ЛЁС І РОЛЯ ЛАЦІНСКІХ МІСІЙ У ХРЫСЦІЯНІЗАЦЫІ ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У ХI ст.

За апошняе дзесяцігоддзе ў расійскай гістарыяграфіі [12; 15] былі перагледжаны некаторыя пытанні аб хрысціянізацыі Русі і міжнародных царкоўных адносінах. Найноўшыя даследаванні паказалі, што хрысціянскі свет да XIII ст. заставаўся ў большай ступені адзіным, чым уяўлялі гісторыкі раней, а на Русі, асабліва на пачатковым этапе хрысціянізацыі, сышліся ўплывы розных царкоўных традыцый і культур. Мэта майго выступу - у гэтым гістарыяграфічным кантэксце спыніцца на дыскусійных момантах гісторыі дзейнасці ў пачатку ХІ ст. двух клірыкаў на землях сучаснай Заходняй Беларусі - місійнага архіепіскапа Бруна Кверфурцкага, які загінуў 9 сакавіка 1009 г., і яго зямляка Райнберна, былога епіскапа Калабжэгскага, які памёр ў зняволенні ў князя Уладзіміра ў 1013-1015 гг.

Найбольш дыскусійнымі з'яўляюцца два галоўных моманты ў місіі Бруна - аб месцы забойства архіепіскапа і аб палітычным кантэксце выправы. Трэба крыху закрануць стан гістарыяграфіі пытання. Гэты сюжэт не быў абыйдзены ўвагай: яму прысвечаны дзясяткі прац нямецкіх, польскіх, літоўскіх, і расійскіх даследчыкаў. У апошні час ён стаў яшчэ больш актуальным у сувязі са святкаваннем тысячагоддзя Літвы. Але нельга не заўважыць, што ў асвятленні гэтай місіі вельмі яскрава праявіўся канфлікт нацыянальных дыскурсаў. Сутнасць яго ў тым, што свядома ці не, прадстаўнікі нямецкай, польскай і літоўскай навукі (за некаторымі выключэннямі) у сваіх працах быццам бы перацягвалі на свой бок тое месца, дзе загінуў місіянер, і, такім чынам, залічвалі дзейнасць св. Бруна да сваёй нацыянальнай гісторыі.

Нямецкія гісторыкі XIX ст. лічылі, што ён загінуў на тэрыторыі Усходняй Прусіі сярод прусаў. Польскія даследчыкі, а за імі і савецкія, на працягу ХХ ст. называлі месцам апошняй місіі архіепіскапа тэрыторыю паўночна-ўсходняй Польшчы [4, с.247; 6; 9, с. 215-216; 14, с. 108]. У літоўскай гістарыяграфіі ў апошнія тры дзесяцігоддзі ў працах Э. Гудавічюса і А. Бумблаускаса [2, с. 12-21; 3, с. 9-65] папулярызуецца версія, што Бруна падчас апошняй місіі ахрысціў літоўскага князя Нецімера, а потым загінуў у Літве альбо на памежжы Літвы з Руссю. Але не ўсе літоўскія даследчыкі згаджаюцца з такой трактоўкай (сярод іх Т. Баранаўскас, які лічыць, што Бруна загінуў на тэрыторыі сучаснага Навагрудскага раёна, і галава яго была кінута ў невялічкі прыток Моўчадзі р. Ятру [1, с. 138]).

У беларускай гістарыяграфіі філолагі Мікола Ермаловіч і Алесь Жлутка [7, с. 86; 8] пісалі аб тым, што Бруна загінуў недзе ў Заходняй Беларусі. Але гэтыя даследчыкі фактычна не абгрунтоўвалі свае вывады.

Навукоўцам трэба выходзіць за рамкі нацыянальных дыскурсаў і аддаваць увагу не розным гістарыяграфічным традыцыям, а ў першую чаргу - вывучэнню крыніц. Недахоп практычна ўсіх даследчыкаў - невыразнае адмежаванне агіяграфічных твораў ад хронік і аналаў.

Па сутнасці, сярод значнай колькасці крыніц даследчыкамі могуць выкарыстоўвацца для рэканструкцыі падзеі толькі два помнікі, якія складаюць аснову так званай «саксонскай» групы паведамленняў - «Кведлінбургскія аналы» і «Хроніка» Цітмара, біскупа Мерзебургскага. Агіяграфічныя крыніцы («Запіска Віберта», «Жывот св. Рамуальда», «Хроніка» Адэмара Шабанскага) прыводзяць толькі легенды.

Дзе ж прыняў пакутніцтва св. Бруна? Запіс Кведлінбургскіх аналаў паведамляе, што 9 сакавіка ён быў абезгалоўлены на парубежжы Русі і Літвы разам са сваімі 18 спадарожнікамі. Па словах «Хронікі» Цітмара, Бруна загінуў на памежжы Прусіі і Русі [5, с. 80; 13, кн. 6, гл. 94 (58)].

Калі падрабязна не разглядаць пытанне аб этнапалітычнай карціне Верхняга Панямоння ў ХІ ст., на сучасным навуковым узроўні можна лічыць, што назва «Літва» ў тэрытарыальным сэнсе ўжывалася да тэрыторыі, мяжа якой на поўдні супадала з мяжой распаўсюджання культуры ўсходнелітоўскіх курганаў, што на тэрыторыі Беларусі не даходзіла да Нёмана. Руссю называлася, хутчэй за ўсё, тэрыторыя, падуладная Кіеву, - паўднёвая частка Панямоння. Прусамі ў лацінскіх крыніцах называлі балцкіх жыхароў ад Віслы на захадзе і далей на ўсход за Нёман. Такім чынам, памежжа Русі і Літвы знаходзілася ў той час у Верхнім Панямонні, таму няма сумневу, што Бруна загінуў недзе тут.

Другое складанае пытанне - куды і навошта рухаўся святы пакутнік? Большасць гісторыкаў (у першую чаргу, польскіх), лічылі, што місія была арганізавана Баляславам Храбрым з мэтай паставіць яцвягаў, жыхароў Паўночна-Усходняй Польшчы, у залежнасць [2, с. 245-247; 12, с.153; 14, с.32-34]. Сапраўды, да «яцвягаў» Бруна выехаў з тэрыторыі ўладанняў Баляслава, і менавіта Баляслаў затым выкупіў рэшткі пакутніка. Вядома таксама, што пасля 1013 г. на ўсходнім і паўночна-ўсходнім напрамку Баляслаў развіў ваенную актыўнасць. Але толькі на падставе гэтага немагчыма меркаваць, што Бруна дзейнічаў для таго, каб падпарадкаваць яцвягаў польскаму князю. Мы ведаем, што ў канцы Х - першай палове ХI ст. ішло актыўнае пранікненне Русі ў яцвяжскія землі (пад імі ў той час трэба разумець перадрэчча Верхняга Нёмана, ў якім склалася шматкультурная этнапалітычная скандынаўска-балцкая групоўка). Нам вядома аб выправах на яцвягаў рускіх князёў Уладзіміра (983 г.) і Яраслава (1038 г.). Да таго ж, тэрыторыя апошняй казані місіянера прылягала да зямлі, залежнай ад Русі. Спроба Бруна падпарадкаваць гэтую тэрыторыю польскаму князю непазбежна прывяла бы да пагаршэння адносін з Руссю, што на фоне папярэдняй місіі да печанегаў выглядае непаслядоўна: ўсяго толькі год таму архіепіскап, рызыкуючы жыццём у печанежскім стэпе, заключаў мір з качэўнікамі для Уладзіміра. Тым больш, як раз у гэты час мог адбыцца шлюб Святаполка і Баляслаўны, у такім выпадку любыя варожыя ўчынкі супраць рускіх князёў былі выключаны.

Бруна праследваў уласную мэту - пашырэнне хрысціянскага свету. Але калі ў місіі былі нейкія палітычныя матывы, то ў хрысціянізацыі памежных яцвягаў былі зацікаўлены рускія князі, і, у першую чаргу, Святаполк Тураўскі, які спрабаваў праводзіць самастойную палітыку (ёсць падставы меркаваць, што да 1010 г. адносіцца яго спроба распаўсюдзіць свой ўплыў на Валынь).

Адказваць на пытанне аб палітычным кантэксце місіі можна, толькі ўлічваючы ролю Бруна ў польска-рускіх дыпламатычных узаемаадносінах. У 1008 г. ён быў пры двары кіеўскага князя Уладзіміра, затым вярнуўся ў Польшчу. Гісторыкі дакладна не ведаюць, калі адбылося вяселле сына Уладзіміра Святаполка і дачкі Баляслава, але найбольш верагодна, што ў 1009-1010 гг. [6, с. 250; 9, с.217]. Калі так, дык у дасягненні саюза славянскіх гаспадароў Бруна павінен быў адыграць першую ролю.

Менавіта ў выніку гэтага шлюбу ў сталіцы Святаслава Тураве з'явіўся лацінскі біскуп Райнберн, аб лёсе якога нам вядома толькі невялікая інфармацыя з 6-й і 7-й кніг «Хронікі» Цітмара. Наконт таго, кім быў Райнберн, няма адзінай думкі.

Некаторыя даследчыкі лічылі яго духоўнікам жонкі Святаполка [11, с.28]. Але не варта змяншаць ролю Райнберна пры двары Святаполка. Прысутнасць у Тураве былога Калабжэгскага біскупа, фігуры высокага стану, сведчыць хутчэй аб свядомым выбары мясцовым князем сувязяў з лацінскім клірам. Верагодна, што пачатак гэтых сувязяў быў закладзены св. Бруна з Квэрфурту. Заслугоўвае падтрымкі гіпотэза, што і ў Тураве Райнберн пад час свайго побыту насіў епіскапскі сан [8]. Менавіта Бруна, як місійны архіепіскап, меў права вызначаць епіскапаў на новаствораныя епархіі. Вельмі складанай з'яўляецца праблема існавання Тураўскай епархіі па візантыйскаму абраду: частка гісторыкаў лічыць, што яна ўжо існавала з часу хрышчэння Русі, частка - што была створана пазней [гл.: 11, с. 29-31]. Таму застаецца неясным, ці Райнберн быў заменены іншым епіскапам, ці традыцыя назначэння епіскапаў у Тураў была перарвана. Неўзабаве Святаполк за актыўныя самастойныя дзеянні супраць ўлады бацькі былі пакараны Уладзімірам. Ён, яго жонка і Райнберн былі пасажаны ў затачэнне, ў якім Райнберн памёр.

Такім чынам, дзейнасць Райнберна была не больш паспяховай, чым Бруна. Арышт Райнберна з'явіўся канцом лацінскай місіі ў Палессі, забойства Бруна азначала няўдачу хрысціянскага казання сярод балтаў. У пэўным сэнсе гэта забойства правяло мяжу паміж хрысціянскай цывілізацыяй і паганствам.

Аб абставінах гібелі першага хрысціянскага пакутніка, які загінуў у Панямонні, вядома толькі са слоў Цітмара: пасля сваіх упартых спробаў схіліць паганцаў да хросту ён быў абезгалоўлены. Нельга выключаць, што галава пакутніка была прынесена ў ахвяру, бо шмат якія сярэднявечныя аўтары адзначалі, што менавіта галава была прадметам ахвяры ў чалавечых ахвярапрынашэннях, якія здараліся ў паганцаў [10, с. 149-130].

Ад тых падзей нас аддзяляе амаль тысяча гадоў, і недастатковая колькасць інфармацыі не дазваляе нам шырока, падрабязна і дакладна ўявіць падзеі таго часу. Але крыніцы, якія засталіся, пакінулі нам вялікі падарунак - бо, па сутнасці, забойства св. Бруна - гэта адна з першых дакладна вядомых нам падзей, якая праходзіла на зямлі Панямоння.

Падсумоўваючы, трэба адзначыць, што гэтыя місіі не мелі далёкасяжных вынікаў. У больш шырокай гістарычнай перспектыве яны сведчаць, што ўжо з самага пачатку землі, сёння называемыя Заходняй Беларуссю, знаходзіліся на перасячэнні ўплываў розных царкоўных традыцый, адлюстраваннем чаго служаць розныя фактаў культурнага і палітычнага жыцця Панямоння і Папрыпяцця.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Baranauskas, T. Lietuvos valstybės ištakos / T. Baranauskas. - Vilnius, 2000.

2. Bumblauskas, A. Senosios Lietuvos istorija, 1009 - 1795 / A Bumblauskas. - Vilnius, 2005.

3. Gudavičius, E. Brunonas Kverfurtietis ir Lietuva / E. Gudavičius // 1009 metai: Šv. Brunono Kverfurtiečio misija. - Vilnius, 2006. - Р. 9 - 65.

4. Łowmiański, H. Studja nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego / H.Łowmiański. - T. II. - Wilno, 1932.

5. Monumenta Germaniae Historica. Scriptores. - T. III. - Lipsiae, 1925.

6. Zakrzewski, S. Bolesław Chrobry Wielki / S Zakrzewski. - Lwów, 1925.

7. Ермаловiч, М. Старажытная Беларусь / М. Ермаловiч. - Мінск, 2001.

8. Жлутка, А. Пункціры вялікага шляху. Спроба кароткага падсумавання гісторыі каталіцкага Касцёла на Беларусі / А. Жлутка // Наша вера. - 2001. - № 1.

9. Королюк, В. Д. Западные славяне и Киевская Русь /В. Д. Королюк. - М., 1964.

10. Ловмянский, Г. Религия славян и ее упадок (VI - XII вв.) / Г. Ловмянский. - СПб., 2003.

11. Лысенко, П.Ф. К вопросу об учреждении Туровской епархии / П.Ф. Лысенко // Восточная Европа в средневековье. - М., 2004. - С. 27 - 32.

12. Назаренко, А. В. Древняя Русь на международных путях / А. В. Назаренко. - М., 2001.

13. Титмар Мерзебургский. Хроника. В 8 кн. / пер. с лат. И. В. Дьяконова. - М., 2005.

14. Пашуто, В. Т. Внешняя политика Древней Руси / В. Т. Пашуто. - М.,1968.

15. Флоря, Н.Б. У истоков религиозного раскола славянского мира (XIII в.) / Н.Б. Флоря. - СПб., 2004.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Кібінь А.С.

Рубрыка: