з захаду і Маскоўскай дзяржавы з усходу. Нелады паміж дзвюма канфесіямі цяпер не толькі падрывалі моц краіны, але і з'яўляліся зручнай зачэпкай для ўмяшання іншых дзяржаў ва ўнутраныя справы Княства.

У 1415 г. кіеўскім мітрапалітам стаў Рыгор Цамблак - выдатны царкоўны і культурны дзеяч Балгарыі, Малдавіі, Сербіі, таленавіты пісьменнік. Ён з'яўляецца пляменнікам папярэдняга мітрапаліта Кіпрыяна Цамблака, дзейнасць якога была накіравана таксама на пошук шляхоў міжканфесійнага паразумення. Каля 1396 г. падчас візіту ў Вільню адбылася сустрэча мітрапаліта Кіпрыяна з каралём Уладзіславам Ягайлам (верагодна, таксама і князем Вітаўтам). Вынікам гэтай сустрэчы стаў ліст да канстанцінопальскага патрыярха Антонія IV, у якім выказвалася прапанова склікаць «на Русі» агульнацаркоўны сабор і абмеркаваць неабходнасць уніі паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі. Патрыярх гэту ідэю падтрымаў, але адклаў яе рэалізацыю па прычыне вайны з туркамі [4, с. 26; 5, с. 86-87; 7, с. 183].

Рыгор Цамблак, фармальна захаваўшы імя мітрапаліта кіеўскага, пасля 1416 г., калі Кіеў быў разбураны ханам Эдыгеем, перанёс мітрапаліцкую кафедру ў Вільню, а сваёй рэзідэнцыяй зрабіў Наваградак [2, с. 17; 4, с. 28; 7, с. 180-181].

Пра перыяд кіравання мітраполіяй Рыгорам Цамблаком нам вядома не так шмат. Аднак пэўныя звесткі гісторыя да нас данесла. Сярод іншага мы ведаем, што ў 1418 г. пасля абмеркавання з Вітаўтам і Ягайлам Рыгор Цамблак адпраўляецца на чале вялікай дэлегацыі ад Вялікага княства Літоўскага, Вялікага Ноўгарада, Малдавіі і інш. (каля 300 чалавек) на Канстанцкі Усяленскі сабор каталіцкай царквы, дзе планавалася падпісаць усехрысціянскую унію. «Жывое жаданне ( дэлегацыі. - А.С.) злучыцца з усяленскай ( каталіцкай. - А.С.) царквою выклікала ўсеагульную цікавасць у Канстанцы, - адзначаў адзін з удзельнікаў Сабора. - Сам кароль Жыгімонт, жадаючы выказаць сваю пашану вяртанню грэкаў да царквы, выйшаў насустрач Цамблаку ў суправаджэнні епіскапаў і польскіх паслоў і з вялікімі ўшанаваннямі суправаджаў усё пасольства да горада…» [7, с. 191].

Міністр Маўрыкій Рвачка з Чэхіі, магістр багаслоўя, 25 лютага 1418 г. ад імя мітрапаліта і ў яго прысутнасці зачытаў на лацінскай мове прывітальную прамову да Папы, дзе выказвалася спадзяванне на унію хрысціянскіх цэркваў. «Прастатой, духам набожнасці і ў той жа час гарачай прагай уніі дыхала прамова Цамблака» [7, с. 192]. Мітрапаліт адзначыў, што «ў землях рускіх ( г. зн. беларускіх і ўкраінскіх. - А.С.) пад дзяржавай Ягайлы настала невыказная радасць з прычыны таго, што здзейснілася нарэшце, чаго з такім нецярпеннем усе чакалі ў глыбіні душы, а менавіта, яднанне цэркваў у асобе аднаго несумненнага главы яе; а за гэтым настаў у царкве спакой, які з таго часу запанаваў на зямлі» [7, с. 192]. Завяршалася прамова просьбай не адкладваць гэту справу. Папа адказаў, што і ён жадае уніі, абяцаў падумаць пра магчымыя спосабы яе ажыццяўлення і прызначыць тэрмін для пасяджэння па гэтаму пытанню.

Праз некалькі дзён Цамблак звярнуўся да прысутных на Саборы з «Ухвальным словам», у якім таксама заклікаў да аднаўлення былога адзінства хрысціянства: «…иже ω т многы х ле т завестїю дияволею, расцепленно е тело ц(е)рковное… доколе единая ц(е)ркви християньская. на две славе разделяется. и како же и наре ч(е)тся хр(и) стияньская ц(е)ркви. не имящия хр(и) с(то)во съединенїе, х(ристо)с съедини на с кр(е)щ енїе м ї еv(ан) г(е)лиемъ и ко волнои стр(а) сти грядыи. ω(т)ца помоли ω на с рекъ о(т)че сътворї и х да боудуть едино. яко же и мы едино есмы. н(ы)не же не едино. но имя оубо едино еже х(ристо)с. славы же и моудрованїя разна. вера яже во тр оицоу едина. исповеданїе же не съгла сно. доколе въсточнїи да оукаряютъ западны х. западнїиже восточныхъ подобно» [3, с. 150-151].

Цамблак прапанаваў склікаць спецыяльны сабор аб веры і ў свабоднай дыскусіі, кіруючыся ўзаемнай цярпімасцю, вырашыць усе спрэчныя пытанні. Вынікам павінен быў стаць раўнапраўны саюз паміж каталіцкай і праваслаўнай царквой [4, с. 28; 5, с. 87]: «…сънидемся оубо о госпо де и ω тци, и стяжемся добры м истязанїе м. и изъвоспросимся добры м и съвопрашанїе м, бра тскы. а не по стр(а) сти, б(о)гооугодне, а не свое вгодне, истинно, а не лестивно, смиренно, а не гордостно, любомоудрьно а не любопрително, ап(о) с(то)л(с)кы, а не фарисеискы» [3, с. 152].Завяршае Цамблак сваю прамову надзеяй на хуткае аб'яднанне цэркваў: «…тъ да подвигне т обоя страны въ собранїе, и д(у)хъ с(вя)тыи да после т въ с(е)р дца ваша. и слово дасть въ ω тверзенїе оустъ ваши х, да по первомоу ω т(е)ць преданїю, обновете бл(а)гоч(е) стивное исповеданїе веры, неприразившеся ни в чесомже. иже ω т б(о)год(у)хновенны х ω т(е)ць добре преданны м догматомъ, и съедините ц(е)рковь. юже добрыи пасты р своею кровїю стяжа, яко да множае ω ва с пре б(о)ж(е) ственая славится тр оица. еиже слава в векы аминь:~» [3, с. 152].

Аднак Папа Марцін V не стаў склікаць спецыяльны сабор аб веры. Больш таго, сам Канстанцкі сабор у хуткім часе завяршыў сваю работу і, нягледзячы на ўсю маштабнасць і размах, не меў доўгатэрміновых практычных вынікаў у справе паяднання хрысціянскіх цэркваў [2, с. 20; 4, с. 28; 5, с. 87; 7, с. 194, 202-203].

Цікавая думка выказана А. Яскевіч: «У 1418 г. па настаянні Вітаўта мітрапаліт Грыгорый ездзіў на каталіцкі сабор у Канстанцу для падтрымкі Яна Гуса, але беларускае пасольства спазнілася, славутага чэшскага прапаведніка асудзілі; пра унію і падначаленне Рымскаму Папе, пабачыўшы двухпапства, непрыстойныя паводзіны і распусту святарства, ён і слухаць не захацеў, а, наадварот, пераканаў Вітаўта, што ў той час думаць аб яднанні цэркваў немагчыма» [6, с. 20]. Нам невядома, на падставе якіх крыніц была зроблена такая выснова.

Пераважная большасць даследчыкаў сцвярджае, што Рыгор Цамблак быў адным з першых праваслаўных мітрапалітаў, які сапраўды спрабаваў устанавіць кантакт з кіраўніцтвам заходняй царквы [2, с. 17, 21]. На думку некаторых аўтараў, ім створана першая гуманістычная мадэль царкоўна-рэлігійнай згоды уніі каталіцтва і праваслаўя ў агульнахрысціянскім маштабе, якая займае унікальнае месца сярод аналагічных канцэпцый еўрапейскага сярэднявечча [1, с. 227; 4, с. 28]. Ні ў якім разе нельга папракнуць Цамблака ў жаданні падпарадкаваць праваслаўную царкву каталіцкай, што часта рабілася расійскімі аўтарамі. Праект Цамблака прадугледжваў раўнапраўны дыялог паміж цэрквамі, вырашэнне спрэчных пытанняў у дыялогу, а не прызнанне дагматаў адной канфесіі другой, паглынанне праваслаўя каталіцтвам.

Г. Вінаградаў адзначае, што адной з прычын, якія падштурхнулі Рыгора Цамблака да спробы ажыццявіць свой план царкоўнай уніі менавіта ў беларуска-ўкраінскім рэгіёне, было яго разуменне, што менавіта тут перасякаліся каталіцкія і праваслаўныя культурныя традыцыі, суседнічалі, канфліктавалі і ўзаемна абагачаліся земляробчая і стэпавая культуры, еўрапейскі і азіяцкі светы [1, с. 229]. Такая ідэя была б немагчымай як ва ўсходняй Маскоўскай дзяржаве, так і ў большасці заходніх краін.

Католікі-палякі, хаця і ўхвалялі напрамак намаганняў Цамблака, лічылі яго дзеянні непаслядоўнымі і нерашучымі [7, с. 206, 439]. Маўляў, калі пайшоў на захад, то ўжо будзь поўным заходнікам, станавіся католікам, а не вагайся і не шукай сярэдзіну. У Маскоўскай дзяржаве яго вінавацілі ва уніяцтве, называлі «адступнікам ад праваслаўя, а таму выключаным са спісу і аддадзеным на пракляцце» [7, с. 180-182, 431-433].

Можна казаць, што для беларускіх рэалій не было характэрным жаданне замкнуцца на ўласнай выключнасці і адзінаправільнасці. Дзеля дасягнення міжканфесійнага паразумення нават кіраўнікі царквы гатовыя былі пайсці на пэўныя, у т. л. дагматычныя саступкі другому боку. Гэта пацвярджаецца не толькі дзейнасцю Рыгора Цамблака, але і іншых айчынных царкоўных дзеячоў. Так, амаль усе беларуска-ўкраінскія праваслаўныя мітрапаліты XV ст. ставіліся да ідэі паяднання цэркваў вельмі станоўча. Больш таго, амаль усе яны актыўна дзейнічалі для рэалізацыі гэтай ідэі. Выключэннем з'яўляюцца толькі мітрапаліты Сімяон, Іона і Макарый, пра кароткачасовую дзейнасць якіх (у тым ліку ў справе пошуку паразумення між канфесіямі) нам амаль нічога невядома. Ні ў адным з пасланняў да ўсходніх патрыярхаў ці рымскіх папаў беларускія праваслаўныя іерархі не кажуць пра непераадольныя перашкоды на шляху паяднання цэркваў, не вінавацяць ва ўсіх грахах заходні бок і не адмаўляюць (а часам і прымаюць) яго праваты па некаторых пытаннях абраднасці і дагматыкі. І гэта сапраўды для суседзяў, як усходніх, так і заходніх, выглядала незвычайным.

Нягледзячы на крытыку Цамблака ўсходнімі і заходнімі багасловамі, царкоўнымі дзеячамі і даследчыкамі, памяць пра яго ў Беларусі засталася ці не выключна пазітыўнай. Нашчадкі, якія жылі ў той жа сітуацыі міжкультурнага ўзаемадзеяння ўсходніх і заходніх фактараў, характарызавалі Цамблака з самага лепшага боку [7, с. 182, 431, 438-439]. Яго творы перапісваліся і праваслаўнымі, і грэка-каталіцкімі манахамі ў Беларусі ў XV-XIX стст., уключаліся ў розныя тыпы зборнікаў, бо яны адлюстроўвалі важныя і актуальныя для беларускага грамадства ідэі. Так, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваюцца рукапісы XVI-XVIII стст., якія змяшчаюць творы Р. Цамблака.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Виноградов, Г.Н. Гуманистическая концепция церковной унии митрополита Григория Цамблака / Г.Н. Виноградов // Наш радавод / Бел. фонд культуры. - Гродно, 1991. - Кн. 3. - С. 227-230.

2. Казакова, Т. Уніяцкая ідэя ў Вялікім княстве Літоўскім напачатку XV ст. / Т. Казакова // З гісторыі уніяцтва ў Беларусі (да 400-годдзя Брэсцкай уніі). - Мінск, 1996. - 134 с.

3. Никольский, Н.К. Материалы для истории древнерусской духовной письменности / Н.К. Никольский // Сб. отделения русского языка и словесности Императорской АН. - СПб., 1907. - Т. 82, № 4. - С. I-VI, 1-168.

4. Падокшын, С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура / С.А. Падокшын. - 2-е выд. - Мінск: Беларуская навука, 2000. - 112 с.

5. Саверчанка, І. Aurea mediocritas. Кніжна-пісьмовая культура Беларусі: адраджэнне і ранняе барока / І. Саверчанка. - Мінск: Тэхналогія, 1998. - 320 с.

6. Яскевіч, А. Беларускае духоўнае адраджэнне і Грыгорый Цамблак / А. Яскевіч // Беларусь - Балгарыя: мост праз стагоддзі. - Мінск, 1999. - С. 17-21.

7. Яцимирский, А.И. Григорий Цамблак: очерк его жизни, административной и книжной деятельности / А.И. Яцимирский. - СПб.: АН, 1904. - 501 с.

Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу. Пад рэд. Марозавай С.В., Ярмусік Э.С., - ГрДУ, Гродна, 2008.

Суша А.А.

Рубрыка: