Рэлігійная сытуацыя ў Беларусі

Агульныя высновы

 

У Беларусі, паводле стану на 1 студзеня 2005 года, зарэгістравана 1315 праваслаўных грамадаў (1092 храмы). На другім месцы пратэстанты – 983, сярод якіх толькі ХВЕ – 482, якія абыйшлі паводле гэтага паказчыка другую па “гістарчынасьці” рыма-каталіцкую царкву, якая прадстаўленая 433-ма грамадамі. Але трэба мець наўвеце, што праваслаўныя і каталіцкія прыходы ў сярэднім нашмат большыя. Хаця, зь іншага боку, нельга забывацца і на тое, што, як правіла, пратэстанты характарызуюцца нашмат большай актыўнасьцю і актуалізацыяй вызнаньня сваёй веры, г.зн., прасьцей гаворачы, “ацаркоўленыя”. Такімі зьяўляюцца калі не 90%, то ніяк ня менш за палову агульнай колькасьці тых, хто лічыць сябе прадстаўніком дадзенага кірунку хрысьціянства. Аналагічны паказчык у праваслаўным асяродку не перавышае 1%. Досыць значная частка зь ліку «гістарычна вызнаючых праваслаўе” трапляе пад тую катэгорыю, да якой адносіць сябе і глава дзяржавы – “праваслаўныя атэісты”. Блізкая да гэтага сытуацыя і ў каталіцкай царкве. Натуральна, што такая сытуацыя ня можа не ўплываць размываючы і паралізуючы на “гістарычныя цэрквы”. Становішча гэта ўскладняецца і тым, што канфэсійная самаідэнтэфікацыя як “праваслаўнага” ці “католіка” часьцяком выконвае ролю нейкага “брэнда”, які ўказвае на пэўную нацыянальную ці нават палітычную накіраванасьць. Хаця ад апошняга ня цалкам вольныя і пратэстанты, але тычыцца гэта больш зноў жа “гістарэчых” іх галінаў, як, напрыклад, кальвінізма і лютэрантсва.

Навогул тут назіраецца цалкам зразумелая прагэсуючая тэндэнцыя – чым больш “расцаркоўленая” рэлігійная супольнасьць, тым лягчэй яна дазваляе сабе лічыць у сваіх шэрагах “выпадковых” людзей, што, у сваю чаргу, яшчэ больш “расцаркоўлівае” яе. Фактычна, гэта ні што іншае, як тое ж ганеньне з боку “сьвета” на Царкву, але па няяўнасьці сваёй шматкроць вераломнейшае за адкрытыя перасьледы. А вераадступніцтва выражаецца не ў адкрытым адрачэньні ад веры, а ў тым, што ад імя Царквы дазваляецца казаць і дзейнічаць чужым і нават варожым да яе людзям. Пры гэтым “царкоўныя людзі” гэтае варварства схільныя ад душы вітаць, як нейкую неімаверную міласьць, як знак “узрослага аўтарытэту царквы” і пад. Пры гэтым у “зьнешніх” у дачыненьні да царквы культывуецца зусім аблуднае адчуваньне, што “царкоўнікі” “нарошчваюць уплывы” і яшчэ крыху і “прымусяць маліцца”. Т.ч., царква на самой справе аказваецца ў падвойным пройгрышы – яны выхалошчваецца знутры і настройвае насьцярожанасьць звонку. Выйгрыша ж, нават мінімальнага, як правіла, няма. Усе “міласьці” аказваюцца пустымі абяцаньнямі і дэклярацыямі.

У гэтым сэнсе паказацельная гісторыя з прыняцьцем новага закона “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”. Многім падалося, што гэта ўжо дакладна міласьць. У законе абвяшчаецца асаблівая роля праваслаўя, а за ім і іншых “гістарычных” рэлігіяў. Цікава, што сярод пратэстанцкіх дэнамінацыяў “гістарычны” статус нададзены найменш уплывовай і “разбаўленай” – лютэранству. Усё астатняе пратэстанцтва, ня гледзячы на тое, што яно па грамадзкай значнасьці ўжо на роўных канкуруе і з праваслаўем, і з каталіцтвам, а, мажліва, і таму не ўдастоілася згадваньня сярод “адыграўшых ролю” канфэсіяў.

Але, вядома, тут ніхто не кіраваўся асаблівай прыхільнасцю да праваслаўя і каталіцтва. Вольна ці міжвольна, такімі актамі ўзамацоўваецца ўсялякага гатунку "рэлігійны атэізм" і павярхоўнае ўспрыманне рэлігіі як чагосці кшталту "культурнага" феномену, у якім істотныя толькі "традыцыі", пад маркай якіх часта гадуюцца відавочныя забабоны і паганскія рытуялы. Царква літаральна разбэшчваецца знутры.

Можа падацца, што хоць у нечым, але, напрыклад, праваслаўная царква выйграла – зь дзяржавай заключанае агульнае “рамкавае” пагадненьне, а таксама 14 розных праграмаў супрацоўніцтва з ведамствамі і міністэрствамі – а сілавых да адукацыі, і нават турызма і спорта. Некаторыя з гэтых праграмаў завяршаюцца ўжо ў 2005 годзе. Але ніякага рэальнага плёну супрацоўніцтва ня бачна. Больш за тое, у некаторых сфэрах, зьвязаных зь ідэалогіяй (адукацыя, напрыклад), рэлігійны ўплыў становіцца ўсё больш не да месца, бо нават у самым урэзаным выглядзе ня ўпісваецца ў актыўна рэанімаваныя савецкія схэмы ідэалагізацыі выхаваньня.

Таму “выйграўшыя” на самой справе прайгралі. Ня буду сьцьвярджаць, што “прайграўшыя” выйгралі, але пэўны рэсурс піара тут, безумоўна, на іх спрацаваў. Асабліва ў вачах замежнага назіральніка.

Так што палітыку цяперашняга кіраўніцтва БПЦ у стасунках зь дзяржавай і зьнешнім сьветам навогул можна лічыць праваленай. Яна цалкам аддалася на волю ўладару. І без папрокаў прымае ўсе крокі ўлады, у тым ліку і па абмежаваньні царквы. Выганьне са школаў (паводле новага закону нядзельным школам адмоўлена ў арэндзе памяшканьняў агульнаадукацыйных установаў), жорсткія ўмовы для дазволу будаўніцтва новых храмаў )неабходна наяўнасьць на руках сродкаў, якія складаюць больш паловы каштарыснага кошту храма), шматразовае павелічэньне падатку на зямлю, які лёг цяжарам на прыходы. Толькі часам мільгае нясьмелае «печалование» сярод агульнага кампімэнтарнага тона вітаньняў на сьвяточных мерапрыемствах царкоўна-дзяржаўнага характара. Але гэтае «печалование» застаецца безвыніковым. Бо усім бачна, што ў нас у стасунках царквы і дзяржавы “усё добра”. Навошта яшчэ нешта прадпрымаць?

Калі ж казаць пра іншыя “нацынальныя” асаблівасьці рэлігійнага жыцьця ў Беларусі, то прынята згадваць аб уніяцкай галіне каталіцтва і “аўтакефальным” праваслаўі. Можа, такая ўвага да гэтых фактараў абумоўленая аналёгіяй і блізкасьцю да Ўкраіны. Так ці йнакш, але адзначаныя галіны хрысьціянства ў Беларусі выконваюць непамерна меншую ролю.

Грэка-каталіцкая царква некалі ахоплівала да дзьвюх трэцяў насельніцтва, але гэта было занадта даўно – з 1596 па 1839 год. Адпаведна, у адрозьненьне ад Украіны, памяць аб ёй народа практычна памерла. Уніяцтва аказалася ў парадаксальным становішчы – з аднога боку, нешта нікому невядомае і новае, а зь іншага, прэтэнзія на “народнасьць” і нацыянальныя карані. У пачатку 90-х назіраліся актыўныя крокі па адраджэньні уніяцтва як “нацыянальнай царквы” беларусаў. Без вялікага, аднак, посьпеху. Яно так і засталося “новай” рэлігіяй. І падобна, што нават рымскае каталіцтва стала больш прывабным у якасьці такой “новай” рэлігіі. На бягучы момант у Беларусі зарэгістравана ўсяго толькі 13 грамадаў грэка-каталікоў.

Вакол праваслаўя (нават не ў праваслаўі) таксама пачыналася вядомая інтрыга з “аўтакефаліяй”. Але яна казалася яшчэ больш беспэрспэктыўнай, чым адраджэньне уніяцтва. Тут таксама рабіўся акцэнт на ідэі “нацыянальнай царквы”. Можа, на гэтай хвалі і можна было кагосьці прыцягнуць, калі б немач беларускай аўтакефаліі (прытым разьбітай на варагаючыя групоўкі з “самасьвяцкай” гіерархіяй), якая занадта кідаецца ў вочы. У нейкім прыймальным выглядзе “аўтакефалы” захваліся толькі за мяжой. Адкуль перыядычна пагражаюць “паходам на Менск”. Відаць, у адказ на гэта і прынятае унікальнае вырашэньне – зарэгістраваць за Беларускай Праваслаўнай Царквой МП “калектыўнае права ўласнасьці” н а выкарыстаньне назвы “праваслаўны” і яго вытворнымі. Яле, як здаецца, гэта перабольшана. Ува ўсёй краіне ня знойдзецца ніводнай, няхай незарэгістраванай, але адчувальна ўплывовай грамады. Аб дзейнасьці іншых кірункаў “альтэрнатыўнага” праваслаўя, якія маюць вагу ў Расеі (у прыватнасьці ІПЦ ці РПЦЗ), у нас не чуваць.

сьвятар Аляксандар Шрамко

Рубрыка: