ТВАРАМ ДА ЗАХАДУ. ЗМЕНА ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАЙ АРЫЕНТАЦЫІ БЕЛАРУСІ (1240 - 1385 гг.)

Храналагічныя межы перыяду вялікай перамены беларускага жыцця акрэсліваюцца дастаткова ўмоўна (як амаль кожны храналагічны рубеж у перыядызацыі гісторыі). Аднак дзве падзеі, якімі прапануем іх абазначыць, належаць да найбольш заўважальных сярод плыні гістарычнага часу. Яны трывала зафіксаваліся не толькі ў памяці іх сучаснікаў, але і наступных пакаленняў: 1) 1240 г. - захоп і знішчэнне Кіева мангола-татарамі; 2) 1385 г. - Крэўская унія Вялікага Княства Літоўскага з Польскім каралеўствам.

Падзенне Кіева шырокім рэхам адгукнулася па ўсёй Еўропе, пра Крэўскую унію ўспаміналі і спасылаліся на яе яшчэ ў 1569 г. пры стварэнні Рэчы Паспалітай, а таксама і ў пазнейшыя часы. Абедзве даты нязменна прысутнічаюць у сучасных падручніках па гісторыі.

Першая падзея ўсвядоміла жыхарам (найперш, элітам) заходніх і паўднёвых земляў Русі канец ранейшага парадку і міжнароднага ўкладу, другая - завяршыла пераходны перыяд ваганняў між Усходам і Захадам і канстатавала выбар на карысць апошняга.

Выклік гісторыі (XIII ст.)

Эвалюцыйнае развіццё чалавечых супольнасцяў час ад часу, з большай ці меншай рэгулярнасцю, перарываецца катаклізмамі прыроднага або сацыяльнага (эканамічна-палітычнага) характару. Такія катаклізмы змушаюць людзей і чалавечыя супольнасці да рэагавання з мэтай направы сітуацыі, менавіта, да пошукаў новых формаў арганізацыі і дзейнасці супольнасці. Паводле тэрміналогіі, уведзенай ангельскім гісторыкам Арнольдам Тойнбі, гісторыя ставіць перад людскімі супольнасцямі выклік, на які неабходна знайсці адказ. Канцэпцыю Выкліку - Адказу Тойнбі выкарыстаў у даследаванні генезісу цывілізацый: «Грамадства ў сваім жыццёвым працэсе сутыкаецца з шэрагам праблемаў і кожная з іх ёсць выклік.

Іншымі словамі можна сказаць, што функцыя «знешняга фактару» заключаецца ў тым, каб пераўтварыць «унутраны творчы імпульс» у пастаянны стымул, які спрыяе рэалізацыі патэнцыяльна магчымых творчых варыяцый» [1, с. 108]. У сваёй глабальнай па ахопу працы Тойнбі звярнуўся і да нашага прыкладу з XIII ст., менавіта нападу на землі Русі азіяцкіх качэўнікаў: «Гэты нечаканы ціск, пачаўшыся ў 1237 г. знакамітым паходам на Русь мангольскага хана Батыя, аказаўся вельмі моцным і працяглым. Гэты выпадак яшчэ раз даводзіць, што, чым мацнейшы выклік, тым больш арыгінальны і ствараючы адказ» [1, с. 140] .

Калі нейкая цывілізацыя (супольнасць) не здолее знайсці адказу на выклік, то, верагодна, яна трапіць у крызіс або нават заняпад (напрыклад, паўднёваамерыканскія, або бліжэйшая да нас лакальная супольнасць яцвягаў у Прыбалтыцы).

Развіваючы думку Тойнбі, які сваю тэорыю ўжывае адносна цывілізацый, можна вывесці, што Выклікі могуць розніцца маштабам - ад глабальных (напрыклад, ледавіковыя перыяды, ці сённяшняе глабальнае пацяпленне) да рэгіянальных. Універсальнасць канцэпцыі пацвярджаецца яшчэ і тым, што яе можна застасаваць і да аналізу функцыянавання першаснай ячэйкі чалавечага грамадства - сям'і і нават асобнага чалавека.

XIII ст. - час вялікіх пераменаў, дакладней, выспявання вялікіх пераменаў у жыцці ўсёй Еўропы. Закончылася паразай першая вялікая замежная экспансія заходнееўрапейскага свету - лацінскія хрысціяне страцілі ўсе заваяваныя раней землі ў Палестыне. У Заходняй Еўропе адбываліся значныя палітычныя перамены: «Большасць зменаў, якія вызначылі надыход эпохі Новага часу, пачала прарастаць ужо ў другой палове XIII ст., хоць выразна выявіліся яны толькі на рубяжы XIV і XV ст. Перш за ўсё, ствараліся ўсё большыя дзяржавы, у тым ліку дзяржавы нацыянальныя - найбольш поўна гэты працэс рэалізоўваўся у Англіі, але быў таксама відочны ў Францыі. У межах нямецкай імперыі стабілізаваліся дзяржавы імперскіх князёў, а ў Італіі буйныя гарадскія асяродкі, такія як Мілан, Венецыя і Фларэнцыя, анексавалі суседнія цэнтры» [2, с. 285]. У сярэдзіне XIII ст. на тэрыторыі сучаснага Беларускага Панямоння ўзнікла новая балта-славянская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае.

Дасягнуў свайго піку еўрапейскі дэмаграфічны ўздым (пачаўся ад канца X - пачатку XI ст.). Пры ўсёй розніцы ў заселенасці паасобных рэгіёнаў кантыненту, гэты ўздым быў відочны практычна ўсюды. На Беларусі кожны археолаг ведае, што найбольшая колькасць вясковых паселішчаў (селішчаў, паводле археалагічнай тэрміналогіі) з эпохі сярэднявечча датуецца XII - XII ст. (у XIV ст., як і па ўсёй Еўропе, іх колькасць на Беларусі моцна змяншаецца). Сярэднявечныя гарады дасягнулі найбольшага росту таксама ў гэты час [1].

Хоць агульнаеўрапейскі дэмаграфічны ўздым відочны быў і на Беларусі, але існавала істотная розніца ў маштабах. У Заходняй Еўропе ўзнікала праблема перанаселенасці (выклік гісторыі), у той жа час, на усходзе кантыненту такой праблемы не існавала па прычыне рэдкасці насельніцтва. Рэакцыяй заходнееўрапейцаў, у першую чаргу немцаў, было перасяленне на ўсход, што стварыла праблему (выклік) не толькі для плямёнаў, на чыіх землях асядалі немцы, але таксама і для суседніх краінаў, напрыклад, беларускіх феадальных дзяржаваў. Нямецкая каланізацыя, скіраваная на усход (Drang nach Osten), на той час была самай важнай з усіх міграцый насельніцтва Заходняй Еўропы [3, с. 64].

Узнікненне новай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага, з перспектывы сённяшняга дня можам акрэсліць як Адказ на Выклік гісторыі, паўстаўшы перад Беларускім Панямоннем. Выклік быў сфармуляваны ў выглядзе некалькіх важных падзеяў, якія парушылі ўсталяваны лад, прынеслі пачуццё рэальнай пагрозы і зрабілі немагчымым працяг ранейшага эвалюцыйнага развіцця. У парадку чарговасці гэта былі: 1. З'яўленне і актыўная экспансія нямецкіх энклаваў ва Усходняй Прыбалтыцы ў канцы XII - першых дзесяцігоддзях XIII ст. (у Інфлянтах і Прусіі). 2. Пагром паўднёвай і усходняй Русі мангола-татарамі ў 1238 - 1240 г.

1. У пачатку XIII ст. беларускія землі, дакладней, Полацкая і Віцебская (найшчыльней звязаныя з Заходняй Еўропай), непасрэдна сутыкнуліся з еўрапейскім адказам на праблему перанаселенасці. У вусці Заходняй Дзвіны ў 80-я гады XII ст. паўстала першае нямецкае паселішча, а ў хуткім часе быў заснаваны горад Рыга (1201 г.). Па ініцыятыве рыжскага арцыбіскупа для большай эфектыўнасці змагання з навакольнымі язычнікамі быў створаны Ордэн Мечаносцаў (1202 г.) [4, с. 19].

Амаль адразу ўзнікшы нямецка-беларускі канфлікт стварыў сур'ёзныя праблемы, найперш для беларускага Паддзвіння і Падняпроўя (пачатак XIII ст. - Полаччына, Віцебшчына і Смаленшчына), потым для Панямоння (ад 1283 г.).

Полацкае княства ад пачатку XIII ст. было вымушана змагацца за вольны гандаль па Заходняй Дзвіне і захаванне сваіх уплываў у Прыбалтыцы з асядлаўшымі вусце гэтай ракі немцамі - месцічамі горада Рыгі, Рыжскім арцыбіскупствам і Ордэнам Мечаносцаў. Аслабленая палітычным раздрабленнем, першая беларуская дзяржава прайграла вайну з лівонскімі немцамі і паступова страціла свае апорныя пункты ў ніжнім Падзвінні: спачатку Кукенойс (1208 г.) потым Герцыке (1209 г.). Даўні сапернік Полацка ў кантролі над днепра-дзвінскім гандлёвым шляхам - Смаленск, таксама аказаўся аслабленым у перыяд раздробленасці XII ст. У рэшце абедзве гэтыя дзяржавы мусілі пагадзіцца з прысутнасцю немцаў на Дзвіне і заключыць гандлёвыя дамовы з Рыгай.

Дзяржава Тэўтонскага ордэну ў Прусіі, паўстаўшая ў 20-я гады XIII ст., у 1283 г. закончыла пакарэнне мясцовых плямёнаў і адразу распачала атаку на суседнія беларускія і жамойцкія землі.

2. Спусташэнне паўднёвай і усходняй Русі мангола-татарамі выклікала пачуццё рэальнай пагрозы на Беларусі. Па ўскосным сведчанні летапісу, ахвярай мангола-татараў стала Берасце. Відавочна, землі Беларусі ўратавала тое, што яны засталіся збоку ад галоўнага кірунку мангольскага маршу на захад ў 1241 - 1242 г.

Мангола-татарскае нашэсце перарвала традыцыйныя гандлёвыя сувязі на поўдні і ўсходзе. Археалагічныя даследаванні паказалі, што ў краіну пасля мангольскага паходу на Русь у 1238 - 1240 г. перастала паступаць прадукцыя ювелірных і шкларобчых майстэрняў з Кіева, Вялікага Ноўгарада, Візантыі і Блізкага Усходу. Археалагічныя даследаванні засведчылі агульнае збядненне матэрыяльнай культуры, пачынаючы ад другой паловы XIII ст. Спынілася прадукцыя паліванай керамікі і смальты - ад часу пагрому Кіева. З культурнага слою беларускіх гарадоў знікла выразная храналагічная прыкмета гарадоў XI - першай паловы XIII ст. - фрагменты рознакаляровых шкляных бранзалетаў, якія масава прывозіліся з поўдня. Зніклі таксама характэрныя шыферныя прасліцы, прадукаваныя раней ў Оўручы (Украіна). У XIII ст. прыпынілася мураванае будаўніцтва, якое актыўна развівалася ў XII ст. на аснове візантыйскай архітэктурнай традыцыі. Тады ў Полацку, Смаленску, Гародні, Тураве, Віцебску і інш. гарадах былі збудаваны дзесяткі мураваных цэркваў і некалькі княскіх палацаў [2].

Фармулёўка адказу

На пачатку XIII ст. Беларусь знаходзіліся, як і большасць Еўропы, у стадыі палітычнай раздробленасці. Два буйнейшыя феадальныя дзяржаўныя ўтварэнні - Полацкае і Турава-Пінскае княствы - былі падзеленыя на шматлікія ўдзелы. У XII ст. з Полацкага княства выдзеліліся: Ізяслаўскае, Віцебскае, Друцкае, Лагожскае, Менскае княствы [5, с. 525]. Тураўская зямля падзялілася на княствы: Тураўскае, Клецкае, Пінскае (было адным з важнейшых, што дало падставу для ўзнікнення ў гістарыяграфіі тэрміна Турава-Пінская зямля), Дубровіцкае, Слуцкае, Берасцейскае, Драгічынскае (апошнія два трапілі ў залежнасць ад Галіцка-Валынскага княства) [6, с. 123].

У XII ст. летапісы зафіксавалі існаванне на Панямонні Гарадзенскага княства, звязанага кроўнымі і палітычнымі сувязямі з дынастыяй, кіраваўшай у Кіеве. Да XIII ст. адносяцца ўрыўкавыя звесткі пра Наваградскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Свіслацкае княствы, якія ўваходзілі ў Наваградскую зямлю і знаходзіліся пад палітычным уплывам Галіцка-Валынскай дзяржавы.

1. Такім чынам, у пачатках XIII ст. будучая Беларусь уяўляла сабой кангламерат палітычна разрозненых земляў, размешчаных на прасторы ад ракі Дзясны на ўсходзе да Нарэва на захадзе. Агульным для ўсіх гэтых тэрыторый было тое, што ўсе яны размяшчаліся ў зоне працэсу балта-славянскіх кантактаў, які распачаўся каля VI -VII ст. Паўднёвая граніца арэалу кантактаў у асноўным адпавядала лініі Прыпяці; на поўначы і паўночным захадзе яго мяжой з'яўлялася даволі шырокая (каля 150 - 200 км) кантактная балта-славянская зона, размешчаная ў прасторы прыблізна паміж Менскам і Вільняй. На ўсім абшары працэсу яго вынікам было стварэнне асноўных рысаў традыцыйнай (народнай) культуры беларускага этнасу [7, с. 317, 433 - 434]. Акрамя агульнай этнічнай асновы ўсе гэтыя землі аб'ядноўвала спадчына эпохі Кіеўскай Русі - блізкія традыцыі палітычнага і культурнага жыцця.

Паняцце «Беларусь» не мела яшчэ акрэсленай геаграфічнай прывязкі і на сярэднявечных картах гэтая назва магла быць паказана і на тэрыторыі Масковіі, або Вялікага Ноўгарада (яна «блукала» па картах Усходняй Еўропы аж да XVII ст., пакуль не «замацавалася» на ўсходніх землях ВКЛ).

Працэс балта-славянскіх кантактаў (асіміляцыя мясцовых балтаў славянамі і фармаванне новага этнасу) у XIII ст. быў практычна завершаны на большай частцы краіны (у басейне Прыпяці, Дняпра і Заходняй Дзвіны). На паўночным захадзе (Гарадзеншчына, Віленшчына, Браслаўшчына) гэты працэс яшчэ знаходзіўся ў актыўнай фазе [8].

Культура беларускіх земляў у XIII ст. развівалася як працяг традыцый старажытнай Русі. З XIII ст. паходзяць першыя вядомыя помнікі ўласна беларускага пісьменства, пісаныя кірылічным шрыфтам з характэрнымі прыкметамі беларускай мовы. Гэта дагаворы смаленскіх князёў з Рыгай і Готландам (каля 1230 г.) і грамата полацкага князя Ізяслава (каля 1265 г.) [9, с. 73, 74; 10, с. 36].

Археалагічныя даследаванні паказваюць на распаўсюджанне пісьмовасці сярод гараджан (знаходкі побытавых рэчаў з надпісамі, пісалаў, берасцяных грамат).

Можна меркаваць, што характар гістарычнага працэсу на беларускіх землях у гэты час адпавядаў агульнаеўрапейскаму. Перыяд феадальнага раздраблення і развіццё рэгіянальных цэнтраў, самы значны за сярэднявечча дэмаграфічны рост ў XII -XIII ст., першыя праявы эканамічнага і дэмаграфічнага спаду а таксама тэндэнцыя да палітычнай цэнтралізацыі - усе гэтыя агульнаеўрапейскія з'явы мелі месца на Беларусі.

«Фармулёўка адказу на Выклік гісторыі» - сучасная гістарыяграфічная канструкцыя. Зразумела, нельга казаць пра свядомыя пошукі сярэднявечнымі людзьмі нейкага стратэгічнага адказу на выклік гісторыі. Асэнсаванне падобных пошукаў у сярэднявечным грамадстве адбывалася на ўзроўні рэагавання элітаў і паспольства на непасрэдныя здарэнні і рэальныя надзённыя пагрозы. Аднак сукупнасць грамадскіх дзеянняў, скіраваных на дастасаванне да новых гістарычных абставінаў, а таксама вынікі тых дзеянняў сённяшнія гісторыкі могуць (і павінны) разглядаць у кантэксце агульнага гістарычнага працэсу.

Сёння мы можам вывесці, што на Беларусі вынікам сукупнасці рэакцыяў на Выклік гісторыі ў XIII ст., стаў Адказ, на які склаліся дзве важнейшыя гістарычныя з'явы: 1. Узнікненне новай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага (стала рашаючым фактарам фармавання беларускага народу). 2. Цывілізацыйная пераарыентацыя - уваход Беларусі ў кола краінаў заходнееўрапейскай цывілізацыі (рэгіён Сярэдне-Усходняй Еўропы).

Першая была непасрэднай і хуткай рэакцыяй (стварэнне дзяржавы займае адносна кароткі адрэзак часу) на сур'ёзныя знешнія пагрозы (татары і немцы). Кшталтаванне другой заняло нашмат больш часу - ад паступовага пашырэння заходнееўрапейскіх уплываў (ад другой паловы XIII ст.) да свядомага палітычнага выбару - прыняцця і ўпрывілеявання ў дзяржаве каталіцызму вялікім князем Ягайлам (1386 г.)

Тут нялішнім будзе выясніць, што разумеецца пад паняццем Сярэдне-Усходняй Еўропы. Розныя даследчыкі сёння па-рознаму разумеюць гэты тэрмін (ён мае нямецкае паходжанне - ад тэрміну Mitteleuropa), часта беручы пад увагу толькі рэаліі XX ст., менавіта падзел Еўропы на камуністычную і капіталістычную часткі. Аднак у кантэксце працэсаў, якія адбываліся на кантыненце цягам апошняга тысячагоддзя, найбольш дакладнай здаецца дэфініцыя люблінскага асяродка гісторыкаў на чале з праф. Ежы Клачоўскім: «Сярэдня-Усходняя Еўропа» «…у прынцыпе абазначае абшары Еўропы, якія праз шэраг стагоддзяў уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, гэта значыць, Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага, а таксама гістарычных каралеўстваў Чэхіі і Венгрыі» [11, с. 7].

Узнікненне і дзейнасць Вялікага княства Літоўскага

Непасрэдным і ў пэўнай ступені асэнсаваным сучаснікамі адказам на Выклік гісторыі, было стварэнне дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага. Мангола-татарская пагроза з паўднёвага усходу і крыжацкая - з поўначы і паўночнага захаду прыспешыла арганізацыю новай дзяржавы са сталіцай у Наваградку. На працягу XIII - першай паловы XIV ст. гэтая дзяржава аб'яднала ў сваіх межах амаль усе беларускія землі. У якасці арганізацыйнага ўзору яна прыняла мясцовыя дзяржаўныя арганізмы (Гарадзенскае і Наваградскае княствы), а старабеларускую мову зрабіла афіцыйнай, што ў наступныя стагоддзі канчаткова вырашыла поспех этнагенезу беларускага народу.

Развіццё новага дзяржаватворчага цэнтру на тэрыторыі Верхняга і Сярэдняга Панямоння пачалося каля сярэдзіны XIII ст. На гэты час Панямонне уяўляла сабой зону змешанага балта-славянскага насельніцтва, у якой гарадскія цэнтры (Наваградак, Гародня, Ваўкавыск, Слонім) былі славянскімі, а вясковая ваколіца складалася як са славянскіх так і балцкіх паселішчаў. У рускіх летапісах гэтая тэрыторыя мела назву «Літва» (ад адной з балцкіх земляў на паграніччы, падобна як ад пагранічных земляў атрымалі свае назвы Прусія і Лівонія).

Пачаткам новай дзяржавы (ВКЛ) на Панямонні стаў прыход на княжанне ў Наваградак балцкага князя Міндаўга, які адбыўся каля 1248 г. Невядома дакладна, якім чынам Міндаўг усталяваўся ў Наваградку. Аднак ад адказу на гэтае, здавалася б не самае важнае пытанне, залежыць агульная інтэрпрэтацыя далейшай гісторыі ВКЛ: ацэнка этнічнага характару дзяржавы, узаемаадносінаў між літоўцамі і беларусамі, урэшце, вызначэнне ролі ВКЛ у фармаванні беларускага і літоўскага народаў.

Ад XIX ст. у гістарыяграфіі замацавалася версія заваёвы Міндаўгам Наваградка і іншых беларускіх гарадоў Панямоння і далучэння іх да раннефеальнай літоўскай дзяржавы, аб'яднаўшай у канцы XII - пачатку XIII ст. усе літоўскія землі [12, с. 43 - 46]. Альтэрнатыўны варыянт рэканструкцыі генезы ВКЛ прапанаваў беларускі гісторык Мікола Ермаловіч у 80-я г. XX ст. Паводле гэтага даследчыка, Міндаўг быў прыняты на службу наваградчанамі як князь-ізгой, пацярпеўшы паразу ў Літве і ўцёкшы ў Наваградак (выразная аналогія з Даўмонтам - князем пскоўскім). Атрымаўшы ад наваградчанаў грошы і войска, Міндаўг заваяваў для іх Літву, якую Ермаловіч бачыў востравам балцкага насельніцтва ў беларускім этнічным абшары [13, с. 58 - 60].

Абедзве гэтыя версіі не маюць прамога пацверджання ў пісьмовых крыніцах, акрамя таго яны знаходзяцца ў супярэчнасці з вынікамі спецыяльных даследаванняў працэсу балта-славянскіх кантактаў. Традыцыйная «балцкая» канцэпцыі генезы ВКЛ, гэтаксама як і тэорыя Ермаловіча грунтуецца на тэзе балта-славянскай канфрантацыі (розніца толькі ў акрэсленні пераможцы), а шматгадовыя комплексныя даследаванні, праведзеныя лінгвістамі, археолагамі, этнографамі, даказалі агульны мірны характар балта-славянскіх кантактаў [14, с. 98 - 103]. Пісьмовыя крыніцы не зафіксавалі выпадкаў міжэтнічных канфліктаў балцкіх і славянскіх насельнікаў Панямоння, гэтаксама як і прысутнасці балцкай (літоўскай) дзяржавы да прыходу Міндаўга ў Наваградак. Таксама невядома ніводнага выпадку ўзброенага прыходу (а толькі па запрашэнні) балцкага князя на стол рускага горада ў XII - XIII ст.

Па ўсёй верагоднасці, пачаткам дзяржавы стаў саюз двух галоўных палітычных сілаў у Панямонні: беларускіх гарадоў-дзяржаў і мацнейшых правадыроў балцкіх плямёнаў, а дакладней, саюз багацейшага горада рэгіёна - Наваградка з мацнейшым балцкім кунігасам Міндаўгам. Паводле бліжэйшых аналогій (крыніцамі апісаныя факты прыходу іншых князёў балцкага паходжання на сталы ўсходнеславянскіх гарадоў-княстваў: Даўмонт у Пскове - 1265 г., Таўцівіл у Полацку - між 1258 - 1262 г.) можна меркаваць, што, верагодна, мела месца запрашэнне Міндаўга на наваградскі стол ў якасці служылага князя. Адбылося гэта каля 1248 г. (да гэтага года адносіцца першае сведчанне летапісу пра існаванне саюза Наваградка з Міндаўгам) [14, с. 143 - 145].

У першы ж год свайго існавання новая дзяржава была змушана абараняцца ад Галіцка-Валынскага княства, якое імкнулася захаваць свае ўплывы на Панямонні, шляхам ліквідацыі мясцовага дзяржаватворчага асяродку. У першай вайне (1248 - 1254 г.) маладую дзяржаву ад поўнага разгрому выратавала дыпламатыя. Міндаўгу ўдалося перацягнуць на свой бок саюзніка валынянаў - Лівонскі ордэн, праз абяцанне хрысціцца па каталіцкаму абраду, што і адбылося ў 1251 г. Праз два гады са згоды папы рымскага Міндаўг прыняў у Наваградку каралеўскую карону.

Гэтыя падзеі, якія суправаджаліся актыўнай перапіскай галавы дзяржавы з каталіцкім першасвятаром, фактычна сталі першым этапам збліжэння краіны да заходнееўрапейскага гісторыка-культурнага арэалу (цывілізацыі). Праўда, працягваўся ён нядоўга - каля дзесяцігоддзя. Пасля дасягнення сваіх бліжэйшых мэтаў і часовага аслаблення Ордэна ў выніку паразы ад жамойтаў у бітве ля возера Дурбе (1260 г.) Міндаўг пакінуў хрысціянства і не перадаў нашчадкам каралеўскі тытул.

Пасля некалькіх гадоў замешак, наступіўшых у выніку забойства Міндаўга (1263 г.), шэрагу іншых палітычных забойстваў, у тым ліку сына Міндаўга - вялікага князя Вайшэлка (1267 г.), на чале дзяржавы ў пачатку 70-х гадоў стаў вялікі князь Трайдэн (кіраваў прыблізна між 1270 і 1282 г.). Ход падзеяў у гэты час, менавіта актыўная падтрымка, аказаная Трайдэну беларускімі гарадамі Панямоння, паказвае на развіццё ранейшай палітычнай сітуацыі - саюзу важнейшага горада рэгіёна з моцным балцкім кунігасам. Крыніцы паведамляюць пра месцазнаходжанне родавага ўладання Трайдэна, цэнтрам якога было Кернава. Саюз двух этнічных чыннікаў на пачатковым этапе развіцця дзяржавы даў падставы навейшай беларускай гістарыяграфіі акрэсліць ВКЛ як беларуска-літоўскае гаспадарства.

Вялікі князь Трайдэн праводзіў актыўную знешнюю палітыку, змагаўся з Галіцка-Валынскай дзяржавай і з Лівонскім ордэнам, арганізоўваў паходы на польскія землі. Каля 1276 - 1277 г. ён прыняў і пасяліў у ваколіцах Гародні і Слоніма прусаў, якія пакінулі свае сядзібы, ратуючыся ад крыжакоў.

Турава-Пінская зямля, як і Пабужжа (Берасцейская зямля) ад апошніх дзесяцігоддзяў XII ст. знаходзілася ў палітычнай залежнасці ад Галіцка-Валынскага княства, якое ў XIII ст. паступова вырасла ў буйнейшую дзяржаву Русі і праводзіла актыўную палітыку ў Сярэдняй і Усходняй Еўропе. Турава-Пінская зямля, якая імкнулася вызваліцца з-пад залежнасці ад Галіцка-Валынскага княства, праяўляла прыхільнае стаўленне да панямонскай дзяржавы ад самых яе пачаткаў. Валынскі летапісец адзначыў, што валыняне «няволяю» змушаюць пінянаў да ўдзелу ў паходах супраць ВКЛ. У 1263 - 1264 г. Пінск наўпрост ўмяшаўся ў панямонскія справы, спачатку даючы палітычны прытулак Вайшэлку, а потым паслаўшы з ім войска на Панямонне, каб ліквідаваць замешкі, узнікшыя пасля смерці Міндаўга.

У гэты ж час акрэсліваліся палітычныя ўплывы ВКЛ на Полаччыне. Між 1258 і 1262 г. палачане запрасілі на княжанне пляменніка Міндаўга Таўцівіла, а пасля смерці апошняга, ВКЛ змусіла Полацк да прыняцця князем свайго стаўленіка.

Ад 80-х гадоў XIII ст. галоўнай знешнепалітычнай задачай ВКЛ стала абарона ад Тэўтонскага ордэна, які да 1283 г. закончыў пакарэнне Прусіі і адразу ж распачаў наступ на Жамойць і ВКЛ (Аукштоту і Беларускае Панямонне). Апошнія дзесяцігоддзі XIII ст. застаюцца самым «цёмным» перыядам гісторыі дзяржавы, па прычыне надзвычайнай малалікасці пісьмовых крыніц. На жаль, не захаваліся полацкія летапісы, пра існаванне якіх упэўнена выказваюцца спецыялісты. Невядома нават, хто кіраваў дзяржавай між 1282 - 1292 г. Нешматлікія ўрыўкавыя звесткі крыжацкіх хронік сведчаць пра зацятую барацьбу, пастаянныя паходы крыжакоў «на Літву», а таксама ваенныя выправы ліцвінаў на тэрыторыю Прусіі і Лівоніі. На падставе гэтай скупой ваеннай хронікі можна рабіць выснову, што дзяржава ў той перыяд не толькі жыла і змагалася, але і набірала сілы.

У канцы XIII ст. на чале дзяржавы ўсталявалася дынастыя, па ўсёй верагоднасці, балцкага паходжання, вядомая ў гісторыі як дынастыя Гедыміна. Не высветленыя да канца яе пачаткі, а першы прадстаўнік толькі аднойчы выступае ў пісьмовых крыніцах - у хроніцы Прускай зямлі Пятра Дзюзбурга ён названы Пукуверам (Pukuverus). Лічыцца, што яго сын і пераемнік - вялікі князь Віцень (1295 - 1316 г.) быў братам свайго наступніка Гедыміна. Менавіта ў часы кіравання апошняга (1316 - 1341 г.) дзяржава не толькі значна ўмацавалася ўнутрана, але і значна пашырыла свае межы, аб'яднаўшы ўсе асноўныя беларускія землі.

XIV ст. па многіх прычынах можна лічыць адным з важнейшых перыядаў гісторыі Беларусі. Падзеі, якія адбыліся ў гэты час, аказалі рашаючае ўздзеянне на працэс фармавання беларускага народу (вызначылі яго поспех) і акрэслілі накірунак ўсяго далейшага развіцця краіны. Да важнейшых з гэтых падзей належыць, па-першае, аб'яднанне усіх беларускіх земляў у адзіным палітычным арганізме (выканалі гэтую справу Гедымін і Альгерд), па-другое, акрэсленне стратэгічнай арыентацыі краіны на заходнееўрапейскую цывілізацыю (Ягайла і Вітаўт).

Галоўнай знешнепалітычнай задачай ВКЛ на працягу ўсяго XIV і пачатку XV ст. (да Грунвальдскай бітвы) заставалася супрацьстаянне экспансіі Тэўтонскага ордэна. Непрацяглыя замірэнні толькі на кароткі час спынялі ваенныя дзеянні, таму можна казаць пра амаль непарыўны стан вайны. Стратэгічная ініцыятыва была на баку Ордэна, які здолеў стварыць у Прусіі невялікую, але добра арганізаваную і заможную дзяржаву. Акрамя асноўнай тэрыторыі ў Прусіі, Ордэн меў яшчэ сваю філію ў Лівоніі (вызначалася значнай самастойнасцю), валодаў буйнымі маёмасцямі ў Заходняй Еўропе і карыстаўся значнай матэрыяльнай і вайсковай падтрымкай заходнееўрапейскага рыцарства. Змаганне з магутнай, дасканала арганізаванай ордэнскай ваеннай машынай патрабавала ад ВКЛ мабілізацыі сілаў і сродкаў усёй краіны. І хоць Ордэн меў агульную перавагу (ваенныя экспедыцыі крыжакоў на Жамойць, Аукштоту і Беларускае Панямонне былі часцейшыя і буйнейшыя, чым паходы ў адказ), задача абароны вырашалася, у асноўным, паспяхова. Вялікі князь Гедымін арганізаваў будову буйнога абарончага поясу на захадзе краіны, які складаўся як з мадэрнізаваных старых замкаў у Гародні і Наваградку, так і з новазбудаваных у Лідзе, Крэве, Медніках, Вільні і Коўне. Войскі ВКЛ удзельнічалі ў абароне замкаў у Жамойці, якая была асноўным аб'ектам крыжацкіх нападаў і шукала дапамогі ў ВКЛ.

У барацьбе з Ордэнам Гедымін актыўна выкарыстоўваў дыпламатычныя сродкі, менавіта праводзіў дэманстрацыю гатоўнасці ўвайсці ў ідэалагічна-палітычную сістэму Захаду: дэклараваў жаданне прыняць каталіцтва (як калісьці Міндаўг, каб пазбавіць крыжакоў ідэалагічнай падставы для працягу агрэсіі; наладжваў кантакты з Заходняй Еўропай (вядомыя «лісты Гедыміна»); уступіў у саюзныя адносіны з Польшчай (шлюб сына Уладзіслава Лакетка Казіміра з дачкой Гедыміна Альдонай). Урэшце, адносная стабілізацыя становішча на заходняй мяжы дала магчымасць гаспадару заняцца ўнутранымі справамі і скіраваць свае погляды на усход. Гэтым разам, як і ў выпадку з Міндаўгам, не дайшло да трывалага палітычнага далучэння да заходнееўрапейскай сістэмы і па той жа прычыне - ініцыятары справы не бачылі ў ім хуткага эфекту - выгодаў для сябе і сваёй краіны. Як засведчана ў адным з дакументаў, ягоны дарадца (дарэчы, каталіцкі манах) пераканаў вялікага князя, што папа рымскі не зможа абараніць Літву перад крыжацкай экспансіяй, і той адмовіўся ад хрышчэння [15, с. 116 - 145].

Гедымін перанёс сваю сталіцу ў Вільню (горад, заснаваны полацкімі крывічамі ў XI - XII ст. на месцы былога балцкага паселішча [16, с. 114 - 125]). Пры Гедыміне адбылося аб'яднанне асноўных беларускіх земляў, найперш далучэнне да дзяржавы Полацка і Віцебска, што дало падставу для ўключэння ў афіцыйны тытул гаспадара слова «Русь» [3]. Гэтыя старажытныя цэнтры беларускай дзяржаўнасці ўвайшлі ў ВКЛ на правах шырокай аўтаноміі з захаваннем сваіх даўніх культурных і дзяржаўных традыцый. Ад таго часу кожны наступны вялікі князь пацвярджаў асаблівыя прывілеі для гэтых земляў. Персаналіі вялікакняскіх намеснікаў і ваяводаў абавязкова ўзгадняліся з палачанамі і віцеблянамі. Захоўваўся старажытны інстытут веча як важнага органа мясцовага самакіравання з кампетэнцыяй выбрання мясцовых ўладаў, арганізацыі нясення воінскай службы, вырашэння гаспадарчых справаў. Мясцовыя баяры мелі манапольнае права на займанне земскіх пасадаў.

У пачатках XIV ст. у ВКЛ увайшлі Турава-Пінская і Берасцейская землі. Для некаторых гісторыкаў такое ранняе іх далучэнне дало падставы для распаўсюджванне на іх назвы цэнтральнай вобласці дзяржавы «Літва».

Справу Гедыміна працягнуў яго сын - вялікі князь Альгерд (1345 - 1377 г.). Пад час гаспадарання Альгерда Гедымінавіча канчаткова акрэслілася двухвектарнасць знешняй палітыкі ВКЛ, менавіта, абарона ад крыжакоў на захадзе і актыўныя тэрытарыяльныя набыткі на ўсходзе і поўдні. Гэтая двухкірунковасць знайшла адлюстраванне ў арганізацыі ўнутранага жыцця краіны і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле. Альгерд утварыў дуумвірат з братам Кейстутам. Аб'яднаўшы свае сілы, яны ажыццявілі дзяржаўны пераварот (1345 г.), звёўшы з вялікакняскага стала малодшага брата Яўнута, якога Гедымін пакінуў сваім пераемнікам. Дуумвірат мацнейшых у краіне князёў Гедымінавічаў забяспечыў захаванне моцнай цэнтральнай улады ў дзяржаве, падзеленай Гедымінам на буйныя удзелы, якімі кіравалі яго сыны.

Альгерд і Кейстут падзялілі дзяржаву на дзве часткі: Віленскую (Альгерда) і Троцкую (Кейстута) без уліку існуючых у краіне этнічных розніцаў і межаў. Усе новыя тэрытарыяльныя набыткі пароўну дзяліліся паміж братамі. Кейстут адказваў за заходні кірунак, найперш за арганізацыю абароны ад Ордэна, Альгерд трымаў тытул вялікага князя і ажыццяўляў усходнюю палітыку.

Пры Альгердзе да ВКЛ была далучана Валынь (1352 г.), Бранск і Смаленск (1357 г.), Кіеў (1362 г.), частка Падолля (1363 - 1364 г.) - пасля перамогі над татарамі на Сініх Водах у 1362 г., Чарнігава-Северская зямля (канец 60-х - першая палова 70-х гадоў XIV ст.). Украінскія землі былі здабытыя не толькі ў супрацьстаянні з татарамі, але і ў барацьбе з Польскім каралеўствам за спадчыну Галіцка-Валынскай дзяржавы (працягвалася ад 40-х да 60-х гадоў XIV ст.), якая закончылася падзелам апошняй. Галіцкую Русь заняла Польшча, да ВКЛ адышла большая частка Валыні, частка гэтай зямлі (Белз, Холм, Уладзімір) засталася пад уладай князёў з роду Гедыміна, якія прызналі сябе леннікамі караля Польшчы. Альгерд распаўсюдзіў ўплывы ВКЛ на Наўгародскую і Пскоўскую рэспублікі і праводзіў актыўную антымаскоўскую палітыку. У гістарыяграфіі усходняя палітыка Альгерда часта ацэньваецца як рэалізацыя буйной палітычнай праграмы, меўшай на мэце аб'яднанне ўсіх земляў Русі.

На заходняй мяжы Кейстут (часам з дапамогай вялікага князя) даволі паспяхова арганізоўваў абарону ад Ордэна. Ваеннае супрацьстаянне з крыжакамі заставалася галоўнай дзяржаўнай задачай на працягу амаль паўтара стагоддзя і аказала значны ўплыў на развіццё і фармаванне ўнутранага ладу беларуска-літоўскага гаспадарства. Неабходнасць канцэнтрацыі сіл і намаганняў у гэтай зацятай барацьбе абумовіла фармаванне на працягу канца XIII і XIV ст. моцнай цэнтральнай улады на чале з дынастыяй, якая стала галоўным арганізатарам абароны краіны. Здольнасць да актыўнага супраціву такому грознаму ворагу як Ордэн значна павышала аўтарытэт ВКЛ у вачах насельнікаў суседніх рускіх земляў, якія бачылі ў гэтым роднасным і моцным дзяржаўным арганізме надзейнага абаронцу ад татарскага ярма. Напэўна, гэтым можна вытлумачыць хуткі тэрытарыяльны рост дзяржавы праз далучэнне рускіх земляў нават у самы напружаны час супрацьстаяння крыжацкай агрэсіі.

Важныя для далейшага лёсу краіны палітычныя падзеі і рашэнні адбыліся ў часы гаспадарання Ягайлы і Вітаўта. Найважнейшая з іх - свядомы выбар культурна-палітычнай арыентацыі на заходнееўрапейскую цывілізацыю праз упрывілеяванне каталіцкага веравызнання ў дзяржаве (пачата Ягайлам і працягнута Вітаўтам).

Для далейшага развіцця краіны важнейшае значэнне мела таксама цэнтралізацыя дзяржавы шляхам ліквідацыі ўдзельнай сістэмы, праведзеная вялікім князем Вітаўтам.

Вялікі князь Альгерд пакінуў сваім пераемнікам Ягайлу, з чым пагадзіўся Кейстут. Аднак працягнуць сістэму дуумвірата не ўдалося. У хуткім часе Ягайла ўступіў у канфлікт з Кейстутам і яго сынам - гарадзенскім князем Вітаўтам. Пад час канфлікту, які пераўтварыўся ў вайну, загінуў Кейстут. Абодва бакі па чарзе карысталіся падтрымкай Ордэна, і ўрэшце Вітаўт і Ягайла прыйшлі да паразумення (Астроўскае пагадненне 1392 г.), якое перадала ўладу ў ВКЛ Вітаўту Кейстутавічу.

Важныя гістарычныя наступствы мела унія ВКЛ і Польшчы, заключаная Ягайлам у 1385 г. у Крэве. Ягайла меў перад сабой альтэрнатыву - выбар паміж Усходам і Захадам. З аднаго боку, шлюб з дачкой маскоўскага князя і, адпаведна, арыентацыя на Усход. З другога, - жаніцьба з польскай каралевай і акрэсленне арыентацыі на Захад. У ягайлавай дзяржаве колькасна дамінавалі праваслаўныя, таму ўсходні праект, несумненна, ацэньваўся дастаткова сур'ёзна. Аднак сувязі з Захадам і ўплывы апошняга ўжо былі настолькі моцнымі, каб пераважыць пры прыняцці рашэння. Уплыў на выбар мелі таксама асабістыя інтарэсы і амбіцыі Ягайлы. Каралеўскі тытул і адпаведнае яму месца ў заходнееўрапейскай іерархіі аказаліся для Ягайлы Альгердавіча больш прывабнымі (чаго нельга сказаць, пра яго дзеда Гедыміна або заснавальніка дзяржавы Міндаўга), чым пасада вялікага князя. Рашучасць і пэўнасць Ягайлы пры прыняцці канчатковага рашэння пацвярджаецца той акалічнасцю, што атрыманне каралеўскага вянца было абумоўлена няпростымі палітычнымі і матэрыяльнымі ўмовамі. Акрамя няпростых палітычных абавязкаў (вярнуць Польскаму каралеўству усе страчаныя землі), Ягайла мусіў прайсці выпрабаванне сваёй мужчынскай годнасці - выплаціць адступное аўстрыйскаму канкурэнту - даўняму жаніху Ядвігі, які ўжо нібыта меў нават інтымнае спатканне з польскай каралевай.

Сярод іншага, Ягайла абяцаў узамен за польскую карону далучыць да Польскага каралеўства ВКЛ і неўзабаве пачаў сваю абяцанку выконваць (уводзіў польскія гарнізоны, прызначаў палякаў на дзяржаўныя пасады), чым выклікаў незадаволенасць сярод баярства. Палітычны сапернік Ягайлы Вітаўт узначаліў барацьбу за незалежнасць дзяржавы, якая закончылася перамогай, замацаванай Астроўскім пагадненнем. Вялікім князем стаў Вітаўт (1392 - 1430 г.), захаваўшы фармальную васальную залежнасць ад Ягайлы.

Дзейнасць новага гаспадара паказала, што ён не ставіў пад сумнеў стратэгічны выбар Ягайлы, а наадварот, працягваў трымаць курс на Захад.

З княжаннем Вітаўта звязана з'яўленне на землях Беларусі яўрэйскай і татарскай дыяспары ў апошніх дзесяцігоддзях XIV ст. У гарадах і мястэчках заходняй Беларусі ўзніклі яўрэйскія і татарскія раёны, распачалася паступовая інтэграцыя новых этнічных меншасцяў у беларускую культуру.

Тварам да Захаду - цывілізацыйная пераарыентацыя

Выбар Ягайлы на карысць Захаду быў абумоўлены не яго асабістымі прымхамі, а рэальнымі ўплывамі ў краіне заходнееўрапейскай цывілізацыі, усведамленнем палітычнай і культурнай моцы (і вынікаўшай адсюль прывабнасці) Захаду. Заходнеўрапейскія ўплывы паступова ўзмацняліся ў краіне ад сярэдзіны XIII ст., але пры Міндаўгу і нават у часы Гедыміна яны яшчэ не былі дастаткова моцнымі, каб выбар на карысць Захаду акрэсліўся трывала і канчаткова.

Да цывілізацыйнай тэорыі Арнольда Тойнбі арганічна дапасоўваецца паняцце свет-гаспадарка [4], распрацаванае французскім гісторыкам Фернанам Брадэлем у кантэксце сусветнай эканамічнай гісторыі. Абстрактныя тэарэтычныя канструкцыі Тойнбі добра ілюструюцца Брадэлем на прыкладзе развіцця матэрыяльнай культуры і функцыянавання «эканомікі абмену».

Уключэнне беларускіх земляў у еўрапейскую цывілізацыю (або свет-гаспадарку) адбывалася ў часы сярэднявечча, у яго позняй фазе, г.зн. у другой палове XIII - XIV ст. Аднак яно праходзіла не праз пашырэнне сферы ўплываў заходнееўрапейскай цывілізацыі на дзікунскую перыферыю Еўропы, як, напрыклад, у Прусіі, а праз перамену цывілізацыйнай арыентацыі. Узмацненне прысутнасці Захаду на Беларусі распачалося ў другой палове XIII - пачатку XIV ст. Пераарыентацыя адбывалася паралельна ў сферы матэрыяльнай (прыняцце заходнееўрапейскіх узораў матэрыяльнай культуры) і духоўнай (каталіцкае місіянерства, спробы хрышчэння ўладароў) як эвалюцыйны працэс праз накапленне і пераход у новую якасць. Новыя парасткі прарасталі не на пустцы - беларускія землі мелі ўжо даўнія традыцыі кантакту з Заходняй Еўропай (ад ранняга сярэднявечча).

Якраз на паграніччы цывілізацый, якім з'яўлялася (і з'яўляецца сёння) Беларусь, такія з'явы, як іх аслабленне ці ўзмацненне, праяўляюцца найвідочней у звужэнні арэалу слабейшай і пашырэнне межаў мацнейшай цывілізацыі. У XIII ст. Усходнерымская (Візантыйская) імперыя ўжо страціла даўнейшую сілы. Мангольскі пагром паўднёвай і ўсходняй Русі ў 1238 - 1240 г. і ўладкаванне ў прычарнаморскім стэпе Залатой Арды перарвалі даўнія культурныя сувязі з візантыйскімі землямі. Захоп крыжаносцамі Канстанцінопаля ў 1204 г. прывёў да распаду імперыі на некалькі частак.

У той самы час заходнееўрапейская цывілізацыя ўзмацнялася і пашырала межы сваіх уплываў. Значны дэмаграфічны ўздым у Заходняй Еўропе выклікаў міграцыйны рух заходнееўрапейцаў, у першую чаргу, з нямецкіх земляў, у слаба заселеныя краіны Сярэдняй і Усходняй Еўропы. Адным з наступстваў гэтай міграцыі стала ўзнікненне нямецкіх калоній у Прыбалтыцы (Інфлянты і Прусія). Гэтыя нямецкія энклавы, якія здолелі стварыць у XIII ст. уласныя і даволі моцныя дзяржаўныя арганізацыі (Ордэнская дзяржава ў Прусах), сталі актыўным правадніком заходнееўрапейскіх уплываў на суседнія тэрыторыі Літвы і Беларусі. У той жа час на землях паўночна-усходняй Русі (Маскоўская дзяржава) выразна праяўляліся ўплывы Залатой Арды, як у галіне дзяржаўна-палітычнага жыцця, так і ў матэрыяльнай культуры.

Прыкметы ўплываў заходнееўрапейскай цывілізацыі на землях Беларусі з'явіліся з сярэдзіны XIII ст., у XIV ст. яны сталі выразна відочнымі, а адносна XV ст. ужо можна казаць пра пераарыентацыю земляў Беларусі з усходневізантыйскай на заходнееўрапейскую цывілізацыю. Прычынаў такой культурна-эканамічнай і палітычнай пераарыентацыі можна выдзеліць некалькі. Галоўныя з іх - аслабленне Усходу-Візантыі і ўзмацненне Захаду.

Паўсталае ў сярэдзіне XIII ст. Вялікае Княства Літоўскае аб'яднала ў сваіх межах зону цывілізацыйнага пагранічча і разам з ёй пераняло яе важнейшую дылему - выбар між Усходам і Захадам.

Арыентацыя на заходнееўрапейскую цывілізацыю праявілася ад самых пачаткаў Вялікага Княства Літоўскага. Рашаючым чыннікам было суседства з Ордэнскай дзяржавай і Польшчай. Цывілізацыйныя змены адбываліся адначасова як у культурнай, так і палітычнай сферах. У сярэдзіне XIII ст. адбылася адна важная падзея - сведчанне узмацнення заходнееўрапейскага ўплыву на беларускіх землях. У 1251 і 1253 г. у Наваградку прайшло хрышчэнне ў каталіцтва, а потым каранацыя з санкцыі папы рымскага, першага гаспадара новай беларуска-літоўскай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага, Міндаўга. І хоць пазней вялікі князь адышоў ад каталіцтва і не ўжываў каралеўскага тытула, традыцыя была закладзеная. Амаль кожны чарговы вялікі князь літоўскі (Віцень, Гедымін, Альгерд, Ягайла [17]) дэклараваў сваю волю да прыняцця хрысціянства паводле заходняга абраду. Свядомы палітычны выбар далучэння краіны да заходнееўрапейскай цывілізацыі даканаў вялікі князь Ягайла ў 1385 г. праз Крэўскую унію. У 1386 - 1387 г. вялікі князь сам перахрысціўся ў каталіцтва, ахрысціў у каталіцтва сваіх падданых-паганцаў і многіх праваслаўных і ўвёў дзяржаўную пратэкцыю новай веры. Гэтакім чынам быў рэалізаваны свядомы палітычны выбар заходнееўрапейскай арыентацыі. У сярэднявеччы, як вядома, «рэлігія была тагачасным крытэрыям грамадзянства як у Еўропе, так і паўсюдна» [2, с. 59].

1. Пра тое, што гэты выбар быў праявай рэальных тэндэнцый, якія мелі месца на беларуска-літоўскіх землях, сведчыць актыўнае распаўсюджванне заходнееўрапейскіх уплываў на мясцовую матэрыяльную культуру. Важным паказчыкам значнасці гэтай з'явы было тое, што яна закранула не толькі элітарную (мураваная архітэктура, зброя, каштоўныя пабытовыя рэчы, прадметы раскошы), але і масавую матэрыяльную культуру (кераміка, вырабы са шкла і жалеза) [18, с. 108 - 148, 152].

Беларускія і ўкраінскія землі мелі даўнія сувязі з суседнімі Польшчай і Венгрыяй - краінамі, якія раней былі далучаныя да заходнееўрапейскай цывілізацыі. Менавіта адтуль паходзяць першыя заўважальныя сведчанні заходнееўрапейскага ўплыву на Беларусі. Гэта архітэтурныя помнікі гатычнага стылю - г.зв. вежы валынскага тыпу, якія былі ўзведзены ў другой палове XIII ст. у Берасці, Гародні, Камянцы, Наваградку і Тураве. У пачатку XIV ст. аналагічная пабудова з'явілася і ў Полацку. Да нашых дзён ацалелі толькі слынная Белая вежа ў Камянцы (ад яе паходзіць назва Белавежскай пушчы) і руіны вежы «Шчытоўка» на Наваградскім замку. Пабудова гэтых аб'ектаў, выкарыстанне ў ёй будаўнічых тэхнікаў і матэрыялаў заходнееўрапейскага ўзору дала падставу спецыялістам для высновы пра «стылёвую пераарыентацыю архітэктуры Беларусі, якая пачалася ў другой палове XIII ст.» [19, с. 23].

Ад XIV ст. усе культавыя будынкі розных хрысціянскіх і не хрысціянскіх канфесій будаваліся паводле еўрапейскіх архітэктурных стыляў - готыкі, рэнесансу, барока.

Беларускія землі здаўна кантактавалі з Заходняй Еўропай праз старажытныя міжнародныя гандлёвыя шляхі па рэках Бугу і Нараву, а таксама па Заходняй Дзвіне. Апошняя дарога была адным з адгалінаванняў важнейшага агульнаеўрапейскага гандлёвага шляху, які пралягаў уздоўж пабярэжжа Паўночнага і Балтыйскага мораў. Ад XIII ст. вырасла значэнне гандлёвай дарогі па Нёмане, менавіта ад Наваградка і Гародні да Караляўца. Галоўнымі прадуктамі экспарту былі лясныя тавары, імпарту - рамесныя, у першую чаргу, жалезныя вырабы. У XV - XVI ст. па Заходняй Дзвіне і Нёмане пачынаецца таксама вываз у Заходнюю Еўропу збожжа.

Нямецкія энклавы ў Прусах і Інфлянтах сталі актыўным правадніком заходнееўрапейскіх уплываў на беларускія землі. Ордэнская дзяржава сваёй актыўнай і паспяховай тэрытарыяльнай экспансіяй змусіла мясцовыя ўсходнеславянскія княствы, а таксама Вялікае Княства Літоўскае да арганізацыі вайсковага супраціву і пераймання заходніх сродкаў вядзення вайны і ўзораў зброі. Сведчанні гэтых перайманняў да сённяшняга дня відочныя на заходнебеларусіх і летувіскіх землях у постаці руінаў гатычных замкаў-кастэляў ордэнскага ўзору ў Крэве, Лідзе, Медніках, Троках, Вільні, Коўне. Яны былі збудаваныя ў XIV ст. спецыяльна для абароны ад прускіх крыжакоў [20].

2. Акрамя таго, у культурных наслаеннях гэтых замкаў, а таксама ўмацаваных гарадоў выяўлена вялікая колькасць прадметаў зброі і рыштунку, якія трапілі сюды падчас крыжацкіх нападаў або былі вырабленыя паводле нямецкіх узораў. Гэта наканечнікі арбалетных стрэлаў, шпоры, фрагменты даспехаў і інш. Ад немцаў былі перанятыя многія прадметы вайсковага рыштунку і зброі ў Вялікім Княстве Літоўскім, пра што сведчыць, у прыватнасці, іх назвы ў беларускай мове. Спецыяльныя даследаванні паказваюць, што ад XIV ст. выяўляецца выразная заходняя арыентацыя ў эвалюцыі ўзбраення ў Вялікім Княстве Літоўскім [21, c. 267 - 270]. У беларускую мову трывала ўвайшлі назвы рамесных вырабаў і інструментаў, меры вагі і даўжыні, такія як кафля (die Kachel), гэблік (der Hobel), цясляр (der Tischler), шнур (die Schnur), лашт (die Last), штаба (der Stab) і інш.

Археалагічныя даследаванні выявілі агромністую колькасць артэфактаў, дазволілі вывучыць храналогію з'яўлення на Беларусі катэгорый матэрыяльнай культуры, перанятых ад заходнееўрапейскага гісторыка-культурнага арэалу. У якасці прыкладу можна прывесці распаўсюджванне на Беларусі такой катэгорыі матэрыяльнай культуры як кафля. Пасля яе вынаходніцтва ў Еўропе ўжо праз пару дзесяцігоддзяў, у пачатку XIV ст., яна з'явілася на Беларусі. Варта ўвагі, што самыя старажытныя кафляныя вырабы пачатку XIV ст. археолагі знайшлі ў месцах, якія найшчыльней былі звязаныя з Еўропай, менавіта ў Полацку (шлях па Заходняй Дзвіне), таксама на захадзе краіны - ў Лідскім замку, Наваградку і Гародні [22, с. 4]. Для параўнання - у Маскоўскай дзяржаве (з яшчэ халаднейшымі зімамі) выраб кафлі распачаўся толькі ў XVII ст. і быў прынесены сюды беларускімі майстрамі [22, с. 16 - 17].

У XIV ст. Беларусь, як і ўся Еўропа, перажывала гаспадарчы і дэмаграфічны крызіс. Няма выразных сведчанняў пра тое, каб звязаць яго з т.зв. «Чорнай смерцю», наведаўшай Еўропу ў сярэдзіне стагоддзя, тым не менш, археалагічныя даследаванні паказваюць зніжэнне інтэнсіўнасці гарадскога жыцця, змяншэнне гарадской тэрыторыі, найперш коштам неўмацаваных пасадаў. Найбольш актыўнае жыццё канцэнтравалася ў замках, асабліва ў размешчаных блізка да мяжы з Прусамі і Інфлянтамі. Археалагічныя раскопкі паказалі, што ў гарадах на пасадах над культурным слоем XIII ст. амаль адсутнічаюць напластаванні XIV - першай паловы XV ст., а залягаюць адразу слаі другой паловы XV ст. - пачатку новага еўрапейскага дэмаграфічнага ўздыму.

Адначасова з агульным збядненнем масавай матэрыяльнай культуры ўжо ад пачатку XIV ст. у ёй усё выразней праяўляліся заходнееўрапейскія ўплывы. У гарадах і замках з'яўляліся новыя катэгорыі рэчаў, запазычаныя з захаду (вялікапамерная цэгла, кафля, дахоўка, узоры ўзбраення). Арганізаванае Гедымінам будаўніцтва новых мураваных замкаў (у Лідзе, Крэве, Медніках і інш.) адбывалася ўжо поўнасцю паводле гатычных традыцый і па ўзору ордэнскіх замкаў у Прусіі.

Ад канца XIV ст. пачаўся працэс атрымання беларускімі гарадамі магдэбургскага права, што распачало новы этап іх гаспадарчага развіцця і выклікала фармаванне новай (еўрапейскай) планіровачнай структуры.

Выразным матэрыяльным сведчаннем еўрапейскай арыентацыі з'яўляецца манетная сістэма Вялікага Княства Літоўскага. У XIV ст. асновай грашовай гаспадаркі дзяржавы стала чэшская манета - пражскі грош (GROSSI PRAGENSES - па абазначэнню на рэверсе). Распаўсюджанне гэтай манеты на беларускіх землях выклікала ўсталяванне лічыльна-грашовых паняццяў капа (60 грошаў), паўкапа, рубель і палціна. Два стагоддзі - XIV і XV - у беларускай нумізматыцы акрэсліваецца як «перыяд пражскага гроша»[23, с. 149]. Красамоўны факт - у сучаснай беларускай мове назва сродку таварнага абмену - «грошы» - паходзіць менавіта ад назвы гэтай манеты.

Такім чынам, пачынаючы ад другой паловы XIII ст., на беларускіх землях, гэтаксама як і ў іншых частках Вялікага Княства Літоўскага, адбывалася змена цывілізацыйнай арыентацыі, пераход ад візантыйскай да заходнееўрапейскай традыцыі. На працягу наступных XIV і XV ст. мясцовая матэрыяльная культура набыла выразны еўрапейскі характар. Беларускія землі ўсё больш ўцягваліся ў гандлёвы абмен з Заходняй Еўропай і паступова станавіліся перыферыйнай часткай еўрапейскага свету-гаспадаркі.

Акрэсленая палітычнымі рашэннямі арыентацыя на Захад стварыла падставу для цывілізацыйнага канфлікту паміж прыхільнікамі старой і новай традыцыяў. Гэты канфлікт меў наступствы як пазітыўныя (сутыкненне - сінтэз культурных традыцый), так і негатыўныя (рэлігійная барацьба, палітычныя інтарэсы).

Спіс крыніц і літаратуры

1. Тойнби, А. Дж. Постижение истории / А. Дж. Тойнби. - Москва: Прогресс, 1991.

2. Mundy, J.H. Europa średniowieczna. 1150 - 1309 / J.H. Mundy. - Warszawa, 2001.

3. Ле Гофф, Ж. Цивилизация средневекового Запада / Ж. Ле Гофф. - Москва, 1992.

4. Manteuffel, G. Zarysy z dziejów krain dawnych inflanckich / G. Manteuffel. - Kraków, 2007.

5. Штыхаў, Г. Полацкае княства / Г. Штыхаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т.5. - Мінск, 1999.

6. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1: Старажытная Беларусь. - Мінск, 2000.

7. Археалогія Беларусі. - Мінск, 1999.

8. Краўцэвіч, А. Працэс балта-славянскіх кантактаў на Панямонні і ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага / А. Краўцэвіч // Віałoruskie Zeszyty Historyczne. - Białystok. - 1998. - № 9. - С. 5 - 25.

9. Шакун, Л. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы / Л. Шакун. - Мінск, 1963.

10. Полоцкие грамоты. - Москва, 1977. - Вып. 1.

11. Historia Europy Środkowo-Wschodniej /red. J. Kłoczowski. - Lublin, 2000. - T. 1.

12. Ochmański, J. Historia Litwy / J. Ochmański. - Wrocław - Warszawa - Kraków, 1990.

13. Ермаловіч, М. Па слядах аднаго міфа / М. Ермаловіч. - Мінск, 1991.

14. Краўцэвіч, А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага / А. Краўцэвіч. - Rzeszów, 2000.

15. Gedimino laiškai. - P. 116 - 145.

16. Голубовичи, В. и Е. Кривой город Вильно / В. и Е. Голубовичи // Краткие сообщения Института истории материальной культуры АН СССР. - Москва, 1945. - Вып. 11.

17. Chodynicki, K. Próby zaprowadzenia chrześcijaństwa na Litwie przed r. 1386 / K.Chodynicki // Przegląd Historyczny. - 1914. - T. 18. - S. 215 - 319.

18. Краўцэвіч, А.К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV - XVIII стст.: Планіроўка, культурны слой / А. Краўцэвіч. - Мінск, 1991. С. 108 - 148, 152.

19. Кушнярэвіч, А.М. Культавае дойлідства Беларусі XIII - XVI стст.: Гіст. і архіт.-археал. даслед. / А.М Кушнярэвіч. - Мінск, 1993.

20. Krawcewicz, A. Zamki Giedymina przy zachodniej granice Litwy / A. Krawcewicz // Zamki i przestrzeń społeczna w Europie Środkowej i Wschodniej. - Warszawa, 2002. - S. 269 - 274.

21. Бохан, Ю.М. Узбраенне войска ВКЛ другой паловы XIV - канца XVI ст. / Ю.М. Бохан. - Мінск, 2002.

22. Трусаў, А.А. Беларускае кафлярства / А.А. Трусаў. - Мінск, 1993.

23. Рябцевич, В.Н. Нумизматика Беларуси / В.Н. Рябцевич. - Минск, 1995. - С. 149.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Краўцэвіч А.К.

Рубрыка: