ІДЭЙНЫЯ ПАСТУЛАТЫ НЕАУНІЙНАГА РУХУ ПАВОДЛЕ ПРАГРАМНАГА РЭДАКЦЫЙНАГА АРТЫКУЛА Ў ЧАСОПІСЕ «ДА ЗЛУЧЭНЬНЯ» (№ 1 за 1932 г.)

Часопіс «Да злучэння» быў адзіным беларускамоўным перыядычным выданнем, якое выдавалася ў межах неаўнійнага руху ў пачатку ХХ ст. Акрамя яго на беларускіх землях распаўсюджваліся вядомыя віленскі рускамоўны часопіс «К соединению», арыентаваны збольшага на рускамоўную інтэлігенцыю Вільні, і польскамоўны «Oriens», накіраваны на азнаямленне шырокіх польскіх грамадскіх колаў з праблематыкай Уніі. Вакол часопіса «Да злучэння» гуртаваліся беларускія уніяцкія святары і свецкія дзеячы неаунійнага руху, а таксама іх прыхільнікі з шэрагаў беларускіх рымска-каталіцкіх дзеячоў Заходняй Беларусі.

Часопіс «Да злучэння» быў скіраваны на папулярызацыю ідэі Уніі ў шырокіх пластах беларускага грамадства. На яго старонках змяшчаліся папулярныя катэхітычныя апавяданні; урыўкі з чарговых нядзельных евангельскіх чытанняў, якія друкаваліся ў адпаведнасці з календаром царквы візантыйскага абраду; артыкулы, якія знаёмілі з рэлігійнымі практыкамі і дактрынай каталіцкай царквы ўсходняга абраду. У часопісе друкаваліся рэпартажы і гістарычныя артыкулы, якія знаёмілі чытача з гісторыяй і тагачаснай практыкай каталіцтва ўсходняга абраду. Друкаваліся тут і артыкулы, якія выказвалі розныя погляды на шляхі і метады развіцця уніяцкай дзейнасці на Беларусі ў тыя часы, а таксама палеміка з непрыхільнымі да неаунійнай акцыі і каталіцкай царквы выказваннямі з польска-шавіністычнага ці праваслаўнага боку. Фактычна «Да злучэння» акрамя здзяйснення інфармацыйна-прапагандысцкай функцыі выконваў яшчэ і функцыю фармавання ідэяў у беларускай плыні неауніі.

Мэты, якія ставіла перад сабой рэдакцыя і якія падзяляліся колам людзей, згуртаваных вакол часопіса, дэклараваліся ў праграмным артыкуле «Ад рэдакцыі», змешчаным у першым нумары часопіса, які выйшаў у 1932 г. Можна меркаваць, што аўтарства артыкула належыць а. А. Неманцэвічу, рэдактару часопіса [4, c. 132-133], вядомаму дзеячу беларускага каталіцкага адраджэння пачатку ХХ ст. і аднаму з самых яркіх прадстаўнікоў усяго неаунійнага руху. Але паколькі артыкул быў надрукаваны ад імя рэдакцыі, мы лічым некарэктным прыпісванне меркаванняў, выказаных у ім, выключна думцы рэдактара.

Галоўнай мэтай часопіса «Да злучэння» дэкларавалася пашырэнне сярод беларусаў думкі і пажадання Ісуса Хрыста пра рэлігійную (царкоўную) еднасць хрысціян [2, c. 2]. Легітымнай крыніцай, з якой паходзяць ідэя еднасці, абвяшчалася воля Ісуса, выяўленая ў словах: «Каб усе былі адно». Гэтае волевыяўленне называлася ў артыкуле «найвялікшым і найглыбейшым пажаданнем» Ісуса Хрыста [2, c. 2].

Другой легітымнай для хрысціянаў крыніцай, з якой выцякала неабходнасць еднасці хрысціян, з'яўлялася літургічная малітва царквы. У артыкуле слушна заўважалася, што царква (як супольнасць хрысціян) у адной са сваіх малітваў - мірнай ектэніі - моліцца за «соединение всех», але калі не ўсе яе члены стараюцца, «каб настала злучэнне ўсіх хрысціян», тады малітва гэтая не з'яўляецца шчырай [2, c. 2]. Для рэдактара а. А. Неманцэвіча было вельмі важным практычнае супрацоўніцтва хрысціян розных дэнамінацый. Яркі прыклад сумеснага выступлення праваслаўнага і каталіцкага святара на дыспуце з бальшавіцкімі атэістамі прыводзіцца ім у артыкуле «Наш адказ» у дзевятым нумары за 1932 год [5, c. 11-12].

Аўдыторыяй, да якой накіраванае пасланне праграмнага артыкула «Да злучэння», ёсць увесь беларускі народ. Гэта можна прасачыць ужо ў першых словах артыкула: «Да злучэння мы клічам усіх беларусаў, сыноў-дачок аднае нашае Бацькаўшчыны, разбітых на часткі ў найбольш чуткім мейсцы свае душы, у сазнанні свае рэлігійнае прыналежнасці» [2, c. 2]. Хоць паводле практыкі неаунійнай дзейнасці галоўным «аб'ектам» гэтай дзейнасці былі веруючыя ўсходняга абраду, аб'яднаныя або неаб'яднаныя з Рымскім Пасадам, рэдакцыя «Да злучэння» пераходзіла гэтыя межы і звярталася да ўсяго беларускага народа, лічачы ўвесь народ ахвярай рэлігійнай раздзеленасці.

Рэдакцыя заставалася на пазіцыях вернасці каталіцкай царкве, лічачы яе адзінай праўдзівай Царквой. Сведчаннем гэтага з'яўляліся спасылкі на асобу апостала Пятра як на фундамент Царквы; гістарычная адсылка на тое, што «шмат беларусоў адарвалі расейскія цары ад адзінай Хрыстовай усесьветнай Цэрквы» [2, c. 4].

Рэлігійная еднасць для рэдакцыі часопіса - зарука еднасці нацыянальнай. Але першаснай мэтай для аўтара, тым не менш, з'яўлялася еднасць рэлігійная. Еднасць жа грамадская ўспрымалася як дадатак, «бо сам Хрыстос запэўніў, кажучы: «Шукайце насамперш Каралеўства Божага, а ўсё астатняе дадасца вам» [2, c. 2].

Нават сама прычына грамадскай раз'яднанасці бачылася рэдакцыі «Да злучэння» ў адсутнасці еднасці рэлігійнай. Менавіта таму ў артыкуле крытыкавалася распаўсюджанае блытанне нацыянальнай і рэлігійнай самаідэнтыфікацыі: самаакрэсленне сябе беларусамі як «палякаў» і «рускіх» паводле сваёй рэлігійнай прыналежнасці [2, c. 3]. Але тэзіс пра неабходнасць рэлігійнай еднасці не абсалютызаваўся: «Пэўне можна, - адзначалася ў артыкуле, - вызнаваць розныя рэлігіі і міма тое аднак станавіць адно цэлае ў сэнсе народнасці» [2, c. 3]. Пры гэтым сцвярджалася, што рознасць веры не спрыяе еднасці ўсяго народа, а, наадварот, вельмі перашкаджае. Разам з тым, згаданая еднасць ёсць не абавязковай, дэтэрмінаванай, канечна неабходнай, але пажаданай. Выйсце, якое прапанавалася для гэтага, ляжыць у плашчыні рэлігійнай: «Злучыць нас можа ў адну сям'ю толькі Ісус Хрыстос, калі пойдзем за ім» [2, c. 3].

Дзейнасць па дасягненню рэлігійнай еднасці не павінна парушаць грамадскага адзінства. Аўтар дакладна і выразна адстойваў прыярытэт нацыянальнага адзінства перад рэлігійнымі адрозненнямі: «Ці беларус праваслаўны, ці католік - ён заўсёды беларус» [2, c. 3]. У гэтым чуецца водгук нацыянальна-рэлігійных прынцыпаў знакамітага Беларускага кола нацыянальна-свядомых беларускіх навучэнцаў пецярбургскай Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі. Менавіта з гэтага навучальнага асяроддзя выйшаў рэдактар «Да злучэння» а. А. Неманцэвіч. У рэдакцыі сябра таго ж гуртка ксяндза Адама Станкевіча гэты прынцып гучаў так: «Не буду сеяць нянавісці да іншых народаў, а такжа між беларусамі-католікамі і праваслаўнымі» [6, c. 459].

Гістарычныя перадумовы рэлігійнага расколу сярод беларусаў, згодна з думкай рэдакцыі, палягалі ў ліквідацыі уніяцкай царквы, як часткі каталіцкай царквы на Беларусі: «Расійскія цары і іх прыслужнікі накінулі сілком сінадальнае праваслаўе» [2, c. 4]. Рэдакцыя высока ацэньвала стойкасць беларуса ў веры, якую засведчыў у сваіх творах Францішак Багушэвіч [3].

Вынікам адыходу вялікай часткі беларусаў ад бацькоўскай веры, як называлася ў артыкуле каталіцкая вера, вызнаваная уніятамі, быў адыход «ад народа, як цэласці, ад свае бацькаўшчыны» [2, c. 5]. З гэтых словаў можна зрабіць выснову, што асяроддзе, якое гуртавалася вакол «Да злучэння», лічыла ролю даўняй уніяцкай царквы вельмі істотнай для нацыянальнай інтэграцыі беларусаў.

У адрозненне ад некаторых дзеячоў беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст. [7, c. 430], асяроддзе часопіса «Да злучэння», падтрымліваючы унійны рух, ставіла сабе за мэту рэлігійнае аб'яднанне беларускага народа на грунце каталіцкага веравучэння. Уніяцкая царква для гэтага асяроддзя была не сродкам адасобіць беларусаў ад уплыву Расіі і Польшчы, а часткай адзінай праўдзівай каталіцкай царквы, якая вызнавала сапраўдную хрысціянскую веру і мела на чале законнага спадкаемца ўлады апостала Пятра - папу рымскага.

Гэтая пазіцыя пераклікаецца з пазіцыяй, выказанай у артыкуле «У якой веры нарадзіўся, у такой буду паміраць» а. А. Неманцэвічам, дзе ён сцвярджаў, што галоўным крытэрыем, якім належыць кіравацца пры выбары веры, ёсць адпаведнасць гэтый веры Ісціне [1].

У адрозненне ад іншых неаунійных масавых выданняў, якія былі даступныя ў Беларусі, «Да злучэння» меў выразна нацыянальны беларускі характар. Гэтая яго арыентаванасць была закладзена ўжо ў праграмным рэдакцыйным артыкуле. Разгледжаны артыкул прадвызначыў ідэйнае развіццё і беларускай плыні неаунійнага руху як руху, які спасылаўся на гістарычную пераемнасць ад даўняй Уніі. У праграмным артыкуле была сцверджана пазіцыя, якая прадстаўляла пункт гледжання на працэсы адраджэння Уніі беларускіх рэлігійных дзеячоў. Ён кардынальна адрозніваўся ад пазіцыі некаторых дзеячаў нацыянальнага адраджэння, якія бачылі ў адраджэнні Уніі пераважна палітычную карысць.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Неманцэвіч, А. У якой веры нарадзіўся, у такой буду паміраць / А. Неманцэвіч // Да злучэньня. - 1932. - № 1. - С. 9-11.

2. Ад рэдакцыі // Да злучэньня. - 1932. - № 1. - С. 2-5.

3. Багушэвіч, Ф. Хрэсьбіны Мацюка / Ф. Багушэвіч // Творы: вершы, паэма, апавяданні, артыкулы, лісты / уклад., прадм. Я. Янушкевіча; камент. У. Содаля, Я. Янушкевіча. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1991. - С. 36.

4. Гарбінскі, Ю. Антон Неманцэвіч / Ю. Гарбінскі // Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя: жыццяпісы, мартыралогі, успаміны / склад. Ю. Гарбінскі; адказ. рэд. У. Конан. - Мінск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. - С. 132-133.

5. Злучэнец. Наш адказ // Да злучэньня. - 1932. - № 9. - С. 11-12.

6. Туронак, Ю. Падрэзаныя крылы / Ю. Туронак // Мадэрная гісторыя Беларусі; пад рэд. В. Булгакава. - Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. - С. 457-462.

7. Туронак, Ю. Спробы адраджэння Уніяцкай Царквы на Беларусі ў ХХ стагодзьдзі / Ю. Туронак // Мадэрная гісторыя Беларусі / пад рэд. В. Булгакава. - Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. - С. 430-440.

Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу. Пад рэд. Марозавай С.В., Ярмусік Э.С., - ГрДУ, Гродна, 2008.

 

Усошын Я.

Рубрыка: