Спробы беларусізацыі праваслаўнай царквы ў ІІ Рэчы Паспалітай (1921-1939 гг.)

З уваходжаннем у 1921 г. Заходняй Беларусі ў склад Польскай дзяржавы праваслаўная царква на гэтай тэрыторыі апынулася ў няпростай сітуацыі. У адрозненне ад Расійскай імперыі, дзе самаўладдзе абапіралася на гэты магутны дзяржаўна-ідэалагічны інстытут, у ІІ Рэчы Паспалітай, каталіцкай дзяржаве, праваслаўе вымушана было мірыцца з новай роляй канфесійнай меншасці. Адпрацаваная стагоддзямі задача ідэалагічна-патрыятычнага выхавання расійскіх грамадзян страціла свой сэнс. Больш таго, Польшча імкнулася паставіць сабе на службу наладжаны апарат агітацыі, які быў створаны царквой, каб умацоўваць прыхільнасць да польскай дзяржаўнасці праваслаўнага насельніцтва. Таму царкву належала хутка рэарганізаваць і дапасаваць тэрытарыяльна, арганізацыйна і ідэалагічна да новых умоваў.

Пасля знікнення русіфікатарскага дыктату, што здзяйсняўся праз праваслаўную царкву, актывізаваўся рух, які меў на мэце ўвядзенне ў яе беларускай мовы. Адбывалася гэта ў сярэдзіне - другой палове 1920-х гг., у часы адноснай лібералізацыі нацыянальнай і канфесійнай палітыкі польскай дзяржавы. Ініцыятыва беларусізацыі царквы зыходзіла як «зверху» - ад царкоўнага кіраўніцтва, падтрыманага дзяржаўнымі ўладамі, так і «знізу» - з боку шараговых святароў, вернікаў, дзеячоў беларускага нацыянальнага руху.

Міністр веравызнанняў і публічнай асветы 13 кастрычніка 1922 г. звярнуўся да мітрапаліта з запытам, ці магчыма ўжываць у праваслаўнай царкве польскую і беларускую мовы. Каб утрымаць людзей у лоне царквы і зрабіць малітвы больш зразумелымі, іерархія згадзілася пайсці на некаторыя ўступкі. 14 снежня 1922 г. сінод праваслаўнай царквы ў Варшаве зацвердзіў рашэнне мітрапаліта аб ужыванні не рускай мовы ў царкве. Святары маглі выкарыстоўваць у набажэнствах мову, якую жадалі вернікі. 3 верасня 1924 г. сінод пашырыў магчымасці выкарыстання беларускай мовы падчас малітваў і набажэнстваў, павялічыў колькасць беларускіх пропаведзяў, дазволіў навучанне рэлігіі на роднай мове [1, с. 232]. 1 лютага 1925 г. выйшаў першы нумар беларускага царкоўна-нацыянальнага часопіса «Праваслаўны беларус», рэдактарам якога быў Іван Пачопка. Часопіс меў больш хрысціянска-маральны характар, чым грамадска-палітычны. Выданне праіснавала не больш года.

Прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху імкнуліся выкарыстаць знікненне манаполіі рускай мовы, дзяржаўнасці і культуры ў праваслаўным царкоўным жыцці Заходняй Беларусі і правесці яго беларусізацыю. Адным з найбольш актыўных дзеячоў беларускага праваслаўнага руху, праціўнікам аўтакефаліі царквы быў беларускі сенатар Вячаслаў Васільевіч Багдановіч. Пад яго кіраўніцтвам у 1927 г. было створана Праваслаўнае Беларускае Дэмакратычнае Аб'яднанне (далей - ПБДА). Гэта грамадска-рэлігійная арганізацыя выступала за беларусізацыю праваслаўных богаслужэнняў, за навучанне рэлігіі ў школах па-беларуску, змагалася з праявамі нацыянальнай і рэлігійнай дыскрымінацыі беларусаў у Польшчы. Багдановіч рэзка выступаў супраць аўтакефаліі праваслаўнай царквы ў Польшчы, крытыкаваў праваслаўную іерархію Польшчы за згодніцкую пазіцыю. ПБДА ў 1927-1928 гг. выдавала часопіс на беларускай мове «Праваслаўная Беларусь».

Яшчэ адзін асяродак беларускага праваслаўнага руху існаваў у Вільні пры беларускай гімназіі, кіраўніком якога быў тагачасны дырэктар гімназіі Р. Астроўскі. Дзякуючы старанням бацькоўскага камітэта і дырэктара, у поўнае карыстанне гімназіі і віленскіх беларусаў была аддадзена Пятніцкая царква, філія Мікалаеўскага прыхода. 13 снежня 1929 г. група віленскіх беларускіх актывістаў на чале з Астроўскім даслала Віленскаму ваяводзе ліст, у якім скардзілася на цеснату Пятніцкай царквы, фактычна - капліцы, дзе можа змясціцца, апроч вучняў, 30-50 чалавек, і на адсутнасць пастаяннага святара, па прычыне чаго набажэнствы адбываюцца толькі 1-2 разы ў месяц. Беларусы прасілі аддаць ім для карыстання прыход Мікалаеўскай царквы з усёй маёмасцю, а настаяцелем прызначыць айца Аляксандра Каўша, прэфекта беларускай гімназіі, а таксама рэфармаваць віленскую кансісторыю, прызначыўшы туды людей, прыхільных беларускай справе. А. Коўш і Р. Астроўскі з 1928 г. уваходзілі ў склад мітрапалітальнай Рады ў Варшаве ў якасці прадстаўнікоў ад Віленскага ваяводства. Тым не менш ваявода адмовіў ва ўсіх просьбах, матывуючы рашэнне адсутнасцю ў Вільні масавых праяў руху за беларусізацыю царквы [2, арк. 4, 6].

У Вільні 14 сакавіка 1930 г. быў створаны Беларускі Праваслаўны Царкоўны Камітэт. Сярод арганізатараў - прадстаўнікі Ваўкавыскага, Вілейскага, Маладзечанскага павета, Гродзенскай епархіі, віленскай групы Луцкевіча-Астроўскага, часопіса «Наперад», бацькоўскі камітэт беларускай гімназіі ў Вільні. У Камітэт увайшлі 19 чалавек. Старшынёй быў абраны Т. Вернікоўскі, намеснікамі - У. Більдзюкевіч і айцец Аляксандр Коўш, сакратаром - С. Сарока [2, арк. 11]. Мэты дзейнасці Камітэта былі наступныя: 1) атрымаць права нагляду за гаспадаркай Віленскай праваслаўнай Кансісторыі; 2) дэрусіфікацыя праваслаўнай Духоўнай семінарыі ў Вільні; 3) стварэнне мясцовых царкоўных Камітэтаў; 4) чытанне казанняў на беларускай мове; 5) выкладанне рэлігіі на беларускай мове; 6) навучанне рэлігіі і правяденне казанняў на беларускай мове ў войску; 7) вядзенне кніг грамадзянскага стану на беларускай мове; 8) абарона духоўных, што ўводзяць вышэйзгаданыя пастулаты ў жыццё, ад рэпрэсій з боку рускага духавенства; 9) спыненне працэсаў рэвіндыкацыі [2, арк. 12].

Але Більдзюкевіч, Сарока і Вернікоўскі выказаліся, што рэвіндыкацыя - працэс вяртання каталіцкаму касцёлу забраных праваслаўнай царквой будынкаў і маёмасці ў часы Расійскай імперыі - не закранае непасрэдна інтарэсаў праваслаўных беларусаў. Яны адзначалі адзіны негатыўны момант рэвіндыкацый: яны маглі пагоршыць адносіны паміж польскім і беларускім грамадствам, а таксама паміж беларусамі-католікамі і беларусамі-праваслаўнымі [2, арк. 15]. Стварэнне Камітэта было выклікана русіфікатарскімі тэндэнцыямі Віленскай кансісторыі і архіепіскапа Феадосія. Сход выказаў жаданне замяніць кансісторыю Праваслаўным камітэтам, які б сапраўды абараняў інтарэсы праваслаўнага насельніцтва. Архіепіскап Феадосій адмовіў з'езду ў блаславенні, якім, дарэчы, надзяліў з'езд мітрапаліт Дыянісій. Дзейнасць Камітэта не ўнесла адметных змен у беларускае праваслаўнае жыццё. У 1937 г. яго дзейнасць - ужо пад назвай Беларускі цэнтральны Камітэт па беларусізацыі праваслаўнай царквы - актывізаваў вядомы і неадназначна ацэньваемы сучаснікамі і гісторыкамі, пераследаваны ўладамі царкоўны дзеяч, былы рэктар Віленскай духоўнай семінарыі архімандрыт Піліп (Марозаў). Як дакладваў Віленскі ваявода Міністэрству веравызнанняў і народнай асветы, Марозаў імкнуўся з дапамогай Камітэта вырашыць праблемы ўласнай кар'еры і заняць месца ў Віленскай праваслаўнай кансісторыі [2, арк. 19].

Не заставаліся ў баку ад праблем праваслаўнага беларускага руху беларусы-католікі. На старонках друкаванага органа Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі «Беларуская Крыніца» неаднаразова ўздымалася пытанне беларусізацыі праваслаўнай царквы. Аўтараў газеты непакоіў раскол у беларускім праваслаўным руху паміж групоўкай Р. Астроўскага, што была схільная да супрацоўніцтва з уладамі, і Праваслаўным Беларускім Дэмакратычным Аб'яднаннем, апазіцыйна настроеным да палітыкі праваслаўных іерархаў [3].

Беларускі праваслаўны рух падтрымлівалі асобныя святары, якія ўсё ж чыталі пропаведзі на беларускай мове. Сярод іх неабходна адзначыць Клецкага настаяцеля, прэфекта беларускай гімназіі Рыгор Лукашэвіч, ужо згаданага настаяцеля Пятніцкай царквы, прэфекта Віленскай беларускай гімназіі Аляксандра Коўша. У Нясвіжскім павеце благачынны Валасовіч павучаў настаяцеляў, каб не гаварылі пропаведзяў на польскай мове, бо мясцовае насельніцтва яе не разумее. Каб пазбегнуць ціску з боку ўлад, Валасовіч раіў святарам паставіць справу такім чынам, каб выглядала, нібыта яны карыстаюцца беларускай мовай па жаданню прыхаджан [4, арк. 37].

Такім чынам, нягледзячы на тое, што былі створаны фармальныя падставы для выкарыстання ў царкве беларускай мовы, на практыцы беларусы не мелі магчымасці выкарыстаць сітуацыю і стварыць з царквы магутную падтрымку нацыянальнага адраджэння. Перашкодамі былі пераважна рускае па нацыянальнасці і па духу праваслаўнае духавенства, не зацікаўленае ў нацыянальных інтарэсах беларусаў, а таксама слабасць і эпізадычнасць самога беларускага праваслаўнага руху. Вышэйшая праваслаўная іерархія супрацоўнічала з урадам і дзейнічала ў асноўным ў рэчышчы агульнай палітыкі. Абвешчаная дзяржавай свабода веравызнанняў была не больш чым дэкларацыяй.

Дзяржаўныя ўлады не імкнуліся да беларусізацыі царквы. Проста неабходна было падважыць непарушныя да таго моманту яе расійскія асновы для дасягнення асноўнай мэты - дэрусіфікацыі царквы і падрыхтоўкі яе да прыняцця польскай мовы. Кіраўніцтва Польшчы не перашкаджала спробам беларусізацыі царквы. Характэрнай была пазіцыя беластоцкага ваяводы Стэфана Папялоўскага. Ён прызнаў, што ўвядзенне ў набажэнствы і ў літургічныя тэксты роднай мовы прыхаджан будзе значна спрыяць аслабленню рускага ўплыву на «крэсах», а таксама стварэнню тыпу праваслаўнага верніка, свядомасць якога адрознівалася б ад свядомасці праваслаўных за ўсходняй мяжой Рэчы Паспалітай [2, арк. 15]. Першапачаткова неабходна было зламаць створаны стагоддзямі стэрэатып «праваслаўны = рускі». І зрабіць гэта трэба было, выкарыстоўваючы беларускія нацыянальныя тэндэнцыі, што распаўсюджваліся ў царкве. Беларусізацыя царквы мела для Польшчы і шэраг непажаданых момантаў. Папялоўскі, у прыватнасці, баяўся, што царква як духоўная арганізацыя можа паспрыяць росту беларускай нацыянальнай самасвядомасці і актывізацыі беларускага нацыянальнага руху [2, арк. 15].

Праваслаўная царква не павінна была набываць рысаў нацыянальных меншасцей. У ІІ Рэчы Паспалітай, як калісьці ў Расійскай імперыі, як у Савецкім Саюзе, праваслаўную царкву паставілі на службу дзяржаве.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Papierzyńska-Turek, M. Między tradycją a rzeczywistością. Państwo wobec prawosławia 1918-1939 / M. Papierzyńska-Turek. - Warszawa: PWN, 1989. - 481 s.

2. AAN. MWRiOP. - Спр. 989.

3. Bielaruskaja Krynica. - 1928. - № 43. - С. 2; 1930. - № 5. - С. 1.; 1930. - № 20.

4. ДАГВ. - Ф. 541. - Воп. 1. - Спр. 389.

Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу. Пад рэд. Марозавай С.В., Ярмусік Э.С., - ГрДУ, Гродна, 2008.

 

Загідулін А.М.

Рубрыка: